Вы тут

Трыумф айчыннай кнігі


Пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ўзнагародзілі падчас XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Урачыстая цырымонія 59-га конкурсу падвяла вынікі айчыннага кнігавыдання за 2019 год. Найлепшыя выдавецкія праекты вызначылі ў 17 намінацыях, тэматычных, спецыяльных і персанальных. Трыумфатар — найлепшая кніга — традыцыйна атрымлівае Гран-пры конкурсу.


Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч зазначыў: «Хочацца, каб конкурс жыў і надалей, каб павялічвалася колькасць узнагарод. А самае галоўнае — каб меркаванні экспертаў і журы ды праца саміх выдаўцоў, дызайнераў, мастакоў, графікаў высока ацэньваліся чытачамі».

Тэматычная і дызайнерская разнастайнасць сёлетніх пераможцаў уражвае. Дарэчы, летась беларуская кніга ўжо неаднаразова адзначалася на шматлікіх міжнародных конкурсах і выстаўках, у тым ліку «Мастацтва кнігі» краін — удзельніц СНД. Па яго выніках айчынныя кнігі атрымалі 20 узнагарод, у тым ліку Гран-пры за персанальную трохтомную энцыклапедыю «Янка Купала». За 16 гадоў правядзення міжнароднага спаборніцтва Беларусь па колькасці ўзнагарод займае 1-е месца (151 дыплом, у тым ліку 9 Гран-пры).

Штогод прафесіяналы ў галіне стварэння кнігі, мастацкага афармлення і дызайну вызначаюць найлепшыя выданні. У 59-м конкурсе «Мастацтва кнігі» ўзялі ўдзел 35 выдавецтваў, якія прадставілі 188 кніг. Першапачаткова яны разглядаліся мастацка-экспертнай камісіяй: яна вырашае, што трапіць на суд журы. У яе ўвайшлі член савета Беларускага саюза дызайнераў Валерый Рагалевіч, член Беларускага саюза мастакоў, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валерый Славук, мастакі-графікі і  дызайнеры кніг, выдаўцы Дзмітрый Герасімовіч, Аляксандр Кулажанка, Дзяніс Раманюк, Генадзь Мацур, Алена Жданоўская, Надзея Барай, Аляксандр Цароў, Алена Бужынская, Андрэй Макаўцоў. А  ў  склад журы ўвайшлі Ігар Бузоўскі, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь; Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар; Глеб Отчык, старшыня Беларускага саюза мастакоў; Дзмітрый Сурскі, старшыня Беларускага саюза дызайнераў; Валянцін Губараў, мастак, жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў; Дзмітрый Макараў, дырэктар ААТ «Макбел»; Канстанцін Хацяноўскі, дырэктар выдавецтва «Кавалер», член Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў; Алена Стэльмах, пісьменніца, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі; Валерый Рагалевіч, старшыня мастацка-экспертнай камісіі конкурсу «Мастацтва кнігі». Старшыня журы — кандыдат мастацтвазнаўства, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна.

Гран-пры — намінацыя «Трыумф»

Гран-пры з уручэннем дыплома імя Францыска Скарыны, а таксама памятнага знака-сімвала «Вялікі залаты фаліянт» сёлета атрымаў выдавец Дзяніс Раманюк за кнігу «Беларусь. Храм і краявід». «Для мяне гэта вялікая нечаканасць, — адзначыў падчас уручэння Дзяніс Раманюк. — Я першы ў краіне прыватны выдавец, які атрымаў гэтую ўзнагароду. Вельмі ўдзячны тым, хто падтрымліваў у стварэнні альбома, дапамагаў, каб атрымаўся ён прыгожым і якасным».

Тэматычныя намінацыі

Тэматычныя намінацыі з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт» распачынае «ЛІТ-фармат» (выданне літаратурна-мастацкага кірунку). Найлепшай прызнана кніга «Востраў» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Дыплом першай ступені таксама ў гэтага выдавецтва — за кнігу «Гімн святлу» Ай Ціна, а таксама ў Выдавецкага дома «Беларуская навука» за кнігу «Хадзі, сонейка, да нас…». Дыплом другой ступені — у «Маёй залатой Бенгаліі» «Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа».

У намінацыі «Падручнік новага стагоддзя» (выданне вучэбнага кірунку) дыплом першай ступені атрымала выдавецтва «Аверсэв» за серыю кніг «Развіццё маўлення». Дыпломам другой ступені ўзнагароджана «Народная асвета» за выданне «Гісторыя старажытнага свету, 5-ы клас. Частка 1» і другую частку гэтага ж выдання. Таксама дыплом другой ступені атрымала «Вышэйшая школа» за падручнік «Нямецкая мова для 4 класа. У двух частках» з электронным дадаткам. Дыплом пераможца ў гэтай намінацыі не прысуджаўся.

