Вы тут

Навагодняя пошта «Звязды»


Сёлета мы сталі бацькамі двойчы

У нашай адносна маладой сям'і прыжылася добрая традыцыя: кожны год, пачынаючы з першага студзеня, мы з мужам на рознакаляровых паперках і коратка апісваем усе радасці і прыемнасці, якія адбыліся ў нашым жыцці, складваем апісанні ў трохлітровы слоік... А потым, 31 снежня, дастаём з паліцы гэтую, напоўненую пазітывам, скарбонку, па чарзе выцягваем паперку за паперкай, у падрабязнасцях і здымках прыгадваем усё добрае, што адбылося за 365 дзён, смяёмся і шчыра дзякуем чарговаму пражытаму году.

Так атрымалася, што два апошнія ці не найлепшыя ў нашым жыцці. Толькі ўявіце: летась мы ўпершыню сталі бацькамі (а да таго было дзевяць месяцаў шчаслівага чакання і нараджэнне сына)... А сёлета ўлетку ў нас з'явілася яшчэ і цудоўная дачушка-хрэсніца...

Хлопчыка свайго мы захацелі назваць Тамашом. Імя гэтае не сказаць каб папулярнае ў сучасным свеце. А таму ніколі не забудземся, як хваляваліся перад паходам у загс. Муж пераймаўся, што сына ў першым яго дакуменце — пасведчанні аб нараджэнні — не захочуць гэтак запісваць, скажуць, што няма такога імя. Каб даказаць, што ёсць, ён нават браў з сабою слоўнік беларускіх асабовых імён...

На шчасце, «дакумент» не спатрэбіўся: сына запісалі так, як мы і хацелі, без ніякіх пярэчанняў.

...А як жа ўсхваляваў, як уразіў нас абрад хрышчэння Івонкі! Яго праводзіў малады прыязны ксёндз у адным з віцебскіх касцёлаў, прычым на чысцюткай беларускай мове і без ніякага афіцыёзу. У нас было адчуванне, што мы прыйшлі не ў храм, а ў дом да сваіх самых родных ці найбліжэйшых сяброў. Ксёндз шмат гаварыў пра важнасць духоўных рэчаў, пра адказную місію хросных бацькоў. І нават пажартаваў (ці суцешыў?), што яны зусім не для таго, каб дарыць сваім хрэснікам дарагія лімузіны...

Да ўсяго і толькі потым мы даведаліся, што абрад хрышчэння праводзіцца ў тым касцёле бясплатна. Сям'я, калі ёсць такая магчымасць, можа проста ахвяраваць нейкую суму на развіццё храма. Як па мне, дык гэта вельмі правільна, бо дастатак у маладых бацькоў з малымі дзецьмі бывае розны.

...Сям'я, у якой выхоўваецца наша хрэсніца, двухмоўная. Старэйшы брацік Івонкі падтрымлівае тату і з нараджэння больш гаворыць па-руску. А вось сама Івона першым словам выдала «дзякуй». І гэта была такая мілата, што цяпер, каб падтрымаць дачушку, Сяргей таксама стараецца гаварыць па-беларуску.

Ва ўсю, без супынку, можна сказаць, размаўляе і наш сынок, праўда, не ўсё пакуль можна разабраць. Найлепш у яго атрымліваецца слова «тата». За дзень я чую яго нашмат часцей, чым інтэрнацыянальнае «мама». І радуюся нават больш за мужа, таму што гэта — па-нашаму, па-беларуску.

Таццяна Міхейчык, фота аўтара, г. Мінск


«Гэта вам, — сказаў мужчына. — Проста так...»

...Халодным зімовым вечарам удзвюх з прыяцелькай мы ехалі з работы дамоў. Машына ў мяне старэнькая, капрызная, ёй, здараецца (і найчасцей — у сырое надвор'е) чхаць на мае «каманды» — яна возьме і стане. Можа — пасярод аўтатрасы.

