Вы тут

У Магілёўскім раёне жыхары наводзяць прыгажосць у сваіх населеных пунктах


Гаворка ідзе пра Семукацкі сельсавет, у складзе якога 29 населеных пунктаў з агульнай колькасцю 949 жыхароў. Паміж вёскамі няма рэгулярных транспартных зносін, але гэта не перашкаджае людзям быць у курсе спраў суседзяў. Старасты і актывісты з'яўляюцца злучальным звяном паміж насельніцтвам і органамі мясцовага кіравання і самакіравання, ствараюць умовы для развіцця грамадскай ініцыятывы і прыцягваюць аднавяскоўцаў да вырашэння праблем мясцовага значэння.


Напрыклад, у вёсцы Вялікія Бялевічы з дапамогай грамадскасці добраўпарадкавана паркавая зона: зроблены альтанкі, лаўкі і нават дзіцячая пляцоўка. Будаўніцтва апошняй ініцыявалі шматдзетныя маці. Вольга Курдыль, якая выхоўвае пяцярых дзяцей, стала адным з актыўных натхняльнікаў і рэалізатараў ідэі. У вёсцы болей за 50 дзяцей, але тут амаль няма сацыяльных аб'ектаў. І дзіцячая пляцоўка была проста неабходная. Да ініцыятыўных бацькоў далучыўся мясцовы фермер Уладзімір Укружскі, які на сваёй пілараме зрабіў усе неабходныя нарыхтоўкі за ўласны кошт.

У аграгарадку Семукачы праблем з пітной вадой няма, жыхары карыстаюцца цэнтралізаваным водазабеспячэннем. Але стала шкада, што прападае калодзеж. Ён быў выкапаны дзесяць гадоў таму і стаяў закінуты. Мясцовы жыхар Рыгор Венгерэнка ўзяўся за арганізацыю работ па яго аднаўленні. У выніку натхнёныя ім актывісты зрабілі агаловак (наземную частку калодзежа), пафарбавалі яго і купілі вядро.

А ў Паўлаўску вярнулі да жыцця дзве крыніцы. Кажуць, што адной з іх было сто гадоў, не меней. Зруб унутры яе ўжо згніў, таму актывісты зрабілі новы. А другую крынічку ледзь знайшлі. Старажылы ўзгадалі, што ёй карысталіся яшчэ іх продкі. Яе пачысцілі і акультурылі з удзелам усё таго ж фермера Уладзіміра Укружскага. Цяпер сюды па ваду ездзіць палова сельсавета.

Вялікая работа зроблена па добраўпарадкаванні могілак. Вёска Алень сёння амаль выміраючая, а раней была досыць вялікай. Нават працягласць яе каля пяці кіламетраў. Цяпер тут у асноўным жывуць дачнікі. Вясковыя могілкі былі ў вельмі непрывабным стане, і жыхароў гэта непакоіла. Старшыня сельсавета прапанавала зрабіць капітальную прыборку. Мясцовыя арганізацыі дапамаглі выразаць аварыйныя дрэвы і хмызняк. Адкрыццём стала, што на самых старых могілках стаялі валуны. На іх не засталося ніякіх апазнавальных знакаў, але старажылы сцвярджаюць, што гэта былі своеасаблівыя помнікі. Людзі з дапамогай тэхнікі перанеслі іх на ўскраек могілак, устанавілі там крыж і такім чынам утварыўся агульны памятны знак у гонар продкаў. Цяпер да яго прыносяць кветкі.

А на могілках у Вялікіх Бялевічах жыхары аднавілі нават помнік XIX стагоддзя. Ён ляжаў у хмызняку і быў напалову пашкоджаны вандаламі. Высветлілася, што яго ўсталявалі на пахаванні тутэйшага пана Пятра Гайдукова. Дарэчы, на помніку пазначана, што ён быў зроблены ў маскоўскай майстэрні. Яго паднялі, пачысцілі і замацавалі. А мясцовы жыхар на свае грошы паставіў металічную агароджу.

— Асабліва вызначыліся ў навядзенні парадку стараста Таццяна Сімакова і Тамара Бельская, — кажа Тамара Укружская, старшыня Семукацкага сельвыканкама. — І такіх, як яны, ініцыятыўных, у нас шмат. Два гады таму, калі я ўзначаліла сельсавет, адразу ж патлумачыла людзям, што якасць нашага жыцця шмат у чым залежыць ад нас саміх. Разам мы прыдумалі праект «Вяртанне да вытокаў» і пад яго эгідай сталі наводзіць парадак у вёсках. Спачатку людзі неахвотна здавалі грошы, але, калі ўбачылі, што эфект ёсць, сталі самі прапаноўваць ідэі для рэалізацыі. За гэты час агульнымі намаганнямі зроблена шмат. Галоўнае — шчырае жаданне саміх жыхароў. Мы праводзілі сельскія сходы, выяўлялі праблемы, выслухоўвалі прапановы грамадзян, шукалі шляхі вырашэння праблем. У выніку за сродкі грамадзян і з іх удзелам агароджаныя і пафарбаваныя сем грамадзянскіх могілак, чатыры з якіх прыводзіліся ў парадак упершыню. Насельніцтва за свой кошт адрамантавала 24 агалоўкі на шахтавых калодзежах, добраўпарадкавала крыніцу. Праведзеныя за грошы жыхароў і з іх удзелам работы ацэньваюцца ў пяць тысяч рублёў. Вядома, што без дапамогі з боку камунальных, сельскагаспадарчых і лясных службаў было б немагчыма зрабіць такі фронт работ. Не засталіся ўбаку сацыяльныя службы і Семукацкая сярэдняя школа. Разам мы зрабілі нашы вёскі больш прыгожымі і ўтульнымі. Радуе, што ініцыятыўных грамадзян становіцца ўсё больш. І ўжо не мы да іх, а яны да нас ідуць з прапановай зрабіць нешта яшчэ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Тамары УКРУЖСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi партызанскiх атрадаў удзялялi вялiкую ўвагу адпачынку i вольнаму часу партызан.