Вы тут

Сацыяльная адзінота пры мностве «сяброў». Ад чаго залежыць псіхалагічны дабрабыт дзяцей і падлеткаў?


Ілья скончыў школу з залатым медалём. Кажа, што заўсёды імкнуўся да высокіх адзнак, і ўсё яго акружэнне было падобнае: сябры матывавалі адзін аднаго. «Зараз я вучуся ва ўніверсітэце на другім курсе. Калі пачаў аналізаваць сваё жыццё, зразумеў, што мы пастаянна знаходзімся ў нейкай гонцы, да чагосьці імкнёмся. Магчыма, гэта сіндром выдатніка, калі ты выконваеш заданне не на сто працэнтаў, а на сто дваццаць, калі табе шкада марнаваць свой час на адпачынак, — разважае юнак. — У адзінаццатым класе мяне запрашалі паглядзець фільм, а мне здавалася неразумным выдаткоўваць на гэта аж дзве гадзіны свайго часу. У выніку — пастаяннае напружанне, трывожнасць, калі ты не ўзнагароджваеш сябе за тое, што зрабіў, а працягваеш думаць, што трэба рабіць больш для сваёй будучыні. Цяпер я займаюся валанцёрствам і роўным кансультаваннем падлеткаў па ініцыятыве ЮНІСЕФ. Бачу, што з аналагічнымі праблемамі сутыкаюцца многія. У сацыяльных сетках пастаянна кажуць: трэба быць прадуктыўнымі, не ленавацца, больш працаваць над сабой. У школе таксама ідзе толькі адзін пасыл — неабходна вучыцца на «дзясяткі» і быць найлепшымі. Да школьнага псіхолага я звяртаўся толькі аднойчы, яшчэ ў пятым класе, але ў далейшым гэты спецыяліст не выклікаў у мяне даверу, разглядаў яго выключна як памочніка педагога-арганізатара ў школе, таму звяртаўся да іншага псіхолага. Я лічу, што падлеткі павінны адчуваць, што іх жыццё — у іх руках. Трэба жыць, як душа жадае і знаходзіць «залатую сярэдзіну», а не ўпадаць у крайнасці».


Яшчэ адзін роўны кансультант ЮНІСЕФ, пятнаццацігадовая Валянціна, на просьбу расказаць, з якімі псіхалагічнымі праблемамі сутыкаецца моладзь, адказала: «Гэта эйджызм — дыскрымінацыя чалавека або групы людзей па ўзроставай прыкмеце. Дзеці і падлеткі вельмі часта чуюць фразы: «Ты яшчэ не дарос...», «У тваім узросце я...», «Ты ў жыцці яшчэ нічога не разумееш» і гэтак далей. Варыяцый шмат, але сутнасць адна. Падлеткі ў большай ступені, чым іншыя, залежаць ад меркавання навакольных, і ў першую чаргу, ад меркавання бацькоў. І калі тыя не ўспрымаюць іх усур'ёз, то ўсе свае ідэі і праекты яны адкладваюць на доўгі час. Адзінае жаданне ў іх — хутчэй стаць старэйшымі, але потым здараецца выгаранне... Я лічу, што школьныя псіхолагі вельмі дапамагаюць, калі даюць дзіцяці зразумець, што яго ідэі важныя менавіта тут і цяпер, незалежна ад узросту... А калі дыскрымінацыя ідзе з боку настаўнікаў, псіхолагі таксама могуць дапамагчы школьнікам. У мяне не было асабістага досведу звароту да школьнага псіхолага, таму што прысутнічаў страх публічнасці. Абяцананая ананімнасць была толькі на словах. Мы ўсе ведалі, хто з нашага класа ці з нашай паралелі звяртаўся да псіхолага, больш за тое, інфармацыя, якой вучань дзяліўся са спецыялістам, потым агучвалася ў класе, напрыклад, калі ў сям'і дзіцяці былі праблемы...»

Прычыны суіцыдальных думак

Псіхалагічны дабрабыт дзяцей і дапамога непаўналетнім у крызісных сітуацыях аказаліся ў цэнтры ўвагі круглага стала, арганізаванага Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка сумесна з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.

З 2020 года ЮНІСЕФ разам з БДПУ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі рэалізуюць праект «Псіхалагічны дабрабыт школьнікаў: прафілактыка суіцыдальных паводзінаў і дапамога ў крызісных сітуацыях».