У намінацыі «Фотапогляд» (фотаальбомы, фотакнігі) перамог выдавец Дзяніс Раманюк за кнігу Алены Мікульчык «Смак беларускай кухні». Дыплом першай ступені атрымаў Выдавецкі дом «Звязда» за кнігу Уладзіміра Ліхадзедава «Гродна. Падарожжа ў часе», а таксама за выданні «Місія міласэрнасці. Ілюстрацыйная гісторыя Чырвонага Крыжа ў Беларусі», «Слонім. Падарожжа ў часе». Дыплом другой Трыумф айчыннай кнігі ступені ў выдавецтва «Колорград» (кніга «Мінскі заапарк»).

Твор Ксеніі Валахановіч «Як цудоўна жыць з хвастом» (выдавецтва «Адкрытая кніга») прызнаны найлепшым у намінацыі «Разам з кнігай мы расцём» (кнігі для дзяцей і юнацтва). Дыплом першай ступені ў «Мастацкай літаратуры» за кнігу «Варыла вячэру варона», а таксама ў «Беларусі» за кнігу «Жырафа і месяц». «Лясны абед» («Беларусь») і серыя кніг «Разумныя казкі для маленькіх» («Кніжны дом») узнагароджаны дыпломамі другой ступені.

У намінацыі «Залатыя скрыжалі» (даведачныя і энцыклапедычныя выданні) месца пераможцы атрымала «Паліграфіка» з кнігай «Брэст. 1000. Вытокі, лёс, спадчына». Дыплом першай ступені ў «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» за кнігу «Брэст. 1000».

У намінацыі «АРТ-кніга» (выданні па выяўленчым мастацтве, факсімільныя, рэпрынтныя, бібліяфільскія выданні) перамога ў выдання «Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю» («Альтиора Форте»). 1-е месца заняла кніга «Анатоль Александровіч», 2-е — «Валерый Славук». Спецыяльным дыпломам журы адзначана кніга «Малюнак пад кніжнай вокладкай» Вольгі Паўлючэнкі. Усе кнігі пабачылі свет у выдавецтве «Беларусь».

«Беларускі біятлон. 60 год» (выдавецтва «Адукацыя і выхаванне») — пераможца ў намінацыі «Эўрыка» (навуковыя, навукова-папулярныя выданні). Дыплом першай ступені ўручаны выдавецтву «Вышэйшая школа» за кнігу «Гісторыя, што ажыла ў кадры. Беларускі кіналетапіс: выпрабаванне часам».

Кніга «Манаства ёсць узыходжанне да Бога», што пабачыла свет у выдавецтве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, стала найлепшай у намінацыі «Духоўнасць» (кнігі навукова-асветнага кірунку). Дыпломам першай ступені адзначаны выдавецкі дом «Беларуская навука» за кнігу «Беларускі іканапіс XVI — першай паловы XX ст.» Другая ўзнагарода — у кнігі «Каложская царква» («Беларусь»).

Спецыяльныя намінацыі

Спецыяльныя намінацыі з уручэннем спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала «Малы залаты фаліянт») прадугледжваюць асаблівыя падзякі: «За ўнёсак у захаванне духоўнай спадчыны» ўзнагароджана Нацыянальная бібліятэка Беларусі за ўзнаўленне кніжнага рарытэта — «Берасцейская Біблія. 1563». 1-е месца ў выдавецтва «Чатыры чвэрці» за выданне «Жывая культура Беларусі: кніга-альбом». 2-е — у  «Беларусі» за кнігу «Янка Купала. “Я адплаціў народу, чым моц мая магла...”» і ў «Паліграфікі» за кнігу «Брэст маёй памяці: 30-я  — 60-я гады XX ст.». Спецыяльным дыпломам журы адзначаны фотаальбом БелТА «Традыцыі суверэннай Беларусі».

У намінацыі «Сцяжынкамі роднага краю» (выданні, прысвечаныя Году малой радзімы) дыплом пераможцы ў кнігі «Дражна. Мая малая радзіма», выдадзенай у «Бяловагруп». 1-е месца заняў выдавецкі дом «Звязда» за кнігі «Тайны Нясвіжскага замка. Вандроўка ўглыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем» і «Мая Радзіма». 2-е месца ў «Паліграфікі» за выданне «Брэсцкая вобласць. Край старажытны, край малады» і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце за серыю кніг «Імя ў гісторыі Беларусі».

