Вы тут

Паўночны матрыярхат. Чаму Суомі цяпер нярэдка называюць «фемінляндыяй»?


Фінляндыя насамрэч ламае стэрэатыпы. Сёння яна асацыюецца ўжо не столькі з аднайменнай гарэлкай, саўнай, хакеем і гарачымі фінскімі хлопцамі, колькі з сапраўднай гендарнай рэвалюцыяй. Большасць міністраў у цяперашнім фінскім кабінеце склалі жанчыны, але галоўнай сенсацыяй стала тое, што сярод іх чатыры ва ўзросце да 35 гадоў. Такіх няшмат і сярод палітыкаў-мужчын, а для жанчын гэта ўвогуле рэдкасць. Але толькі не для краіны Суомі, якую апошнім часам усё часцей жартам называюць «фемінляндыяй». Як склаўся і развіваецца «паўночны матрыярхат»?


Саюз пяці

Летась у красавіку на выбарах у фінскі парламент прайшлі 10 партый. Упершыню ў гісторыі краіны ніводная з іх не набрала нават 18 працэнтаў галасоў. Сацыял-дэмакратычная партыя атрымала 40 мандатаў у 200-мясцовым парламенце і ледзь-ледзь апярэдзіла нацыяналістаў — «Сапраўдных фінаў». Для таго каб ізаляваць крайне правых, кааліцыю давялося складаць з пяці партый. А прэм'ер-міністрам стаў лідар СДП Анты Юхан Рынэ.

Пасля таго як кіраўнік урада сышоў у адстаўку з-за скандалу з забастоўкай паштовых служачых, кандыдатам ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Фінляндыі на пасаду стала Сана Марын. Дагэтуль яна займала пасаду міністра транспарту і сувязі ва ўрадзе Рынэ. Сана Марын з беднай сям'і, вырасла ў зусім нерэспектабельным раёне Хельсінкі і пачынала свой працоўны шлях касіркай. Магчыма, таму яна абрала сваёй партыяй сацыял-дэмакратаў, якія шмат зрабілі для развіцця сістэмы бясплатнай адукацыі і сацыяльнай падтрымкі малазабяспечаных сем'яў. Сана пачынала ў маладзёжнай арганізацыі партыі і неўзабаве была абраная ў гарсавет аднаго з найбуйнейшых гарадоў Тампэрэ. Адным з яе праектаў стала вяртанне трамвайных ліній па меркаваннях экалогіі. У парламенце яна з 2015-га і з'яўляецца дэпутатам ад Тампэрэ. Яна мае ступень магістра па спецыяльнасці «адміністрацыйнае кіраванне», робіць акцэнт на экалогію.

Марын замужам за маркетолагам Маркусам Райконенам. Два гады таму ў іх нарадзілася дачка Эма. Дэкрэтны адпачынак у Марын атрымаўся вельмі ўмоўным. Частку яго яна правяла ў парламенце: «Былі важныя галасаванні — напрыклад, ініцыятыва грамадзян аб эўтаназіі». Марын расказвае, што ёй вельмі дапамагае асаблівасць характару: у стрэсавых сітуацыях яна становіцца спакойнай і сабранай. А муж у яе яшчэ больш спакойны чалавек. Яшчэ Марын казала, што прыводзіць думкі ў парадак ёй дапамагае хатняя ўборка. Абодва сужэнцы ў адзін голас паўтараюць, што прэм'ерскія абавязкі жонкі не адаб'юцца на сямейным побыце — ім моцна дапамагаюць дзядулі і бабулі з абодвух бакоў, ды і муж не цураецца хатняй працы. «Мы возьмем на сябе ўсе сямейныя справы», — запэўніў Маркус часопіс Me Naіset. Дарэчы, менавіта ён пэўны час знаходзіўся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.

