Вы тут

Магістрантка БДУ запусціла сайт па пошуку валанцёрства і стажыровак для падлеткаў


Убачыць праблему, сабраць інфармацыю, арганізаваць каманду — складаныя, але выканальныя задачы для магістранткі БДУ Валерыі Амялюсік. Так, пачынаючы ўсяго толькі з ідэі, яна ажыццявіла свой праект — запусціла сайт tееnjоb.bу. Дзякуючы яму падлеткі маюць магчымасць яшчэ ў школе набыць шырокія веды пра розныя прафесіі.


Цяпер на партале ёсць тры раздзелы: «Стажыроўкі», «Валанцёрства» і «Мерапрыемствы». У першых двух любая кампанія можа размясціць сваю аб'яву, указаўшы сферу дзейнасці і абавязкі. Малады чалавек можа стаць рэпарцёрам ці, напрыклад, дапамагчы ў арганізацыі фестывалю. А калі клікне на «Мерапрыемствы» — трапіць на фільм, навучальны курс па фатаграфіі або прадпрымальніцтве ці на сустрэчу з прафесіяналамі ў сферы вэб-распрацовак.

— Спадзяюся, што наш праект дапаможа маладым людзям выбіраць прафесію больш усвядомлена, дасць матывацыю вучыцца пасля школы, самастойна шукаць літаратуру, наведваць лекцыі, канферэнцыі, — дзеліцца Валерыя.

...А пачыналася ўсё ў дзяцінстве. Спачатку Лера з сяброўкай шукала і карміла бадзяжных катоў. «Мама заўсёды сварылася, што я выпацканая», — смяецца дзяўчына. Піянеркай яна дапамагала ветэранам. «З адным мы нават пасябравалі, прыходзілі да яго проста так, паразмаўляць, пагуляць у нарды», — успамінае яна. Стаўшы студэнткай факультэта сацыякультурных камунікацый, узялася за даследаванне сацыяльнай сферы больш грунтоўна. Шукала грамадскія арганізацыі, цікавыя праекты, глядзела, што ў іх рамках можна зрабіць.

Дзякуючы такому досведу студэнтка нарэшце змагла ажыццявіць уласны праект. Яшчэ ў ліпені 2018-га была толькі задумка. Спатрэбілася і цярпенне, і плённая праца, і нават удача. Спачатку для дыпломнай работы яна правяла даследаванне, каб зразумець, ці патрэбен увогуле тынэйджарам такі праект. У выніку са 129 апытаных 98 % пацвердзіла яго значнасць. Ажыццяўленне ідэі заняло крыху больш за год. Цяпер над праектам працуе цэлая каманда.

Бліжэй да лета на tееnjоb.bу плануюць дадаць і раздзел «Падпрацоўкі». Таксама распрацоўшчыкам хочацца, каб дзейнічаў блог, які маглі б запаўняць самі падлеткі. «Можна было б правесці для іх стажыроўку, навучыць збіраць інфармацыю, пісаць матэрыялы», — разважае магістрантка. Важна знайсці і фінансавую падтрымку.

У Валерыі ёсць погляд і на тое, як школьнікам зразумець, чым яны хочуць займацца ў дарослым жыцці:

— Як чалавек, які вывучае псіхалогію, раю прыслухоўвацца да сябе. Зразумець, што падабаецца больш, да чаго ляжыць душа. Спытаць самога сябе: ты больш сацыяльны чалавек, камунікабельны ці той, які хоча працаваць з прадметамі? Спрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці, хадзіць на івэнты, выкарыстоўваць усе магчымасці для атрымання досведу. Прыкладна ў 14—16 гадоў падлетак ужо разумее свой патэнцыйны кірунак і з патоку інфармацыі можа выбраць патрэбную, вырашаць, ці сапраўды гэта падабаецца.

Сама дзяўчына невыпадкова паступіла на спецыяльнасць «сацыяльнае праектаванне». У школе яе цікавілі ўзаемаадносіны паміж аднакласнікамі, іх паводзіны, а таксама нервовая сістэма чалавека. Цяпер жа яна працягвае займацца псіхалогіяй, піша магістарскую дысертацыю.

Юлія АДАМОВІЧ

Загаловак у газеце: У прафесію — праз сайт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.