Вы тут

Прэзідэнт: Беларусь не будзе адмяняць мерапрыемствы да 75-годдзя Перамогі


Прэзідэнт наведаў прадпрыемства «Белгіпс» у пасёлку Гатава

Падчас візіту на прадпрыемства «Белгіпс» Прэзідэнт азнаёміўся з вытворчасцю. Яму расказалі пра магчымасці развіцця галіны і прадпрыемства. Асобнай часткай візіту на «Белгіпс» была размова з працоўным калектывам. Прэзідэнт адказаў на пытанні супрацоўнікаў вытворчасці.


Адкрытае акцыянернае таварыства «Белгіпс» — адзіны вытворца лістоў гіпсакардону і пазагрэбневых пліт на тэрыторыі краіны. Новы завод з сучасным абсталяваннем стварае таксама сухія будаўнічыя сумесі і прэміксы.

Бізнес з глыбінь зямлі

Размову па сутнасці Аляксандр Лукашэнка пачаў, ледзь пераступіўшы парог прадпрыемства. І адразу важныя і актуальныя даручэнні — перагледзець заканадаўства ў сферы будаўніцтва, перайсці на сусветныя стандарты, пазбавіцца бар’ераў і перашкод. Гэта спросціць жыццё і забудоўшчыкам, і арэндатарам. Вызначылі і час для зменаў — адразу пасля выбараў. Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна кантраляваць сферу, прынцыпы ўзвядзення, бяспеку пабудоў, але празмернасці тут быць не павінна.

Знаёмства з вытворчасцю Аляксандр Лукашэнка пачаў з асноў, як ён сам часам кажа, «ад зямлі». У гіпсавай дзейнасці гэты выраз успрымаецца літаральна. Шмат мільёнаў гадоў камень, з якога ствараюць гіпс, ляжыць у зямлі, яго дастаюць, перамолваюць, вараць і вырабляюць прадукцыю. Хіміі ў працэсе амаль няма, таму можна сцвярджаць, што гіпс — адзін з самых экалагічных будаўнічых матэрыялаў.

Пасля мадэрнізацыі прадпрыемства працуе загружана — расце выручка, а разам з ёй і заробкі рабочых. Па выніках 2019 года ён склаў 1682 рублі.

У планах прадпрыемства, па словах Юрыя Ганчарова, старшыні савета дырэктараў карпарацыі «Волма» (з’яўляецца адным з уладальнікаў «Белгіпса»), — нарасціць долю імпартазамяшчэння ў рэспубліцы: «У гэтым годзе мы разлічваем, што дададзім каля 30 працэнтаў. Наш саінвестар тут нямецкая фірма „Knauf“ — нумар адзін у свеце па гіпсавых матэрыялах — пачынае тут прадукцыю ствараць на нашым прадпрыемстве пад сваёй гандлёвай маркай. І тое, што раней прывозілі з Расіі ці Латвіі, цяпер будуць ствараць на нашым прадпрыемстве».

Шляхам загрузкі магутнасцей мяркуюць, што па выручцы да 2025 года з 54 мільёнаў прыйдуць да 100 мільёнаў рублёў. Абяцаюць прамыслоўцы цягам часу павялічыць і заробкі аж да 2 тысяч!

Фішка і навінка прадпрыемства — пазагрэбневая пліта для хутка ўзводзімых маналітных канструкцый, якая выкарыстоўваецца для ўнутраных перагародак. Яна лягчэйшая за жалезабетонныя і не патрабуе тынкавання.

Асабліва звярнуў увагу Прэзідэнт на тэхналогіі тынкавання. Убачыўшы, ацаніўшы і ўласна паспрабаваўшы магчымасці машынкі па нанясенні тынку, ён даручыў наладзіць і ў нашай краіне стварэнне такіх аўтаматычных механізмаў. Яны значна спрашчаюць і палягчаюць працэс нанясення сумесі на паверхні.

