Вы тут

У краіне з'явіцца Этычны кодэкс педагога. Міністэрства адукацыі агучыла задачы на найбліжэйшую перспектыву


Роля псіхолага ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будзе перагледжана. У краіне з'явіцца Этычны кодэкс педагога. Выпускныя экзамены ў школе могуць аб'яднаць з уступнымі іспытамі ў ВНУ. Таксама разглядаецца магчымасць укаранення ў 1—11 класах модульна-блочнага падыходу і інтэграваных навучальных курсаў. Такія планы анансаваў на выніковай калегіі свайго ведамства міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.


Як разгрузіць старшакласнікаў?

— Рэзервы ў скарачэнні нагрузкі на навучэнцаў без шкоды для якасці адукацыі ёсць, — падкрэсліў ён. — Прадметы, на вывучэнне якіх адводзіцца, напрыклад, адна гадзіна ў тыдзень на працягу двух гадоў, лепш засвойваць на працягу аднаго вучэбнага года, праводзячы заняткі па дзве гадзіны ў тыдзень. Такім чынам можна палепшыць засваенне матэрыялу, пры гэтым навучэнцы змогуць сканцэнтраваць свае намаганні на паглыбленні ў профільныя прадметы. Зэканоміць сілы і час на вывучэнне няпрофільных прадметаў можна праз укараненне інтэграваных курсаў. Праграма 11 класа разгрузіцца, і ў выпускнікоў вызваліцца час для вывучэння факультатыўных курсаў. А гэта дазволіць перайсці да навучання па індывідуальных вучэбных планах.

На думку міністра адукацыі, трэба адкарэктаваць вучэбную праграму па інфарматыцы, паколькі большасць сучасных дзяцей прыходзяць у школу, ужо маючы першасныя навыкі валодання гаджэтамі. Гэта абумоўлена таксама і актыўным укараненнем у школах STEM-адукацыі, якая рэалізуецца сумесна з Паркам высокіх тэхналогій. «Тут неабходна распрацаваць адзіныя падыходы да яе арганізацыі і зместу», — лічыць ён.

У 10—11-х класах з гэтага года прадугледжана магчымасць вывучэння інфарматыкі на базавым і павышаным узроўнях. На думку Ігара Карпенкі, у рамках дапрофільнага навучання такую магчымасць трэба даць таксама восьмым і дзявятым класам. І нават прадугледзець там вывучэнне некалькіх моў праграмавання. Яшчэ адна магчымасць разгрузіць старшакласнікаў — сумяшчэнне выпускных экзаменаў за школу з цэнтралізаваным тэсціраваннем.

Міністр прывёў дадзеныя незалежнага даследавання: большасць апытаных бацькоў, настаўнікаў і вучняў падтрымалі прапанову аб'яднаць выпускныя і ўступныя экзамены, напрыклад, па рускай, беларускай мове і па матэматыцы. Знайшла падтрымку і ідэя са здачай выпускнога экзамена па замежнай мове ў вуснай форме.

Акцэнт — на кампетэнтнасны падыход

У 2018 годзе Беларусь упершыню ўдзельнічала ў міжнародным даследаванні адукацыйных дасягненняў навучэнцаў PІSA-2018. Паводле вынікаў, якія былі агучаны толькі ў снежні 2019 года, нашы 15-гадовыя падлеткі прадэманстравалі ўзровень, крыху вышэйшы за сярэдні, заняўшы месца ў першай палове агульнасусветнага рэйтынгу.