Змяненне клімату, роўнасць і сацыяльнае забеспячэнне — вось яе прыярытэты, піша The New York Tіmes і цытуе: «Я хачу пабудаваць грамадства, у якім кожнае дзіця можа стаць кім заўгодна і кожны чалавек можа жыць годна». Эксперты лічаць цалкам натуральным выбар на карысць Марын. Пазалетась пад Каляды цяперашні кіраўнік СДП Юхан Рыне захварэў на пнеўманію, хвароба ўскладнілася інфекцыяй перыкарда, пасля ўрачы выявілі каранарную недастатковасць і спатрэбілася аперацыя — шунтаванне. Некалькі месяцаў, пакуль ён не паправіўся, Марын кіравала партыяй і вяла кампанію перад выбарамі красавіка 2019-га. Партыя хацела маладога прэм'ера і ўзрост адыграў важную ролю, лічыць адзін з апытаных The New York Tіmes палітолагаў: «Яна ўяўляе новае пакаленне палітыкаў». Да таго ж яна жанчына, а жанчыны-палітыкі ўсё больш у фаворы ў выбаршчыкаў. Калі ў 1983-м прыгожаму полу дасталася 30 % месцаў у фінскім парламенце, то ў 2007-м — ужо больш за 40 %, а на апошніх выбарах — 47 %.

Такім чынам, кіруючая кааліцыя Фінляндыі стала саюзам пяці жанчын. 34-гадовая Сана Марын — прэм'ер-міністр. 32-гадовая Катры Кулмуні, лідар партыі «Фінляндскі цэнтр», — намеснік прэм'ер-міністра і міністр фінансаў урада. 32-гадовая Лі Андэрсан, старшыня Левага саюза Фінляндыі, — міністр адукацыі. 34-гадовая Марыя Ахісала, кіраўнік Зялёнага саюза, — міністр унутраных спраў. І адна дама старэйшага ўзросту: 56-гадовая Ганна-Мая Хенрыксан, якая ўзначальвае Шведскую народную партыю, стала міністрам юстыцыі. Калі ў чэрвені сацыял-дэмакраты выберуць Марын сваім лідарам, то ўсімі пяццю партыямі кааліцыі будуць кіраваць жанчыны — калі, вядома, такі саюз да таго часу яшчэ будзе існаваць.

Ленін і піяр

Злыя языкі ўжо паспелі ахрысціць цяперашні кабінет «касметычным салонам». А міністр унутраных спраў Эстоніі Март Хельме ў інтэрв'ю TRE Raadіo заявіў: «Ад таго, што цяпер адбываецца ў Фінляндыі, валасы ўстаюць дыбам. Я ў сувязі з гэтым нагадаў бы словы Уладзіміра Ульянава-Леніна аб тым, што любая кухарка можа стаць міністрам, ці як ён там выказаўся. А вось тут мы якраз і бачым, што прадаўшчыца паднялася да прэм'ер-міністра, а таксама як некаторыя іншыя вулічныя актывісты і неадукаваныя людзі выбіліся ў члены ўрада». У адказ Сана Марын напісала ў сваім Twіtter: «Я вельмі ганаруся Фінляндыяй. Тут дзіця з беднай сям'і можа атрымаць адукацыю і шмат чаго дасягнуць у сваім жыцці. Касір крамы можа стаць прэм'ер-міністрам. Без рабочага класа Фінляндыя не выжыве. Я цаню працу кожнага супрацоўніка, спецыяліста і прадпрымальніка!»

Хоць чаму ўсе так здзіўляюцца менавіта прыкладу Фінляндыі — незразумела. У чатырох з пяці краін Паўночнай Еўропы ўрад узначальваюць прадстаўніцы прыгожага полу! Прэм'ер-міністр на радзіме казачніка Андэрсана — 42-гадовая Метэ Фрэдэрыксен, лідар сацыял-дэмакратаў і маці дваіх дзяцей, па адукацыі — афрыканіст. На год старэйшая — Катрын Якабсдоўцір, кіраўнік урада Ісландыі. Яна лідар партыі «Лева-зялёны рух». Замужам, выхоўвае трох сыноў. Найбольшым палітычным досведам сярод паўночна-еўрапейскіх кіраўнікоў урадаў валодае, напэўна, 59-гадовая нарвежка Эрна Сульберг. У парламент яна ўпершыню прыйшла 30 гадоў таму, узначальвае кабінет міністраў больш за шэсць гадоў. Стылем кіравання Сульберг падобная на экс-лідара Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, за што яе называлі Жалезная Эрна. А потым з-за любові пазіраваць на бронетэхніцы падчас паездак у армію перайменавалі ў Танкавую.

