Вы тут

Ці можа электронны доступ замяніць жывыя зносіны?


«З чым параўнаць яе, скажыце? / Заўсёды з любай кніжкай быў, / І быццам аж мільёны жыццяў / Я за адно сваё пражыў», — красамоўныя радкі з верша Петруся Броўкі адгукнуцца ў пакаленнях рупліўцаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, бо кніга — іх нязменная спа­ дарожніца вось ужо 95 гадоў. Мацуючы высокія памк­ ненні, кніга ўзрасціла навуку. А цэнтрам, своеасаблівым сімвалам беларускай навукі па праве стала ЦНБ НАН Беларусі, якая сёлета адзначае 95-гадовы юбілей.


Фрагмент экспазіцыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да 95-гадовага юбілею бібліятэкі

Шлях з 16 лютага 1925 года, калі пачалася гісторыя бібліятэкі, азнаменаваны шматлікімі падзеямі і адкрыццямі. Задавальняючы патрэбы беларускіх вучоных, кніга і бібліятэка не спыняліся ва ўдасканаленні. Адолеўшы выпрабаванні вайной, калі многія калекцыі былі страчаны, падышлі да не менш складаных часоў — інфармацыйна-лічбавага буму.

— Сёння бібліятэка працуе ў  новым інфармацыйным асяроддзі, прымае ўмовы часу і  мяняе паводзіны, аператыўна рэагуе на змены, — адзначыў дырэктар ЦНБ НАН Беларусі доктар гістарычных навук Аляксандр Груша падчас пашыранага пасяджэння вучонага савета. — ЦНБ НАН праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэчнай справы, кнігазнаўства, кніжнай культуры, рыхтуе факсімільныя выданні помнікаў пісьменства. За 2015—2019 гады нашы супрацоўнікі выдалі 67 кніг, апублікавалі 493 навуковыя артыкулы, выступілі з 431 дакладам на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, семінарах і круглых сталах.

— Бібліятэка — аснова для навукі, — перакананы галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі, старшыня савета маладых вучоных, доктар хімічных навук Андрэй Іванец. — Сёння мы ў многім адыходзім ад друкаваных выданняў, звяртаемся да электронных лічбавых носьбітаў, але бібліятэка — гэта не толькі крыніца інфармацыі, гэта цэнтр захавання гісторыі і памяці этапаў развіцця айчыннай і сусветнай навукі. ЦНБ НАН — адзін з самых буйных інфармацыйных цэнтраў нашай краіны: налічвае больш чым 4 млн адзінак захоўвання. Але ў наш час важна, як мы гэтыя фонды можам скарыстаць на практыцы, для адукацыйнага, навуковага патэнцыялу. Цяпер актыўна ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі. ЦНБ НАН задавальняе запыты карыстальнікаў, развіваючы айчынную навуку. Першачарговая задача для бібліятэкі сёння — пераход да новых формаў абслугоўвання чытачоў. Цяпер мала хто прымяняе такую стандартную форму, як паход у кніжніцу,  — часцей электронныя запыты, аднак камп’ютары ніколі не заменяць кнігу, чытанне і пісьмо. Бо работа нашага мозгу нясе кагнітыўную функцыю, якая патрабуе чытання. Калі мы засяродзімся толькі на інфармацыйных тэхналогіях, гэта прывядзе да незваротных адмоўных вынікаў.

Сёння ў свеце велічэзны аб’ём інфармацыі, якая нас паглынае, канстатуе Андрэй Іванец, і кожны лічыць сябе калі не вучоным, то усёведным спецыялістам і з дапамогай мабільнага тэлефона можа знайсці адказы на многія пытанні. Ды мала задумваецца, што гэта можа даць. Таму ў АН вымушаны папулярызаваць даследаванні, распрацоўкі, якія робяць нашы вучоныя. Грамадства мае патрэбу ў новых формах рэпрэзентацыі навукі. У 2016 годзе ЦНБ НАН выступіла ініцыятарам правядзення навуковага рынгу, адмысловы праект — «Вучоны пад ключ». Вялікае значэнне бібліятэка надае падтрымцы студэнтаў, магістрантаў, маладых навуковых кадраў. Штогод разам з Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў ладзяць міжнародную канферэнцыю маладых вучоных «Бібліятэка ў ХХІ ст.».

