Вы тут

Небяспечная «дэзынфекцыя». Алкаголь не ўратуе ад каранавіруса, але дадасць праблем


Мая знаёмая трапіла ў бальніцу з пнеўманіяй і ўсур'ёз задумалася аб тым, каб... дыхаць гарэлкай праз марлевую павязку — дзеля вылечвання. Яна была ўпэўненая, што гэта дапаможа, маўляў, сябру такі метад дапамог. Хутчэй за ўсё сябар такім чынам проста знімаў унутраную трывогу: ён раптам «сцяміў», што ў яго каранавірус, знайшоў у інтэрнэце «італьянскага» доктара, які прапанаваў такое лячэнне, надыхаўся выпарэннямі гарэлкі і адчуў сябе значна лепш. Да лекараў мужчына не звяртаўся.


Па сеціве «гуляе» мноства ролікаў і анекдотаў пра тое, як лячыцца ад віруса алкаголем. Там клапатлівыя жонкі самі наліваюць сваім мужчынам гарэлку для дэзынфекцыі. Гэта было б смешна, калі б не было так сумна і нават небяспечна. Яшчэ ў лютым Сусветная арганізацыя аховы здароўя заявіла, што алкаголь ніяк не дапаможа знізіць рызыку заражэння каранавіруснай інфекцыяй. Больш за тое, злоўжыванне спіртнымі напоямі, хутчэй за ўсё, прывядзе да алкагольнага атручвання. Афіцыйны прадстаўнік СААЗ Тарык Язарэвіч адзначыў, што самы эфектыўны спосаб абароны ад каранавіруса — гэта выкананне элементарных правіл гігіены. Але людзі чамусьці не жадаюць чуць прызнаных экспертаў. У нашай краіне па-ранейшаму многія лечацца і здымаюць стрэс з дапамогай спіртнога.

— Зваротаў па тэрапеўтычную і наркалагічную дапамогу стала больш, — расказвае кандыдат медыцынскіх навук, нарколаг, псіхатэрапеўт медыцынскага цэнтра «Парацэльс» Кірыл ЖАРАНКОЎ. — У сувязі з пандэміяй адны сышлі ў самаізаляцыю, другія сядзяць на каранціне, у некаторых скарацілася колькасць рабочых дзён. Праз гэта ў людзей з'явілася больш свабоднага часу, і яны спрабуюць сябе чымсьці заняць. Многія адчуваюць хваляванне, бо са СМІ і сацсетак атрымліваюць трывожную інфармацыю, і яе так шмат, што людзі губляюцца і не ведаюць, каму верыць. Яны знаходзяцца ва ўмовах нявызначанасці, а каб зняць напружанне, у нашых традыцыях прынята ўжываць алкаголь.

Спецыяліст лічыць, што моцныя напоі не зніжаюць рызыку заражэння інфекцыяй. Затое, калі часцей расслабляцца і падымаць сабе настрой пры дапамозе спіртнога, можна проста павялічыць рызыку алкагольнай залежнасці і запою. Дарэчы, сысці ў запой ад працяглага ўжывання алкаголю дома ў самаізаляцыі вельмі лёгка. Людзі ў такіх умовах больш камунікуюць паміж сабой або анлайн, пад размову выпіваюць, і калі залежнасць ужо была, то і запой будзе.

Калі ёсць адчуванне, што занадта часта «пацягваеце» віно, ёсць некалькі спосабаў сябе стрымаць. Самы надзейны — звярнуцца да псіхолага хоць анлайн, хоць па тэлефоне ці асабіста, бо ў нашай краіне няма жорсткага каранціну, таму гэта магчыма.

Ёсць і метады самадапамогі ў такіх выпадках. Хочацца выпіць — паешце: страўнік з цяжкасцю ўспрымае алкаголь, калі чалавек ужо сыты. Пасля насычэння жаданне выпіць зніжаецца. Яшчэ, калі вы адчулі жаданне выпіць, трэба паспрабаваць адкласці час ужывання алкаголю, напрыклад, на заўтра.

Калі ўсё ж не атрымліваецца сабе дапамагчы, трэба прымаць рашэнне звяртацца да спецыялістаў. Справа ў тым, што чалавек, ў якога сфарміравалася залежнасць, можа сысці ў запой, з якога без прафесійнай дапамогі медыкаў высці без шкоды для здароўя проста не атрымаецца.

— Шкоду арганізму прыносяць прадукты распаду алкаголю, — тлумачыць спецыяліст. — Калі пасля ўжывання спіртнога хочацца пахмяліцца, то гэта ўжо запой. Пасля яго непазбежны стан адмены алкаголю, які бывае ўскладнёны або неўскладнёны, — у народзе яго называюць «адхадняк». Ён адрозніваецца ад звычайнага пахмелля і патрабуе медыцынскага ўмяшання. Чалавека, у якога не сфарміравалася залежнасць, будзе ванітаваць ад адной думкі пра ўжыванне алкаголю падчас пахмелля, а чалавек са сфарміраванай залежнасцю будзе хацець выпіць яшчэ, бо ведае, што яму стане лягчэй. Але гэта падман. Лягчэй стане на пару гадзін, але калі гэты час пройдзе, будзе яшчэ горш.

Чалавек у запоі ўжо не можа выконваць свае звычайныя штодзённыя абавязкі, з'яўляюцца праблемы на рабоце і ў сям'і. Адбываецца нібыта выключэнне з жыцця — пакуль не скончыцца алкаголь або грошы. І тады арганізм заявіць пра сябе хранічным атручваннем, якое суправаджаецца паражэннем унутраных органаў і нервовай сістэмы. З дапамогай медыкаў з запою, як правіла, выходзяць за некалькі гадзін, часам можа спатрэбіцца некалькі сутак — усё залежыць ад цяжкасці стану. Сам жа чалавек з запою не выйдзе, бо для гэтага неабходны рэцэптурныя медыкаменты. Пасля выхаду трэба звярнуцца да спецыялістаў, якія дапамогуць справіцца з ужо сфарміраванай залежнасцю.

Сёння ў краіне існуе шмат арганізацый, якія дапамагаюць залежным людзям. Напрыклад, таварыства ананімных алкаголікаў Беларусі падчас пандэміі не спыняе сваю работу. У гэтай арганізацыі больш за 90 груп па ўсёй краіне.

Звярнуцца па дапамогу можна ананімна па тэлефоне. Галоўная ўмова — жаданне кінуць піць.

— Цяпер падчас пандэміі многія сышлі ў самаізаляцыю, і нашы сустрэчы часта праходзяць анлайн, — кажа Алена, удзельніца групы ананімных алкаголікаў. — Калі ёсць жаданне, мы прапануем чалавеку прыйсці на сход, але можна пагаварыць і па телефоне. Мы працуем па праграме 12 крокаў пераадолення залежнасці. Тыя, хто прайшоў свае 12 крокаў, дзеляцца досведам з іншымі. Так мы дапамагаем адно аднаму.

Алена лічыць, што сітуацыя з каранавірусам, калі людзі прымаюць рашэнне самаізалявацца, дапамагае ім убачыць, ці ёсць у іх праблемы з алкаголем. Жанчына кажа: самае цяжкае — прызнацца самому сабе ў тым, што праблема з алкаголем узнікла. Але яна ўпэўнена, што залежнасць — не прысуд і з ёй можна жыць, калі выконваць пэўныя правілы.

Канешне, лягчэй па-ранейшаму працягваць жартаваць і ўжываць алкаголь для «дэзынфекцыі». Галоўнае — праз такія жарты не сфарміраваць у сябе сур'ёзную залежнасць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.