— Летась з-за пандэміі шмат дзяцей у свеце не наведвалі школу месяцамі, не сустракаліся са сваімі равеснікамі, яны бачылі, як іх бацькі змагаюцца за дабрабыт сям'і і страчвалі сваіх блізкіх. У Беларусі быў больш ліберальны падыход і школы не зачыняліся, тым не менш, няма сумненняў, што на псіхалагічны стан дзяцей і маладых людзей пандэмія ўсё ж такі паўплывала, — падкрэслівае прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Таццяна РАДАЧАЙ. — Праблемы ніколі не ўзнікаюць на пустым месцы. Таму спецыялісты, якія ўзаемадзейнічаюць з дзецьмі і падлеткамі, павінны ведаць, што трэба разумець пад нармальнымі паводзінамі, а што выходзіць за норму і павінна насцярожыць. Дзеці могуць быць ахвярамі гвалту, пакутаваць, калі бацькі скасавалі свой шлюб, ад страты членаў сям'і, дамашняга гадаванца і гэтак далей. Яны могуць пераадолець адну-дзве такія падзеі, але калі іх тры і больш, самастойна, без нашай дапамогі, падлеткам справіцца будзе праблематычна.

У 2018—2019 гадах у Беларусі праводзілася сацыялагічнае даследаванне праблем псіхічнага здароўя і суіцыдальных паводзінаў моладзі і падлеткаў. У апытанні ўзялі ўдзел 3600 чалавек ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў са 156 устаноў адукацыі розных тыпаў з усіх рэгіёнаў краіны.

— У ходзе даследавання ўдалося высветліць, што больш за 18 працэнтаў падлеткаў і моладзі мела прыкметы дэпрэсіўнай сімптаматыкі, і кожны чацвёрты задумваўся пра суіцыд, — паведаміў спецыяліст ЮНІСЕФ па маніторынгу і ацэнцы Уладзімір ВАЛЕТКА. — У 18 працэнтаў апытаных думка пра самагубства прыходзіла аднойчы, а ў 8 працэнтаў — неаднаразова. Асноўнымі прычынамі суіцыдальных думак у падлеткаў з'яўляюцца пачуццё адзіноты (49,2 працэнта), канфлікты з бацькамі (43,4 працэнта), немагчымасць знайсці сваё месца ў жыцці (36,3 працэнта), няшчаснае каханне (29,9 працэнта), праблемы з вучобай (26,4 працэнта), канфлікты з аднагодкамі (амаль 19 працэнтаў), страта блізкага чалавека (17 працэнтаў).  Было ўстаноўлена, што шанцы з'яўлення суіцыдальных думак у 3,6 раза вышэйшыя, калі ёсць прыкметы дэпрэсіі, у 1,8 раза вышэйшыя, калі падлетак сутыкнуўся з фізічным гвалтам, у 1,6 раза — у выпадку псіхалагічнага гвалту, у 2,4 раза — у дзяўчат-падлеткаў, у 1,9 раза — пры ўжыванні алкаголю і ў 3,8 раза вышэйшыя ў хлопцаў-падлеткаў, якія знаходзяцца ў напружаных адносінах з бацькам. Між іншым, шанцы на з'яўленне дэпрэсіўнай сімптаматыкі таксама вышэйшыя ў дзяўчат-падлеткаў (у 1,6 раза) і ў хлопцаў, якія канфліктуюць з бацькам (у 2,7 раза). А калі падлеткі не ведаюць, чаго хочуць дасягнуць у жыцці, рызыка з'яўлення дэпрэсіўнай сімптаматыкі ў іх вышэйшая ўдвая.

Спосаб быць пачутымі

— Сучасныя падлеткі шмат часу праводзяць у віртуальнай рэальнасці, дзе ў іх шмат «сяброў», але пры гэтым яны застаюцца ў сацыяльнай адзіноце, — канстатуе загадчыца кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ, кандыдат псіхалагічных навук Наталля ПУЗЫРЭВІЧ. —  З віртуальнымі сябрамі няма вопыту агульных спраў, на іх немагчыма абаперціся. У сацыяльнай сетцы лёгка дабавіць кагосьці ў сябры і таксама лёгка з іх выдаліць. А ў рэальным жыцці ўсё зусім не так: людзі не адпавядаюць тваім чаканням, для таго каб сябраваць, трэба быць гатовымі, што іншы чалавек на цябе непадобны. Трэба пераадольваць цяжкасці непаразумення, уваходжання ў кантакт, падтрымання адносін.