ЦНБ НАН — вядучы навуковы цэнтр па даследаванні кніжнай культуры. Сярод яе калекцый — збор кніг кірылічнага друку XVI — пач. XX стст., калекцыя рукапісных кніг XVII—XX стст., калекцыя кніг грамадзянскага друку XVIII— XIX стст., заходнееўрапейскія выданні XV—XVIII стст. Асаблівы гонар — больш як 3,5 тысячы экзэмпляраў кніг з бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, каштоўнасць якой атрымала сусветнае прызнанне.

Сведчаннем таму, што бібліятэка — унікальная скарбніца рарытэтаў, — і адмысловая выстаўка «Paradigm shift: кніга як фактар змены навуковых парадыгм у еўрапейскай навуцы», арганізаваная ў Акадэміі навук да 95-годдзя ЦНБ НАН. Сярод прадстаўленых унікатаў — «Скарачэнне каперніканскай астраноміі» Іагана Кеплера 1635 года, «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча 1676 года, прыжыццёвыя выданні Паласа, прыжыццёвае выданне Карла Лінея пра роды раслін 1764 года і іншыя каштоўныя асобнікі.

— Усяго ў экспазіцыі 22 кнігі, — расказвае Філіп Падбярозкін, аўтар ідэі выстаўкі, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. — Прадстаўлены тут у асноўным прыродазнаўчыя навукі: XVII—XVIII стст. — іх час. Гуманітарныя навукі становяцца акадэмічнымі ў канцы XVIII—XIX стст. Таксама да ўвагі наведвальнікаў расійскія выданні Гмеліна, Ляпёхіна, Фаміна, Анічкава, Севяргіна і іншых XVIII ст.

Усе прадстаўленыя асобнікі — арыгіналы. «Вялікае мастацтва артылерыі» ЦНБ НАН дэманструе ўпершыню. Гэтая вельмі вядомая праца Казіміра Семяновіча, выдадзеная ў Нідэрландах, знаходзілася ў калекцыі Ёханэса фон Муральта. «У гэтай кнізе ўпершыню быў сфармуляваны прынцып многаступеньчатай ракеты», — заўважае Віктар Свякла, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. Выданне на французскай мове (але ў ЦНБ ёсць і на англійскай) з чарцяжамі (французская — міжнародная мова навукі таго часу).

У «Каперніканскай астраноміі» Іагана Кеплера (1635 год, прыжыццёвае выданне) фармулюецца трэці закон Кеплера па руху планет. Гэтая кніга ў свой час належала Пскоўскай духоўнай семінарыі. У XVII ст. законы фармулявалі зыходзячы з  філасофскіх меркаванняў. Тады не было машын, каб пралічыць рух сонца і планет. Усё дакладна разлічылі з дапамогай алоўка і  паперы! І адкрылі законы, якімі мы карыстаемся па сёння. Пасля Каперніка ніхто прынцыпова новую сістэму светабудовы не прыдумаў. Яе толькі ўдакладнялі (Эйнштэйн — тэорыя адноснасці).

Цікавае выданне І. К. Лафатэра «Фізіягнамічныя фрагменты» 1775 года. Спецыфіка фізіягномікі — вызначыць характар, мысленне чалавека па яго твары. «Была такая тэорыя, што твар падзялялі на тры часткі: верхняя частка адказвае за розум, вобласць вачэй і носа — эмоцыі, ніжняя частка  — воля», — расказвае Віктар Свякла. «Калі б у Іуды было больш расплюшчана вока, колькі б дабрыні і інтэлекту ён выявіў бы сваім тварам», — перакладае з нямецкай Філіп Падбярозкін. Выдадзена кніга ў Лейпцыгу — тагачасным цэнтры кнігавыдання.

Філіп Падбярозкін прадстаўляе «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча 1676 года.

Вось «Роды раслін» Карла Лінея 1764 года. Гэта сістэматызацыя жывых арганізмаў. У той час была дыскусія, ці патрэбна аддзяляць жывёльны свет ад расліннага. Ліней лічыў, што патрэбна.

Пётр Сімон Палас — нямецкі вучоны, энцыклапедыст, працаваў у Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук, быў спецыялістам па прыродазнаўчых навуках (і геалогія, і мінералогія, і заалогія). У XVIII ст. толькі-толькі распрацоўвалася навуковая тэрміналогія. Выданне «Падарожжа па розных месцах Расійскай дзяржавы» 1786 года на рускай мове ўражвае аб’ёмам — 571 старонка (без уліку дадаткаў з выявамі раслін). Палас падарожнічаў па Расіі і апісваў расліны, у тым ліку з саду яго апекуна Пракопія Дзямідава.

