Вы тут

«Калі б я быў сенатарам...» Наталля Качанава сустрэлася з пераможцамі конкурсу


У сераду, 24 сакавіка, у верхняй палаце парламента адбылося ўзнагароджанне фіналістаў і пераможцаў рэгіянальнага конкурсу сачыненняў «Калі б я быў сенатарам...», удзел у якім прынялі школьнікі і навучэнцы каледжаў Камянецкага і Маларыцкага раёна Брэстчыны.


Ініцыявалі конкурс сачыненняў сярод моладзі сенатары ад Брэсцкага рэгіёна — Аляксандр Карпіцкі і Тамара Шатлікава. І гэтая ідэя знайшла падтрымку ў дзяцей, якія выказалі свае погляды на законатворчую дзейнасць: што іх хвалюе і што б яны хацелі змяніць. І самае галоўнае — маладыя людзі змаглі трапіць у верхнюю палату парламента і сустрэцца з яе старшынёй.

Я шчыра рада, што вы сёння тут — гэта дазваляе вам бліжэй пазнаёміцца з работай Савета Рэспублікі і тым, чым займаюцца сенатары, якія працуюць у складзе Нацыянальнага сходу, — падкрэсліла Наталля Качанава. Яна звярнула ўвагу, што Савет Рэспублікі адкрыты для ўсіх, асабліва для моладзі.

Мы ўзялі за практыку не толькі выязджаць у школы і сустракацца са школьнікамі, але і праводзіць мерапрыемствы тут, — адзначыла яна.

Спікер верхняй палаты парламента пераканана, што гэта вельмі карысна. Таму што, згодна з яе ўласным меркаваннем, калі б у сваім юным узросце пабывала ў такім месцы, напэўна, памяць б засталася на ўсё жыццё.

Думаю, што гэта ваша першае знаёмства з дзейнасцю такога сур'ёзнага дзяржаўнага органа дазволіць вам калісьці ў далейшым увасобіць вашу мару, — падкрэсліла яна. — Магчыма, вы будзеце працаваць у гэтай самай зале і ўзгадваць гэты час.

А ідэі маладых людзей, і праўда, заслугоўваюць увагі сенатараў і, магчыма, у будучым дазволяць ім сфарміравацца як грамадскім дзеячам і актывістам.

У сваім творы я напісаў пра тое, што хацеў бы заахвоціць моладзь заставацца ў сваім родным краі. Але для гэтага трэба ствараць умовы, развіваць інфраструктуру, будаваць жыллё для маладых сем'яў, ствараць працоўныя месцы, — кажа першакурснік Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа Антон Тарасюк. — Напрыклад, на маёй малой радзіме я б стварыў прадпрыемства па апрацоўцы керамікі альбо гліны. Дарэчы, асабіста я з'язджаць са свайго раёна я нікуды не збіраюся і планую застацца.

11-класніца Олтушскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Надзея Дземядзюк расказала, што на прапанову настаўніка гісторыі паўдзельнічаць у творчым конкурсе пагадзілася адразу:

Хацелася не толькі ўявіць сябе на такой пасадзе, але і даведацца нешта новае. У сваёй рабоце я ўзняла некалькі пытанняў. На першым месцы для мяне — экалогія. Пісала таксама аб культурным і творчым развіцці моладзі, антыкарупцыйнай дзейнасці. Дапамагала мне ў гэтым мама і мая настаўніца. Гэта — наша калектыўная перамога.

Пасля ўзнагароджання маладыя людзі мелі магчымасць задаць свае пытанні спікеру верхняй палаты парламенту. А цікавіла іх тое, як можна трапіць у склад маладзёжнага парламенту, які функцыянуе пры Савеце Рэспублікі, чым займаюцца сенатары ў міжсесійны перыяд і калі ў Беларусі створаць уласную вакцыну ад COVID-19? На гэтыя і іншыя пытанні ўдзельнікі атрымалі шчырыя і разгорнутыя адказы не толькі ад Наталлі Качанавай, але і ад членаў таго ж маладзёжнага парламенту пры Савеце Рэспублікі. У выніку атрымалася вельмі грунтоўная і зацікаўленая размова.

Мы пачулі, як маладыя людзі ўспрымаюць дзейнасць членаў Савета Рэспублікі, як яны яе ацэньваюць, што б яны зрабілі. І для нас гэта вельмі важна, — адзначыла напрыканцы ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава. — Я ўдзячная, што маладыя людзі прывезлі свае сачыненні сюды. Мы іх уважліва прачытаем і абавязкова знойдзем ім месца ў нашым музеі. Гэта добрая ініцыятыва, якая будзе падтрымана не толькі ў Брэсцкай вобласці.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.