Да таго ж у віртуальнай рэальнасці дзіця атрымлівае шмат інфармацыі, якую яно не можа крытычна ацэньваць. Калі дзіця знаходзіцца ў сеціве ад чатырох гадзін і больш, гэта можа прыводзіць да фарміравання дэпрэсіўных тэндэнцый і ў далейшым да суіцыдальных намераў. Ёсць адпаведныя даследаванні на гэты конт. Але, паверце, што ў падлеткаў, якія сутыкаюцца з суіцыдальнымі думкамі і намерамі, няма ні мэты, ні жадання, ні інтарэсу сыходзіць з жыцця. Для многіх з іх заявы, якія папярэднічаюць суіцыдальнай спробе, пра тое, што «жыць нецікава», «а ці патрэбна ўвогуле жыць», — гэта спосаб быць пачутымі іншымі, сказаць услых, што я адзін! Праблемы, якія дарослымі ўспрымаюцца як нязначныя, для падлеткаў могуць стаць штуршком да трагедыі. Таму вельмі важна з імі размаўляць, цікавіцца, што адбываецца, як ты гэта разумееш, што ты адчуваеш?

Калі настаўнік бачыць, што паводзіны падлетка рэзка змяніліся, ён быў вясёлы, актыўны, а цяпер пагружаецца ў сябе, адасабляецца ад равеснікаў, гэта павінна стаць трывожным сігналам. Ніводная змена не павінна заставацца без увагі. Трэба даць яму зразумець, што любая праблема — важная, але яна вырашальная, а мы знаходзімся тут, побач, каб дапамагчы. Трэба выступаць буферам паміж падлеткам і яго страхамі. Падлетак павінен адчуваць сваю неабходнасць іншым, тады ў яго не будзе сумненняў у каштоўнасці ўласнага жыцця. Дарослыя павінны прымаць яго такім, які ён ёсць. І ў падлетка павінна быць права на памылку...

Апошняя кропля

У якасці прыкладу таго, як здараюцца непапраўныя трагедыі, прывядзём выпадкі, якія адбыліся ў рэчаіснасці.

Дзве адзінаццацігадовыя дзяўчынкі пачалі сустракацца з хлопчыкамі. Далей — канфлікт і першае расстанне. Адна сяброўка прапанавала другой скокнуць з воданапорнай вежы. Першая здзейсніла смяротны скачок. Другая дзяўчынка, якая засталася жывая, пазней расказала — яна ўспрымала ўсё як жарт і не думала, што яе сяброўка гаворыць усур'ёз і сапраўды збіраецца скокнуць...

А вось яшчэ адзін трагічны выпадак. Пятнаццацігадовы падлетак, шостае дзіця ў сям'і, што знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы з прычыны алкагалізму бацькоў. У час летніх канікулаў юнак працаваў жывёлаводам. Ён ніколі не знаходзіўся на ўліку ні ў нарколага, ні ў псіхіятра, але аднойчы яго знайшлі ў пятлі ў гаспадарчай пабудове. Дапытаная маці паведаміла, што яе сын ніколі ні з кім не канфліктаваў і не меў ворагаў. Сябры і аднакласнікі казалі пра хлопца толькі добрае. А сястра расказала, што за дзень да трагедыі маці з сужыцелем ужывалі спіртныя напоі, калі брат запытаўся, куды зніклі яго новыя боты. Ён набыў іх за свае грошы. Маці стала крычаць, сказала, што не ведае, а потым схапіла куртку, якую сын набыў ёй таксама за самастойна заробленыя грошы, і кінула яе ў печку. На наступны дзень здарылася трагедыя. Судовыя эксперты прыйшлі да заключэння, што ў момант, які папярэднічаў суіцыду, у дзіцяці не было псіхічнага расстройства. Фактычна яно знаходзілася ў хранічнай псіхатраўмуючай сітуацыі, якая развівалася па прынцыпе «апошняй кроплі». Такой кропляй і стаў канфлікт з маці...

— Суіцыд бывае імпульсіўным парывам, але часцей за ўсё суіцыдальныя паводзіны праходзяць шэраг стадый, якія не заўважыць навакольным практычна немагчыма. Для прафілактыкі суіцыдаў нельга дзейнічаць паасобку: урачы самі па сабе, а педагогі самі па сабе, — падкрэслівае намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера (у мінулым судовы эксперт-псіхіятр) Таццяна КРЫНЧЫК. —  Суіцыдальныя паводзіны дзяцей, як правіла, не звязаны з наяўнасцю ў іх нейкіх псіхічных расстройстваў. Дзеці, якія здзейснілі завершаныя суіцыды, у 90 працэнтах выпадкаў ніколі не звярталіся па спецыялізаваную дапамогу і не былі на прыёме ні ў псіхолага, ні ў псіхіятра. У абсалютнай большасці выпадкаў прычынай суіцыдальных паводзінаў у дзяцей і падлеткаў становяцца нейкія сітуацыйныя рэакцыі пратэсту. У 80 працэнтах выпадкаў прычына — складаныя ўнутрысямейныя адносіны і канфлікты.

