Вы тут

На Усходніх могілках у Мінску перапахавалі астанкі Змітрака Бядулі


На 26-м участку Усходніх могілак у Мінску перапахавалі астанкі класіка беларускай літаратуры Змітрака БЯДУЛІ (1886 — 1941).


Сімвалічна, што гэтая падзея адбылася ў дзень смерці пісьменніка — 3 лістапада. Як вядома, пахаваны Змітрок Бядуля быў ва Уральску (Казахстан). «Звязда» падрабязна расказвала гісторыю смерці і гісторыю пахавання ў суботняй гутарцы з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаілам РЫБАКОВЫМ. Гэтая асветніцкая ўстанова шмат намаганняў прыклала для рэалізацыі праекта вяртання астанкаў пісьменніка ў Беларусі. Прывезеныя дадому, у родную старонку, яны былі 26 лютага 2020 года. А ўчора, перад тым, як правесці цырымонію перапахавання на Усходніх могілках, з паэтам развітваліся і ў «Беларускай хатцы».

А пасля ўсе родныя, блізкія Самуілу Плаўніку — Змітраку Бядуля, пісьменнікі, праваслаўныя святары, арганізатары пахавання сабраліся на могілках. Грамадзянскую паніхіду ўступнай прамовай адкрыў дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл РЫБАКОЎ. Менавіта ён прыклаў шмат намаганняў дзеля вяртання астанкаў пісьменніка ў Беларусь, арганізацыі перапахавання ў Беларусі. Дзякуючы яго руплівасці пры падтрымцы ўрада краіны, непасрэдна Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь справа была завершана самым дастойным чынам. Гэта падкрэсліў на могілках і сын літаратара — Яфім Самуілавіч ПЛАЎНІК, які да нядаўняга часу не зусім і верыў, што ўдасца прыйсці да такога станоўчага выніку. Міхаіл Рыбакоў у сваёй прамове нагадаў пра выключную працу, зробленую Дабрачынным Фондам Марыі Магдалены Радзівіл, які заснаваны ў Швейцарыі, і яго кіраўніком Аляксандрам САПЕГАМ. Сапраўды, арганізацыйна і нават матэрыяльна, фізічна зрабіць усё было даволі няпроста. Вырашэнню справы спрыялі і ўлады казахстанскага горада, акімат Уральска.

На цырымоніі перапахавання выступіў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Іван САВЕРЧАНКА. Ён нагадаў пра тую вялікую працу па падрыхтоўцы і выданню Збораў твораў Змітрака Бядулі, здзейсненую некалькі дзесяцігоддзяў назад, якую выканаў навуковы інстытут. Выдадзены немалым накладам, Збор твораў і зараз даступны чытачам айчынных бібліятэк, ёсць у многіх прыватных кнігазборах. Іван Саверчанка нагадаў, што беларускія акадэмікі народны пісьменнік Беларусі Іван НАВУМЕНКА і доктар філалагічных навук Віктар КАВАЛЕНКА спрыялі вывучэнню жыцця і творчасці Змітрака Бядулі, кожны з іх напісаў сваю кнігу пра класіка беларускай літаратуры. Сваімі цёплымі развагамі пра велічыню таленту Змітрака Бядулі, яго энергетыку ў авалодванні чытацкай свядомасцю гаварыла на Усходніх могілках першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. Выступіў на грамадзянскай паніхідзе і дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», галоўны рэдактар газеты «Звязда» Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што айчынныя дзяржаўныя выдавецтвы цікаўныя да перавыдання твораў класіка. Але, несумненна, творчая спадчына і надалей патрабуе пераасэнсавання, патрабуе ўважлівага разгляду. І «Сярэбраная табакерка», і «Салавей», і «Пяць лыжак заціркі» — неўміручыя творы, якія з’яўляюцца адлюстраваннем часу, адбіткам яго сацыяльных, палітычных, грамадскіх характарыстык. Змітрок Бядуля пільна ўглядаўся ў блізкія да яго падзеі, усведамляў мінуўшчыну, зазіраў праз асэнсаванне іх у заўтрашні дзень. Можа быць, таму ён такі сучасны — празаік, казачнік Бядуля?!. А яшчэ ж пісьменнік быў этнографам, публіцыстам, краязнаўцам... І пра гэта таксама не варта сёння забывацца.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Змітрок Бядуля. Вяртанне на родную зямлю


Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.