«Дзякуй за навуку. Я першы раз бачу, — здзівіўся лідар краіны. — Я не бачу тут такога, што трэба па імпарце закупляць. Значыць, у гэтым годзе трэба зрабіць (агрэгат — „Зв.“) і палегчыць працу нашых тынкоўшчыкаў і муляраў».

На прадпрыемстве Аляксандру Лукашэнку расказалі, што ТАА «Белгіпс» арандуе кардонную фабрыку ў Пухавічах для перапрацоўкі тэтрапака. «Мы плануем з 1 красавіка ўзяць яе ў арэнду і на гэтых магутнасцях усталёўваем абсталяванне пад перапрацоўку тэтрапакаў», — сказаў старшыня савета дырэктараў карпарацыі «Волма».

У «Белгіпса» ў цэнтры сталіцы па вуліцы Казлова засталася пляцоўка ад старога прадпрыемства. Там вытворцы жадаюць пабудаваць з айчыннымі забудоўшчыкамі шматфункцыянальны жыллёвы комплекс.

«Падумаем. Жадаючых жыллё будаваць у нас хоць гаць гаці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў пра сваё даручэнне: даваць пляцоўкі толькі тым, у каго ёсць свая магутная база для будаўніцтва.

«Нам не трэба будаваць у Мінску столькі жылля. Бо мы паўторым сумны вопыт Масквы, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Масква захліпаецца. Я там больш за паўтара сутак, двое быць не магу. Я баюся, каб Мінск не ператварыўся ў Маскву, Нью-Ёрк, Лондан, гэтыя велізарныя кангламераты. Ці гэта жыццё?»

Прэзідэнт пазначыў, калі кіраўніцтвам прадпрыемства рухаюць не меркантыльныя намеры «набіць кішэні за кошт людзей», па будаўніцтве можна будзе дамовіцца.

«Калі мы на гэтых умовах з табой дамовімся, мы разгледзім твае прапановы. Што тычыцца прамысловасці і іншага. Лічы, што мы дамовіліся. Я буду цябе заўсёды падтрымліваць, таму што з 2014 года ты не разу мяне не падвёў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Далажылі яму пра праект па ўсталяванні кантэйнераў для макулатуры. Гараджане пакідаюць там, між іншым, і старую літаратуру. Сабралі з 700 кантэйнераў амаль 80 тысяч кніг, раздалі па ўстановах 60 тысяч з іх. Сярод «непатрэбных» кніг знойдзены ўнікальныя рэдкія выданні, падручнікі, энцыклапедыі. Як заўважыў Прэзідэнт, ён сам па іх вучыўся: «Не ўсё новае лепшае за гэта».

Прэзідэнт абурыўся: навошта выкідваць энцыклапедыі? Напрыклад, «Савецкі энцыклапедычны слоўнік» — у яго самога захавалася такая кніга. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як стаяў у чарзе, каб яе купіць.

Як далажыў віцэ-прэм’ер Уладзімір Кухараў, па ўсіх асноўных будаўнічых матэрыялах (цэмент, друз, плітка) назіраецца рост экспарту тавараў. Крыху пайшлі ўніз па цэменце. Гэта звязана з неабходнасцю закрыцця ўласнага рынку — стварэннем тавараў з высокім дадатковым коштам.

Сёння ў краіне функцыянуе больш за 1100 прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці і памераў, якія займаюцца стварэннем будаўнічых матэрыялаў. Існуюць праблемы з домабудаўнічымі камбінатамі. Падчас мадэрнізацыі імі былі ўзяты крэдыты, якія не змаглі аддаць. Сёння палова заводаў аддае даўгі і таму не можа значна разгарнуцца. Урад рыхтуе прапановы па мерах развіцця гэтых заводаў. Мяркуюць, што ў хуткім часе можна выйсці на 100-працэнтную іх загрузку, а ўжо ў гэтым годзе яны будуць працаваць на 83 працэнты ад магутнасцяў. Па суадносінах цана-якасць ДСК прапануе самае выдатнае жыллё.

