Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


...Жыццё як жыццё (можна было б сказаць, калі б не той кляты вірус...) — нешта з'яўляецца ў ім, нешта знікае.

Акурат таксама і ў газеце: раней, як заўважылі чытачы, была рубрыка «Я зноў выбіраю «Звязду», а цяпер лісты ў ёй чамусьці не друкуюцца.

Паверце, зусім не таму, што яны не прыходзяць. Проста ў многім паўтараюцца. Да таго ж хваліць саміх сябе... Ну хіба што зрэдку...


Бібліятэка сталічнай школы № 204. Работнікі ўстановы Ала Філіна і Людміла Бурая за праглядам свежага нумара «Звязды». Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

«Я выпісваю «Звязду» больш за 40 гадоў. Яна ў маім жыцці стала найлепшай сяброўкай, — прызнаецца спадарыня Тэрэса Уладзіславаўна Антух з Пастаў. — Усё, што тут друкуецца, мне цікава. Чытаю і пазнаю шмат новага, карыснага. Аднак любімыя рубрыкі пералічваць не буду. Скажу толькі, што мне проста ў асалоду чытаць па беларуску».

«...Да болю крыўдна, што мы, людзі Беларусі, так абыякава ставімся да роднай мовы, што Купалу, Коласа, Мележа, Караткевіча ды іншых беларускіх пісьменнікаў пачынаем чытаць па-руску, — піша спадарыня Алена Сідарук з Мінска. — Супраць гэтай мовы я нічога не маю, у нас і сапраўды дзве дзяржаўныя... Але ж другая з іх чамусьці даўно стала першай, што, вядома ж, няправільна. Я са шкадаваннем успамінаю часы, калі мы без ніякіх перашкод ездзілі ў блізкія Літву, Украіну, больш далёкія Грузію ды Арменію, на свае вочы бачылі, як беражліва там людзі ставяцца да сваёй культуры, да сваёй мовы... Такую ж павагу і клопат аб будучым краіны я адчуваю з боку «Звязды».

«А газету, — працягвае спадарыня Алена, — чытаю, можна сказаць, ад першых радкоў да апошніх. Асобная падзяка за «Жыццяпіс» і «Розгалас», за «Сямейную...», за «Неасабісты суб'ектыў» Алене Ляўковіч, за «Нефармат» Святлане Яскевіч, за «Простую мову» і «...Народ на провадзе!» Валянціне Доўнар ды за многія іншыя рубрыкі. Апроч таго, са «Звяздой» цікава паварушыць мазгамі, разгадваючы сканворды, і добра было б, каб яны друкаваліся трохі часцей...»

Яшчэ жменька кампліментаў: «Звязду» я чытаю вельмі даўно, — піша спадарыня Яўгенія Барысаўна Кулевіч з вёскі Сялец, што на Смаргоншчыне. — Люблю за актуальнасць тэм, разнапланавасць. Гэтым, як мне здаецца, газета цікавая для ўсіх незалежна ад «чыну», узросту, сямейнага становішча. І эпіграф у газеты харошы: не нейкае там утапічнае «з'яднанне пралетарыяту», а «Родная газета на роднай мове».

«Шмат добрых слоў можна сказаць пра змест «Звязды», — працягвае Яўгенія Барысаўна, — але ж зараз хочацца пра фармат. Некалі ён быў вялікі. Потым я неяк прывыкла да малога. І добра, што ён не павялічыўся нават тады, калі «Звязда» «ўдачарыла» «Чырвонку». (Дзякуй, што не далі ёй знікнуць. Ды і модна цяпер некалькі ў адным.) Але ж калі-нікалі «Звязда» прыходзіць у ранейшым фармаце. І як яе падшываць? У дзве столкі?»

«Гэтае пытанне, — дадае шаноўная чытачка, — хвалюе не толькі мяне...»

А таму праз газету і адказваем, што хай нячастае, але ж вяртанне да старога фармату дыктуецца вытворчай неабходнасцю і жаданнем рэкламадаўцаў, ад якіх (у тым ліку) залежыць фінансавы складнік газеты: асобныя грунтоўныя і вялікія па аб'ёмах матэрыялы (а друкуюцца яны, як правіла, у рамках рэдакцыйных праектаў) патрабуюць такога ж вялікага фармату.

Ёсць «ні то просьба, ні то пажаданне» і ў першым лісце, з якога пачалі гэты невялічкі агляд. «На старонках газеты перасталі з'яўляцца цікавыя выказванні славутых людзей: пісьменнікаў, паэтаў, вучоных, філосафаў, — шкадуе спадарыня Тэрэса Антух. — Я некалі прачытала ў вас шчымлівыя словы Ніны Мацяш: «Намарозіць радня па крыві, адагрэе радня па долі» і дагэтуль не забылася іх. У памяці і словы (не помню, праўда, чые...) «Калі твае мукі становяцца мукамі для іншых, то прыйшла пара паміраць»... А колькі мудрасці ў Амара Хаяма! Дык чаму б не цытаваць і яго, і іншых, чаму б не «ўзбройваць» людзей ведамі?»

Слушная заўвага! Да таго ж — нескладаная ў выкананні: вунь колькі кніг цяпер з мудраслоўямі! Але ж...

Пытанне на засыпку, як той казаў: што — канкрэтна — падабаецца вам, што дапамагае жыць, што падтрымлівае ў цяжкую хвіліну? Падзяліцеся, напішыце! І тады, магчыма, словы, упадабаныя вамі, стануць дарагімі для іншых...

