19 верасня, субота

Вы тут

Як змагацца з крадзяжом электрычнасці на лецішчах


Электронны лічыльнік захоўвае дадзеныя і фіксуе несанкцыянаваны доступ.


Праблема запазычанасці членаў садаводчых таварыстваў за электраэнергію не новая. Ёсць людзі, якія забываюць, не паспяваюць, не хочуць своечасова плаціць па паказаннях лічыльніка — на іх уздзейнічаюць, вывесіўшы спіс даўжнікоў. Складаней з тымі, хто непрыкметна навучыўся красці кілават-гадзіны. Гэта якраз той скандальны выпадак, калі сума за «нічыйную» электрычнасць дзеліцца на ўсіх членаў СТ. Як мінімізаваць магчымасць крадзяжу электрычнасці ў садовых таварыствах, мы распыталі спецыялістаў філіяла «Энергазбыт» РУП «Мінскэнерга» і ДУ «Дзяржэнергагазнагляд».

Усё ў руках праўлення

Пытанні, якія тычацца электразабеспячэння, знаходзяцца ў кампетэнцыі абранага старшыні і праўлення садовага таварыства. Таму філіял «Энергазбыт» не мае права ажыццяўляць праверку членаў СТ на прадмет крадзяжу электрычнай энергіі. Больш за тое, спыненне падачы энергіі на дачныя ўчасткі таксама ў кампетэнцыі праўлення. Як і вынас прыбораў уліку электрычнай энергіі, выдача прадпісанняў на іх вынас на мяжу ўчасткаў, а таксама праверка правільнасці разлікаў членаў СТ. Ажыццявіць праверку дачнікаў на прадмет крадзяжу электраэнергіі можа асоба, адказная за электрагаспадарку ў СТ. Калі гэтага недастаткова, праўленне можа звярнуцца да адпаведных спецыялістам, заключыўшы з імі дамовы на аказанне дадзенай паслугі.

У самых тупіковых сітуацыях неабходна звяртацца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, на тэрыторыі якіх размешчаны СТ. Яны ўпаўнаважаны ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю СТ, аказваць ім прававую дапамогу.

Праверыць сваімі сіламі

Як ужо адзначалася, праўленне СТ можа самастойна выяўляць факты крадзяжу электрычнай энергіі. З вопыту філіяла «Энергазбыт», найбольшы эфект дае абследаванне на цэласнасць провада ад франтона дома да электралічыльніка. Таксама трэба сачыць за своечасовай заменай электралічыльнікаў, у якіх скончыўся тэрмін метралагічнай паверкі і адразу ж апламбаваць новыя лічыльнікі аднаразовымі нумарнымі пломбамі. Перыядычна неабходна праводзіць інструментальную праверку правільнасці работы электралічыльнікаў. Гэта меры, з якімі можа сутыкнуцца кожны дачнік.

Яшчэ спецыялісты рэкамендуюць праўленню СТ выкарыстоўваць балансныя электралічыльнікі ў трансфарматарнай падстанцыі. Для складання балансу электраэнергіі неабходна правядзенне штомесячнага аналізу электраспажывання шляхам праверак фактычных выдаткаў за месяц электралічыльнікаў членаў СТ і балансных электралічыльнікаў ў трансфарматарнай падстанцыі. Гэта спросціць працу па пошуку крадзяжоў і безуліковага электраспажывання ў выпадку небаланса больш за ±3 %. Для «праблемных» спажыўцоў можна выкарыстоўваць устаноўку абмежавальнікаў магутнасці і кантрольных электралічыльнікаў.

Электроніку не падманеш

У апошнія гады шырока абмяркоўваецца тэма ўстаноўкі вынасных электралічыльнікаў на мяжы землеўладання. Многія дачнікі адмаўляюцца гэта рабіць, таму што патрабуюцца немалыя выдаткі. Між тым, калі на агульным сходзе большасцю галасоў прынята рашэнне аб вынасе лічыльнікаў, прыйдзецца яго выконваць альбо аспрэчыць у судзе.