— Правёўшы ў бліжэйшыя месяцы глыбокі навуковы аналіз атрыманых вынікаў, мы прымем узважаныя рашэнні па далейшым развіцці агульнай сярэдняй адукацыі, якая, як мы плануем, павінна стаць абавязковай, — паабяцаў Ігар Карпенка. — Удзел у даследаванні дазволіў вызначыць шэраг задач, над якімі нам трэба будзе працаваць у бліжэйшай перспектыве. У першую чаргу, гэта ўдасканаленне навукова-метадычнага забеспячэння. Заданні, накіраваныя на прымяненне засвоеных ведаў, уменняў і навыкаў у розных жыццёвых сітуацыях, аналагічныя заданням PІSA, павінны ўвайсці ў вучэбна-метадычныя комплексы. Ужо выдадзена серыя дапаможнікаў для настаўнікаў першых — дзявятых класаў з акцэнтам на кампетэнтнасны падыход. Задача педагога — мэтанакіравана выкарыстоўваць іх у вучэбным працэсе. У найбліжэйшай будучыні перад намі стаіць таксама задача сфарміраваць у краіне высокапрафесійны экспертны патэнцыял у вобласці ацэнкі якасці адукацыі...

А вось тая акалічнасць, што навучэнцы беларускіх гімназій і ліцэяў паказалі на PІSA вынікі на ўзроўні сваіх равеснікаў з краін-лідараў — Кітая і Сінгапура — пацвярджае, на думку міністра, правільнасць прынятага рашэння аб прадастаўленні вучням звычайных сярэдніх школ магчымасці, таксама, як і гімназістам, вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні, пачынаючы ўжо з другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Ігар Карпенка ўпэўнены: менавіта забеспячэнне роўных магчымасцяў усім без выключэння навучэнцам, незалежна ад месца іх пражывання (у горадзе ці сельскай мясцовасці), сацыяльнага статусу, колькасці вучняў у школе ці ў класе, прынясе ў будучыні станоўчыя вынікі.

Супраць гвалту

У сваім выступленні на калегіі Ігар Карпенка звярнуў увагу на актуальнасць інфармацыйнай прысутнасці ўстаноў адукацыі ў інтэрнэт-прасторы, у першую чаргу ў сацыяльных сетках, спажыўцамі кантэнту якіх з'яўляецца моладзь. «У апошні час яны сталі актыўным інструментам навязвання псеўдаэкспертных меркаванняў, фарміравання лжывых ацэнак, і нам трэба актыўна працаваць на гэтай пляцоўцы, фарміраваць аб'ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў жыцці ўстановы адукацыі, у сістэме адукацыі і ў краіне ўвогуле. Калі некаторыя нашы педагогі не ведаюць, як працаваць у сацыяльных сетках, то задача АПА, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, РІПА, абласных інстытутаў развіцця адукацыі навучыць іх гэтаму», — падкрэсліў міністр.

Летась на базе БДПУ быў створаны Рэспубліканскі цэнтр аказання псіхалагічнай дапамогі, які працуе з навучэнцамі, іх бацькамі і педагогамі, у тым ліку ў анлайн-рэжыме. «На жаль, не ўсе школьныя псіхолагі ведаюць пра яго існаванне. Ствараючы рэспубліканскі цэнтр, мы разлічвалі на тое, што не толькі ўстановы адукацыі, але і абласныя, раённыя органы выканаўчай улады будуць зацікаўлены на месцах, — заўважыў Ігар Карпенка. — Лічым, што трэба па-новаму пераасэнсаваць ролю псіхолага ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Яны там цяпер знаходзяцца на другіх ролях і часта задзейнічаны для выканання другасных даручэнняў дырэктара. Таму міністэрствам прапрацоўваецца пытанне аб пераглядзе структуры, зместу іх работы, карэкціроўкі функцыянальных абавязкаў і штатнай колькасці».

Міністэрства адукацыі таксама плануе ўкараніць Этычны кодэкс педагога. Дакумент ужо распрацаваны і будзе апублікаваны для абмеркавання ў «Настаўніцкай газеце». Ігар Карпенка нагадаў пра ўплыў асобы педагога на фарміраванне асобы навучэнца і на адукацыйны працэс увогуле. «Я праціўнік любых формаў гвалту супраць дзіцяці, у тым ліку псіхалагічнага і моўнага», — кажа міністр адукацыі.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, які прыняў удзел у калегіі Міністэрства адукацыі, звярнуў увагу на тое, што часам неграматныя метады выхаваўчай работы педагогаў становяцца здабыткам YouTube і кідаюць сур'ёзны цень на ўсю сістэму адукацыі. «Мяркую, што такія выпадкі былі і раней, але сучасныя тэхналогіі дазваляюць выцягваць іх з самых аддаленых куткоў, і схаваць падобныя факты, як гэта было раней, ужо не ўяўляецца магчымым», — падкрэсліў ён.