Што я тады раблю? Ну вядома ж, выстаўляю адпаведны знак, бяру адвёртку, выходжу, адкрываю капот — пачынаю нешта круціць...

Той раз гэтую «вытворчасць рамонтных работ» вырашыла перанесці на ўзбочыну: удзвюх з прыяцелькай мы спіхнулі туды машыну, я стала калупацца ў халодным жалезе.

— Дзяўчаткі, вам дапамагчы? — раптам прагучала з джыпа, які спыніўся побач.

Я паціснула плячыма, маўляў, «хваробы» сваёй машыны ведаю, «лячыць» умею... Тады ў чым дапамагчы?

— Ну хіба ліхтарык патрымаць?

Пачуўшы гэта, мужчына засмяяўся, сказаў:

— Першы раз сустракаю жанчын, якія не шукаюць дапамогі — самі разбіраюцца ў тэхніцы.

— Дык жыццё, — кажу, — навучыла. І прывучыла...

Рухавік тым часам і сапраўды завёўся... Я закрыла капот сваёй машыны і ўжо сабралася «даць газу», як раптам пасажырскія дзверцы адчыніліся і ў салоне з'явіўся... букет белых руж.

— Гэта вам, — сказаў мужчына. — Проста так.

...Хвілін з дзесяць я прыходзіла ў сябе: кветкі — а тым больш вось такія — мне дарылі... не ўспомню калі!

Гэта было крута! Гэта ўзняло мне настрой на цэлы вечар і нават потым на цэлы дзень.

Крыўдна толькі, што я нічога не ведаю пра таго мужчыну: не запомніла ні твар яго, ні нумар машыны, але ж раптам ён прачытае гэтыя радкі? Раптам пачуе мой шчыры дзякуй — за адзін з найсвятлейшых момантаў года.

Святлана Магілеўчык, Бялыніцкі раён


Каб не падвесці дырэктара

...У апошнія дні 2019-га і сапраўды самы час азірнуцца на пражытае, прыгадаць, чым жа запомніўся прамінулы год.

З роднымі, дзякаваць богу, усё было ў парадку: муж — пры мне, мы з ім адзначылі ізумруднае вяселле — 55-ю гадавіну сумеснага жыцця, дачка (яна медык па прафесіі) жыве з сям'ёй у Маскве, сын — настаўнік (у нас з ім гэта агульнае) — побач, у нашым райцэнтры.

Але ж пра сябе... З дзяцінства мне хацелася пісаць. У школе гэта былі вершы, сачыненні. Асобныя з іх настаўнікі зачытвалі перад класам, а дырэктар школы Іван Іванавіч Палтарацкі аднойчы нават сказаў, што я яго вельмі расчарую, калі не стану пісьменніцай.

Прызнаюся, мары такія ў мяне былі: пасля школы хацела паступаць на факультэт журналістыкі ці філалагічны, аднак на той час у нашым Віцебскім педагагічным інстытуце былі толькі два факультэты — фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны. А паехаць на вучобу ў іншы горад магчымасцяў не было: нас з братам мама гадавала адна (тата загінуў на фронце).

Такім чынам я стала настаўніцай хіміі і біялогіі, з гадамі — нават выдатнікам народнай асветы. А паралельна і амаль заўсёды — нешта пісала: вершы, замалёўкі, розныя артыкулы... Калі ж не стала мамы, з'явілася найвастрэйшая патрэба (ці нават абавязак!) напісаць пра ўсё, што мы — трое дзяцей — перажылі з ёй «пад немцамі» ў гады вайны. Я тады малая была, вельмі шмат чаго не разумела, але ж запомніла, нешта асэнсавала...

