Вы тут

У МУС расказалі, як злачынцы зарабляюць на пандэміі каранавіруса


Ва ўпраўленні па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС папярэдзілі, што ў Беларусі пачынаюць актывізавацца аферысты, якія выкарыстоўваюць у сваіх схемах інфармацыю аб каранавірусе. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга ЧАМАДАНАВА.


Аб першым  выпадку падману аператыўнікі даведаліся ад жыхара Міншчыны: невядомыя прасілі яго перавесці грошы ў фонд дапамогі беларусам, якія з-за каранавірусу нібыта не могуць вярнуцца на радзіму. Мужчына не паверыў тэлефоннаму абаненту і звярнуўся ў міліцыю.

- Пакуль для Беларусі такія просьбы – хутчэй, выключэнне, чым правіла. А вось у суседніх дзяржавах ашуканцы ўжо не першы дзень выкарыстоўваюць эпідэміялагічную абстаноўку для здзяйснення кіберзлачынстваў. У сувязі з гэтым мы звяртаем увагу на некалькі злачынных схем, якія могуць быць апрабаваны ў нашай краіне, - расказаў намеснік начальніка ўпраўлення “К” МУС Кірыл Вяткін.

Часцей за ўсё аферысты выкарыстоўваюць тэлефонныя званкі. Прадстаўляюцца супрацоўнікам дзяржорганаў, спасылаюцца на выдуманы дакумент, які прадугледжвае разавыя выплаты насельніцтву для процідзеяння каранавірусу (набыццё масак, тэстаў і г.д.). Для залічэння дапамогі ў ахвяры просяць паведаміць нумар банкаўскай карты, пасля чаго выкрадаюць з яе грошы. Таму нікому і ніколі нельга паведамляць персанальныя дадзеныя банкаўскай карты.

Яшчэ адна пастка - стварэнне фальшывых сайтаў па продажы тэстаў на распазнаванне каранавіруса. Спасылку на фальшыўку адпраўляюць патэнцыяльнай ахвяры на электронную пошту. Ашуканцы прапаноўваюць аплаціць паслугу і абяцаюць, што пасля гэтага кур'ер даставіць тавар. З дапамогай банкаўскай карты кліент аплачвае куплю, аднак насамрэч у яго папросту спісваюцца грошы. Да таго ж зламыснікі завалодваюць персанальнымі дадзенымі карт-рахунку, што ў далейшым таксама пагражае крадзяжом грошай.

Акрамя таго, вядзецца рассылка на электронныя скрыні лістоў быццам бы ад  Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У пасланні змяшчаецца “спасылка” на статыстычныя звесткі па сітуацыі з каранавірусам у Беларусі і рэкамендацыі па супрацьдзеянні інфекцыі. Пры націску на яе актывізуецца шкоднасная праграма, якая блакуе функцыянал камп’ютара і патрабуе пераводу грошай на рахунак злачынцы.

Ва ўпраўленні "К" МУС таксама папярэджваюць, што не варта верыць  фальшывым навінам і ілюстрацыям, што тычацца акутальнай тэмы. Іх мэта – распаўсюджванне панікі сярод насельніцтва. Адзін з апошніх прыкладаў - фейк у інтэрнэт-прасторы Беларусі. Невядомыя апублікавалі фатаграфію, апрацаваную ў фоташопе, з машынай хуткай дапамогі і лекарамі, ад якіх нібыта ўцякае пацыент. Крыху пазней наведвальнікі знайшлі арыгінальны здымак і абверглі інфармацыю.

Сяргей РАСОЛЬКА

Прэв'ю: depo.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.