Вы тут

У зоне рызыкі. Якія каштоўнасці хацелася б вярнуць у школу?


«Сын Ганны вучыцца ў мінскай школе. З першага дня новага навучальнага года хлопчык ездзіць у школу на электрасамакаце, які яму падарылі на дзень нараджэння бацькі. Гэта стала прычынай незадаволенасці адміністрацыі.

У канцы мінулага тыдня сын паскардзіўся, што дырэктар школы забараніла прыязджаць на любых самакатах і роварах. Аргумент — дзеці робяць гэта масава, а ставіць іх няма куды. Няўжо гэта такая праблема, што трэба забараняць дзецям перасоўвацца, як яны хочуць?» — здзіўляецца жанчына.


З такім жа падыходам школьнай адміністрацыі сутыкнулася і другая мінчанка. На днях яе сына і яго аднакласнікаў паўшчувала класны кіраўнік за тое, што ездзяць у школу на самакатах, скейтах і гіраскутарах.

«Хлопцы пакідаюць іх пры ўваходзе ў школу, у калідорах не катаюцца, таму я не магу зразумець, у чым праблема. Патэлефанавала завучу, каб разабрацца ў сітуацыі. А яна сказала, што дзеці павінны хадзіць у школу пешшу, што няма чаго купляць ім дарагія рэчы і патураць іх капрызам, — скардзіцца мама школьніка. — Увогуле мне далі зразумець, што школа баіцца крадзяжу і не хоча мець справу з міліцыяй, калі нешта адбудзецца...»

Гэты кейс сярод іншых быў прапанаваны ўдзельнікам адукацыйнага бранча. Падчас чарговай нефармальнай сустрэчы ў цэнтры ўвагі аказаліся настаўніцкая этыка, рызыкі і вырашэнне канфліктных сітуацый.

Расчараванне і стомленасць

— Сённяшняя тэма самая гарачая. Падагрэтая эмоцыямі і паведамленнямі ў СМІ, яна патрабуе ўсеагульнай увагі і асэнсавання. З нашага пункту гледжання, яна павінна быць прапушчана праз прызму асабістай адказнасці кожнага з удзельнікаў адукацыйнага працэсу, —адразу папярэдзіла ўсіх прысутных адна з ініцыятараў сустрэчы, сузаснавальнік акадэміі крэатыўных тэхналогій ІT Рrіnсеss і прыватнай школы STЕАM, выкладчык, ментар Валянціна ЧЭКАН. — Апошнім часам канфліктныя сітуацыі ўсё часцей выходзяць за сцены школы і дзякуючы сучасным тэхналогіям хутка становяцца здабыткам грамадскасці. Калі мы бачым чарговы загаловак кшталту «Настаўніцу, якая накрычала на чацвёртакласнікаў, звольнілі» ці «Трэсну, потым паглядзім. Настаўніца пагражала забіць партай дзіця», што мы з вамі пры гэтым адчуваем?

Валянціна ЧЭКАН: "Канфліктныя сітуацыі ўсё часцей выходзяць за сцены школы. Сённяшняя тэма вельмі "гарачая"...

Усе гэтыя выпадкі настолькі эмацыянальна жудасныя, настолькі складаныя ў сваіх прычынах, што нам нават не хочацца зазіраць унутр і думаць пра гэта. Але мне здаецца, што гэта ўсё ж такі трэба рабіць. Мы павінны зразумець, дзе адбываюцца сістэмныя памылкі, дзе прычынай становяцца нейкія асобасныя якасці настаўніка, а дзе прысутнічае і першае, і другое. У кожнай канфліктнай сітуацыі абавязкова ёсць яшчэ і асабовыя абставіны, якія прадугледзець у поўнай меры немагчыма.

Педагогам было прапанавана разабраць сітуацыі, якія дзякуючы СМІ ва ўсіх на слыху, і вызначыць дрэва прычын (першасных, другасных і базавую), па якіх гэты канфлікт стаў магчымым. Вынік, як прызналіся арганізатары сустрэчы, іх крыху здзівіў.