Спецыяліст звяртае ўвагу на тое, што ў дзяцей да 12—13 гадоў няма разумення незваротнасці таго, што адбываецца. Яны недаацэньваюць смяротную небяспеку як ад вышыні, так і ад таблетак. Некаторыя разважаюць прыкладна так: «Вось буду я ляжаць у труне, і тады мая маці нарэшце зразумее, якая я добрая і прыгожая...» Але найбольш суіцыдальна небяспечны ўзрост — 15—17 гадоў.

— Для нас вялікай праблемай з'яўляецца стыгматызацыя псіхіятрычнай службы, бо многія бацькі лічаць, што калі дзіця прыйшло на прыём да псіхіятра, то гэта абавязкова адаб'ецца на яго далейшым лёсе: паступленні ў ВНУ, кар'еры, атрыманні правоў кіроўцы і іншых сацыяльных аспектах. Што дзіця будзе пастаўлена на ўлік, аб гэтым паведамяць у школу... Але ніякімі звесткамі пра сваіх пацыентаў мы ні з кім не дзелімся, — запэўнівае Таццяна Крынчык. — Больш за тое, бацькі могуць звярнуцца да спецыяліста ананімна. Галоўнае — каб пры ўзнікненні праблемы яны дайшлі да нашай службы, і ў гэтым могуць дапамагчы педагогі: падказаць ім, як дзейнічаць і куды звяртацца. Да дасягнення дзіцем 14 гадоў яно можа быць абследавана псіхіятрам толькі са згоды бацькоў або асоб, якія іх замяняюць. А пасля 14 гадоў падлетак мае права самастойна звярнуцца да спецыяліста, не гаворачы пра гэта сваім бацькам.

Кругласутачная дапамога

Больш як дваццаць гадоў у краіне працуе тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў + 375 17 263 03 03, а з 2017 года яшчэ і рэспубліканская Дзіцячая лінія дапамогі 8-801-100-16-11. Фактычна гэта дзве дыстанцыйныя службы аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі.

— Тэлефон даверу адпавядае ўсім крытэрыям выпадковага спадарожніка: дзіця не бачыць спецыяліста, яго таксама не бачаць, сябе неабавязкова называць, можна размаўляць ананімна пад выдуманым імем, таму прасцей даверыць сваю праблему, падзяліцца з чужым чалавекам сваімі сумненнямі і страхамі, — кажа загадчыца псіхалагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога клінічнага дзіцячага псіхіятрычнага дыспансера Вольга НАВУМЕНКАВА. — Тэлефон працуе кругласутачна, ананімна, а ў ролі кансультантаў выступаюць медыцынскія псіхолагі. Галоўная іх задача — зняць псіхаэмацыянальнае напружанне. Тэлефануюць падлеткі ў крызіснай сітуацыі, якія адчуваюць невыносны псіхалагічны боль і неабходнасць у жывой чалавечай падтрымцы. Кансультант, даючы падлетку магчымасць выказаць свае пачуцці, аказвае яму крызісную падтрымку.

Толькі за студзень гэтага года на тэлефон даверу паступіла дванаццаць званкоў з нагоды суіцыдальных думак і намераў, а на Дзіцячую лінію дапамогі — чатыры такія звароты. 16 падлеткаў знаходзіліся ў крызісе, з іх чатыры потым прыйшлі на вочны прыём да спецыялістаў. 30 званкоў на абедзвюх лініях былі звязаны з той ці іншай формай гвалту ў дачыненні да дзіцяці. Здараецца, што дзіця, якое тэлефануе, не агучвае сапраўдную прычыну свайго званка, расказвае выдуманыя гісторыі, але нават у гэтым выпадку спецыяліст можа зразумець, што яго насамрэч хвалюе. Псіхолагам важна, каб дзіця само разабралася, што з ім адбываецца, само прыняло рашэнне і было гатовае несці адказнасць за свае ўчынкі і выбар.


Найбольш распаўсюджанымі прыкметамі суіцыдальных паводзін з'яўляюцца:

  • дэпрэсія;
  • агрэсіўнасць;
  • парушэнне апетыту;
  • раздача падарункаў навакольным;
  • перамены ў паводзінах і іншыя.

Насцярожыць павінны наступныя выказванні дзіцяці: «Хачу памерці!», «Ты мяне больш не ўбачыш!», «Я гэтага не вытрываю!», «Хутка ўсё гэта скончыцца!», «Ніхто з жыцця яшчэ жывым не сыходзіў!», «Калі з ёй штосьці здарыцца, то я не выжыву, а пайду ўслед за ёй!», «Калі ён мяне разлюбіць, я перастану існаваць!» і іншыя.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.