Вы тут

Януш Леон Вішнеўскі. Каханне і самота


Януш Леон Вішнеўскі — бадай, ці не самы папулярны ў Беларусі з сучасных польскіх пісьменнікаў. Ён не раз наведваў нашу краіну, распавядаў пра сябе і сваю творчасць на сустрэчах з чытачамі. Падчас аўтограф-сесій да яго выстройваліся вялізныя чэргі прыхільнікаў.


Раман Януша Вішнеўскага «Канец адзіноты», пераствораны па-беларуску Кацярынай Маціеўскай і Ганнай Янкутай, нядаўна пабачыў свет у сталічным выдавецтве «Янушкевіч».

У анатацыі пазначана, што твор з’яўляецца пачуццёвым працягам легендарнага рамана «Адзінота ў сеціве» (2001), што, выдадзены паруску, на працягу не аднаго года быў бестселерам і ў нас, і ў Расіі. Чым жа раман так зачараваў чытача?

«Адзінота ў сеціве» — шчымлівая, пранізлівая гісторыя кахання. Аўтар апісаў сучаснікаў, іх праблемы, спробы стаць шчаслівымі і… татальную, невыкараняльную адзіноту, якая з’яўляецца неад’емнай часткай існавання многіх людзей. Не дзіва, што кніга стала адной з самых запатрабаваных: шмат хто пазнаў у ёй сябе, уласны досвед. Гэта аповед без хэпі-энду, у фінале якога аўтар пакідае сваіх герояў надламанымі, з расшкуматанымі душамі, вымушанымі ізноў, які ўжо раз, «збіраць» сябе па кавалках. Гэткі ж стан перадаецца і чытачу. У сучасным свеце звышхуткіх інфармацыйных патокаў і перагружанасці чалавеку надзвычай складана сустрэць роднасную душу і, галоўнае, зразумець гэта (бо неабходны доўгія шчырыя размовы, няпросты шлях псіхалагічнага пранікнення ў свет іншай асобы і яе спазнанне, дый аналіз уласных запатрабаванняў). Нават сем’і часта ствараюцца як негалосны кантракт аб наладжванні сумеснага побыту, калі «падыходзіць час», — так зручней існаваць, паўстае ілюзія пэўнай абароненасці. У чалавека няма часу зразумець нават самога сябе, не кажучы пра тое, каб даследаваць, чым жыве яго партнёр. Героі ж Вішнеўскага, Якуб і Агнешка, хай сабе і пазнаёміліся ў сеціве, мелі смеласць на працяг «размовы» ў рэальнасці. Яны адчулі, што не проста з’яўляюцца роднаснымі душамі, але Бог нібыта спецыяльна стварыў іх адно для аднаго. Кожны зведаў балючыя страты, тым больш аргументаў цаніць і берагчы іншага. Расстаюцца ж яны, па вялікім рахунку, з-за таго, што Агнешка… спужалася! Аднойчы дазволіўшы сабе зведаць сапраўднае шчасце, пераканаўшыся, што цуд усёпаглынальнага кахання магчымы не толькі ў казках, але і ў рэальнасці, яна палохаецца гэтага! А варта ёй было дапусціць толькі цень сумнення, як да кучы навалілася і пачуццё віны, і ўсведамленне ўласнай сацыяльнай агіднасці (яна ж здрадзіла мужу, балазе што адносіны яго да жонкі базіраваліся на эгаізме і безапеляцыйнай упэўненасці ва ўласным вяршэнстве), і рызыка апынуцца перад чымсьці нязведаным, на парозе новага досведу... Куды зручней аказалася вярнуцца ва ўласную ракавіну, хай і цесную, да абрыдлых стасункаў з мужам (што сталі для яе як адзенне, з якога яна вырасла), затое — без каліва нейкай непрадказальнасці, туды, дзе ўсё вядома навобмацак, з заплюшчанымі вачыма, на многа крокаў наперад…