— У нас была гіпотэза, што прычыны будуць прыблізна аднолькавыя, — канстатаваў другі арганізатар сустрэчы, кіраўнік ІT-школы Mуfrееdоm, архітэктар адукацыйных сістэм, адукатар Яўген ЛУФЕРЧЫК. — Але раптам аказалася, што праблем значна больш і нават складана іх неяк класіфікаваць. Дык якія ж прычыны называлі педагогі? Высокі ўзровень агрэсіі ў грамадстве, талерантнасць да гвалту, неабароненасць педагога, яго стомленасць, эмацыянальнае выгаранне, недахопы ў сямейным выхаванні, перакладанне бацькамі адказнасці на школу, выкананне педагогамі не сваіх функцый, адсутнасць правілаў, абавязковых для ўсіх, неабходнасць «цягнуць» да выпускнога класа падлеткаў, якіх вучоба зусім не цікавіць, адсутнасць прававой базы па многіх актуальных пытаннях кшталту захоўвання тых жа гіраскутараў і самакатаў у школах (яна відавочна адстае ад патрэб сённяшняга дня), нежаданне школ браць адказнасць за чужую маёмасць і трапляць у поле зроку міліцыі і іншыя.

— Для мяне асабіста застаецца адкрытым пытанне, дзе знаходзіцца зона адказнасці сям’і і ці ўсё школа робіць правільна, таму што ўсе сем’і — унікальныя, а мы, педагогі, ці заўсёды гэта ўлічваем? — задаўся пытаннем Яўген Луферчык. — Больш таго, і рамкі каштоўнасцяў могуць быць розныя: у дырэктара школы яны адны, у завуча — другія, а ў настаўніка матэматыкі — трэція. Праблема, пагадзіцеся, прысутнічае.

Сацыяльны статус настаўніка, яго бяспраўнасць перад адміністрацыяй і неабароненасць перад бацькамі навучэнцаў традыцыйна імгненна «запалілі» аўдыторыю.

— А я лічу, што педагог — вольны чалавек. І калі я ўваходжу ў аўдыторыю і зачыняю за сабой дзверы, я раблю і кажу тое, што лічу важным і правільным. Гэта зона маёй асабістай адказнасці, — падзялілася сваім меркаваннем Валянціна Чэкан.

Не менш гарачай аказалася і дыскусія на тэму, ці абавязаны настаўнік любіць сваіх вучняў. Меркаванні аўдыторыі, трэба заўважыць, падзяліліся.

— Я ўпэўнены, што кожны з нас з’яўляецца носьбітам свайго ўнікальнага досведу. Мяркую, што пад словам «любоў» мы разумеем рознае. У беларускай мове ёсць «любоў» і ёсць «каханне». І гэта розныя паняцці. У рускай мове ў слове «любоў» я не магу вылучыць інтымны складнік, і менавіта таму кажу, што сваіх вучняў паважаю, цаню, хачу быць для іх максімальна карысным, але люблю я сваю сям’ю, сваю жонку і дзяцей, таму што з імі ў мяне ёсць інтымная сувязь. Хоць ведаю настаўнікаў, у якіх з вучнямі ёсць гэтая сувязь, і яны да іх ставяцца, як да сваіх дзяцей, — шчыра прызнаўся Яўген Луферчык.

Яўген ЛУФЕРЧЫК: "Дзе знаходзіцца зона адказнасці сям'і і ці ўсё школа робіць правільна?"