«Зразумела, там, дзе прыватныя прадпрыемствы, у вас работы менш, таму што яны самі варушацца. А дзяржаўныя прадпрыемствы рэспубліканскай, камунальнай формы ўласнасці — гэта вашыя прадпрыемствы, і вы павінны працаваць з імі. А экспарт — гэта справа віцэ-прэм’ера», — нагадаў Прэзідэнт прадстаўнікам урада.

«Сёння практычна спынена эканоміка свету»

«Усе жывыя, здаровыя, твары светлыя, рукі памылі, ды што вам тут іх мыць, у вас тут гіпс, усё чыстае, — распачаў размову з працоўным калектывам завода «Белгіпс» кіраўнік дзяржавы. — З гэтага ўсе навіны распачынаюцца, гэтым і заканчваюцца. Таму не дзіўна, што і Прэзідэнт можа захварэць на гэты псіха-неўралагічны гіпноз».

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што прыехаў на прадпрыемства, каб паглядзець на тое, пра што дамаўляліся ў 2014 годзе.

«Малайцы, зрабілі добрае прадпрыемства, самае галоўнае, што прадукцыя, якую вы вырабляеце, карыстаецца попытам на рынку. Добра, што вы новае прыўносіце ў нашу будаўнічую галіну. Добра, што на ўнутраным рынку вы працуеце актыўна і пры канкурэнцыі замяшчаеце імпарт, які мы за валюту купляем. Пра гэта мы казалі і пяць гадоў таму, калі планавалі будаўніцтва гэтага прадпрыемства. Таму хацелася б паглядзець, як вы тут працуеце. І ўвогуле, добра, што працуеце».

Гэта тая праблема, на якую, як выказаўся Прэзідэнт, праз два месяцы «захварэе» ўвесь свет. 

«Што маю на ўвазе: гэтым псіхозам (ад каранавіруса  «Зв.») сёння практычна спынена эканоміка свету. Нават Расійская Федэрацыя, якая падобная да нас па ўмовах, — і тая таксама пачала згортваць вытворчасць. Вы бачыце, што адбываецца ў эканоміцы, — патлумачыў Прэзідэнт. — Злучаныя Штаты Амерыкі (я гэта крытычна ўспрыняў і цяпер ўжо магу пра гэта сказаць), калі Трамп аб’явіў надзвычайнае становішча, я гэта вызначыў як надзвычайную недальнабачнасць і глупства, скажу шчыра, з боку кіраўніцтва ЗША. Але Трамп, як чалавек, які некалі займаўся бізнесам, хутка зарыентаваўся. Апошняя яго заява мне вельмі спадабалася. Ён сказаў так: калі мы неадкладна не вернемся на прадпрыемствы і не пачнем працаваць, то праз беспрацоўе, праз тое, што мы не пачнем працаваць, памрэ больш амерыканцаў, чым ад каранавіруса».


«Займаемся ціха і без пылу»

Кіраўніцтва Беларусі займаецца проціэпідэміялагічнымі мерапрыемствамі, але робіць гэта ціха і без пылу, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

«Каранавірус скончыцца. Псіхоз гэты скончыцца праз месяц-два. А эканоміка абвалілася ў свеце. Прадпрыемствы не працуюць. Гэта і на нас паўплывала», — дадаў беларускі лідар.

Адкуль ўзяцца грошам, калі спыняцца прадпрыемствы? Калі запускаць друкарскі станок, то ці гатовы людзі да таго, што праз гэта падымуцца цэны ў крамах, спытаў субяседнікаў Прэзідэнт.

«Нам хапае не толькі завезенага каранавірусу, але і эканамічных праблем, — сказаў ён. — Нам іх падкінуць звонку, дык навошта дадаваць ўнутры краіны? Таму я не зачыняў ніводнае прадпрыемства. Наадварот: калі ўласнік, не дай бог, прыняў бы гэта рашэнне, мы б з ім пачалі спакойна спачатку разбірацца. Чаму закрыта прадпрыемства? І як людзей карміць? А з кіраўніцтвам дзяржаўнага прадпрыемства ўвогуле размова кароткая. Трэба працаваць».