Вельмі рада, што дзякуючы найперш пісьменніку Валерыю Гапееву гэтыя ўспаміны выйшлі ў свет асобнай кніжачкай «Дзяцінства ў тумане вайны», што ўрыўкі з яе сёлета друкуюцца ў часопісе «Я на пенсии», і на маё імя прыходзяць вельмі цёплыя шчырыя лісты ад людзей, многія з якіх такія ж пакутнікі — дзеці вайны. А гэта значыць, што памяць пра яе па-ранейшаму і жывая, і вельмі балючая.

На пачатку года ў нашай Падсвільскай бібліятэцы (а напярэдадні ў Варапаеўскай) прайшла прэзентацыя яшчэ адной маёй кніжачкі «Хаджэнне за шчасцем». У яе ўвайшлі апавяданні, замалёўкі з жыцця, гумарэскі, якія друкаваліся ў часопісе «Вожык».

Апошнім часам працую над новай кнігай, якая будзе называцца «А званок працягвае звінець». Такім чынам я і сапраўды «раблюся» пісьменніцай (жарт), бо нельга ж падвесці дырэктара.

...Гэтаму 2019 году я ўдзячна і за новае знаёмства са «Звяздой». Аб тым, што ёсць такая газета, што яна, нягледзячы ні на што, па-ранейшаму не здраджвае роднай мове, я, вядома ж, ведала, многае чытала (помню, колькі захаплення выклікала кніга абразкоў Валянціны Доўнар «Праз каханне»!), але каб супрацоўнічаць...

Сёлета ў рубрыцы «Народ на провадзе!» выйшлі мае праўдзівыя гісторыі «Любачка», «Танцуй... Пакуль не замужам», «...Шакаладны пунш» ды іншыя, спадзяюся, далёка не апошнія, бо падпіску на «Звязду» я ўжо аформіла. Мы з мужам будзем чытаць яе і будзем пісаць. Я вельмі люблю беларускую мову і спадзяюся, што з дапамогай «Звязды» навучуся (а гэта, паверце, ніколі не позна) лепш пісаць на ёй, лепш размаўляць. Можа, нават прыгожа, як гэта робіць газета.

...Вось так. Нехта можа падумаць, што ў мяне ў гэтым годзе не было ніякіх праблем і непрыемнасцяў. Былі, на жаль. Але ж пра дрэннае сёння згадваць не хочацца: што перажылі, тое перажылі. Мне спадабаўся звяздоўскі гараскоп на заўтра (а мо, і на цэлы год?): «У аптымістаў усё будзе дрэнна, але яны не заўважаць гэтага. У песімістаў усё будзе добра, але ім усё роўна не спадабаецца».

Я па жыцці аптымістка.

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


«...Дык трымайцеся сваіх і жывіце дома!»

У людзей майго пакалення, народжаных у першай палове альбо сярэдзіне 50-х мінулага стагоддзя, сустрэча новага года, 2020-га, не выклікае такой эйфарыі, як, напрыклад, чаканне 2000-га. Тады мы радаваліся пачатку новага тысячагоддзя. Цяпер жа (і многія, на жаль) — кожнаму пражытаму дню.

Прычына такіх вось змен у настроі ляжыць на паверхні — з узростам пагаршаецца здароўе, стакроць узрастае каштоўнасць жыцця.

Асабіста я зразумеў яе ў 2013-м, калі даведаўся, што хворы на анкалогію. Думкі з нагоды былі самыя цяжкія, прычым гэта быў не столькі страх, колькі адчуванне тупіку і безвыходнасці. Адразу ж з'явілася жаданне тэрмінова завяршыць свае галоўныя справы: дарабіць, дапісаць, дасказаць... А ўжо затым пачаўся пошук паратунку.

У маёй сітуацыі гэта было хірургічнае ўмяшанне, за якое я вельмі ўдзячны доктару Юрыю Рыгоравічу Цемахову. Ён ратаваў маё цела, а паралельна ж, як той казаў, гарэла душа. Адразу прыгадалася ўсё, што не так рабіў, не так казаў і разумеў, што вельмі позна пачуў мудрае: «И помнить следует о Боге не только лишь в конце дороги. Страшиться нужно с юных дней грядущей участи своей».

