Вы тут

У Мінску праходзіць месяц фатаграфіі


Месяц фатаграфіі ў Мінску — штогадовы фестываль, які вызначае асноўныя тэндэнцыі ў галіне мастацкіх здымак. «Выжыванне» — тая тэма, якая даследуецца ў выстаўленых работах. Куратар асноўнай экспазіцыі — магістр мастацтваў Вера Фядотава. Пабачыць праекты беларускіх і замежных фатографаў можна ў двары культурнага цэнтра «Корпус» да 27 лістапада.


Кожны год арганізатары, куратары і мастакі абіраюць тую тэму, якая падаецца ім найбольш актуальнай і цікавай для даследавання. Так, у 2016 годзе яны вырашылі працаваць над канцэптам «цэнтр — перыферыя», у 2017-м над «калектывізацыяй», а ў 2018-м над «юбілеем». Няцяжка здагадацца, чаму месяц фатаграфіі ў 2020 годзе прысвечаны менавіта выжыванню. Праз візуальныя сродкі аўтары спрабуюць асэнсаваць не толькі экалагічныя праблемы, але і тое, як змяняецца жыццё чалавека ва ўмовах, якія ён не здольны кантраляваць. Напрыклад, пандэміі.

Удзел у выстаўцы прымае візуальная мастачка Рыта Новікава. Яе серыю аўтапартрэтаў «Aqua» можна было пабачыць на «Восеньскім салоне» 2019 года. Тыя, хто не паспеў паглядзець праект летась, могуць зрабіць гэта зараз у «Корпусе». Праз іронію і камедыйную падачу Рыта спрабуе вывесці гледача на шчырую размову. Створаны вобраз выступае як сродак камунікацыі, які мастачка называе «мовай чырвонага купальніка». Праз свае работы яна спрабуе адказаць на пытанне: ці рацыянальна чалавецтва расходуе рэсурсы Зямлі?

Вельмі цікавы праект прадставілі мастакі Тэа Орманд-Скіпінг (Вялікабрытанія) і Лена Дабравольска (Польшча). «Геагісторыя» — гэта сумесь геалагічнага даследавання, дакументалістыкі і мастацтва. Аўтары вывучаюць ландшафт Гімалаяў і дакументуюць кліматычныя змены. Відавочна, што тыя змены не да лепшага. Адпаведна паўстае пытанне: хто адказны за дэградацыю навакольнага асяроддзя?

Орманд-Скіпінг і Дабравольска высоўваюць палітычна афарбаваны канцэпт, які мае назву «капіталацэн». Істота, народжаная капіталізмам і бескантрольным спажываннем рэсурсаў. У нейкай ступені гэта супрацьвага «антрапацэну», што з грэчаскай мовы перакладаецца як «чалавек».

Актуальны да сённяшняга часу праект «Camera covіda, або вірус, якога няма» прадставіла экафеміністка Таццяна Кузняцова. Серыя здымкаў фіксуе жыццё постсавецкай прасторы.

Падчас пандэміі аўтарка сышла на самаізаляцыю і ў яе з'явілася магчымасць назіраць за тым, як «жыве» пад'езд. Праблема віруса, якая на першы погляд здаецца вельмі хвалюючай, адыходзіць на другі план. Замест яе набываюць контуры сацыяльныя праблемы: алкагалізм, адсутнасць інклюзіўнага асяроддзя, гвалт.

Такім чынам, праз, здавалася б, адзіную тэму — экалогію — мастакі асэнсоўваюць амаль усе бакі паўсядзённага жыцця чалавека. На выстаўцы прадстаўлены праект польскай фотамастачкі Аліцыі Врублеўскай «Рыф», які візуалізуе выміранне каралавых рыфаў. Таццяна Кузняцова ў серыі работ «Мікрапластык everyday» паказвае, што пластыкавыя часцінкі апанавалі амаль усё: пачынаючы з прадметаў побыту і заканчваючы нашым целам.

Месяц фатаграфіі не абмежаваны толькі Мінскам. Таксама фестываль арганізаваны ў арт-квартале CONSERVA (Брэст) і ў «Першым кроку by Мазыр» (Мазыр). У Любках (Маладзечанскі раён), у вёсцы Крэва і ў маёнтку графа Тышкевіча пройдуць вулічныя выстаўкі, створаныя ў межах супольнай работы з архівамі мясцовых жыхароў.

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: Выжыванне ў эпоху пандэміі як тэма для фота

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.