Вы тут

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі СК з'явіцца ў Беларусі


«Хацелася б бачыць гэты інстытут як цэнтр, дзе канцэнтруюцца класныя спецыялісты і найноўшыя тэхналогіі»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам пытанне арганізацыі дзейнасці Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэта Беларусі. 

У Беларусі ніводная навучальная ўстанова пакуль не рыхтуе спецыялістаў у галіне расследавання камп’ютарных тэхналогій, між тым менавіта ў гэтую сферу перамяшчаецца сучасная злачыннасць. У бліжэйшыя дні чакаецца падпісанне ўказу кіраўніка дзяржавы аб стварэнні такой навучальнай установы. 

«Актуальная тэма, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Ад следства патрабуецца больш якасці, больш ведаў, бо злачыннасць перамяшчаецца ў сферу высокіх тэхналогій. Аператыўнасць вельмі патрэбная. І хацелася б бачыць гэты інстытут не проста як навучальную ўстанову, дзе дадуць нейкія веды, а каб гэта быў у вас цэнтр, дзе канцэнтруюцца класныя спецыялісты і найноўшыя тэхналогіі».

«У рамках інстытута мы плануем праводізць вялізны аб’ём работы па ўніфікацыі следчай практыкі, па метадычным забеспячэнні следства на цалкам іншым узроўні, па ўвядзенні навуковага складніку, — расказаў журналістам па выніках дакладу Іван Наскевіч. — Мы плануем займацца экспартам адукацыйных паслуг».

Тэме інстытута павышэння кваліфікацыі следчых была прысвечана другая частка даклада Івана Наскевіча. 

Да гэтага кіраўнік дзяржавы выслухаў, як абстаяць справы ў рабоце праваахоўных органаў за пяць месяцаў сёлета. Акрамя таго, старшыня СК далажыў пра крымінальныя справы, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта і пра грамадска значныя, буйныя злачынствы, якія расследаваў Следчы камітэт. 

Іван Наскевіч паведаміў, што крымінагенная абстаноўка ў Беларусі цягам апошніх пяці месяцаў досыць добрая. 

«Узровень злачыннасці ў параўнанні з мінулым годам зменшыўся практычна на 13,5 працэнтаў», — праінфармаваў ён. 

На гэта Прэзідэнт заўважыў, што такіх тэмпаў зніжэння злачыннасці ў краіне не было даўно.  «Думаю, што гэта вынік той планамернай вялізнай работы прафілактычнага характару ўсяго праваахоўнага блоку і ў цэлым дзяржаўных органаў, бо раней або пазней гэта павінна было выявіцца», — лічыць старшыня СК. 

Нагадаем, пра тое, што сітуацыя з недахопамі ў праваахоўнай сістэме павінна змяніцца кардынальна ў лепшы бок, кіраўнік дзяржавы казаў яшчэ ў жніўні мінулага года на вялікай нарадзе па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў.

З таго часу тэма якасці работы ў гэтай сферы на пастаяным кантролі Прэзідэнта. 


Злачынствы сыходзяць у Сеціва

У размове з журналістамі старшыня СК дадаў, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі апошнім часам назіраецца змяненне і ў структуры злачыннасці. 

«Рэзка вырасла колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Іх доля сёння складае 12 працэнтаў, гэта вельмі шмат, і гэта доля расце штогод. Гадоў 6–7 таму такія злачынствы складалі парадку двух працэнтаў, гэта значыць, рост у шэсць разоў», — адзначыў ён. 

Яшчэ адна асаблівасць, па словах кіраўніка Следчага камітэта, тое, што ў сферу высокіх тэхналогій сыходзяць злачынствы, якія да нядаўняга часу мелі статус агульнакрымінальных, напрыклад такія, як вымагальніцтва і махлярства. Цяпер большасць гэтых злачынстваў адбываюцца з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. 


