На ахову здароўя Беларусі праз каранавірус прыйшлася сур'ёзная нагрузка, але сістэма ў сціслыя тэрміны перабудавалася на вырашэнне новых задач.
Пра гэта заявіў кіраўнік урада Раман ГАЛОЎЧАНКА падчас урачыстага ўзнагароджання медыкаў Мінскай вобласці.
«Дакладна працуючы як адзіны зладжаны механізм, вы з гонарам справіліся, спраўляецеся з беспрэцэдэнтнай па маштабе і складанасці задачай», — падзякаваў медыкам Раман Галоўчанка.
Па словах прэм'ера, перамогу над каранавірусам святкаваць зарана, пакуль у свеце назіраецца павелічэнне колькасці захварэлых, але нацыянальная сістэма аховы здароўя прадэманстравала ўстойлівасць і гатоўнасць да самых няпростых выпрабаванняў.
«Гэта быў для нас добры ўрок і добрая навука, як трэба рэагаваць на падобныя выклікі. Я думаю, вы пагодзіцеся, што за ўсім гэтым стаіць стабільнасць дзяржаўнай сістэмы, непахіснасць сацыяльнай накіраванасці палітыкі, якая праводзіцца кіраўніком дзяржавы, і, вядома, ваша штодзённая напружаная праца і самая высокая самааддача», — звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі прэм'ер-міністр.
Кіраўнік урада ўручыў медаль «За працоўныя заслугі», падзякі Прэзідэнта Беларусі і прэм'ер-міністра, ганаровыя граматы і падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта. Павіншавалі медыкаў і ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Беларусі, падзякай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, знакамі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
Удзел у цырымоніі таксама ўзялі намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль ІСАЧАНКА, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр ТУРЧЫН і першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ.
Ад імя медыцынскіх работнікаў урач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Алег ЕЛІН выказаў спадзяванне, што хутка каранавірус будзе пераможаны.
Варвара МАРОЗАВА
Фота БелТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?