Вы тут

Новы «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» будзе налічваць 250 тысяч слоў


Новы «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» будзе налічваць 250 тысяч слоў. У папярэднім было 97 тысяч

Творы сучасных аўтараў і класічная літаратурная спадчына спрыяюць кансалідацыі грамадства, уплываюць на фарміраванне і развіццё асобы. Літаратура вучыць чалавека крытычнаму мысленню, узбагачае беларускую мову і садзейнічае яе захаванню. Такія думкі агучылі ўдзельнікі нядаўняй прэс-канферэнцыі «Мова беларускіх класікаў і грамадства web.4.0: узаемадзеянне і трансфармацыя, папулярызацыя ў СМІ».


— Культура, мова, літаратура, гуманітарная сфера, навука, адукацыя заўсёды застаюцца стрыжнем існавання і функцыянавання дзяржавы і развіцця грамадства.

Я хачу сказаць, што наша класіка не вычэрпваецца толькі ўласна класічнай спадчынай, дзе творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Багдановіча і іншых. Класічныя традыцыі вельмі актыўна працягваюцца і ў нашай сучаснай беларускай літаратуры. І ў беларускамоўнай, і ў рускамоўнай, — адзначыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка. — Калі браць сучасных аўтараў, то я, назіраючы іх грамадзянскую пазіцыю, бачу, што яны нацэлены на кансалідацыю грамадства, на стваральную працу. У гэтым і заключаецца пісьменніцкая місія. Мы часам гэтага не заўважаем, але менавіта літаратура, прыгожае пісьменства ўплываюць на сталенне чалавека, на фарміраванне яго светапогляду. І, нарэшце, мы жывём у такім глабальным свеце, дзе літаратура выступае важным чыннікам міжнароднага дыялогу. Нехта можа наведаць іншую краіну, а многія даведваюцца пра суседзяў менавіта праз літаратурныя творы. Таксама і праз нашы творы народы з іншых краін даведваюцца пра жыццё, праблемы, здабыткі Беларусі. Літаратура — той падмурак, на якім адбываецца і павінна адбывацца яднанне народа ў адзіную сям'ю.

У сваю чаргу дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў адзначыў, што сёння вельмі актуальна гучыць тэма папулярызацыі мовы класікаў і захавання мовы ў цэлым не толькі для нашай краіны, але і для ўсёй сусветнай супольнасці. Пра гэта сведчаць шматлікія форумы, канферэнцыі, дзе спрабуюць знайсці вырашэнні вучоныя з розных краін свету. Чаму гэта так важна?

— Мова кожнага народа з'яўляецца ўнікальным інструментам для разумення і апісання навакольнага асяроддзя, важным сродкам камунікацыі, перадачы ведаў. Уяўляе сабой своеасаблівае сховішча гістарычнага і сацыяльнага вопыту нацыі. Выступае ў якасці фактару цэнтралізацыі і сродку самаідэнтэфікацыі чалавека. Увогуле без нацыянальнай мовы не могуць існаваць нацыя і дзяржава. Нягледзячы на гэта, амаль палова моў свету, па даных ЮНЕСКА, сёння знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Многія мовы страчваюць сваё значэнне ў разнастайных сферах грамадскага жыцця, уключаючы навуку, культуру, СМІ, палітыку, справаводства, бізнес і турызм, — адзначыў Ігар Капылоў. — 600 моў знікла на працягу ХХ стагоддзя. І на жаль, гэтыя працэсы працягваюцца. Калі яны будуць і далей працягвацца, то, паводле песімістычных прагнозаў ЮНЕСКА, можа знікнуць каля 90 % існуючых моў.

На думку навукоўца, да асноўных выклікаў сучаснасці, якія аказваюць істотны ўплыў на сітуацыю з мовамі, адносяцца працэсы глабалізацыі, размыванне культурных межаў, страта культурных адрозненняў. Таксама негатыўна на нормах літаратурнай мовы на розных узроўнях сказваюцца лібералізацыя адукацыі, развіццё сацыяльных сетак і публічнай інфармацыйнай прасторы. Сёння ўзнікла прынцыпова новае інфармацыйнае асяроддзе. Але адсутнічаюць аўтарытэты, нормы і межы самавыказвання.