У намінацыі «Садружнасць» (сумесныя выдавецкія праекты) найлепшым стаў выдавец Зміцер Колас (кніга «Выбраная паэзія. Міхай Эмінеску»). Дыплом першай ступені — у выданняў «Дзяцінства ў салдацкай пілотцы» і «Юнацтва даўжынёй у вайну» («Бяловагруп»), а таксама ў «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» за кнігу «Бялыніцкі-Біруля. Зноў зацвіла вясна». 2-е месца — у «Аверсэв» за кнігу «Навучанне грамаце. 1-ы клас. Пазакласнае чытанне. Хрэстаматыя».

У намінацыі «У люстэрку часу» (кнігі, выдадзены па замове) найлепшай стала кніга «Летапіс стагоддзя. Органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь» («Паліграфіка»). Дыплом першай ступені прысуджаны БелТА за кнігу «Мінскі аўтамабільны завод — 75 год. Гонар зямлі беларускай». Дыплом другой ступені — у выдання «Паставы гарадок» («Бяловагруп»).

 У намінацыі «Беларусь помніць» (кнігі, выдадзеныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), як і чакалася, перамагла «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за кнігі «Нельга забыць. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць» і «Беларусь партызанская». Дыплом першай ступені — у «Колорграда» (выданне «Захавальнікі дакументальнай памяці. Гісторыя партызанскага руху»). 2-е месца — у «БелЭН» за кнігу «Маленькія салдаты вялікай вайны».

Персанальная намінацыя «Майстэрства»

Уручаецца найлепшаму ілюстратару кнігі, найлепшаму дызайнеру кнігі, найлепшаму фотамастаку кнігі (са спецыяльным дыпломам і памятным знакам-сімвалам «Малы залаты фаліянт»). Сёлета найлепшым ілюстратарам абраны Уладзімір Даўгяла за ілюстрацыі да кнігі «Чарадзейны пярсцёнак». Найлепшым дызайнерам стаў Уладзімір Лукашык за афармленне кнігі Васіля Гігевіча «Востраў», Алеся Бадака «Развітанне з вечнасцю» і серыю выданняў «Напісанае застаецца». Узнагарода «Найлепшы фотамастак» была ўручана Андрэю Шчукіну за аўтарскія здымкі да кнігі «Смак беларускай кухні». Спецыяльным дыпломам журы «За вялікі асабісты ўнёсак у мастацка-графічную культуру беларускай кнігі» адзначана загадчык рэдакцыі мастацка-графічнага афармлення «Мастацкай літаратуры» Надзея Барай.

Мэта конкурсу «Мастацтва кнігі» — вызначэнне найлепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні. Для выдаўцоў гэта стымул для павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры сучаснай беларускай кнігі. Варта ўлічваць расійскія выдавецтвы, кнігі якіх напаўняюць крамы краіны. Яны запатрабаваныя і складаюць канкурэнцыю хаця б таму, што ўвесь час друкуюць класіку, прытым не заўсёды ідэальна з пункту гледжання афармлення (выдавецтву галоўнае прадаць, а чытачу — як мага танней купіць, няхай гэта будзе недаўгавечная мяккая вокладка даволі грунтоўнай па аб’ёме кнігі).

Нельга не заўважыць, што журы конкурсу з году ў год змяняецца не вельмі істотна. У гэтым — пэўная адданасць традыцыі, калі найлепшыя выданні выбіраюць менавіта тыя, хто сочыць за кнігавыданнем, заўважае тыя ці іншыя тэндэнцыі, звяртае ўвагу на канкрэтныя праблемы. Ці варта штогод кардынальна змяняць склад мастацка-экспертнай камісіі і журы? А  можа, гэта былі б аб’ектыўныя змены, якія б не ўзнімалі пытанняў? Бясспрэчна адно: найпершая ацэнка — ацэнка ад чытача.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота БЕЛТА і Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Колькасць «супрацьпрышчэпачнiкаў» змяншаецца, бо вакцыны даказваюць сваю эфектыўнасць

Сусветны тыдзень iмунiзацыi сёлета пройдзе з 24 да 30 красавiка пад лозунгам #Vaccines Work for AN# — «За агульны доступ да эфектыўных вакцын».

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Карэспандэнты «Звязды» выправiлiся ў рэйд з супрацоўнiкамi ДАI

Абстаноўка на дарогах Мiнскага раёна — не з самых простых.

Грамадства

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Нацыянальная акадэмія навук ініцыюе стварэнне народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны

Навукоўцы звяртаюцца да кіраўніцтва абласных і раённых выканаўчых камітэтаў, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх зацікаўленых грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фатаграфій удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны.