Вы тут

Меню пад заказ? Тэхнолагі могуць прыслухацца да пажаданняў сям'і школьніка


Харчаванне ў школьных сталовых носіць дыетычны характар, і ў гэтым заключаецца яго галоўная перавага. Такую думку выказала журналістам загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА.


Па словах спецыяліста, у школьных стравах выключаны ўсе камбітлушчы, пры іх прыгатаванні выкарыстоўваюцца толькі алей і сметанковае масла. Не выкарыстоўваюцца таксама вострыя прыправы, воцат, касцявыя булёны. І ў фрыцюры стравы не гатуюць. «Мы рэкамендуем выкарыстоўваць ашчадныя метады — тушэнне, варэнне, гатаванне на пары. Таксама раім на харчаблоках максімальна выкарыстоўваць такое сучаснае абсталяванне, як параканвектамат. Сёння ў краіне каля 26 % школ яго ўжо набылі. Забароненыя ў сталовых і школьных буфетах такія некарысныя прадукты, як салодкія газаваныя напоі, чыпсы, натуральная кава, рыбныя і з агародніны закусачныя кансервы. Хацелася б, каб такога прынцыпу ў харчаванні прытрымліваліся і бацькі ў дамашніх умовах», — падкрэсліла спецыяліст.

Як правіла, вучань харчуецца ва ўстанове адукацыі адзін раз (калі не застаецца пасля ўрокаў, а ідзе дадому). Значыць, усе астатнія прыёмы ежы прыпадаюць на дамашнюю кухню.

— Гэта клопат бацькоў. Калі ў дарослых маюцца нездаровыя прыхільнасці ў ежы, то для дзіцяці яны павінны гатаваць асобна, са свежых і найлепшых прадуктаў, — кажа Ала Малахава.

Паводле слоў спецыяліста, да новага навучальнага года міністэрствы адукацыі і аховы здароўя распрацавалі і зацвердзілі метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Яны ўтрымліваюць у тым ліку і спецыяльныя патрабаванні да аб'ектаў харчавання ў школах.

— Усе супрацоўнікі харчаблока павінны штодзённа праходзіць праз ранішні фільтр: замяраць тэмпературу і ўносіць гэтыя звесткі ў журнал здароўя. Абавязковае нашэнне масак і пальчатак дзецьмі, што дзяжураць па аб'екце харчавання, і работнікамі сталовай. Для наведвання сталовай павінен быць распрацаваны графік, які забяспечыць максімальнае раз'яднанне дзяцей. Адлегласць паміж сталамі павінна быць не менш за 1,5 метра, а паміж навучэнцамі — не менш як метр пры рассаджванні. Акрамя таго, у перыяд распаўсюджвання інфекцыі на харчаблоках павінны прымацца дадатковыя меры па апрацоўцы сталовай мэблі і прыбораў, прыбіранні, праветрыванні. Напрыклад, абавязковае патрабаванне па дэзынфекцыі посуду ў канцы кожнага рабочага дня.

«А ці можна адмовіцца ад школьнага харчавання, калі яно не задавальняе па якіх-небудзь крытэрыях, напрыклад калі дзіця — вегетарыянец?» — запыталіся журналісты.

— Абавязак харчавацца ў школе нарматыўна не ўстаноўлены, — растлумачыла начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Люцыя МІХАЛЬЧУК. — Калі дзіцяці нешта не падабаецца, заўсёды можна паспрабаваць знайсці кампраміс. Калі ёсць пэўныя пытанні, іх трэба вырашаць на месцах — у школах і структурных падраздзяленнях камбінатаў школьнага харчавання. Тэхнолагі могуць распрацаваць для дзіцяці спецыфічнае меню, з улікам вашых патрабаванняў. У выпадку калі бацькі ў прынцыпе вырашылі адмовіцца ад харчавання, то дакументальна пацвярджаць гэта няма неабходнасці. Аднак дарослым трэба памятаць, што атрымліваць гарачае харчаванне дзіця павінна кожныя 3,5-4 гадзіны — гэта залог яго здароўя...

Да канца года ўсе школы Мінска аснасцяць банкаўскімі плацежнымі тэрміналамі: ужо складзена праграма па набыцці адпаведнага касавага абсталявання, паведаміла першы намеснік дырэктара камбіната школьнага харчавання горада Мінска Міраслава КРЫЦКАЯ.

Паводле яе слоў, на восеньскі перыяд новага навучальнага года тэхналагічнай службай камбіната распрацаваны прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны харчавання для навучэнцаў 1—11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска. «Яны складзены дыферэнцыравана для розных узроставых груп навучэнцаў (6—10, 11—13 і 14—17 гадоў) на падставе нормаў спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей згодна з санітарнымі нормамі і правіламі. Акрамя таго, распрацаваны двухтыднёвыя рацыёны для дзяцей з фенілкетанурыяй, цэліякіяй і цукровым дыябетам.

Акрамя таго, камбінатам праводзіцца вялікая работа па набыцці сыравіны для арганізацыі харчавання навучэнцаў. Каб знізіць закупачныя цэны на прадукты, спецыялісты камерцыйнага аддзела на пастаяннай аснове вывучаюць кан'юнктуру рынку.

Намеснік генеральнага дырэктара па стандартызацыі і якасці прадуктаў харчавання Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Алена МАРГУНОВА паведаміла, што на базе доследна-тэхналагічнага ўчастка ў Мар'інай Горцы створана вытворчасць прадуктаў харчавання для хворых на фенілкетанурыю. Размова ідзе пра спадчыннае захворванне, у аснове якога ляжыць парушэнне амінакіслотнага абмену. Пры адсутнасці лячэння і дыетатэрапіі яно праяўляецца ў затрымцы маторнага і псіхаразмоўнага развіцця, мікрацэфаліі, сутаргах, парушэннях паводзін... Галоўны спосаб лячэння захворвання — дыетатэрапія, якая абмяжоўвае паступленне ў арганізм фенілаланіну.

Цэх па вытворчасці прадуктаў дзіцячага харчавання адкрыўся ўсяго месяц таму. Плануецца, што там будуць вырабляцца кашы хуткага прыгатавання, сумесі для выпечкі кексаў і печыва, макаронныя вырабы, кукурузная і грэцкая крупы, сумесі для бульбянога пюрэ і клёцак, а таксама сухі малочны прадукт з паніжаным утрыманнем бялку.

«На шэраг прадуктаў атрыманы адпаведныя дакументы, узгодненыя з Міністэрствам аховы здароўя. Таму такая прадукцыя можа выкарыстоўвацца для харчавання хворых на фенілкетанурыю дзяцей у навучальных установах. Мы працуем у цеснай звязцы з таварыствам абароны гэтай катэгорыі хворых. Правялі шэраг дэгустацыйных мерапрыемстваў і атрымалі вельмі добрыя водгукі. Дзецям падабаецца. І кошт прадуктаў у 2—2,5 раза ніжэйшы, чым у імпартных аналагаў», — адзначыла намеснік генеральнага дырэктара.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.