Хоць-нехаць, але мне прыйшлося прызнаць, што жыў не па-боску: лічыў сябе вернікам, аднак веры гэтай не было і на гарчычнае зернетка. Вось чаму зараз галоўны клопат (спадзяюся, не толькі мой і не толькі ў новым годзе) — пра чысціню душы і мацаванне духу, а яны ўжо, дасць бог, больш здаровым і зробяць цела.

...А зараз пра год мінулы. Галоўным набыткам свайго 2019-га лічу... іРаd. Дзякуючы яму я атрымаў магчымасць слухаць найлепшыя тэатральныя пастаноўкі, гутаркі са знакамітымі людзьмі, пропаведзі рэлігійных дзеячаў і шмат чаго іншага (напрыклад, той згаданы блюз Бентана «А вы памятаеце?»).

Відовішчам года лічу другія Еўрапейскія гульні, за якімі меў шчасце назіраць: прыемна ўразіў і сам стадыён, і выступленне некаторых спартсменаў.

Самымі памятнымі днямі ў сыходзячым годзе былі дні адпачынку ў санаторыі «Ружанскі». Туды мы паехалі разам з жонкай і атрымалі магчымасць яшчэ раз пераканацца, што Беларусь можа годна арганізоўваць аздараўленне і адпачынак не толькі сваіх грамадзян, але і замежных. А калі б да гэтага ды больш прымальныя цэны... Добра было б. І трэба!

Восень апроч іншага парадавала нас грыбамі, а хор «Жыцень» (кіраўнік — мой зямляк, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Леанід Ваўчок) — вялікім канцэртам у родных Смілавічах. Прызнаюся, што гэткай колькасці цудоўных беларускіх песень я не чуў ніколі, але ж яны, дзякуй богу, ёсць, і ўся зала ад іх была проста ў захапленні!

...Не сказаць, каб вялікая радасць, але ж таксама прыемна, што старэйшы ўнук, якому хутка 20, сёлета атрымаў правы на кіраванне машынай. А гэта значыць, у мяне з'явіліся надзеі, што ён калі-нікалі будзе падвозіць не толькі дзяўчат, але і бабулю з дзядулем.

Не можа не цешыць і тое, што Беларусь па-ранейшаму застаецца незалежнай краінай, што хваляванні, выкліканыя дамовай аб паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, засталіся (я спадзяюся) толькі хваляваннямі, бо незалежнасць — гэта скарб, які нельга страціць, інакш нашчадкі проста не зразумеюць нас і ніколі не даруюць.

Тое ж можна сказаць пра яшчэ адзін скарб — родную мову, хоць многія, у тым ліку і чыноўнікі, як не ведалі яе ў першыя гады незалежнасці, так і не ведаюць, што ўскладняе камунікацыю і — як на мой погляд — крыўдзіць сапраўдных шчырых беларусаў.

...Што засмучала ў адыходзячым годзе? На жаль, стала менш на аднаго майго аднакласніка. Яўген Мар'янавіч Адуцкевіч (светлай памяці!) у горадзе Чэрвені стварыў першую гімназію і шмат гадоў узначальваў яе. Цудоўны быў чалавек: муж для жонкі, бацька для дзяцей, дзядуля для ўнукаў і выдатны настаўнік для вучняў.

...Вельмі хацелася б завяршыць гэтыя разважанні пра свой год нейкімі прыгожымі паэтычнымі радкамі аб тым, што не варта пераймацца з-за розных непрыемнасцяў ды нястачы, бо нехта недурны казаў, што здаровы жабрак шчаслівейшы за хворага караля. Таму галоўнае — паверце — не хварэць. А далей...

Радасць ходзіць не да ўсіх,

Што даўно вядома...

Дык трымайцеся сваіх

І жывіце дома!

Вячаслаў С., г. Смілавічы

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.