У Беларусі сёлета назіраецца змяншэнне колькасці лятальных выпадкаў у выніку хвароб у цэлым, і ў выніку пнеўманіі — у прыватнасці, паўтарыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу аўдыторыі на тое, што зараз ў свеце вельмі многія, палітыкі і не толькі, спрабуюць сітуацыю з пандэміяй выкарыстаць у сваіх інтарэсах.

«Падумайце: каму трэба і як хто скарыстаўся? Нехта аб’явіў, што гэта вайна — трэба жоўтыя камізэлькі прыбраць з вуліц, у некага выбары, у некага яшчэ нешта, кожны пачынае круціць. З агнём жартуюць. Але мы на гэту тэму пагаворым потым, — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка. — З’явілася шмат жадаючых хайпануць на гэтай тэме ў Інтэрнэце».

Падчас разважанняў пра неабходнасць закрыцця прадпрыемстваў важна памятаць, што ніхто Беларусі нічога задарма не дасць. У Расіі аб’яўлены тыдзень выходных, але там вялікія залатавалютныя рэзервы і дастатковы Фонд нацыянальнага дабрабыту.

«І потым, ну хто там на выхадных? Нафта і газ пампуюцца. А назад ідзе валюта. У нас гэта ёсць? — спытаў беларускі лідар і адказаў: — У нас гэтага няма».

Тым больш, што ўсе сябры і саюзнікі зараз закрыліся адзін ад аднаго.

«Выжываць трэба, нібы ты адзін ў свеце, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — разлічваць трэба на сябе, калі жадаеш быць суверэнным і незалежным. Мы адназначна выжывем».

Яшчэ адзін пасыл кіраўніка дзяржавы — жыццё змяняць не трэба.

«Лічу, што ў вострыя перыяды, калі няма неабходнасці, нельга жыццё людзей змяняць. Можа, вы ўжо перахварэлі на гэты каранавірус. Калі 60 працэнтаў насельніцтва перахварэе, вірус сам знікне. Я жыву тым жа жыццём,

што і жыў. Калі жыццё змяніць, упэўнены, што будзе горш», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму жывіце і працуйце спакойна, не напружвайцеся. І не думайце, што вы працуеце, а мы сядзім і не бачым, што адбываецца, — папрасіў Прэзідэнт. — Калі мы ўвядзем каменданцкую гадзіну — будзе дрэнна.Мы з голаду не памром, гэта дакладна. А вось у прамысловасці ні ў якім выпадку нельга згортваць работу».

Спыненне эканомікі ў іншых краінах адаб’ецца і на нас, бо ў нас не ў стане будуць купіць нашу прадукцыю, папярэдзіў Прэзідэнт.

Пасля гэтых слоў ён зноў папрасіў усіх больш адказна паставіцца да абароны старых людзей, асабліва падчас школьных канікул.


Без закрыцця межаў Беларусь кантралюе сітуацыю з каранавірусам

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу работнікаў завода, што менавіта з гэтай прычыны ён не закрываў ніводнае прадпрыемства. 

«Хоць дарадцаў было мора: зачыніць межы, зачыніць прадпрыемствы, усіх пасадзіць на каранцін... Тады мною было прынятае жорсткае рашэнне — рабіць будзем толькі тады, калі трэба», — распавёў ён. 

Прэзідэнт зноў паўтарыў сваю пазіцыю: рабіць каранцін  з-за віруса не разумна, бо кожную вясну колькасць вірусных захворванняў павялічваецца, а сёлета толькі дадалося новае. 

Тое, што сітуацыя не з’яўляецца надзвычайнай, дэманструе статыстыка: абсалютная большасць з усіх, хто зараз знаходзіцца ў стацыянарах з прычыны каранавіруса, альбо здаровыя, альбо не маюць сімптомаў хваробы. Толькі некалькі чалавек захварэлі сур’ёзна, пераважна гэта людзі сталага веку, якія маюць іншыя хваробы. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе пацверджаныя выпадкі заражэння ў Беларусі — завезеныя з-за мяжы. Пры гэтым усе, хто прыбывае ў краіну, узятыя пад кантроль. 