І тут важна памятаць, што страта нацыянальных моў вядзе не толькі да страты традыцыйнай духоўнай спадчыны, пераемнасці ведаў, але і да страты сусветнай культурнай разнастайнасці. Менавіта праца пісьменнікаў і папулярызацыя іх творчасці ў СМІ адыгрываюць выключна важную ролю ў развіцці беларускай мовы і станаўленні яе норм. Не меншы ўплыў на папаўненне лексічнага складу і вызначэнне моўных норм аказвае публіцыстыка.

— Актуальнымі застаюцца працэсы неалагізацыі і запазычвання слоў. Напрыклад, новы Тлумачальны слоўнік, першы том якога ў Інстытуце мовазнаўства плануюць выдаць ужо ў наступным годзе, будзе налічваць прыкладна 250 тысяч слоў — вельмі добрае таму пацверджанне, бо папярэдні пяцітомны слоўнік змяшчае крыху больш за 97 тысяч слоў. Калі разглядаць у параўнанні, то нават Оксфардскі слоўнік налічвае 190 тысяч слоў літаратурнай англійскай мовы, якая мае тысячагадовую гісторыю развіцця. Так што мова наша не бяднейшая, а нават багацейшая ў плане лексічнага складу, — кажа Ігар Лявонавіч. — Яшчэ я хацеў бы звярнуць увагу на вельмі важны аспект. Сёння вельмі важна наяўнасць мовы ў кіберпрасторы. Таму што прысутнасць у інтэрнэце — сёння гэта адна з асноўных умоў захавання і папулярызацыі мовы.

У гэтым кірунку ў беларускай мовы, на думку даследчыка, добрыя перспектывы, бо яна прысутнічае ў Вікіпедыях, у сацыяльных сетках, а таксама ў інтэрнэт-бібліятэках.

Мовазнаўцы таксама робяць свой уклад: напрыклад, ствараюць электронныя версіі слоўнікаў. У Інстытуце мовазнаўства рыхтуюць яшчэ і Зводны зборнік беларускіх гаворак.

— Вывучэнне класічных узораў мастацкага слова з'яўляецца адным з найважнейшых этапаў літаратурнай адукацыі. Тым не менш час ад часу мы чуем пытанне, а навошта ж вывучаць класічную літаратуру? І ў адказ на яго я маю некалькі аргументаў. Па-першае, вывучэнне класічнай літаратуры — адзін з самых эфектыўных спосабаў развіцця моўнага інтэлекту. Ад чытання класічнай літаратуры развіваецца як актыўны, так і пасіўны слоўнікавы запас, таксама гэта спрыяе развіццю эрудыцыі, камунікатыўных навыкаў, самарэалізацыі асобы ў будучым. Па-другое, класічная літаратура — дзейсны сродак пазнання наваколля. Менавіта творы Коласа, Купалы, Багдановіча, Гарэцкага і іншых беларускіх класікаў дапамагаюць разумець, што ў свеце не існуе абсалютнай ісціны. Іх творы, якія абмяркоўваюцца ў школе, развіваюць крытычнае мысленне. Узоры класічнай літаратуры даюць мадэлі паводзін у розных сітуацыях. Праз класічную літаратуру закладваюцца культурныя коды разумення ўнутранага свету беларусаў. Гэта важны момант захавання самога сябе ў глабальным свеце, — падзяліўся падчас абмеркавання начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў Караткевіч. — Складальнікі вучэбных праграм і аўтары вучэбна-метадычных матэрыялаў прыкладаюць максімум намаганняў для таго, каб праз класічную літаратуру наша будучае пакаленне навучылася крытычна мысліць, адчуваць смак прыгожага, атрымліваць асалоду ад стылю пісьменніка.

Як бачым, хоць праблемы і існуюць, але агульнымі намаганнямі іх можна вырашыць. І тым самым пасадзейнічаць захаванню і развіццю беларускай мовы і яе прысутнасці ў сусветнай культурнай і інфармацыйнай прасторы.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю sb.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.