З заміраннем сэрца разгортваеш працяг даўняй гісторыі, спадзеючыся ізноў сустрэцца з яе героямі, якія, нягледзячы на знешнія абставіны, упарта змагаюцца за права быць шчаслівымі, зразуметымі, пазбавіцца самоты. Тым больш на адпаведныя сентэнцыі натхняе сама назва — «Канец адзіноты». На першых жа старонках мы назіраем за Агнешкай, як яна, выслізнуўшы са шлюбнага ложка з-пад рукі паўсоннага мужа, сам-насам напіваецца віскі на ўласным балконе, размазваючы слёзы і згадваючы самыя яркія старонкі кахання да Якуба. Яна — ужо не тая гарэзлівая, дзёрзкая, імпульсіўная, здольная на непрадказальныя ўчынкі дзяўчына, якой палюбілі яе чытачы папярэдняга рамана. Са сталасцю і досведам з’явіліся асцярожнасць і разважлівасць. А з яе мужам трансфармацыя адбылася зусім неверагодная: з чэрствага эгаіста, для якога істотнай была толькі ўласная асоба, ён ператварыўся ў чулага і клапатлівага сем’яніна і бацьку. Яго нібы падмянілі! Цяпер ён здольны на самыя добрыя і  альтруістычныя ўчынкі: кладзе ў жончыну сумку акуратна падрыхтаваныя для яе абеды, каб тая не сядзела галоднай на працы; падчас ляснога паходу прыхоўвае частку грыбоў у вялікім заплечніку, каб у кошыку іх было не болей, чым назбіраў малы сын… (Пад уплывам чаго Ёахім гэтак змяніўся, узняўся над сабой ранейшым, настолькі псіхалагічна вырас, чытачу не паведамляецца.) Але ж галоўныя героі ў творы — моладзь: сын Агнешкі Якуб (названы ёю імем найдаражэйшага для яе чалавека) і каханая Якуба-малодшага Надзя. Гісторыя іх блізкасці выглядае амаль ідылічнай: на працягу ўсяго рамана яны ні разу не пасварыліся, цень непаразумення прамільгнуў толькі аднойчы і  адразу ж быў «прапрацаваны» ў размове. Маладыя людзі — тыповыя прадстаўнікі новага пакалення: яны ведаюць, чаго хочуць ад жыцця і  як зарабіць грошы, здольны прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць, не вырашаюць свае праблемы за кошт іншых. Гісторыя Агнешкі і яе дачыненні з мужам падаюцца часткова ў інтэрпрэтацыі сына Якуба, які перажывае, што маці не ставіцца да бацькі з той жа цеплынёй, што ён — да яе. Для Якуба незразумела яе халоднасць і адчужанасць…

Да гісторыі Агнешчынага кахання мы вяртаемся праз дэтэктыўнае расследаванне, што на падставе выпадкова атрыманых урыўкавых звестак і супастаўленняў з «раманам аднаго польскага пісьменніка» праводзіць Надзя. З Агнешчыным каханым сустракаемся толькі завочна: праз інфармацыю, якую Надзя выкопвае ў сеціве. Даўняя драма прымусіла Якубастарэйшага памяняць месца жыхарства і звыклую працу  — ён пераязджае ў глыб іншага кантынента, так і застаўшыся самотным. Надзея на шчаслівы яго лёс, што на працягу ўсяго расповеду трымала ў тонусе, падагравала цікаўнасць, растае на апошніх старонках — з ім мы болей не «ўбачыліся»...

Аўтар не дае адназначнага адказу, ці пашкадавала Агнешка пра той даўні выбар не на карысць каханага, ці не пакутуе яна ад запозненага раскаяння. У любым выпадку чалавек ніколі не мае шансу «адыграць» назад і перапісаць жыццё на чыставік без памылак, як бы ні шкадаваў. Але нечы досвед можа стаць урокам іншым. Дык што ў выніку страціла і што знайшла Агнешка? Па-першае, страціла сябе як Жанчыну, і патэнцыял яе нерэалізаванага кахання цяжарам застаўся ў  душы. Падругое, і Якуб-старэйшы праз гэта застаўся адзінокім (такім чынам, назва рамана апраўдана хіба што ў дачыненні да Якуба-малодшага і Надзі). Па-трэцяе, Агнешка ўсё адно жыве ў хлусні: Якуб-малодшы, як выявіла экспертыза па яго замове, не з’яўляецца сынам таго, каго ён называе бацькам. Па-чацвёртае, у выніку і Якуб-старэйшы аказваецца абкрадзеным на радасць бацькоўства… Адзіная «знаходка» — цалкам забяспечанае жыццё, у якім усялякая рызыка і непрадказальнасць зведзены да мінімуму. Калі толькі такое можна лічыць «знаходкай». Дый кар’еру ніхто не замінае рабіць… Хаця, што да кар’еры, пытанне спрэчнае: і Якуб, як можна меркаваць на падставе аналізу яго характару, не замінаў бы Агнешцы ў яе прафесіі.

Але няма сэнсу злавацца на кніжку за тое, што фінал яе не такі, якім яго хацелася б бачыць: гэта тыповая гісторыя з  жыцця, тысячы падобных адбываюцца побач з намі… Зрэшты, жыццё працягваецца, Якуб-старэйшы, хоць і з’ехаў у Аўстралію, балазе, не памёр, Якуб-малодшы сустрэў сваё каханне, у яго — сваё жыццё, незалежнае ад бацькоў. Калі Яго Вялікасць Лёс палічыць тое патрэбным, патэнцыйна Якубстарэйшы і Агнешка яшчэ могуць паглядзець адно аднаму ў вочы і дараваць…

Тадора ШПІЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.