Вы тут

Вяртанне да якасці, або Як выцягнуць кіно з крызісу


«Лістапад» як міжнародны фестываль першапачаткова задумваўся з мэтай вярнуць Беларусь, якая зусім нядаўна атрымала сваю незалежнасць пасля развалу Савецкага Саюза, у вялікі свет кіно. Жыхарам новай самастойнай краіны паказвалі фільмы, якія былі створаны на постсавецкай прасторы і ўжо прайшлі адбор на больш знакамітых фестывалях, напрыклад, «Кiнатаўры». Што гэта давала? Як мінімум беларускія рэжысёры і іншыя ўдзельнікі кінапрацэсу маглі паглядзець на тое, што адбывалася ў найбліжэйшых краінах, улавіць некаторыя трэнды і пачаць рабіць кіно, якое карысталася б папулярнасцю не толькі на нацыянальным рынку.

Гэта дазволіла б пачаць зарабляць грошы і такім чынам уключыцца ў вялікую кінаіндустрыю. У першым «Фестывалі постсавецкага кіно “Лістапад”» прынялі ўдзел у асноўным карціны расійскіх рэжысёраў, але паступова геаграфія пашыралася, і сёння Мінскі міжнародны фестываль «Лістапад» прапаноўвае гледачам фільмы з самых розных куткоў нашай планеты.


Фота з архіва БелТА.

Пра тое, як усё пачыналася...

Постсавецкае кіно ў першыя гады свайго «постіснавання» знаходзілася ва ўмовах, якія смела можна назваць унікальнымі. З аднаго боку, нягледзячы на перабудову, развенчванне «правадырскіх» міфаў, расчараванне ў камуністычнай ідэалогіі, агульнавядомым з’яўляецца той факт, што вялікая частка жыхароў Савецкага Саюза прагаласавала супраць яго распаду. Людзі ўсё яшчэ працягвалі верыць у камунізм і  велізарную краіну, якая адстойвае свае ідэалы, нягледзячы на нападкі ўсяго свету. І гэта дае нам цікавы пажытак для разважанняў. Бо калі большасць працягвала верыць, што крызіс у СССР пройдзе і такую краіну развальваць нельга, то, напэўна, так меркаваў і хтосьці з кінематаграфістаў. У той перыяд, напэўна, усё яшчэ хацелася здымаць сацыялістычныя фільмы, няхай ігравое кіно ці дакументалістыку, і гэта заканамерна: калі ты ўвесь час жывеш у краіне настолькі ўражлівага мінулага і настолькі ідэалістычна-фантастычнай будучыні, то не паддацца гэтаму спецыфічнаму зачараванню цяжка, а не прысвяціць сябе служэнню ці хаця б асэнсаванню гэтага феномена — і зусім немагчыма.

Але, з іншага боку, не менш агульнавядомым фактам з’яўляецца і тое, што многія прадстаўнікі культурнай інтэлігенцыі яшчэ з 60-х гадоў былі супраць савецкага рэжыму і ўсіх яго прыдаткаў: пачынаючы ад цэнзуры і заканчваючы той самай машынай прапаганды. Пра гэта сведчыць, напрыклад, творчасць вядомых пісьменнікаў Сяргея Даўлатава, Іосіфа Бродскага ці братоў Стругацкіх. Апошнія спачатку былі сярод самых зацятых паслядоўнікаў ідэй светлай камуністычнай будучыні, але пазней прадставілі чытачам раман «Горад асуджаны». Але калі літаратуру ствараць без сродкаў досыць лёгка, паколькі ўсё, што патрабуецца, гэта талент, валоданне словам і пісьмовыя прылады (праблемы потым узнікнуць з выхадам твораў у друк), то вось здымаць кіно пра недахопы дзяржавы ў самой дзяржаве, дзе існавалі жорсткія ідэалагічныя межы, было практычна немагчыма. І рэжысёры, і сцэнарысты, і акцёры, незадаволеныя станам кінаіндустрыі ў СССР, напэўна, былі рады вызваліцца ад нарматыўных кайданоў і пачаць працу над кіно, у якім можна распавесці пра тое, чаго хочацца ім, творчым асобам, а не партыйнаму начальству.

Атрымліваецца, што да 1994 года беларускае кіно апынулася ў непрыемнай сітуацыі памежжа, дзе з аднаго боку — людзі, што хочуць працягу савецкага кіно і аддаюцца настальгіі па яшчэ зусім нядаўніх часах існавання Савецкага Саюза, а з другога — творцы, якія нарэшце атрымалі доўгачаканую свабоду і гатовы яе выкарыстаць не толькі для засвойвання еўрапейскага кінадосведу, ад чаго Беларусь была адлучаная, але і для крытыкі ідэалаў і прыёмаў савецкага кіно. Гэты памежны стан не мог не прывесці да ступару, з-за якога Беларусь, што вельмі доўгі час была адным з асноўных савецкіх здымачных палігонаў як добрага, так і адкрыта агітацыйнага кіно, выпала і з сусветнага, і з лакальнага постсавецкага кінапрацэсу. Што ў такім выпадку варта рабіць? Адзін з самых дзейсных спосабаў выхаду з крызісу — паказаць прыклады тых краін, дзе падобныя цяжкасці ўжо даўно пераадолелі. Гэта з вялікай доляй верагоднасці дасць стваральнікам айчыннага кіно творчы імпульс для ўласных праектаў.

Цяжка сказаць, ці бачыў Сяргей Арцімовіч, рэжысёр студыі «Тэле-АРС», які прыдумаў першапачатковую канцэпцыю фестывалю «Лістапад», такую ж дваістасць або кіраваўся нейкімі іншымі меркаваннямі, што таксама вельмі верагодна, бо сітуацыя ў тыя часы ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках была далёка не адназначная, але ён выступіў з вельмі выразнай ідэйнай праграмай. Заключалася яна ў тым, каб вярнуць добрыя кінастужкі ў Беларусь, якая па тых ці іншых прычынах апынулася ў ізаляцыі нават ад створанага ў постсавецкіх рэспубліках, і тым самым рэанімаваць беларускае кіно як такое. Ідэя гэтая была ўспрынята з энтузіязмам, і ў 1994 годзе адбыўся першы «Лістапад».

... і пра тое, як працягнулася

Ігар Сукманаў падчас адкрыцця XXVII ММКФ «Лістапад». Фота з сайта listapad.com.

Да ўдзелу ў фестывалі дапусцілі стужкі, якія ўжо прайшлі «школу» больш аўтарытэтных пляцовак, такіх як «Кінашок» і «Кінатаўр». Большую частку прадстаўленых фільмаў складалі работы расійскіх рэжысёраў. У наступныя гады да іх далучыліся работы ўкраінскіх, казахскіх і азербайджанскіх кінематаграфістаў. Першапачатковы план Сяргея Арцімовіча паступова рэалізоўваўся, паколькі ў Беларусь сапраўды сталі вяртацца фільмы постсавецкіх рэжысёраў. Больш за тое, гэта былі правераныя якасныя творы. Такім чынам, фарміраванне «Лістапада» як мерапрыемства, дзе беларускаму гледачу прадстаўляюцца кінастужкі высокага ўзроўню, «вяршкі» з іншых паказаў, пачалося яшчэ з першага фестывалю, калі аб міжнародных урачыстасцях можна было казаць толькі з вялікай умоўнасцю. Менавіта гэты фармат, калі на «Лістапад» праходзяць толькі тыя фільмы, што ўжо атрымалі прызнанне, хутчэй за ўсё і прыцягнуў першым часам вельмі вялікую ўвагу. У гледачоў і ўдзельнікаў кінапрацэсу з’явілася магчымасць не толькі паглядзець фільмы, што не было навіной, але і прааналізаваць трэнды, вызначыць заканамернасці. Беларусам, дзякуючы «Лістападу», адкрыўся доступ да ўсёй разнастайнасці спачатку постсавецкіх, а потым і еўрапейскіх, амерыканскіх і азіяцкіх карцін, што заўсёды толькі станоўча адбіваецца на якасці кінапрадукту, які ствараецца ў краіне правядзення падобных фестываляў.