Усе скандынаўскія кіраўніцы па-сапраўднаму папулярныя сярод выбаршчыкаў. Напрыклад, на апошніх парламенцкіх выбарах за кандыдатуру Саны Марын прагаласавала больш людзей, чым за ўсіх астатніх сацыял-дэмакратаў. Яшчэ ў часы вікінгаў у супольных саветах — тынгах — жанчыны мелі роўныя правы з мужчынамі. Фінляндыя стала першым рэгіёнам Еўропы, дзе жанчыны атрымалі выбарчае права ў 1906 годзе. Нарвежкі — годам пазней, датчанкі — у 1908-м, шведкі — у 1919-м. Так што тут для многіх пакаленняў лідар у спадніцы – не экзотыка.

Яны робяць кар'еру не толькі справамі, але і ўмелым піярам. Тая ж Сана Марын падрабязна інфармавала сваіх будучых выбаршчыкаў аб кожным сваім учынку. Ну і куды ў наш час без карысных сувязяў? Яна лічылася блізкай паплечніцай свайго папярэдніка Анты Рынэ. Экс-прэм'еру было больш выгадна лабіраваць яе, чым лідара ўнутрыпартыйнай апазіцыі (дарэчы, мужчыну). А Катрын Якабсдоцір паходзіць з уплывовай па ісландскіх мерках сям'і, якая дала востраву некалькіх вядомых палітыкаў і літаратараў.

Эвалюцыйны працэс?

Тая ж Фінляндыя — парламенцкая рэспубліка, улада прэзідэнта тут абмежаваная. І вось супадзенне, гэтую дэкаратыўную пасаду займае... мужчына. Цяперашні прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ карыстаецца велізарным аўтарытэтам і ў краіне, і за яе межамі. Нягледзячы на ўзрост (71 год), ён яшчэ ого-го! У лютым 2018-га Нііністэ стаў першым у фінскай гісторыі прэзідэнтам, у якога падчас знаходжання на пасадзе нарадзілася дзіця. Дарэчы, яго папярэднікам была таксама вельмі папулярная Тар'я Халанен, першая жанчына-прэзідэнт у гісторыі краіны і гаспадыня кошкі пароды неўская маскарадная (падарунак ад тагачаснага расійскага прэм'ер-міністра Дзмітрыя Мядзведзева). А яе самым імаверным пераемнікам можа стаць не менш яркі палітык, 61-гадовы Пека Хаавіста («Партыя зялёных»).

Як адзначаюць эксперты, традыцыйныя партыі актыўна шукаюць спосабы абнаўлення. У гэтым сэнсе змена гендарнай структуры не проста зразумелая, але і выглядае натуральным эвалюцыйным працэсам. Палітыку больш не хочуць успрымаць як «высокае мастацтва» ні выбаршчыкі, ні самі палітыкі. У краіне, дзе жанчыны традыцыйна адыгрываюць важныя ролі ў палітыцы, той факт, што яны займаюць большасць крэслаў ва ўрадзе, ужо нікога не здзіўляе. «Калі паглядзець на тое, як гэта было, пакуль я расла, то ў той час прэзідэнтам Фінляндыі была Тар'я Халанен, — цытуе ўспаміны Лі Андэрсан The Guardіan. — Яна была прыкладам для тых, хто займаўся палітыкай. Тады ў Фінляндыі дзеці маглі спытаць бацькоў, ці магчыма, каб прэзідэнтам стаў мужчына — таму што яны прывыклі бачыць жанчыну-прэзідэнта».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.