Кніжная спадчына, прысвечаная Міхалу Клеафасу Агінскаму, папоўнілася сёлета яшчэ адным знакавым выданнем. У выдавецтве «Чатыры чвэрці» да 255-годдзя кампазітара была створана кніга «Адраджэнне і вяртанне». Акрамя таго, памяць пра нацыянальнага героя ў цяперашні час ушаноўваецца праз аднаўленне культурных помнікаў, пастаноўку спектакляў, правядзенне навукова-практычных канферэнцый, канцэртаў, папаўненне музейных калекцый, рэалізацыю шматлікіх міжнародных праектаў.
Міхал Агінскі ў свае часы быў вядомы перш за ўсё як палітык і дыпламат, актыўны грамадскі дзеяч, адзін з лідараў паўстання Касцюшкі. А сёння мы ведаем Агінскага не толькі як сапраўднага патрыёта, але ў першую чаргу і як выдатнага і таленавітага кампазітара, які пакінуў пасля сябе шматлікія паланэзы, рамансы, вальсы, маршы, менуэты — больш за сем дзясяткаў твораў.
У вывучэнне музычнай спадчыны М. К. Агінскага значны ўнёсак зрабіў творчы калектыў «Беларуская капэла» Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь на чале з заслужаным артыстам Беларусі прафесарам Віктарам Скорабагатавым. Калектывам быў падрыхтаваны шэраг нотных выданняў (серыя «Музыка старажытных сядзіб»). Выдавецкія праекты, прысвечаныя асобе М. К. Агінскага, штогод папаўняюцца. Тым не менш у біяграфіі Агінскага застаецца шмат недаследаваных пытанняў. Да цяперашняга часу дакладна невядома, дзе ж быў напісаны знакаміты паланэз «Развітанне з радзімай». Ёсць некалькі версій, але навукоўцы схіляюцца да таго, што паланэз № 13 быў створаны ў Залессі.
Рэстаўрацыя сядзібы роду Агінскіх ХІХ ст., што знаходзіцца ў Залессі (Смаргонскі раён), была завершана ў 2014 годзе. Сёння на яе месцы працуе дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова «Музейсядзіба М. К. Агінскага», дзе ў 13 залах, як у 13 пакоях гаспадара, размешчана багатая экспазіцыя. У часы Агінскага сядзібу часта называлі «Паўночнымі Афінамі», яна з’яўлялася культурным цэнтрам усяго краю. Цяпер адноўлены таксама аранжарэя, парк, капліца, альтанкі, масток з гравюры Леанарда Ходзькі 1822 года. На працягу некалькіх гадоў у Залессі здзяйсняюцца праграмы гістарычнай рэканструкцыі і музычныя імпрэзы, прысвечаныя памяці знакамітых прадстаўнікоў роду Агінскіх. Залессе — гэта куточак прыгажосці і натхнення. Тут атмасфера дапамагае паглыбіцца ў далёкае ХІХ стагоддзе, дзе ўяўляеш сябе важным госцем: сядзіш у адной з залаў сядзібы і з захапленнем слухаеш знакамітыя паланэзы ў выкананні самога маэстра...
Памяць пра М. К. Агінскага ўслаўляецца ў шматлікіх спектаклях, фільмах, канцэртных праграмах. Так, на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне ў 2005 годзе быў пастаўлены спектакль па п’есе Уладзіміра Драздова «Фантазія ля мінор» («Паланэз на развітанне»). Рэжысёрам Анастасіяй Мірашнічэнка быў зняты дакументальны фільм «Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі», у якім расказваецца пра жыццё і творчасць кампазітара. У выкананні артыстаў Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра і заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музкаледжа імя М. К. Агінскага прагучала рамантычная опера ў 2-х дзеях «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт».
Тэма спадчыны роду Агінскіх знаходзіць адлюстраванне ў мастацкіх творах беларускіх аўтараў, якія такім чынам ушаноўваюць памяць пра знакамітага земляка. У кнізе «Адраджэнне і вяртанне» размешчана цікавая галерэя шматлікіх твораў вядомых мастакоў: Віктара Нямцова («Залессе»), Віктара Барабанцава (серыя «Алея ў парку»), Віктара Мікіты («Від на палац Агінскага з каменем»), Эдуарда Мацюшонка («Гукі паланэзу»), Мікалая Аўчыннікава («Дождж прайшоў. Залессе»), Сяргея Савіцкага («Восень у Залессі»), Рыгора Мяжуева («Зімовы сон»), Анастасіі Балыш («Залескі раманс»), Аляксея Бабіча («Паўночныя Афіны») і інш.
У адраджэнні, захаванні і папулярызацыі матэрыяльнай і духоўнай гісторыка-культурнай спадчыны роду Агінскіх важную ролю іграе Маладзечанскі дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага», які дзейнічае з 2012 г. Намаганнямі фонду ў вёсцы Аборак (Маладзечанскі раён) былі адноўлены рэшткі касцёла Узнясення Дзевы Марыі і святога Роха ХV ст. і добраўпарадкаваны склеппахавальня роду Ходзька-Дэдэркаў (Леанард Ходзька быў сакратаром М. Агінскага, давёў да ладу яго архіў, у 1836 г. у Парыжы выдаў мемуары кампазітара на французскай мове).
Музычная дынастыя Агінскіх працягваецца дагэтуль: у Англіі працуе музыкант і музыказнаўца Іва Залускі, нашчадак Міхала Клеафаса Агінскага. Акрамя гэтага, нашчадкі кампазітара, жыццё якіх таксама звязана з музыкай, ёсць у Польшчы. На думку музыказнаўцы Віктара Скорабагатава, «дзеля параўнання можна ўспомніць толькі дынастыю Бахаў, але, калі глядзець на працягласць дынастыі Агінскіх па часе, то гэта ўвогуле ўнікальная ў свеце музыкі сітуацыя».
Кніга «Адраджэнне і вяртанне» — гэта экскурс у спадчыну М. Агінскага. Яна мае міжнародны фокус: інфармацыя падаецца на беларускай і англійскай мовах. Выданне адметна тым, што спалучае цікавыя звесткі пра вынікі дзейнасці па аднаўленні і захаванні спадчыны вядомага кампазітара і яскравыя творы мастацтва выдатных беларускіх аўтараў, у якіх непарыўная сувязь мінулага і сучаснага. Акрамя гэтага, кніга аздоблена шматлікімі ілюстрацыямі: у выданні выкарыстаны фотаздымкі з фонду Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, з яго філіяла «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры», архіва выдавецтва «Чатыры чвэрці», а таксама фотаздымкі Альфрэда Мікуса і з інтэрнэт-крыніц. На думку шматлікіх даследчыкаў, спадчына Агінскага яшчэ толькі пачынае вывучацца, таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што выдавецкія праекты будуць папаўняцца.
Дзіяна КАЗІМІРЧЫК
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?