У адказ на просьбу вызначыць тры базавыя каштоўнасці, якія хацелася б вярнуць у школу і ў грамадства, педагогі назвалі павагу, свабоду і бяспеку. А на прапанову ахарактарызаваць, як яны сябе адчуваюць унутры сістэмы адукацыі (хоць словамі, хоць малюнкамі), педагогі напісалі наступнае: «Шмат фармалізму», «Кагнітыўны дысананс, сорам перад дзецьмі», «Немагчымасць ні на што паўплываць», «Нестабільнасць, няма ўпэўненасці, што я тут надоўга», «Бессэнсоўнасць многага з таго, што раблю», «Залежнасць ад вышэйстаячых органаў, ад настрою навучэнцаў, нявыхаванасці іх бацькоў», «Ты ўсім павінны!», «Расчараванне, злосць, стомленасць ад непаразумення», «Асалода, кайф ад работы з унутрана матываванымі навучэнцамі», «Свабодна, класна, нягледзячы ні на што!», «Цікава. Ёсць ідэі».

Хто вы тут такая?

А вось яшчэ адна праблема, пра якую ў нашым грамадстве не прынята казаць услых, — булінг настаўнікаў. Так, менавіта педагогаў, а не вучняў. У ходзе даследавання, праведзенага ў Расіі, 70% настаўнікаў паведамілі, што станавіліся ахвярай булінгу. Вучні ігнаруюць педагогаў, зрываюць урокі, дэманструюць ім непатрэбнасць іх дысцыпліны, пагарду з дапамогай жэстаў і позіркаў, скардзяцца на іх кіраўніцтву школы з надуманай нагоды, абзываюць, распускаюць чуткі, прыдумваюць крыўдныя клічкі, накіроўваюць паведамленні інтымнага характару, абражаюць у сацыяльных сетках... Бацькі, здараецца, вядуць сябе не лепш за сваіх дзяцей, аб’ядноўваюцца ў чатах. Тады настаўнік атрымлівае яшчэ адну дысфункцыянальную групу, толькі з дарослых. Працаваць з ёй яшчэ цяжэй, чым з групай дзяцей, таму што сацыяльныя ролі бацькоў і настаўнікаў зраўняліся. Заўвага ў дзённіку і выклік да дырэктара ўжо нічога не значаць. Бацькі патрабуюць ад педагогаў індывідуальнага падыходу да іх дзяцей, пэўнага знешняга выгляду ад настаўніка... Педагогі з нізкім узроўнем даходу зазнаюць здзекі ўдвая часцей. Падчас расійскага даследавання на глыбінным інтэрв’ю адна мама заявіла, што «яе дзіцяці непрыемна прыходзіць у клас да жанчыны, якая носіць адну і тую ж кофту кожны дзень трэці год запар» Прычым гэта была самая звычайная сям’я з сярэднім дастаткам.

Але ёсць яшчэ і булінг у настаўніцкай — з боку адміністрацыі і калег. Адкрытае цкаванне — псаванне асабістых рэчаў або фізічны гвалт (напрыклад, з настаўніцкай вылятаюць чыесьці чаравікі). Да схаваных формаў адносіцца абмеркаванне асабістага жыцця ці знешняга выгляду настаўніка паміж сабой, але ў яго прысутнасці, напружанне, якое настаўнік адчувае ў класе, калі раздаецца смех нібыта без нагоды. Гэта можа быць канфлікт на міжасобасным узроўні, непапулярнасць ці прэсінг. Адзін з варыянтаў прэсінгу, з якім сутыкаюцца настаўнікі, — працяглы псіхалагічны ціск з боку школьнага кіраўніцтва або чыноўнікаў у сферы адукацыі. Часам булінг можа стаць прычынай сыходу настаўніка з прафесіі.

Удзельнікі адукацыйнага бранча прыгадалі фразы-маркеры булінгу ў настаўніцкай, якія яны чулі на свой адрас: «Што вы сабе дазваляеце?», «Хто вы тут такая?», «Ёй прэмія непатрэбная, бо ў яе муж багаты», «Што у вас за знешні выгляд?», «Вось яшчэ, яе нават звольніць нельга», «Вы некамптетэнтны», «Што ты як белая варона!», «Табе, дзяўчынка, больш за ўсіх трэба?», «Не высоўвайся», «Вы лічыце мяне дурніцай?», «Вой, я таксама была такой жа наіўнай», «Выскачка», «Зорка», «Ваш знешні выгляд не адпавядае статусу», «Больш так не адзявайцеся», «Занадта кароткая спадніца», «А што, галава па-ранейшаму яшчэ на моры?», «Таму што ў яе няма сям’і (дзяцей), «Дзяўчынка, у цябе маладосць у галаве», «Зазвяздзілася»...

