Вы тут

Вішынг, фішынг, наркабізнес… У якія яшчэ злачынствы ўцягваюцца падлеткі?


Сацыяльны партрэт непаўналетняга злачынца цяпер выглядае так: падлетак 15—16 гадоў, навучэнец установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, які, як правіла, у поле зроку міліцыі не трапляў. З забяспечанай поўнай сям'і. Пражывае ў буйным населеным пункце.


Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, узровень падлеткавай злачыннасці ў краіне за 9 месяцаў бягучага года знізіўся на 9 працэнтаў. Але зніжэнне назіраецца не ва ўсіх рэгіёнах. У Мінску за студзень — верасень 2023 года зафіксаваны рост колькасці злачынстваў і правапарушэнняў, у тым ліку ўчыненых падлеткамі з сацыяльна паспяховых сем'яў. Тое ж датычыцца і Гомельскай вобласці: кожнае пятае здзейсненае непаўналетнім злачынства рэгіструецца менавіта ў гэтым рэігёне.

Кароткая «кар'ера» закладчыка

— У структуры дзіцячай злачыннасці першае месца традыцыйна займаюць крадзяжы (гэта каля 40 працэнтаў ад усіх злачынстваў), далей ідуць хуліганства, махлярствы і незаконны абарот наркотыкаў. Часцей за ўсё гэтыя злачынствы здзяйсняюцца ў выхадныя дні, а трэць ад агульнай колькасці злачынстваў і правапарушэнняў — у начны час, — канстатуе намеснік начальніка аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Рэспублікі Беларусь Васіль ДЗЕМІДОВІЧ. — Прычына здзяйснення злачынстваў банальная: імкненне падлеткаў да атрымання лёгкіх і хуткіх грошай.

Апошнім часам усё большае распаўсюджванне ў маладзёжным асяроддзі атрымліваюць электронныя сістэмы курэння, такія як парагенератары і вэйпы. Яны і становяцца часцей за ўсё прадметам злачынных замахаў, прычым у ролі і патэнцыяльнай ахвяры, і злачынцы аказваюцца падлеткі. Не ўсе могуць дазволіць сабе купіць гэту даволі нятанную рэч. У выніку некаторыя ідуць на злачынства. Шукаюць у інтэрнэце патэнцыяльную ахвяру, якая хоча яе прадаць, дамаўляюцца аб сустрэчы ў людных месцах. Злачынца прыходзіць, як правіла, з сябрам, які адцягвае ўвагу прадаўца. На падставе агляду парагенератара яны з гэтай рэччу збягаюць, прысвойваючы сабе. Паколькі размова ідзе пра непаўналетніх, то злачынцы спадзяюцца, што ахвяра не паскардзіцца ні бацькам, ні педагогам і не будзе звяртацца ў міліцыю. Пры гэтым многія падлеткі не задумваюцца, што за такі ўчынак можна пазбавіцца волі.

«Нягледзячы на зніжэнне колькасці злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў у 2,5 раза, кожны тыдзень затрымліваецца падлетак, у прыватнасці, за збыт наркотыкаў, а гэта даволі сур'ёзныя тэрміны зняволення. Непаўналетнім шляхам веернай рассылкі прапануюць падзарабіць, і яны згаджаюцца, — расказвае Васіль Дземідовіч. — Занятак не патрабуе вялікіх фізічных і часавых выдаткаў, да таго ж падлеткам даюць ілжывае пачуццё бяспекі».

Існуе меркаванне, што, працаўладкоўваючыся на работу ў інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў і рэалізоўваючы забароненыя рэчывы праз ананімныя платформы і месенджары, можна доўгі час заставацца па-за полем зроку праваахоўнікаў, пры гэтым зарабляць абяцаныя наймальнікам лёгкія казачныя грошы. Як правіла, рассыланне паведамленняў пра «працаўладкаванне» адбываецца праз сацыяльныя сеткі і месенджары. Наваспечаных «работнікаў» пераконваюць, што пры выкананні ўсіх мер бяспекі рызыка быць затрыманымі практычна адсутнічае. Жаданне хуткіх і лёгкіх грошай прымушае моладзь наіўна спадзявацца на ўдачу. Але ў рэальнасці сярэдні «працоўны стаж» маладога чалавека да моманту прыцягнення да крымінальнай адказнасці складае два-тры месяцы, а некаторыя пападаюцца і пры першай спробе зарабіць падобным чынам.

Узрост прыцягнення за незаконны збыт наркатычных сродкаў наступае з 14 гадоў, пакаранне — да 15 гадоў пазбаўлення волі (у выпадку смерці асобы, якой прададзены наркотык, — да 25 гадоў).

Набірае папулярнасць сярод непаўналетніх яшчэ адна супрацьпраўная «прафесія» — «трафарэтчыкі». Падлетку выдаюць трафарэт з назвай інтэрнэт-крамы, балончык фарбы і апраўляюць на вуліцы горада. Яны размяшчаюць «рэкламу» паслуг такіх наркамаркетаў шляхам нанясення надпісаў на фасады будынкаў, агароджаў, выкарыстоўваючы аэразольныя балончыкі. У залежнасці ад таго, на які будынак яна будзе нанесена, прадугледжана крымінальная або адміністрацыйная адказнасць. Склад злачынства прадугледжаны артыкулам 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў у складзе арганізаванай групы).

Заробкі ў інтэрнэце

«Крадзяжы, махлярства, незаконны абарот наркатычных сродкаў — усё гэта характэрна для Мінска, — канстатуе намеснік начальніка ўпраўлення па ахове правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый МЯЛЕШКА. — Калі некалькі гадоў таму мы канстатавалі, што злачынствы здзяйсняюць пераважна дзеці з праблемных сем'яў, то цяпер, як гэта ні дзіўна, паводле нашай статыстыкі, у злачынную дзейнасць уцягнуты дзеці з паспяховых сем'яў. Мы лічым, што адна з прычын такой тэндэнцыі — недахоп увагі з боку бацькоў. Таксама да правапарушэнняў штурхае жаданне самасцвердзіцца, стаць незалежным у фінансавым плане ад бацькоў».

Падлеткі сышлі ў інтэрнэт, адпаведна і спосабы зарабіць яны шукаюць менавіта ў сеціве. Адзін з адносна новых відаў злачынстваў — незаконнае распаўсюджванне рэквізітаў банкаўскіх картак за атрыманне ўзнагароджання. «Ашуканцам няма розніцы, хто перад імі: дарослы або непаўналетні. Прапаноўваючы ашуканскія схемы, яны ўцягваюць дзяцей у сваю злачынную дзейнасць, — папярэджвае Дзмітрый Мялешка. — У інтэрнэце можна знайсці аб'явы аб продажы рэквізітаў банкаўскіх картак. Непаўналетнія ў пошуках заробку афармляюць на сябе банкаўскія карткі ў любым з банкаў, а далей рэквізіты прадаюцца трэцяй асобе. Пакаранне за гэты від злачынстваў мае на ўвазе пазбаўленне волі да 10 гадоў».

Таксама распаўсюджаныя такія віды махлярства, як вішынг і фішынг. З дапамогай тэлефона пад любой падставай зламыснік выманьвае ў ахвяры рэквізіты банкаўскіх картак з наступным здыманнем грошай. Фішынг звязаны з незаконным доступам да асабістай інфармацыі (лагіна, пароля і інш.). З дапамогай падробленага інтэрнэт-рэсурсу здымаюцца грошы карыстальніка з прапановай яму перайсці па падробленых рэквізітах на старонку таго ці іншага плацежнага рэсурсу.

Яшчэ адзін від правапарушэнняў — сватынг, або лжывае паведамленне аб небяспецы, як правіла, пра замініраванне будынка. «Гэта зусім не свавольства і не гульня, — папярэджвае Дзмітрый Мялешка. — На паведамленні аб небяспецы службы рэагуюць аператыўна. За такое злачынства прадугледжана адказнасць да 5 гадоў пазбаўлення волі. Узрост прыцягнення да адказнасці — з 14 гадоў. Плюс бацькам давядзецца кампенсаваць урон, прычынены дзяржаве».

Трымаць у полі зроку

Амаль кожнае сёмае ўчыненае падлеткамі правапарушэнне кваліфікуецца як хуліганства. Пра гэта расказаў журналістам старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Раман СІДАРЭНКА. З 926 правапарушэнняў, учыненых падлеткамі, 135 — гэта хуліганства. Дзеці праяўляюць п'яную ўдаласць, жадаючы даказаць сваю перавагу перад іншымі падлеткамі, а часам і дарослымі. Яны псуюць маёмасць, збіваюць людзей, але самае кашчунскае, калі падлеткі здзекуюцца з помнікаў і мемарыялаў вайсковай славы.

Раман Сідарэнка прывёў прыклад з практыкі, калі навучэнец ліцэя здзейсніў супрацьпраўнае дзеянне, а яго сябар зняў гэта на камеру з мэтай размяшчэння ў сеціве. Падлеткі былі ўстаноўлены і рашэннем суда асуджаны за хуліганства. «Каб такія гісторыі не паўтараліся, педработнікам трэба ўзмацніць патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, — канстатаваў прадстаўнік Генпракуратуры. — Вынік прафілактычнай работы адчувальны тады, калі ўсе суб'екты прафілактыкі — ад школы да бацькоўскай супольнасці — будуць займацца ёю ў комплексе».

— За кожнай сухой лічбай статыстыкі стаяць лёсы дзяцей. Каб такія негатыўныя з'явы былі максімальна нівеліраваны на заканадаўчым узроўні, створана і працуе сістэма прафілактыкі. Яна ўключае шэраг органаў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства адукацыі, МУС, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, мясцовыя органы ўлады. Ёю замацаваны ролі і задачы кожнага суб'екта прафілактыкі, абавязкі. Сістэма дакладна працуе пры ўмове, што кожны дзяржорган выконвае ўскладзеныя на яго функцыі, а бацькі выконваюць свае задачы па выхаванні дзіцяці. На жаль, бацькі часта ігнаруюць трывожныя сігналы, якія паступаюць ад педагогаў, — адзначыў Раман Сідарэнка.

«За апошнія два гады фармат пракурорскага нагляду зведаў кардынальныя змены, што пацягнула змены ў падыходах да кожнага суб'екта прафілактыкі, — праінфармаваў прадстаўнік Генпракуратуры. — Так, больш увагі ўдзяляецца пытанням нагляду менавіта за тымі дзецьмі, якія раней не траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў. Тыя падлеткі, якія стаяць на розных формах уліку, трапляюць пад прафілактыку, але з поля зроку выпадаюць дзеці, якія знаходзяцца ў спрыяльным асяроддзі. Выпусціўшы іх з увагі, часам як вынік мы атрымліваем учыненне імі правапарушэнняў і злачынстваў. Па выніках праверак за апошнія два гады было ўнесена больш за 5 тысяч актаў нагляду, і, прымаючы меры пракурорскага рэагавання, мы ў тым ліку карэкціруем работу суб'ектаў прафілактыкі. Гэта дае свой плён: за дзевяць месяцаў бягучага года ў краіне назіраецца зніжэнне амаль на дзевяць працэнтаў колькасці ўчыненых падлеткамі злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх».

Як падкрэсліў спецыяліст, свет дынамічна мяняецца, мяняюцца і формы ўплыву на падлеткаў.

«З'явіліся такія новыя пагрозы, як спорцікі. Моладзь выступае ў ролі супрацоўнікаў бяспекі наркамаркетаў, падтрымлівае ўнутрыгрупавую дысцыпліну, збівае нарказакладчыкаў, якія правініліся, удзельнічае тым самым у распаўсюджванні псіхатропных і наркатычных рэчываў. З'явілася і такая з'ява, як уцягванне падлеткаў у работу кур'ерамі тэлефонных злачынцаў, калі дарослыя людзі падманваюць састарэлых грамадзян. Іх аналіз сведчыць аб тым, што дзеці жадаюць мець сваю крыніцу даходу. Але хацелася б, каб гэтыя крыніцы былі законнымі», — канстатаваў Раман Сідарэнка.

Між іншым, летась пракуратура правяла маштабную праверку па пытаннях працоўнай занятасці непаўналетніх.

«Мы адзначылі, што попыт моладзі на працоўныя месцы вывучаўся недастаткова глыбока. Праца з патэнцыяльнымі работадаўцамі таксама праводзілася на нізкім узроўні. Некаторыя маглі, але не жадалі прымаць моладзь на часовую работу падчас канікул. Органамі пракуратуры праведзена праверка, інфармацыя патрапіла ў Савет Міністраў, і як вынік — на сёння мы можам адзначыць станоўчыя зрухі ў гэтым пытанні. Так, была прынята пастанова Мінпрацы, у якой пашыраны пералік лёгкіх відаў работ, дзе можа прымяняцца праца непаўналетніх», — адзначыў Раман Сідарэнка.

Спецыяліст праінфармаваў, што па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў краіне будзе створаны цэнтр рэабілітацыі для нарказалежных падлеткаў. «Тэма наркаманіі не страчвае сваёй актуальнасці. На жаль, але ў нас няма цэнтра рэабілітацыі падлеткаў, якія сутыкнуліся з праблемай нарказалежнасці, куды б бацькі на канфідэнцыяльнай аснове маглі б змясціць сваё дзіця. Цяпер па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры праводзіцца маштабная работа па стварэнні такога цэнтра. Ён будзе адкрыты на базе спецыяльных устаноў сістэмы адукацыі, — паведаміў Раман Сідарэнка. — Там нарказалежны падлетак зможа прайсці курс не толькі медыцынскага лячэння, але і сацыяльнай рэабілітацыі, што не менш важна».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.