Чаму «законы» адстаюць?

Шмат праблемных пытанняў узняў у сваім выступленні на калегіі Міністэрства адукацыі намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.

— Сёння ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй у сельскай мясцовасці складае 53,2 %, у той час як у гарадской мясцовасці гэты паказчык амаль удвая большы — 91,9 %. Між іншым, дашкольная адукацыя — гэта яшчэ і ранняе развіццё дзіцяці, падрыхтоўка яго да школы, — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. — Ці не таму дзеці з сельскай мясцовасці дэманструюць ніжэйшыя вынікі ў вучэбнай дзейнасці? Для таго каб дзіцячыя садкі там працавалі і былі запатрабаваныя, трэба, каб моладзь прыязджала на вёску і замацоўвалася на рабочых месцах. А для гэтага неабходна будаваць для маладых жыллё, выдзяляць ім зямельныя ўчасткі. Кіраўніком дзяржавы адпаведныя задачы перад аблвыканкамамі ўжо пастаўлены.

Асобна Ігар Петрышэнка спыніўся на стане нарматыватворчай дзейнасці. «Амаль пяць гадоў ідзе работа над унясеннем змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Мы ўжо рэалізуем на практыцы многія інавацыі, якія да сённяшняга дня нарматыўна не замацаваныя. Сучасныя сродкі камунікацыі даўно прысутнічаюць у нашым жыцці, а мы толькі цяпер робім спробы ўрэгуляваць іх выкарыстанне ў вучэбным працэсе. Не наблізіліся мы і да сеткавай формы арганізацыі навучання. Рыхтуючы нарматыўныя акты, трэба працаваць на перспектыву, а не толькі замацоўваць тое, што ўжо рэалізуецца на практыцы, — падкрэсліў ён. — Працуючы над гэтымі дакументамі, трэба дэталёва прагназаваць наступствы іх рэалізацыі, не дапускаючы сацыяльнай несправядлівасці і ўшчамлення інтарэсаў асобных катэгорый насельніцтва. Прывяду прыклад. У нас вызначаны катэгорыі асоб, якім даюцца льготы пры аплаце харчавання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Калі дзіцячы сад наведваюць двое дзяцей з адной сям'і, пры гэтым адзін з іх інвалід, то бацькі не плацяць за харчаванне дзіцяці-інваліда, а за другое плацяць 70 % ад кошту харчавання. Але калі дзіця-інвалід па стане здароўя не можа наведваць дашкольную ўстанову і знаходзіцца дома, то за харчаванне другога дзіцяці бацькі ўжо павінны плаціць 100 %. Дзе тут логіка? І ў першым, і ў другім выпадку становішча сям'і адно і тое ж...»

Віцэ-прем'ер даручыў Міністэрству адукацыі правесці рэвізію нарматыўнай базы, якая датычыцца прадастаўлення льгот, бо падобных фактаў быць не павінна. І другі прыклад. На прабелы ў нарматыўным рэгуляванні правядзення рэспубліканскіх алімпіяд для школьнікаў указалі самі ўдзельнікі алімпіяды. «І толькі пасля гэтага міністэрствам былі ўнесены змяненні ў правілы іх правядзення. Атрымліваецца, што органы кіравання адукацыяй не бачаць яўных прабелаў у нарматыўных дакументах і не ініцыююць іх карэкціроўку?» — задаў пытанне Ігар Петрышэнка і дадаў, што кожны нарматыўны дакумент павінен праходзіць грамадскае абмеркаванне, старанна вывярацца і аналізавацца.