Выданні Радзівілаў, прадстаўленыя ў экспазіцыі, як вядома, адрознівае адмысловы экслібрыс на адвароце вокладкі. А ці ведалі вы, што пячатка Радзівілаў яшчэ дублюецца на 19 старонцы — на выпадак, калі вокладку пашкодзяць (у савецкіх выданнях такое дубліраванне — заўсёды на 17 старонцы), патлумачыў Філіп Падбярозкін.

Выстаўка — як вандроўка па свеце навуковых рарытэтаў. Ды ці можа вытрымаць гэтая вандроўка канкурэнцыю з сёрфінгам у інтэрнэце?

— Кніжны свет ужо амаль зліўся з інтэрнэтам, — гаворыць Філіп Падбярозкін. — Многія з гэтых кніг вы знойдзеце ў Google. Але такія рэчы, як эстэтыка, тактыльнасць, вечныя, іх нічога не заменіць. Гэта тое самае, як размаўляць па скайпе ці ўжывую. І тое і другое добра, але ёсць рэчы, якія заўсёды будуць, пакуль існуе чалавецтва, у тым ліку і кнігі. Мы любім гартаць старонкі, хаця гэта можна зрабіць анлайн. Кніга не страціць актуальнасці і будзе працягваць існаваць. Гэта часцінка вечнасці. Павел Фларэнскі калісьці казаў, што калі са злом не змагаешся, яно прыйдзе само сабой. Гэта адна пазіцыя. Згодна з  ёй, калі мы нічога рабіць не будзем, кніга памрэ. Але ёсць і іншая пазіцыя. Можна параўнаць з  шахматамі. Аматары іграюць у шахматы праз камп’ютар, тым не менш жывыя турніры працягваюцца, і гульцы сустракаюцца за дошкай, бо ім падабаецца дакранацца да фігурак, да дошкі і глядзець адзін аднаму ў вочы. Ёсць псіхалагічны момант. Свет не можа быць чорна-белым, нам хочацца адчуваць палітру (нават пыл).

«Алесь Суша параўноўваў кнігу з жывапісам, — згадвае Віктар Свякла. — Маўляў, першапачаткова жывапіс нёс прыкладную функцыю і не з’яўляўся мастацтвам. І былі думкі, што калі чалавецтва навучыцца пісаць, то жывапіс знікне, тым не менш ён не знік, а змяніў сваю ролю. Таму кніга, з’яўляючыся друкаванай крыніцай інфармацыі, сёння больш важная як твор мастацтва. Таму будзе існаваць заўсёды».

— Чалавецтва ўжо выспела да таго, што кожнаму на талерку можна пакласці неабходную колькасць мінералаў, вітамінаў, але ж мы хочам асобна курачку, асобна — салацік, — гаворыць Філіп Падбярозкін. — Вядома, ежа  — адно з задавальненняў чалавека, як і чытанне. А  яшчэ  — водар кавы, пацалунак… Таксама можна замяніць, але гэта застанецца.

У ЦНБ НАН Беларусі можна дакрануцца да помнікаў пісьменства, патрымаць выданні з аўтографамі. «У бібліятэцы захоўваецца вечнае  — тое, што створана чалавечай думкай, пакаленнямі дзеячаў мастацтва, культуры, навукі, — адзначае акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лакотка. — Фонды ЦНБ НАН Беларусі — гэта святыня. Таму варта ўзняць пытанне аб наданні фондам статусу нацыянальнага навуковага здабытку».

Нягледзячы на тое, што ў гады вайны многа кніг было вывезена, у ЦНБ НАН шмат унікальнай літаратуры, якая не алічбавана, яе няма ў еўрапейскіх бібліятэках. Як, напрыклад, каштоўны асобнік «Нюрнбергскія хронікі» Хартмана Шэдэля 1493 года (інкунабула). І яшчэ  — шмат нераскрытага і прыцягальнага.

Намеснік акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН кандыдат філасофскіх навук Васіль Ляўковіч згадаў, што ў далёкім 1988 годзе ў пятай чытальнай зале ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай: «І праз 32 гады магу сказаць бібліятэцы дзякуй». А можа, і вас лёс чакае ў  кніжніцы? Тады спяшайцеся ў ЦНБ! Па жывыя зносіны!

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Асалода тактыльнай сустрэчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.