«Калі выяўляем вірус у чалавека, мы адразу з дапамогай міліцыі, КДБ, відэакамер высвятляем, з кім ён кантактаваў, — праінфармаваў кіраўнік дзяржавы. — Так мы вызначылі 340 кантактаў чалавека, які прыбыў з Італіі і маўчаў, пакуль яму дрэнна не стала. Уся сістэма аховы здароўя, праваахоўныя органы, усе спецслужбы займаюцца сваёй справай і забяспечваюць бяспеку нашага народу».

Адказам на тое, што вірус у Беларусі завезены, сталі мерапрыемствы на мяжы, пры гэтым без закрыцця апошніх. Былі вызначаны тры «зялёныя калідоры» для транзітнага грузапатоку. 

«Майце на ўвазе, яны ж не проста едуць. Мы грошы ад гэтага маем, няхай невялікія, але маем. Эканоміка працуе, — сказаў беларускі лідар. — І па гэтых калідорах перамяшчаюцца туды і назад вялікагрузы. Мы вызначылі, дзе ім паесці можна, дзе можна заправіцца. Мы за два тыдні не атрымалі ніводнай праблемы ад кіроўцаў гэтых вялікагрузаў».

Такім чынам, без закрыцця межаў Беларусь, па словах яе кіраўніка, кантралюе сітуацыю на ўездзе і на выездзе. 

«Мы рэагуем па сітуацыі, — патлумачыў лідар. — Калі ёсць нейкі факт, мы неадкладна ў гэтым кірунку працуем».

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што вельмі ўважліва зараз сочыць за падзеямі ў свеце, асабліва за Італіяй, дзе была вялізная ўспышка.


«Ад Расіі не закрыешся. І мы не будзем закрывацца»

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў плане каранавірусу яго больш за іншыя краіны хвалюе сітуацыя ў Расіі.

«Ад Расіі не закрыешся. І мы не будзем закрывацца. Яны паспрабавалі... Як ездзілі, так і ездзяць, — заўважыў Прэзідэнт. — І людзям ты не забароніш. Нават з блокам НАТА, на польскай мяжы, як за мінулыя суткі мне далажылі, 130 чалавек туды-сюды хадзілі — па „карце паляка“, гандляры кожны дзень перамяшчаюцца...».

Павінен быць парадак, але трэба разумець, што немагчыма ў глабальным свеце закрыцца, дадаў кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца выкарыстання магчымасцяў падчас крызісу, на бядзе зарабляць не трэба, але нашы магчымасці ў тым, што мы не спыняем вытворчасць, і калі іншыя дзяржавы будуць аднаўляцца, мы зможам працаваць як працавалі. У гэтым наш плюс.


Уся вертыкаль улады арыентаваная на дапамогу старым

Прэзідэнт лічыць шкоднымі такія меры, як аб’яўленне дадатковых канікул і выхадных дзён. Што тычыцца дзяцей на канікулах, то іх трэба займаць, іх трэба даглядаць. Але самае небяспечнае, што дзеці, якія самі лёгка пераносяць вірус і аказаліся свабоднымі ад заняткаў у школе, могуць заразіць сваіх сталых сваякоў. 

У гэты перыяд, калі хаджэнне інфекцыі ў грамадстве актыўнае (размова не толькі пра каранавірус), людзям старэйшым за 75 гадоў варта пасядзець дома і мець менш зносін з больш маладым пакаленнем, паўтарыў Прэзідэнт.

«Мы, вядома, мабілізавалі ўсіх, каб адзінокім старым маглі прывезці лекі, прадукты харчавання. БРСМ адгукнуўся першы, і прафсаюзы кантралююць гэта пытанне, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Дадзена каманда ўсёй вертыкалі ўлады: ад урада да старшыні выканкама і сельсавета. Калі пажылому чалавеку нешта трэба, ён не павінен шукаць нейкі асаблівы тэлефон. Павінен пазваніць у сельскі Савет, у райвыканкам, адміністрацыю горада, папрасіць дапамогу і сказаць адрас».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для такой работы не патрэбна ствараць адмысловыя штабы. 

