Вы тут

ФПБ: Патрэбен прынцыпова новы механізм паставак гародніны і садавіны


А яшчэ ёсць нараканні і ў дачыненні да фарміравання стабілізацыйных фондаў

Пра гэта заявілі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па выніках правядзення чарговага цанавога маніторынгу.


Па выніках студзеньскага маніторынгу (у параўнанні са снежнем мінулага года) у нацыянальным прафцэнтры канстатавалі, што спажывецкія цэны на каўбасныя вырабы, масла, муку, рыс засталіся на ранейшым узроўні. Трохі ўпалі ў цане ялавічына, малако, свініна, смятана, тварог, хлеб.

«Разам з тым, у чарговы раз адзначаны рост цэн практычна на ўсе віды традыцыйнай для харчавання беларусаў гародніны — капусту, бульбу, цыбулю, моркву, буракі. Калі параўноўваць са студзенем мінулага года, то па асобных пазіцыях рост склаў да 25 %», — падкрэслілі ў Федэрацыі прафсаюзаў.

Варта адзначыць, што ФПБ ужо не раз звяртала ўвагу ўрада на значны рост цэн на беларускія гародніну і садавіну.

«Аналіз сітуацыі з пастаянным і значным ростам цэн на гародніну, асабліва ў зімова-вясновы перыяд, паказаў недасканаласць сістэмы ўзаемадзеяння вытворцаў і прадстаўнікоў рознічных сетак. Ёсць сур'ёзныя нараканні і ў дачыненні да фарміравання стабілізацыйных фондаў. Нацыянальны прафцэнтр выступіў з прапановай увесці прынцыпова новыя механізмы па фарміраванні стабілізацыйных фондаў і ў цэлым паставак гэтай групы тавараў на рынак. У прыватнасці, прапаноўвалася ўвесці ў практыку сістэму доўгатэрміновых кантрактаў паміж вытворцамі і прадаўцамі з гарантаванай аплатай на ўвесь зімова-вясновы сезон. Акрамя таго, прапаноўвалася прапрацаваць пытанне выдачы льготных крэдытаў і субсідый для пакрыцця часткі выдаткаў на выплату працэнтаў за выкарыстанне крэдытамі на стварэнне міжсезонных запасаў, прымянення паніжальных каэфіцыентаў да стаўкі зямельнага падатку юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць захоўванне і рэалізацыю стабілізацыйных фондаў, нарыхтоўку ў сельскагаспадарчых вытворцаў і насельніцтва».

Тым не менш на сённяшні дзень сітуацыя застаецца ранейшай: цэны на прадукцыю айчынных сельгасвытворцаў упарта працягваюць расці ўверх. У сувязі з гэтым Федэрацыя прафсаюзаў выступае з прапановай сабраць на сваёй пляцоўцы ўсіх зацікаўленых прадстаўнікоў экспертнага савета па пытаннях цэн і тарыфах, вытворцаў, перапрацоўшчыкаў, рознічных сетак, а таксама адпаведных міністэрстваў і ведамстваў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.