З таго ж канверта і яшчэ адна заўвага: у рубрыцы «Даты. Падзеі. Людзі» перасталі друкавацца гады смерці той ці іншай славутасці. «Я заўсёды падлічвала, колькі пражыў чалавек, перажывала, калі рана сышоў. Напрыклад, акцёру Георгію Тараторкіну ў сёлетнім студзені споўнілася б 75. Па гадах яшчэ жыць бы ды жыць, а яго ўжо няма... Альбо вось цікавы артыкул пра Францішку Уршулю Радзівіл. Такая адукаваная жанчына! Колькі ж гадоў ёй Бог адмераў?»

Для тых, хто мае пад рукой інтэрнэт, ніякіх складанасцяў: нарадзілася 13 лютага 1705-га, памерла — 23 мая 1753-га. Паскупіўся Бог!

Для тых, хто інтэрнэту не мае, ёсць, напэўна, сэнс даваць такую інфармацыю на старонках газеты...

Дарэчы, у некага «стаж» сяброўства з ёй вымяраецца гадамі, у некага — дзесяцігоддзямі, а то і... пакаленнямі — то-бок усё жыццё выпісвалі дзед з бабуляй, потым бацькі, іх дзеці... Пытанне: што ж рабіць, каб «Звязда» не чужой стала ўнукам?

Адказ відавочны: з аднаго боку — працаваць над зместам і афармленнем, з другога — па магчымасці рэкламаваць.

У сродках на гэта «Звязда», на жаль, досыць абмежаваная, а таму надзея ў асноўным на імідж выдання, на падтрымку з боку вертыкалі ўлады, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, творчай інтэлігенцыі, а галоўнае — нашых верных сяброў-чытачоў.

«Стаж» падпіскі на «Звязду» ў мяне досыць вялікі — гадоў з 30 ужо. І недзе каля 15 з іх я не проста чытаю газету, а яшчэ і рэкламую, — піша спадарыня Соф'я Парфір'еўна Кусянкова з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне. — Масавых мерапрыемстваў, вядома ж, не праводжу. Працую, як той казаў, «без шуму і пылу»: пры выпадку, пры адпаведнай размове з сябрамі ці блізкімі людзьмі магу спаслацца на публікацыі, даць нешта пачытаць, прапанаваць пазнаёміцца... Можна яшчэ падарыць падпіску. Гэта нават выгадна — і падарунак «куплены», і грошы амаль не патрачаны, і добрая справа зроблена... Мне пра гэта сяброўка нядаўна сказала. Я неяк зрабіла ёй вось такі падарунак. Дык яе Пятро, як кажа, цяпер жывы не будзе, калі двойчы на тыдзень не паўторыць, што лепшай газеты, чым «Звязда», няма... А неяк яны ўпусцілі час, не паспелі аформіць падпіску. Дык той месяц ён ледзь перажыў. Сын, каб дапамагчы, стаў прыносіць з дому іншую газету. Бацька не ўпадабаў: сказаў, што чытаць там няма чаго».

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

«А калі б кожны падпісчык, — разважае далей чытачка. — знайшоў хай не пяцярых, не трох, а хоць яшчэ аднаго сябра газеце, як бы гэта добра было! Прычым добра і таму чалавеку, і газеце, і краіне! Бо калі хочаш, каб жыла наша мова, мала яе шкадаваць: трэба хоць нешта рабіць».

Што? Ну вядома ж: размаўляць на першай з дзяржаўных, спяваць, пісаць (можна яшчэ і лісты ў «Звязду»), чытаць... У тым ліку — найстарэйшую, адзіную (са штодзённых) беларускамоўную, родную...

Сёння-заўтра яшчэ можна аформіць падпіску, за што загадзя і шчыра: «Дзякуй!»


Бедны Пушкін...

Раней лічылася, што савецкая адукацыя найлепшая ў свеце. І сапраўды, усе школьнікі тады праходзілі — прычым не міма — геаграфію, гісторыю, літаратуру, і многія веды ім былі патрэбныя.

Помню, адзін з маіх сяброў на гісторыка вучыўся, егіпецкіх фараонаў дужа любіў. Бывае, вечарам праводзіць дадому, цемра як па заказе — «егіпецкая», а ён мне пра мумій расказвае. Во дзе страху нацярпелася! Але ж запомніла і цара Хамурапі, і ўсе тамтэйшыя вобласці ды ўзбраенні з калясніцамі, і хто з кім ваяваў...

Цяпер жа, падобна, дзеці суткамі сядзяць у сваіх гаджэтах, а што чэрпаюць адтуль, — аднаму толькі Богу вядома. Мая знаёмая ў школьнай бібліятэцы працуе, услед за сваімі чытачамі розныя «перлы» запісвае. Гэта з яе «скарбонкі»: «Дайце кніжку Пушкіна «Прастаквашына», «Дайце кнігу пра злачынства і пакаранне... Ну, там адзін чувак замачыў другога, а потым вельмі раскайваўся», «Дайце шэрую кніжку з вайной на вокладцы», «Дайце кнігу Купалы «Бандароўка»... Такой няма? Дык іншым жа давалі!» (Патрабаваць, заўважце, дзеці ўмеюць!)

А вось яшчэ жменька перлаў: «Хто напісаў «Му-му»? — Дастаеўскі», «У якім годзе пачалася Першая сусветная вайна? — У 1917-м? У 1939-м?», «Чым вядомы Аляксандр Неўскі? — Бітвай пад Палтавай»...

Пытанне: куды мы ідзём з такімі вось ведамі?

А мо і праўда: навошта цяпер тая літаратура ды паэты-пісьменнікі? Можа, хлопцы сваім дзяўчатам цяпер не вершы чытаюць? Мо пра шрэкаў ды пакемонаў ім размаўляць цікавей?

Соф'я Лістапад, г. Жлобін


Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.