«Выканкам або сельскі Савет — гэта і ёсць штаб. Яны павінны ў гэты час аказаць падтрымку людзям», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

У гэтай сітуацыі медыцынскія ўстановы часткова пераарыентаваныя, а інфармаванне насельніцтва арганізавана Адміністрацыяй Прэзідэнта. І тут таксама не павінна быць залішніх мер і падмены паўнамоцтваў, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. 

«Я ўжо 10 дзён кантралюю работу Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў і катэгарычна забараніў мікрабіёлагам, эпідэміёлагам, урачам прымаць рашэнні па закрыцці прадпрыемстваў. Іх справа — лячыць людзей, у любой сітуацыі, якая ўзнікне, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Забараняць і зачыняць, па Канстытуцыі, у нашай краіне мае права толькі Прэзідэнт. Прыходзьце, даказвайце, што трэба нешта зачыніць — зачынім. Урач павінен лячыць, журналіст — інфармаваць. Кожны павінен займацца сваёй справай».

Дарога ў Гатава будзе пашырана

Асноўная праблема, якая хвалюе ўсіх жыхароў аграгарадка Гатава, — дарога. Яна вузкая. Там часта адбываюцца заторы і аварыі. Супрацоўнікі прадпрыемства папрасілі Прэзідэнта паўдзельнічаць у вырашэнні гэтай праблемы. 

Ён, праехаўшыся па дарозе, ужо прыкінуў, што ёсць магчымасць пашырыць шлях, нават не вырубаючы насаджаныя абапал дрэвы.

«Давайце разам (вырашаць — «Зв.»), я паўдзельнічаю, — усміхнуўся Прэзідэнт. — Усіх збяром і падумаем, як зрабіць. Губернатар даложыць. Трэба пашырыць дарогу, ісці трэба паступова». 

Паўдзельнічаць неабходна і рабочым прадпрыемства, мясцовым жыхарам, якія ў першую чаргу зацікаўлены ў гэтым, лічыць Лукашэнка. 

Прапануе Прэзідэнт зрабіць дарогу з бетону — вельмі даўгавечную. «Бетонка» сябе зарэкамендавала і на другой кальцавой. 

На думку кіраўніка дзяржавы, калі арганізаваць працэс хутка, можна зрабіць новую дарогу да лета.


Святы на 9 Мая не адмяняюцца

Прэзідэнт паабяцаў, што незалежна ад абставін свята Перамогі ў негатыўнай «хварэючай» інфармацыйнай плыні не згубіцца.

«Мяне часта пытаюць, а вы прыедзеце на парад? Калі з Беларусі ніхто не прыедзе на парад у Маскву, то хто тады ўжо туды паедзе? — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але ў мяне адна праблема. У нас жа дакладна тыя ж мерапрыемствы, у той жа час».

Адміністрацыя Прэзідэнта сёння разважае, як зрабіць так, каб Аляксандр Лукашэнка змог наведаць парад у Маскве і прыняць удзел у святкаванні ў беларускай сталіцы.

Нягледзячы на сённяшнія падзеі і сітуацыі ў суседніх краінах, Беларусь, паводле слоў Прэзідэнта, ніякія святочныя мерапрыемствы да Дня Перамогі адмяняць не будзе.

Ён нагадаў таксама аб неабходнасці добраўпарадкаваць да падзеі мемарыялы.

«Вы павінны зрабіць гэта і на самым высокім узроўні правесці гэтае мерапрыемства. Каб нашы дзеці і ўвесь свет бачыў, што мы памятаем гэта, таму што Беларусь — гэта жывы помнік той страшнай вайне. Больш чым Беларусь, ні адна краіна не пакутавала», — дадаў кіраўнік краіны.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.