Патрэбныя настаўніку дысцыпліны

Усім прапанавалі ўжыцца ў ролю і адказаць на пытанне: "Што я магу, хачу і буду рабіць як актыўны грамадзянін, адміністрацыя, адзін з бацькоў і настаўнік?".

І ўсё ж такі: дзе пачынаецца і заканчваецца зона той самай асабістай адказнасці? Усім было прапанавана ўжыцца ў ролю і адказаць на пытанне, што я магу, хачу і буду рабіць як актыўны грамадзянін, адміністрацыя, адзін з бацькоў і настаўнік.

«Адміністрацыя» хацела б прымірыць усе бакі адукацыйнага працэсу і стварыць калектыў творчых настаўнікаў, якія запальвалі б дзяцей і калег сваёй асобай. «Актыўны грамадзянін» — мець доступ да поўнай і праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў адукацыі, удзельнічаць у абмеркаванні будучых змен і рэформаў, мець магчымасць уплываць на тое, што адбываецца ў школе. «Бацькі» — захаваць эмацыянальнае, псіхічнае і фізічнае здароўе свайго дзіцяці, каб школьнае асяроддзе было камфортнае, і каб у дзяцей у працэсе навучання развіваліся навыкі калабарацыі і камунікацыі.

Настаўнікі (вось каму ўжо не давялося прымяраць на сябе чужую ролю) сказалі, што хацелі б мець магчымасць падзяліць адпачынак на дзве часткі (лета—зіма) для псіхаэмацыянальнай перазагрузкі пры вострай неабходнасці. Нервовыя зрывы, як вядома, маюць сумныя наступствы. Надзвычай складана ўтрымліваць духоўны і душэўны баланс, калі не збаўляць абаротаў і не рабіць перадышкі.

Каб у школе быў у штаце педагог (як, напрыклад, у Швецыі) спецыяльна на той выпадак, калі трэба замяніць настаўніка, які захварэў, каб гэта рабілі не калегі, у якіх пяць урокаў на першай змене і шэсць — на другой... У школе востра патрабуецца і спецыяліст, які б падказваў, як паводзіць сябе ў сітуацыях, калі не хапае ўласнай кампетэнцыі, чалавек, да якога можна прыйсці параіцца і паплакацца, — псіхолаг для настаўнікаў, а не толькі для дзяцей. Каб усе «правілы гульні» былі дакументальна аформлены і ў выпадку парушэння правоў педагога адміністрацыя паўстала б на яго абарону. Але самае галоўнае, што настаўнікі могуць і што яны будуць рабіць: «Мы можам павышаць сваю кваліфікацыю, самаадукоўвацца, удзельнічаць у распрацоўцы дакументаў, якія рэгламентуюць жыццё школы, наладжваць камунікацыю з вучнямі і іх бацькамі. І, канешне, мы будзем самаразвівацца і дзяліцца вопытам з зацікаўленымі калегамі»...

На думку ўдзельнікаў сустрэчы, у педагагічнай ВНУ выкладаецца мноства дысцыплін, але будучых педагогаў не вучаць канфлікталогіі, эмацыянальнаму інтэлекту, стрэсаўстойлівасці, кіраванню класам і групай, педагагічнай рэфлексіі і ўменню прааналізаваць і абагульніць свой вопыт, педагагічнай этыцы і эстэтыцы, крэатыўнаму мысленню, узроставай і сацыяльнай псіхалогіі...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.