Вы тут

Як у Чашніцкім раёне вырошчваюць мандарыны


Своеасаблівая «фішка» для турыстаў, ды і тутэйшых, у Чашніцкім раёне — прыватная аранжарэя плошчай больш за 1200 «квадратаў». Тут вырошчваюць адзін з сімвалаў навагодняга свята — мандарыны. Недалёка можна ўбачыць, як растуць бананы, лімоны, персікі, інжыр, кафейнае дрэва, іншая экзотыка. У штучным вадаёме плаваюць асятры, якіх пры жаданні гасцей могуць прыгатаваць. А ў клетцы спявае кенар. Знаходзіцца ўсё гэта ў аграрнай сядзібе «Абузер'е».


Побач вялікае возера каля Лукомльскай дзяржаўнай раённай электрастанцыі — флагмана беларускай энергетыкі. Вадаём па плошчы адзін з пяці найвялікшых у Беларусі. Многія яго параўноўваюць з морам, дзе заўсёды шмат рыбы. Таму любяць тут спыняцца і заядлыя рыбакі.

Ад Віцебска да вёскі Абузер'е на аўтамабілі прыкладна паўтары гадзіны, ад Мінска — прыкладна дзве, а масквічам ехаць — меней шасці гадзін.

Гаспадыня турыстычнага пункта Ларыса Іванова па адукацыі спецыяліст па міжнародных стасунках. Дарэчы, што цікава, яна нарадзілася і доўгі час жыла ў Расіі: у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, а вучылася ў Санкт-Пецярбургу — у акадэміі дзяржаўнай службы.

— У Беларусь прыязджалі да сваякоў мужа Вячаслава адпачыць. Каля дзесяці гадоў таму мы пабудавалі ў вёсцы дом і «дачу», каб прымаць у гасцях расійскіх сваякоў, знаёмых. Тыя шчыра дзяліліся ўражаннямі са сваімі сябрамі. І многія таксама хацелі адпачыць у беларускай глыбінцы, набрацца сіл на прыродзе, харчуючыся агароднінай, садавіной без хімікатаў. Так і распачалі сямейны турыстычны бізнес, — жанчына згадвае, як усё пачыналася.

У прынцыпе, пачатак такі, як і ва ўсіх уладальнікаў беларускіх аграсядзіб. Канешне, паспрыяў старту бізнесу сімвалічны падатак для тых, хто займаецца сельскім турызмам, — усяго базавая велічыня ў год.

Наконт аранжарэі гаспадыня кажа, што напачатку быў проста агарод, як ва ўсіх вяскоўцаў ці дачнікаў.

— Але захацелася, каб расліны радавалі вока круглы год. Вось і пабудавалі вялікую аранжарэю. Каб у ёй было ўсім раслінам утульна, заўсёды падтрымліваецца адна і тая ж тэмпература: плюс 20 градусаў. І паралельна — неабходны стабільны ўзровень вільготнасці. За яго адказвае вельмі прадуманая і разумная сістэма кандыцыянавання.

Усяго пад дахам на дванаццаці сотках больш за пяцьдзясят відаў флоры. Пры гэтым у памяшканні вельмі прасторна. Тут з задавальненнем бегаюць дзеці, гуляюць у схованкі, катаюцца на маленькіх веласіпедах, самакатах. Ёсць і горкі, арэлі...

Як жа навучылася даглядаць экзатычныя расліны? Ларыса кажа, што дзякуючы сеціву можна атрымаць шмат рэкамендацый па ўсіх тэмах. Але, як сцвярджае гаспадыня «зялёнага царства», найлепшая парада — напрацаваны гадамі вопыт.

Як «бонус» — багатыя ўраджаі смачных і вельмі карысных для здароўя пладоў. А як пахнуць і якія цудоўныя на смак аранжарэйныя бананы, апельсіны і мандарыны... Словамі не перадаць. А сокі з іх, кажуць, толькі б піць ды піць.

Дарэчы, частка ўраджаю прадаецца. Аднавяскоўцы і госці ахвотна купляюць тыя ж беларускія бананы. Канешне, гучыць, бадай, смешна, але факт застаецца фактам.

— Уявіце сабе: адна гронка вагой пад дваццаць кіло! А ўраджай персікаў бывае і пад трыста кілаграмаў. Сотні кіло мандарынаў, лімонаў, апельсінаў — самім не з'есці ніколі пры ўсім жаданні, — канстатуе вясковая бізнесвумен.

І амаль усе прыезджыя ўпершыню ў жыцці дзякуючы Ларысе паспрабавалі на смак каламондзіны — гэта гібрыдная расліна: мандарынавае дрэва з кумкватам (з роду цытрусавых)...

Ларыса яшчэ і двойчы мама: дачцэ Жанне — сем, сыну Ваню — пяць гадоў. Ім, безумоўна, вельмі пашанцавала жыць побач з «тропікамі». Малым вельмі падабаецца паліваць кветкі, садавіну, ягады. Каб вады ўсім даць, падрэзаць і абрэзаць лішняе, падкарміць, падлячыць, рабочай змены не хапае. У прыватнасці, доўгі працэс паліву. Некаторым раслінам дастаткова трохі вады, а асабліва «капрызным» неабходны «душ» са шлангу. Ды яшчэ некаторых без лесвіцы не памыць.

Таму ёсць у працавітай Ларысы тры памочнікі. Яны ж і прыёмам турыстаў займацца дапамагаюць.

Аграрная сядзіба больш нагадвае комплекс, бо прыезджыя адпачываюць у некалькіх катэджах. За год тут бывае і пад тысячу гасцей. Напэўна, другой такой сядзібы не знайсці не толькі на Віцебшчыне, але і ва ўсёй краіне.

Напрыклад, на дварэ класічнае навагодняе надвор'е: з марозцам і сняжком, а за шклом аранжарэі клімат зусім іншых геаграфічных шырот. Дзе яшчэ ўбачыш такі «звычайны цуд»? Такое не забываецца насамрэч доўга. І фотаздымкі на памяць хочацца глядзець і глядзець.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Ігара МАЦВЕЕВА

Загаловак у газеце: Мандарыны, апельсіны, бананы... беларускія

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра стасункі, армію і падарункі.

Грамадства

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Вайна пакінула яму жыццё, але забрала блізкіх. Завіталі да клічаўскага ветэрана вайны Міхаіла Фельдмана

Нягледзячы на свае 96, Міхаіл Фельдман выглядае на зайздрасць бадзёрым і маладжавым. 

Грамадства

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Прыёмная кампанія: да чаго рыхтавацца?

Зроблены першы крок да аб'яднання экзаменаў.