Плошча Віцебшчыны павялічыцца на 1160 гектараў. І на гэтай зямлі пераважна растуць лясы. Праект адпаведнага рашэння быў падтрыманы народнымі выбраннікамі на нядаўняй сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.
Яго старшыня Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ растлумачыў калегам з дэпутацкага корпусу, што неабходныя змены «на карце» прадыктаваныя жыццём. І ў дадзеным выпадку вядомая фраза пра «пытанне ад зямлі» вельмі сімвалічнае. Напрыклад, як эфектыўна апрацаваць поле для пасяўной, калі яго частка на тэрыторыі адной вобласці, а другая — на суседняй? І як даглядаць за лесам, калі ёсць магчымасць рабіць там нарыхтоўкі, у тым ліку драўніны для перапрацоўкі, калі зямля «спрэчная»?
Ды і за дзесяцігоддзі мяняецца рэльеф: у сувязі з праведзенымі меліярацыйнымі работамі, будаўніцтвам, рэканструкцыяй дарог, уплывам прыродных фактараў на зямлю і гэтак далей. Ёсць і іншыя акалічнасці, якія трэба ўлічваць...
Паводле слоў начальніка ўпраўлення землеўпарадкавання Віцебскага аблвыканкама Ігара ЛЕВЯНКОВА, пяць гадоў таму пасля даручэння Савета Міністраў РБ завяршылі стварэнне зямельна-інфармацыйнай сістэмы (ЗІС). Такім чынам, у 2015 годзе ўпершыню ў нашай краіне з'явілася так званая лічбавая планава-картаграфічная аснова.
Вывучэнне вынікаў ЗІС паказала, што інфармацыя адрозніваецца ад зямельна-ўліковых даных. Гісторыя назапашвання неадкладнасцяў доўжыцца прыблізна пяцьдзясят гадоў, удакладніў згаданы спецыяліст.
Тэма, калі задумацца, датычыцца ўсіх, бо адрозненні на старых картах, паперах наконт зямлі, падпісаных дзясяткі гадоў таму, і таго, што існуе сёння ў рэальнасці, спрыяюць заблытанасці пры афармленні. Усе неабходныя матэрыялы перад сесіяй узгаднілі з раённымі выканаўчымі камітэтамі, кіраўніцтвам мясцовай улады прыгранічных з Віцебскай абласцей: Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай. Змены датычацца 30 % меж раёнаў.
Пры гэтым Віцебшчыну не толькі павялічылі, але і скарацілі. У прыватнасці, больш за астатніх страціў Лёзненскі раён — 1900 гектараў, а найбольшая прыбаўка ў Віцебскім раёне — каля 1360 га. У выніку «абмену» Прыдзвінне засталося ў плюсе.
Рашэнне «абласнога парламента» накіруюць ва ўрад для падрыхтоўкі адпаведнага нарматыўнага акта. Праект указа будзе прадстаўлены Прэзідэнту для разгляду.
Было падтрымана і параўнальна меншае, але таксама вельмі важнае зямельнае пытанне. Як растлумачыў Уладзімір Цярэнцьеў, жыхары пасёлка Віцьба, які знаходзіцца ў прыгарадзе абласнога цэнтра, накіравалі калектыўны зварот. Грамадзяне вельмі абгрунтавана прасілі перадаць у «тэрытарыяльную адказнасць» Бабініцкаму сельсавету частку зямлі Тулаўскага сельсавета Віцебскага раёна. Прычына — там знаходзяцца грамадзянскія могілкі. І тутэйшыя ўпэўненыя, што пасля перадачы іх «на баланс» суседняму органу прадстаўнічай улады будзе значна прасцей і аператыўней афармляць неабходныя для пахавання дакументы. Таксама яны выказалі надзею, што і навядзенне, падтрыманне парадку на тэрыторыі месца вечнага спакою сваякоў будзе на трохі іншым узроўні.
Дэпутаты зацвердзілі адпаведнае рашэнне.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?