З першага ж года была ўсталявана рэйтынгавая сістэма ацэнкі конкурснай праграмы: пераможца вызначаўся гледачамі ў спецыяльных анкетах, якія ўсе атрымлівалі на ўваходзе ў кінатэатр. Два іншыя прызы ўручалі журы кінематаграфістаў і журы кінапрэсы. Гэта дазволіла не толькі арганізатарам фестывалю, але і стваральнікам кіно, якія актыўна сачылі за правядзеннем «Лістапада», улічваць тры асноўныя пункты гледжання: меркаванне публікі, якая часта галасуе, як кажуць, сэрцам; меркаванне калег-кінематаграфістаў, то-бок погляд на фільмы найбольш прафесійны з магчымых; меркаванне кінакрытыкаў, часцей за ўсё таксама прафесійнае (яны часта аналізуюць фільмы нават больш глыбока, чым кінематаграфісты), але пры гэтым яно яшчэ сумяшчаецца з меркаваннем «старонняга чалавека», паколькі прэса не ўключаецца ў вытворчасць фільмаў, не ведае закулісся або ведае толькі тую яго частку, якую самі кінематаграфісты адкрываюць для журналістаў. І такая разнастайнасць меркаванняў вельмі важная, паколькі, улічваючы кожнае з іх або арыентуючыся толькі на адно, у любым выпадку можна развіваць кінаасяроддзе і выводзіць яго на новы якасны ўзровень.

Кадр з фільма «Іда», які атрымаў узнагароду як найлепшы фільм падчас ХХ ММКФ «Лістапад»

Старшынёй фестывалю ў 1994 годзе стаў Расціслаў Янкоўскі. З 1996 па 2008 год «Лістападам» кіравала Валянціна Сцяпанава. За гэты час прадстаўнікі 45 краін далучаліся да мерапрыемства як аўтары работ, журы і прэса. Уводзіліся новыя намінацыі і ўручаліся спецыяльныя прызы ад выданняў і гільдыі кінакрытыкаў, узнагароды за найлепшыя мужчынскую і жаночую ролі. У 1998 годзе галоўным новаўвядзеннем стаў дзіцячы кінаагляд «Лістападзік», які яшчэ больш пашырыў кола патэнцыйных гледачоў. У 2003 годзе фестываль афіцыйна атрымаў статус міжнароднага. Тады ў Мінску былі прадстаўлены карціны з Польшчы, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Чэхіі, ЗША, Ірана, Кітая і Японіі. Асаблівым стаў для «Лістапада» 2007 год. Менавіта тады намаганнямі дырэктара фестывалю Валянціны Сцяпанавай і кіназнаўцы і рэдактара Ірыны Дзям’янавай быў арганізаваны першы конкурсны паказ дакументальных фільмаў. Ірына Дзям’янава з тых часоў застаецца пастаянным праграмным дырэктарам дакументальнага кіно ММКФ «Лістапад».

У 2010 годзе кіраўніцтва фестывалем даверылі Анжаліцы Крашэўскай, праграмным дырэктарам ігравога кіно стаў Ігар Сукманаў. «Лістапад» паўстаў перад гледачамі ў абноўленым фармаце. У  праграму ўваходзілі: асноўны конкурс ігравога кіно (12 фільмаў), конкурс маладога кіно (9 дэбютных фільмаў рэжысёраў з усяго свету, у тым ліку ўпершыню — з Індыі, Перу, Венесуэлы, Іспаніі, Уругвая), паказ дакументальных фільмаў (20 карцін) і конкурс маладога дакументальнага кіно (12 карцін). Змянілася «вага» ўзнагарод фестывалю. Калі раней «Золата “Лістапада”» ўручалася па выніках галасавання гледачоў, то з 2010 года пераможцу вызначае Міжнароднае журы кінематаграфістаў.

Уручэнне спецыяльнага прыза «За гуманізм і духоўнасць у кіно» падчас XXII ММКФ «Лістапад». Фота з сайта belarus.by

І сёння «Лістапад» дасягнуў таго пункту, калі яго смела можна называць галоўнай кінападзеяй нашай краіны. Так, хтосьці можа лічыць фестываль другарадным з-за таго, што ён толькі збірае карціны, якія ўжо дэманстраваліся дзесьці на іншых пляцоўках. Аднак толькі тое, што нароўні з Трыерам у рамках аднаго праекта ў адным кінатэатры могуць паказаць і кароткаметражку маладога беларускага дакументаліста, робіць «Лістапад» неверагодна значным. Цяпер гэта ўжо не проста спосаб вярнуць айчыннае кіно ў постсавецкі або агульнасусветны кантэкст, гэта яшчэ і спосаб для беларускіх кінематаграфістаў заявіць пра сябе.

 Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.