Расследаванне справы па факце забойства маладой жанчыны ў Мінску, часткі цела якой знайшлі ў рацэ ў цэнтры горада, скончана

Датычна рэзанансных крымінальных спраў старшыня СК далажыў кіраўніку дзяржавы, у прыватнасці, пра вынікі па факце забойства маладой жанчыны ў Мінску, часткі цела якой знайшлі ў рацэ ў цэнтры горада. 

Па словах Івана Наскевіча, расследаванне крымінальнай справы завершана і накіравана пракурору для перадачы ў суд, злачынства раскрыта, вінаватая асоба выкрыта ў яго здзяйсненні.

Кіраўнік дзяржавы таксама быў праінфармаваны пра вынікі расследавання крымінальнай справы па факту разбойнага нападу на ювелірную краму «Яхант».

«У рамках расследавання ўстаноўлены некалькі эпізодаў злачыннай дзейнасці групоўкі з трох чалавек, — расказаў старшыня СК. — Яны, акрамя разбойных нападаў, кралі зброю. Трываласць групы і мэтанакіраванасць яе дзейнасці дазволілі кваліфікаваць тое, што яны здзейснілі, як бандытызм. Ім прад’яўленыя абвінавачанні ў тым ліку па артыкуле 286-м Крымінальнага кодэксу Беларусі».

Іван Наскевіч заўважыў, што ў нашы дні гэта досыць рэдкае абвінавачанне — апошні раз справа па гэтым артыкуле накіроўвалася ў суд каля пяці гадоў таму. 

Вытворчасць дадзенай крымінальнай справы скончана, зараз пачынаецца стадыя азнаямлення абвінавачаных з матэрыяламі крымінальнай справы. Мяркуецца, што цягам бліжэйшага месяца яна таксама будзе накіравана пракурору для перадачы ў суд. 


«Настаў час змяняць заканадаўства, якое датычыцца тэхнічных умоў будаўніцтва дарог»

«Акрамя таго, Прэзідэнт праінфармаваны пра ўмовы здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося ў Барысаўскім раёне, у выніку якога загінулі шэсць чалавек, у тым ліку трое непаўнагадовых, — працягнуў Іван Наскевіч. — Адной з умоў, па меркаванні следства, з’яўляецца адсутнасць загараджальнай канструкцыі паміж сустрэчнымі палосамі руху. Такога роду аварыі — з выездам на сустрэчную паласу руху і гібеллю людзей — сталі не рэдкасцю». 

Па словах старшыні СК, кіраўнік дзяржавы пагадізўся, што настаў час змяняць заканадаўства, якое датычыцца тэхнічных умоў будаўніцтва дарог, каб хаця б пры рэканструкцыі хуткасных магістраляў знаходзіць сродкі ўсталявання загараджальных канструкцый паміж палосамі сустрэчнага руху. 

«Відавочна, гэта будзе садзейнічаць больш бяспечнай арганізацыі дарожнага руху», — упэўнены Іван Наскевіч.

Ідзе планавая, спакойная работа па фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў і зборы доказаў

Цэнтральным апаратам Следчага камітэту працягваецца расследаванне крымінальнай справы, якая была заведзена па арт. 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі па факце выкарыстання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў у Гродне падчас пікету па збору подпісаў у рамках перадвыбарчай кампаніі, дадаў старшыня СК.

«Зараз гэтая крымінальная справа перакваліфікаваная ў ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Прад’яўлены абвінавачанні і абраная мера стрымання ў адносінах 10 асоб», — заявіў Іван Наскевіч.

Старшыня СК дадаў, што ідзе планавая, спакойная работа па фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў і зборы доказаў.

«Колькі чалавек у выніку будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці, я пакуль не скажу, магчыма, іх будзе больш, магчыма — менш, — удакладніў ён. — Расследаванне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе было парадку паўсотні асоб судзімых, больш за 10 неаднаразова судзімых, як раз усе яны і з’яўляюцца фігурантамі гэтай крымінальнай справы. Следства працягваецца. Як толькі будзе атрымана інфармацыя, якая заслугоўвае на грамадскі інтарэс, мы праінфармуем усіх пра яго вынікі».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.