Яшчэ адна актуальная тэма — правядзенне прафарыентацыйнай работы з выпускнікамі. Як і ў папярэднія гады, захоўваецца кан'юнктурны попыт на эканамічныя, юрыдычныя і ІТ-спецыяльнасці і ўвогуле на вышэйшую адукацыю. «Пагадзіцеся, што не ўсе могуць быць праграмістамі і эканамістамі. Наша задача — дапамагчы зрабіць асэнсаваны выбар будучай прафесіі, і гэта не абавязкова павінна быць вышэйшая адукацыя, — разважае Ігар Петрышэнка. — Разам з тым на атрыманне вышэйшай адукацыі мы самі арыентуем выпускнікоў — нашай жа сістэмай арганізацыі прыёмнай кампаніі. Бо спачатку дакументы прымаюць ВНУ, потым ідуць сярэднія спецыяльная навучальныя ўстановы і ўжо па рэшткавым прынцыпе камплектуюцца ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Вось вам і ўся прафарыентацыя. Ці не адсюль такая колькасць адлічаных студэнтаў? За мінулы год па прычыне непаспяховасці з вышэйшых устаноў адукацыі было адлічана амаль восем тысяч чалавек, а многія з іх маглі б навучацца ў сярэдніх спецыяльных ці прафесійна-тэхнічных навучальных установах і не марнаваць час і грошы, пры чым не толькі бацькоўскія, але і бюджэтныя.

Лічу, што Міністэрства адукацыі павінна падумаць над гэтым. Мяркую, што старт прыёмнай кампаніі можа быць дадзены адначасова для ўсіх устаноў прафесійнай адукацыі, а вось тэрміны завяршэння прыёму дакументаў могуць і павінны быць розныя. Магчыма, многія абітурыенты, рэальна ацаніўшы свае веды і сілы, яшчэ на этапе падачы дакументаў зробяць правільны для сябе выбар. Нельга дапусціць абясцэньвання вышэйшай адукацыі, калі ў ВНУ прыходзяць не па веды, а па дыплом. Такія спецыялісты не будуць запатрабаваныя і не знойдуць сабе прымяненне. Прабачце, але прадаўцоў з вышэйшай адукацыяй на рынках і ў крамах у нас ужо дастаткова».

— Многія негатыўныя рэзанансныя здарэнні, якія адбыліся ў сістэме адукацыі летась, — гэта вынік безадказнасці, бескантрольнасці і халатнасці з боку кіраўнікоў усіх узроўняў сістэмы адукацыі, — лічыць віцэ-прэм'ер. — Яны прымусілі паглядзець па-новаму на сістэму бяспекі, прыняць больш сур'ёзныя меры па навядзенні дысцыпліны і парадку ва ўстановах адукацыі. Сёння па даручэнні кіраўніка дзяржавы створана міжведамасная камісія па праверцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Здавалася б, пасля ўсіх даручэнняў і задач, якія ставіліся, у нас у школах павінен быць ужо ідэальны парадак. Але, як паказвае маніторынг, да ідэалу яшчэ вельмі далёка...

Таксама Ігар Петрышэнка акцэнтаваў увагу на недапушчальнасць неабгрунтаваных платных паслуг. Ён згадаў каледж у Гомелі, дзе навучэнцам фактычна навязвалася рэпетытарства па вучэбных прадметах. «Такіх платных паслуг быць не павінна», — падкрэсліў ён. — Разам з тым дадатковыя заняткі, накіраваныя на развіццё дзяцей, якія пашыраюць сферы іх прафесійных інтарэсаў, могуць і павінны быць», — адзначыў Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, установы адукацыі абавязаны зарабляць, што дазваляе ўмацоўваць іх матэрыяльна-тэхнічную базу і павялічваць зарплаты супрацоўнікаў. Але платныя заняткі павінны быць толькі на добраахвотнай аснове са згоды навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.

Эканоміка

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Прадукты для эфектыўнай энергіі: аксіяльны ветрагенератар, анодныя зазямляльнікі, керамзітапенабетон, паліўныя брыкеты

Пераможцы шостага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці — 2020» сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтвах анлайн і гэтак жа атрымлівалі віншаванні.