Вы тут

Ігар Запрудскі: «Адукацыя, накіраваная на развіццё мазгоў, каштоўнейшая за фізічную муштру»


Ігар Запрудскі: «Адукацыя, накіраваная на развіццё мазгоў, каштоўнейшая за фізічную муштру»

Змяняюцца часы, дзяржавы і людзі. А як змяняюцца студэнты? Пра тое, чаму Афіны перамаглі Спарту, а беларуская мова натхняе далёкіх чачэнцаў, — у гутарцы з выкладчыкам філфака БДУ кандыдатам філалагічных навук Ігарам Запрудскім.

— Вы падаліся ў дактарантуру. Ці будзеце працягваць выкладаць на філфаку?
— Не. (Уздыхае.) Бліжэйшым часам, ва ўсякім выпадку. Буду пісаць дысертацыю. Студэнты — гэта, канечне, цудоўна, але, калі яны не апраўдваюць чаканняў, гэта хутка стамляе. Разгортваюць тэкст, здаецца, нават чытаюць, а думку аформіць не могуць. Падазраю, што праблема ў гэтым (паказвае на тэлефон). Уся інфармацыя ёсць у інтэрнэце, студэнты развучыліся думаць. Трэба зрабіць дзесяць падказак, каб яны нарэшце выйшлі на патрэбны адказ. Тады пакідаеш аўдыторыю без асаблівай радасці і аптымізму. Таму адпачыць ад студэнтаў таксама някепска. Я, па сутнасці, 26 гадоў прапрацаваў на факультэце і вось што маю сказаць. У пачатку 2000-х я склаў тэст: студэнты чыталі сто старонак хрэстаматыі крытычных матэрыялаў, так ці інакш прысвечаных тром пісьменнікам (Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Янку Лучыне і Францішку Багушэвічу), а потым дыферэнцыравалі, да якой асобы адносяцца выказванні. Дваццаць гадоў таму гэты тэст лепшыя выконвалі на 98 працэнтаў. З кожным годам працэнт змяншаўся, і цяпер максімум упаў да 45! У пачатку 2000-х тэлефонаў не было, як і спадзеваў на Вікіпедыю. Сёлета я адмовіўся ад гэтага тэста, прапанаваў замест яго пісаць эсэ.
— Ці выратавала сітуацыю эсэ?
— Ай, паспрабуй ты з іх вымагчы тыя эсэ! Заўсёды кажу: «Вы павінны раскрыць СВАЁ бачанне гэтай праблемы». Таксама радасці мала (засмучана). Ёсць, канечне, выключэнні. Сённяшняе пакаленне не горшае, проста іншае. Проста іншае.
— Якое іншае?
— Яны жывуць у камп’ютарную эпоху, носяць інтэрнэт у кішэні. Не стараюцца запомніць усё на свеце, каб не засмечваць галаву непатрэбнай інфармацыяй. Вось выпадак. Я жыву за горадам. Прыходзіць да мяне ўнучка майго суседа, дзяўчынка гадоў дзесяці. Задаю ёй пытанне: «Колькі будзе шэсць на сем?» Адказвае: «Нашто мне гэта ведаць? Пагляджу ў тэлефоне». Я не пакідаю яе ў спакоі: «А як па-руску пішацца слова “малако”?» Яна кажа: «Малоко». «А як па-беларуску называецца “зонтик”?» Цішыня. Адсутнасць пісьменнасці і няведанне табліцы памнажэння не турбуюць яе і бацькоў, толькі дзеда. Да мяне не так даўно дайшла інфармацыя з ананімных апытанак студэнтаў, дзе яны даюць ацэнку выкладчыкам. Дык на мяне скардзіліся за тое, што я перагружаў сваім прадметам. Ну і плюс, калі даваў якія-небудзь творчыя заданні, некаторыя студэнты абураліся, чаму яны ўвогуле павінны іх выконваць. Даводзілася тлумачыць, што мы, выкладчыкі, акрамя таго, што імкнемся даць веды, павінны студэнтаў яшчэ і выхоўваць. Элементарная сітуацыя на прыкладзе каранавіруса. Вялікая аўдыторыя, кожнаму ёсць асобны стол. Заходзіш — не, усё адно сядзяць за апошнімі сталамі, ды яшчэ і па-двох. І калі пачынаеш прасіць, каб расселіся і надзелі маскі, яны ўспрымаюць гэта ў штыкі. Вось такая педагогіка.
— А якім вы былі студэнтам?
— Разгільдзяем. У мяне пастаянна былі канфлікты з выкладчыкамі рускай літаратуры, якую ў студэнцкія гады я ведаў нават лепей за нашу. Памятаю, прыходжу аднойчы з Ленінкі (бібліятэкі, што размяшчалася побач з філфакам БДУ) на першыя практычныя заняткі, прысвечаныя паэзіі трох рускіх класікаў ХІХ стагоддзя — Някрасава, Цютчава і Фета. А ніхто з аднагрупнікаў не падрыхтаваны. Выкладчыца паставіла 17 двоек, і, нарэшце, дайшла да мяне. Я з ёй прагаварыў да канца першай часткі заняткаў (тады пары былі з дзвюх палавінак па 45 хвілін). На перапынку стараста з надзеяй у вачах кажа: «Ігар, ты толькі загавары яе да канца заняткаў». (Усміхаецца.) І я прагаварыў пра паэзію Фёдара Цютчава другую гадзіну. Выкладчыца нарэшце мяне спыніла: «Я разумею, што вы праяўляеце такую цікавасць да лірыкі ХІХ стагоддзя, ратуючы дзяўчат». Атрымаў пяцёрку ды з лёгкай душой не рыхтаваўся да наступных трох пар. Затое дасканала падрыхтаваўся да апошняй: тады першы раз у жыцці прачытаў кнігу двойчы, пры тым, што я яе не любіў, — «Што рабіць?» Мікалая Чарнышэўскага. Атрымліваю яшчэ адну «пяцёрку» і ўпэўнены, што будзе аўтамат. Але пасля адказу на заліку выкладчыца вельмі захацела паразмаўляць са мною пра творчасць Івана Тургенева. Ён жа ў той час не ўваходзіў у лік маіх любімых аўтараў. Неяк узяўся чытаць «Веснавыя воды», мяне ад саладжавасці проста ванітавала. Незалік. Ну вось, давялося чытаць Тургенева. І, пакуль не зымітаваў зацікаўленасць яго творчасцю, выкладчыца залік не паставіла.
Быў у мяне канфлікт і з наступным выкладчыкам рускай літаратуры. Аднойчы раніцай не паспеў паснедаць і гавару старасце: «Дыяна, скажаш, што я ў камітэце камсамола». А сам пайшоў у цэкоўскую сталоўку, што таксама была побач з тагачасным філфакам. Першая гадзіна праходзіць, я вяртаюся, а выкладчык мяне выганяе. Казалі, абурыўся маёй адсутнасцю: «Шастае цяпер па камітэтах камсамола, а потым будзе ў пыжыкавай шапцы хадзіць і вамі кіраваць». У ЦК у тыя часы выдавалі супрацоўнікам такія аднолькавыя шапкі ды паліто. Потым ён усё ж дазволіў хадзіць на заняткі, але папярэдзіў: «Значыць так, малады чалавек, каб я паставіў вам “тры”, вы павінны адказваць на “шэсць”». І я быў вымушаны прачытаць ледзь не ўсе творы Фёдара Дастаеўскага, якія таксама не пераварваў. У выніку атрымаў на экзамене «пяцёрку», але далася яна мне вельмі цяжка.
— А з беларускай літаратурай як было ў вас?
— З беларускай літаратурай было нашмат горш — стаўленне да мяне як да хлопца было часам занадта паблажлівым. Выкладчык арганізоўвае сустрэчу на факультэце з пісьменнікам. Натуральна, я прачытваю кнігі, сядаю ў першым радзе, задаю пытанні да месца і не да месца — і атрымліваю «аўтамат», адпаведна. Значыць, прадмет можна ўжо не вучыць. Так заставаліся проста белыя пляміны ў маіх ведах па беларускай літаратуры. А ўжо калі стаў сам выкладчыкам, доўгі час ладзіў на філфаку беларускія вечарыны. Мала таго, што мае студэнты вучылі прадмет, дык яны яшчэ і выступалі на сцэне — дэкламавалі, рабілі інсцэніроўкі, танчылі і спявалі. Гэта, канечне, улічвалася на экзамене. Аднойчы паставілі фрагмент «Пінскай шляхы». Я быў проста ў захапленні! Інсцэніравалі драматычны абразок Гераніма Марцінкевіча «Адвячорак». Упэўнены, яго больш нідзе ніхто не ставіў.
Сачу і за сучаснай літаратурай, вядома. Купіў перадапошні раман Віктара Марціновіча «Ноч». І вечарам узяўся чытаць. Скончыў раніцай. Цэлую ноч чытаў, а потым сам сабе не мог даць адказ, чаму так здарылася. Бо, па вялікім рахунку, я не ў захапленні ад яго манеры пісання. На маю думку, гэта белетрыстыка, літаратура камерцыйнага характару. Але, калі я так крытычна стаўлюся да гэтага рамана, навошта ж я чытаў яго ўсю ноч? (Здзіўлена.)

З сваёй групай, 1989 г.

— А хто з сучасных пісьменнікаў вам імпануе?
— Насамрэч сучасная літаратура мяне засмучае. Усё ў Фэйсбуку, а ці чулі вы апошнім часам нешта вартае адтуль? Ды што я пытаюся, адразу згадаеце Андруся Горвата. Я таксама чытаў «Радзіва “Прудок”», але мяне больш за ўсё зачапіла не форма твора, а вось якая рэч. Памятаеце, у «Знаку бяды» Васіля Быкава прыходзяць немцы на хутар, і што яны самае першае загадваюць рабіць Петраку? Прыбіральню! Значыць, трэба думаць, яе на хутары не было. У Горвата апісваецца таксама, што валанцёры ходзяць па патрэбе да ветру пад нейкую там хвою. І толькі праз колькі часу будуюць прыбіральню. У гэтым плане ці многа ў нас змянілася? Гэта, відаць, ментальнасць. Дробязь, канечне, але можна правесці паралель і з культурным поступам. Мальер напісаў «Мешчанін у дваранстве» ў 1670 годзе, а ў нас аналагічны твор — «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча  — з’явіўся толькі ў 1870-м! Мы адсталі на 200 гадоў. І ці не назаўсёды? Ну, вы ад мяне нейкага аптымізму хацелі. (Смяецца.) Дзе ж яго ўзяць, калі нават наклад вашага часопіса стабільна падае. У 1953 г., калі яго адкрылі, гэта была такая супертрыбуна, што ўшчаміцца на яе было дужа праблематычна. Там такія спадары, як Быкаў, друкаваліся! Вось і разбярыся, што цяпер трэба і калі быў лепшы час для пісьменнікаў? Калі я сышоў з пасады рэдактара аддзела крытыкі часопіса «Маладосць» (недзе ў пачатку 2010-х), шчыра кажучы, адчуў палёгку, бо цяпер больш не лічыў абавязкам прачытваць (хай і па дыяганалі) тое, што прапануецца ў беларускую літаратурнамастацкую перыёдыку. Бо часам нельга чытаць такое да абеда, каб не псаваць настрой на ўвесь дзень.
— Вы доўгі час мелі справы не проста са студэнтамі, а з першакурснікамі. Назіралі хібы школьнай адукацыі?
— А як жа! Штогод знаёміўся з першакурснікамі, яны распавядалі пра сябе і, у прыватнасці, пра чытацкія ўпадабанні. Зусім мала чытаюць філолагі! Задачу я ставіў такую: расказаць, што за апошні год прачытана. Працэнтаў 25 чыталі штосьці па-за школьнай праграмай, 75 — толькі творы з яе. І незразумела, ці сапраўды яны іх чыталі. Бо ў некаторых настаўнікаў такая практыка: калі ёсць, напрыклад, шматсерыйны фільм «Людзі на балоце», то ўключаць — і навошта праводзіць урок? А яшчэ раней я працаваў у юрыдычным каледжы, дык там расказвалі нават, што беларускую літаратуру ў школе выкладалі па-руску!
— Пацвярджаю, у мае школьныя часы на ўроках беларускай мовы пажадана было размаўляць па-беларуску, але неабавязкова. Многія размаўлялі па-руску…
— Ну, гэта ж проста нонсэнс! (Абурана.) Зразумела тады, чаму не чытаюць нашу літаратуру. У час знаёмства першакурснікі называлі розных замежных аўтараў, часам нават расійскую «папсу». А калі я называў прозвішчы Федарэнкі, Марціновіча ці Бахарэвіча — у аўдыторыі маўчалі. Праўда, часта адзначалі вечнага Уладзіміра Караткевіча. І гэта беларусы. Праўда, апошнім часам у мяне было шмат іншаземных студэнтаў — кітайцы, туркмены, туркі.
