Вы тут

Работа з водарам кавы. У дзевятнаццаць гадоў Ігнат Мяхедка — ўжо ўладальнік адной са сталічных кавярняў


У дзевятнаццаць гадоў Ігнат МЯХЕДКА — ужо ўладальнік адной са сталічных кавярняў. Ён не толькі кіруе бізнесам, але і сам праводзіць будні за барнай стойкай. А пачалося ўсё з таго, што ў чатырнаццаць хлопец вырашыў стаць больш самастойным і зарабляць уласныя грошы. Для ажыццяўлення свайго плана пайшоў падпрацоўваць у велакраму. Калі суразмоўніку споўнілася шаснаццаць гадоў, ён зразумеў: больш за ўсё яму даспадобы індустрыя кавы. Таму пачаў атрымліваць вопыт у гэтай сферы ў шматлікіх кава-пойнтах горада (міні-кавярнях, якія маюць фармат «кавы з сабой»).


— Каб прайсці прафесійнае навучанне, былі патрэбны вялікія грошы, якіх я тады не меў. А работа барыста ў сталічных кававых пунктах давала магчымасць «набіць руку», даведацца пра яе асаблівасці. Акрамя таго, я знаходзіў час для навучання ў Specіalty coffee assocіatіon (прафесійная арганізацыя, якая збірае перадавы вопыт і аб'ядноўвае вядучых спецыялістаў. — «Аўт.»). Сёлета мне пашчасціла стаць сертыфікаваным трэнерам гэтай міжнароднай асацыяцыі кавы, — расказвае хлопец.

Калі Ігнату споўнілася васямнаццаць, ён задумаўся над тым, каб адкрыць сваю першую кавярню.

— Гэта аказалася для мяне і маёй каманды цяжкім выпрабаваннем, мы нарабілі шмат памылак. Не «пацягнулі» арэнду памяшкання, і давялося закрыць установу ўжо праз некалькі месяцаў. Але паабяцалі сабе не спыняцца. Паўгода прадумвалі новую канцэпцыю праекта, столькі ж пайшло на яго рэалізацыю. Для мяне было важна зрабіць кавярню, адметную ва ўсім: з якаснымі напоямі, прафесійнай камандай, стыльным інтэр'ерам, — працягвае суразмоўнік.

Хлопец лічыць, што ні адзін праект не можа добра функцыянаваць без згуртаванага калектыву. Дарэчы, свой ён стварыў са знаёмых:

— Чатыры супрацоўнікі, якія працуюць за барнай стойкай, прыблізна аднаго ўзросту. Мы, маладыя і захопленыя, лічым адно аднаго сябрамі. У развіцці дапамагае шмат іншых спецыялістаў — фатографаў, перакладчыкаў, маркетолагаў. Наша агульная мэта — зрабіць так, каб наведвальнікі былі задаволеныя.

Суразмоўнік прызнаецца: яму падабаецца прыходзіць у кавярню за паўгадзіны да адкрыцця а палове восьмай і сыходзіць з апошнім кліентам у 23 гадзіны.

— На жаль, цяпер у мяне няма столькі часу працаваць за барнай стойкай, колькі было раней. Я ўласнік, таму павінен вырашаць шматлікія пытанні. Але мяне вельмі цягне да таго, каб радаваць гасцей добрай кавай, размаўляць з імі пра гэты напой, адкрываць для іх штосьці новае. Вы можаце знайсці мяне на рабочым месцы і ў выхадныя, і ў святочныя дні. Бывае, прымушаю сябе адключыцца ад усяго дзелавога, але ў такія моманты не атрымліваю задавальнення. Можна сказаць, што я працаголік. Адзінае, што мяне цягне дадому, — гатаванне. Люблю прысвячаць гэтаму захапленню хоць нейкі час.

— Што параіш маладым хлопцам і дзяўчатам, якія хочуць адкрыць сваю справу? — пытаюся ў Ігната.

— Можа, скажу банальную рэч, але не марнуйце час, седзячы на канапе за праглядам серыялаў або за камп'ютарнымі гульнямі. Памятайце, што не кожны можа стаць кіберспартсменам! (усміхаецца). Трэба шукаць тую сферу дзейнасці, якая цікавая менавіта вам, і паглыбляцца ў яе з галавой. Не звяртайце ўвагу на меркаванне іншых, на стомленасць — пераступайце праз усё, ганіце прэч негатыўныя думкі. Спрабуйце сілы ў розных кірунках, памыляйцеся, але набірайцеся карыснага вопыту.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.