Вы тут

Паралельныя сусветы Анатоля Сыса


Ёсць асобы, знакавыя для разумення свайго часу. Якія здзіўляюць і захапляюць адначасова, нікога не пакідаючы абыякавым. Да іх ставяцца па-рознаму: альбо любяць без памяці, альбо па-чорнаму зайздросцяць, але і адны і другія, часам нават несвядома, імкнуцца ў нечым быць на іх падобнымі: у ладзе жыцця, у творчасці.


Работа Алеся Квяткоўскага «Вочкі». 2015

Зазвычай яшчэ пры жыцці яны абрастаюць легендамі і натхняюць на самавыяўленне іншых, з’яўляючыся «каталізатарамі» для стваральнага пачатку, які можа драмаць пад напластаваннямі будзённасці ды побытавых акалічнасцей.

Асоба Анатоля Сыса якраз з гэтай плеяды. І ён, і яго паэзія валодалі нейкім гіпнатычным прыцягненнем, асаблівай магіяй, заварожвалі... Што тычыць паэзіі, то яе ўздзеянне з часам не слабне, а толькі ўзмацняецца. Сведчаннем таму — прысвечаная паэту мастацкая выстаўка Алеся Квяткоўскага пад назвай «Ён вярнуўся», што адкрылася ў бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Свет карцін Алеся Квяткоўскага — тыя мясціны, дзе нарадзіўся і рос Анатоль Сыс, яго асоба. Неверагодная цеплыня і сонечнасць перадаюцца праз палітру восеньскіх залатых колераў — у асноўным гэта пчаліна-мядовая тэма (хаця і не толькі яна). «Начаваў я ў вуллі», «Планета паэтаў», «Пчалінае ўзнясенне», «Дзікі мёд» — усе сюжэты з вершаў Анатоля Сыса. Адчайнае сіроцтва ў светаадчуванні паэта кампенсуецца праз атмасферу безумоўнай любові, якую ствараюць карціны. Падзеі, перададзеныя на палотнах, фантастычныя: паэт у цэнтры пчалінай сям’і, сагрэты сонечнымі прамянямі, што трапляюць у вулей праз маленькае акенца. Вочы заплюшчаны — яны глядзяць унутр уласнай душы, мікракосм якой, магчыма, з’яўляецца часткай пчалінага макракосмасу. На іншай карціне — паэт у пчаліным вулеі, які ўжо быццам не належыць зямлі і свету людзей, бо імкліва ўздымаецца да нябесных вышыняў, аддаляецца, адыходзіць... А тое, што адлюстравана ў рабоце «Дзікі мёд», асацыіруецца з жывымі сотамі правільнай геаметрычнай формы: на іх варушыцца, кешкаецца незлічоная колькасць пчолак, але чым больш углядаешся ў палатно, тым больш адчуваеш сябе «ў космасе», пустоты якога па-за пчалінай прысутнасцю засмоктваюць неадольным жаданнем зазірнуць у  забароненае... Менавіта так можа выглядаць чалавечая душа з яе светлым і цёмным, стваральным і разбуральным пачаткамі, звыклым, зведаным і глыбока схаваным...

Выявіць ідэю твораў пчалінай тэматыкі дапамагла тэхніка, у якой яны зроблены, — мастак скарыстаўся метадам накладання на палатно мантажнай сеткі. Напісаны карціны акрылам, але ёсць і акварэльныя. Усе яны сімвалічныя і алегарычныя. Напрыклад, маліна, якую раскідвае з кошыка над сваёй вёскай паэт, узнесены на неба, седзячы на воблаку ў акружэнні анёлаў, сімвалізуе крупінкі радасці чалавечага жыцця (палатно «Пакацігарошак»), а ва ўкрыжаванай паміж зямлёй і  касмічнай безданню постаці (палатно «Лясны дзед») бачыцца агульнанацыянальны боль.

Пра сяброўства з Анатолем Сысом, пра тое, што ў яго асобе натхняла на стварэнне такіх незвычайных карцін падчас імпрэзы распавядаў сам мастак:

— Пачалося ўсё з верша «Пан Лес», які вельмі ўразіў. Але толькі гадоў праз дзесяць мы выпадкова сустрэліся. Аднойчы ён завітаў у маю майстэрню і... гады тры з яе амаль не выходзіў. А тады ў мяне было чыстае палатно і шмат фарбаў. Кажу яму: «Анатоль, сядзі, палі, толькі не перашкаджай...» і за паўгадзіны напісаў карціну — асоба паэта на ёй міфалагізаваная, ён адначасова ў двух вымярэннях...

— На 40-годдзе сябра падарыў яму сваю работу «Толікава канюшня. Час», — працягвае аповед мастак (на палатне  — выяўленая ў перспектыве звычайная драўляная вясковая канюшня, яшчэ прыстойная з выгляду, але ўсё ж адно бервяно ўжо адарванае, а святло, якім шчодра напоўнена памяшканне, не нясе ніякай трывогі, хутчэй, наадварот, сведчыць пра тое, што наперадзе — адкрыцці, радасць існавання, — заўвага аўтара). — Яму ж не спадабалася  — я яе забраў. Прайшоў час, сябра не стала... Тады напісаў іншую «Канюшню» — «Толікаў час разваліўся...».

Карціна, якая дала назву выстаўцы, напісана нядаўна, пасля тэлефоннай размовы з сястрой Анатоля Тамарай Ціханаўнай. Яна даглядае братаву хату ў Гарошкаве, на малой радзіме паэта. Тым разам Тамара Ціханаўна падзялілася радаснай навіной: пасля трохгадовай адсутнасці вярнуліся буслы! Гэта і падказала сюжэт: у  белым адзенні, з разгорнутымі крыламі, якія, здаецца, абдымаюць усё наваколле, паэт — у цэнтры буслінага гнязда на фоне блакітнага неба...

Як прызнаўся мастак, сюжэты ён не прыдумляе, яны з’яўляюцца самі. Магчыма, адчуваюцца тонкім творчым звышчуццём, якое ўспрымае не толькі звычайны матэрыяльны свет, але і іншыя яго планы... І тады, верагодна, штосьці падобнае на выявы з палотнаў Алеся Квяткоўскага можа мець месца дзесьці побач, у  паралельным сусвеце, там, куды сыходзяць душы...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.