Пры вынасе лічыльнікаў патрабуюць замяніць старыя прыборы ўліку на электронныя. Чым гэта матывуюць? Перш за ўсё, надзейнасцю і шматфункцыянальнасцю сучасных лічыльнікаў. У прыватнасці, у іх больш высокі ў параўнанні з індукцыйнымі лічыльнікамі клас дакладнасці, ёсць магчымасць шматтарыфнага ўліку, а таксама вымярэнне якасці электраэнергіі і велічыні магутнасці. Такі лічыльнік валодае функцыяй захоўвання дадзеных па ўліку электраэнергіі доўгі час, а ў выпадку крадзяжу электрычнай энергіі адбываецца фіксацыя несанкцыянаванага доступу ў архіве лічыльніка. У найбольш тэхнічна прасунутых СТ паказанні з такіх лічыльнікаў здымаюцца дыстанцыйна.

А хто ў нас электрык

Такі спецыяліст ёсць у кожным СТ. Да пары да часу ніхто не цікавіцца узроўнем яго кампетэнцыі. Адна справа памяняў люстру і паклаў у кішэню 20 рублёў, іншая сітуацыя, калі ён займаецца вынасам тых жа лічыльнікаў. Тут ужо іншыя сумы і галоўнае, што гэтая паслуга мае, так сказаць, аддаленыя наступствы. Напрыклад, дачнік вынес лічыльнік пяць гадоў таму. Цяпер памянялася праўленне і штат абслуговага персаналу. Новы электрык прайшоўся па ўчастках і вынес вердыкт: маўляў, на некаторых участках няправільна вынесеныя лічыльнікі, усё трэба мяняць. Значыць, зноў плаціць. Апеляваць няма да каго –– ад старога электрыка застаўся толькі нумар тэлефона, па якім ён ужо не адказвае. Не рэдкія выпадкі, калі дачныя электрыкі не лічаць патрэбным складаць з грамадзянамі дамовы на аказанне сваіх паслуг, у якіх было б пазначана, што менавіта яны зрабілі, колькі за гэта грошай атрымалі, і якую адказнасць нясуць абодва бакі.

Як растлумачылі ў Дзяржэнергагазнаглядзе, праўленне СТ прызначае асобу, якая адказвае за электрагаспадарку, праводзіць работы у электраўстаноўках СТ і абавязана мець пэўную кваліфікацыю. Таксама СТ можа заключаць дагавор на аказанне такіх паслуг з іншай юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам.

Работа электрыка не адносіцца да ліцэнзаваных відаў дзейнасці, аднак такі спецыяліст павінен праходзіць праверку ведаў па пытаннях аховы працы пасля прысваення (пацверджання) групы па электрабяспецы, што адлюстроўваецца ў пасведчанні па ахове працы з укладышам для электратэхнічнага персаналу. Прасцей кажучы, перш, чым даверыць дачнаму электрыку вынас лічыльніка, трэба праверыць у яго наяўнасць такога дакумента. Неабходна патрабаваць і заключэнне дагавора –– з электрыкам ці з праўленнем, важна, каб было дакументальнае пацвярджэнне.

«Наяўнасць поўнага пакета дакументаў з заключэннем Дзяржэнергагазнагляда аб магчымасці ўводу ў эксплуатацыю электраўстановак дазволіць выключыць залішнія патрабаванні, якія прад'яўляюцца да членаў садаводчага таварыства (уласнікам электраўстановак) з боку старшыні садаводчага таварыства і засцерагчы дачнікаў ад паразы электрычным токам», –– рэзюмавалі спецыялісты Дзяржэнергагазнагляда.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Прэв’ю: espanarusa.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

«А аднойчы нашу аператарку запрасілі замуж па тэлефоне». Чым жыве кантакт-цэнтр «Белпошты»?

«А аднойчы нашу аператарку запрасілі замуж па тэлефоне». Чым жыве кантакт-цэнтр «Белпошты»?

Тры кароткія лічбы — 154. Гэта нумар кантакт-цэнтра «Белпошты». Яго набіраюць тыя, хто сутыкаецца з пытаннямі датычна паслуг, якія аказваюць паштавікі. За кожным з такіх званкоў стаіць свая гісторыя.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.