Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Краіны ЕАЭС падпішуць стратэгію інтэграцыі да 2025 года


Старшыня Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам. 


«Мы застаемся, як заўсёды, прыхільнікамі інтэграцыі — рэальнай інтэграцыі, без прымушэнняў. Мы заўсёды ініцыявалі рэальную інтэграцыю: нашых дзяржаў Расіі і Беларусі, эканомік, жыцця людзей і гэтак далей, захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць», — першае, што падкрэсліў кіраўнік дзяржавы падчас гутаркі з Міхаілам Мясніковічам. Прэзідэнт адзначыў, што збліжэнне мусіць будавацца на класічных прынцыпах, якія вядомыя ва ўсім свеце. 

На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка праанансаваў падпісанне ў маі ў Мінску стратэгіі інтэграцыі да 2025 года.

«Канешне, мы мусім прапанаваць сур’ёзны варыянт гэтай стратэгіі, без усялякіх там агаворак, калі мы жадаем пабудаваць наш саюз на рэальных прынцыпах інтэграцыі (а мы іх павінны ў гэтай стратэгіі яшчэ раз нагадаць, калі нехта забыў)», — зазначыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт зазначыў, што самае галоўнае, што трэба прадугледзець, — каб не атрымалася, што напрыканцы 2024 года кіраўнікі дзяржаў збяруцца і паўстане пытанне адсутнасці дамоўленасцяў аб чым-небудзь, што хтосьці не гатовы працаваць па адзіных прынцыпах нафты, газу, аграрнай, алкагольнай прадукцыі...
Таму, лічыць ён, да вырашэння ўсіх інтэграцыйных пытанняў трэба ісці паступова. Для Беларусі асабліва важны адзіны рынак нафты і газу.

«Значыць, да канца 2024 года нашы краіны паэтапна мусяць падысці фактычна да адзіных прынцыпаў цэнаўтварэння і гэтак далей, калі браць нафту, газ, аграрную прадукцыю, прамысловасць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар не стаў хаваць, што свабод, якія калісьці дэклараваліся, сёння практычна няма. Ці яны ёсць, але далёка не ў поўным аб’ёме. Пытанне асабліва актуальнае для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, працоўнай сілы і капітала. 

«Гэта аснова, фундамент будаўніцтва нашага саюза — мы дагэтуль гэтага не маем. І ведаеце, чаму? Пафігізм. Які засноўваецца на якойсьці абыякавасці асобных дзяржаў, іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста знаходзяцца ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго», — раставіў кропкі над і кіраўнік ЕАЭС. 

«Што нас трымае ў гэтым саюзе, калі навокал перашкоды, бар'еры і выняткі?»

Прэзідэнта абураюць 66 выняткаў, выключэнняў і бар’ераў, якія зараз дзейнічаюць у ЕАЭС.

«Які інтарэс Беларусі ці таго ж Кыргызстана, Арменіі ў гэтым саюзе? Што нас трымае ў гэтым саюзе, калі навокал перашкоды, бар’еры і выняткі? Мы будуем саюз, каб стварыць роўныя ўмовы для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. Але за пяць гадоў мы ўсё больш і больш адыходзім ад гэтых роўных умоў, пачынаецца манапалізм», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад Прэзідэнт прывёў пастаўкі ў нашу краіну прыроднага газу па кошце 127 долараў.

«Нам кажуць, гэта добрая цана. Вы ведаеце, па якім кошце Польшча сёння атрымлівае амерыканскі газ, які трэба перавесці ў вадкі стан, перавезці, рэгазіфікаваць і па трубе паставіць? 90 долараў! Мы расіянам кажам, што летась з улікам ператаможкі нафты было 110–111 долараў. Не, у адказ чуем „давайце 127“. На біржы сёння ўжо ніжэй за сто долараў прадаецца газ», — з такой сітуацыяй лідар краіны не згодны.

Падобная сітуацыя існуе са спробай прадаць нафту па сусветным кошце і запатрабаваць прэмію з кожнай тоны.

«Дык прэмію плацяць тым, хто купляе. Калі мы купляем тавар, матывуйце, вы нам прэмію дайце. Не. Чаму? Таму што няма правіл нармальных, права сілы — нахіліць, прымусіць. І кожны дзень у сродках масавай інфармацыі атакі кшталту „Лукашэнка нечага хоча“. Ды я ўжо нічога не хачу, акрамя таго, пра што мы дамовіліся», — сказаў лідар дзяржавы.

У прыватнасці, ён нагадаў аб прапанове Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна аб кампенсацыі страт ад зніжэння пошліны. 

«Не паспелі аб гэтым дамовіцца, увечары ўжо міністры па-свойму трактуюць нашы дамоўленасці, двух Прэзідэнтаў. Бяру запіс размовы: дакладна была дамоўленасць, што розніцу нам кампенсуюць. Гэта значыць, фінансава мы застанемся на ўзроўні мінулага года. Гэтага няма. Ну што гэта за саюз такі?» — задаў чарговае рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым стрыжнем Еўразійскага эканамічнага саюза ён назваў менавіта адносіны Беларусі і Расіі. 

«Гэта паказальна, гэта маяк. Мы ж не просім чагосьці ў свайго галоўнага саюзніка, як і ў іншых. Мы самі здольныя зарабіць і больш аддаць, як гэта было ў савецкі час. Беларусь больш заўсёды аддавала ў саюзны бюджэт, чым адтуль атрымлівала. І мы гатовыя сёння ў гэтым кірунку працаваць, але мусіць гэта быць прынцыпова, шчыра і прыстойна», — падвёў вынік Прэзідэнт.

Дамовіцца і працаваць, аб’ядноўвацца на справе і паказваць прыклад тым, хто не ўступіў у саюз, як Узбекістан, Таджыкістан, Украіна — такія перспектывы для ЕАЭС бачыць Аляксандр Лукашэнка. А Беларусь падчас свайго старшынства мусіць шчыра і адназначна ўносіць адпаведныя прапановы.

Міхаіл Мясніковіч, наведаўшы ўсе краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, расказаў журналістам аб праблемах ЕАЭС і магчымых шляхах іх вырашэння.

«Ёсць вельмі вялікі разрыў пазіцый палітыкаў і непасрэдна прадстаўнікоў экспертнай супольнасці, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні нарматыўна-прававой базы Еўразійскага эканамічнага саюза. Будзем рабіць так, каб мінімізаваць гэты разрыў. Трэба звяртаць увагу вышэйшых службовых асоб на безумоўнае выканенне дамоўленасцяў, якія маюць месца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў», — лічыць старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Па словах Міхаіла Мясніковіча, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аднамаментна ўсім краінам скасаваць бар’еры і абмежаванні ў гандлі і даць устаноўкі ўрадам не ствараць новых. Таксама кіраўнік ЕЭК паведаміў, што праект Стратэгіі развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года знаходзіцца на фінальнай стадыі ўзгаднення.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

«Антыдэпрэсанты не выклiкаюць прывыкання i залежнасцi». Як перамагчы трывогу i дэпрэсiўны настрой?

Расказаў урач-псiхiятр-нарколаг мiнскага гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Iгар Сарокiн.

Грамадства

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

У Беларусі дыягнаставаны 861 выпадак каранавіруса

31 знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.