— Беларускую літаратуру яны зусім не вывучаюць?
— Не, не вывучаюць. Адзінае, што можна, — даваць чытаць у перакладах. Калі выкладаў у юрыдычным каледжы, у мяне была такая практыка. Адзін год былі два студэнты-чачэнцы, якія вельмі цікавіліся беларускай літаратурай. Адзін паехаў зімой на канікулы, перад гэтым вывучыўшы «Санет» Максіма Багдановіча. Расказвае потым, як дома бабуля спытала, ці можа ён што па-беларуску сказаць. Ён адказвае: «Так, бабуля, зараз прачытаю табе верш». Бабуля з захапленнем слухала, а потым са здзіўленнем спытала: «І што, такая прыгожая мова, а яны на ёй не размаўляюць?»
— Неяк я не так сабе ўяўляла філфак…
— Тры гады я быў куратарам цяперашняга выпускнога курса. Паступіла на яго шмат медалістаў. А першую сесію завалілі амаль усе, сярэдні бал склаў няшмат больш за «пяць». Толькі адна спадарыня здала больш-менш паспяхова. Цяпер жа яны навучыліся вучыцца і на трэцім курсе здалі сесію ўжо ў сярэднім вышэй, чым на «восем». Праўда, трэба ўлічыць, што навучаліся яны дыстанцыйна. У верасні ў адной з груп я правёў маніторынг ведаў, што не павінны былі выветрыцца ад вясновай дыстанцыйкі. Лепш бы і не пытаўся. (Засмучана смяецца.) Бо проста — белая пляма. Элементарныя пытанні па змесце — няма адказу.
— Ох, неяк зусім сумна вы апісваеце сучаснае студэнцтва. А добрыя рысы назіраеце?
— Канечне. Яно надзвычай мабільнае: пяць хвілін — і знойдзены адказ на любое пытанне. У каледжы (а там школьная праграма), калі шмат навучэнцаў спазнялася, я прапаноўваў групе напісаць эсэ аб уражаннях ад прачытанага твора. Даваў 25 хвілін. Гэта было самае страшнае для іх пакаранне. Адразу «свае ўражанні» спрабавалі знайсці ў тэлефоне. Даю каманду — здаюць тэлефоны. Потым «свае ўражанні» спрабуюць знайсці ў падручніках — здаць усе падручнікі. Поўная разгубленасць! Сённяшнім навучэнцам цяжкавата выказваць свае думкі. Прывыклі да дзвюх функцый: Cntrl+C, Cntrl+V. Можа, думка ў іх і ёсць, але прымусіць яе выказаць – вялікая праблема. Цяпер сітуацыя на філфаку выправілася. А раней на беларускую філалогію цалкам адсутнічаў конкурс, прымаліся ўсе, хто падаваў дакументы. Можна ўявіць, як выглядалі некаторыя курсы. Памятаю, правёў заняткі на адным з такіх і падумаў, што трэба мяняць працу. Бо прыходзіш у аўдыторыю — і такое ўражанне, што распранацца пачні — не заўважаць: як манекены — не зводзяць вачэй з мабільных дысплэяў. Хоць ты танчы, хоць ты што — ніякай рэакцыі! У той жа час прыходзіў на рамана-германскую філалогію, там у нас самы вялікі конкурс, — зусім іншыя людзі. Сам факт таго, што бачыш разуменне на тварах падчас лекцыі, ужо цешыў.
Адукацыя, выхаванне свабоднай і інтэлектуальнай моладзі — надзвычай важна. Можна прасачыць нават на прыкладзе Спарты і Афінаў. Дзяржавы-ворагі з абсалютна рознымі сістэмамі адукацыі. Спарта — таталітарызм, на савеце старэйшын вырашалі: жыць нованароджанаму дзіцяці або не. Ёсць нейкія фізічныя недахопы ці хваробы — са скалы ў мора. Хлопчыкі павінны былі быць дужымі воінамі. Але ў рэшце рэшт перамаглі дэмакратычныя Афіны. Ужо тыя часы паказалі, што адукацыя, накіраваная на развіццё мазгоў, каштоўней за фізічную муштру.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.