Вы тут

Калі вада была вялікай... У кожнага пакалення — свая вясна?


Паводкі — сапраўднай, класічнай — з шырачэзным разлівам вады, затопленымі па вокны хатамі, з каровамі ды парасятамі ў чаўнах, я ўжывую не бачыла ніколі, хіба што па тэлевізары ў рэпартажах з месца падзей. У нашых мясцінах, дзе даволі жвавую, але зусім не шырокую рэчку перагарадзілі дамбай, зрабіўшы такім чынам возера, усё было прасцей. Ніякага крыгаходу не было — лёд на возеры пакрысе набухаў, станавіўся шэрым, а пасля раптам з-пад яго вада пачынала перці паўзверх той самай дамбы, з гучным шумам абрыналася ўніз, пад насыпаную дарогу, ды шырокай і даволі моцнай плынню вырывалася з іншага боку, затапліваючы паплавы, на якіх у чэрвені людзі сушылі сена. Мы, ідучы са школы, назіралі за той вызваленай вадой з вышыні дарогі, спускацца бліжэй ніхто не асмельваўся, хоць улетку лазілі і ў саму вялізную бетонную трубу, а некаторыя нават пад «вадападам» з дамбы, бы пад душам, мылі галаву. Увесну ж гэта была такая сіла, што нават самыя цікаўныя і смелыя хлопцы толькі і маглі, што стаяць на ўзбочыне і, выцягваючы шыі, заглядаць уніз, дзе віравала вялікая вада...


pixabay.com

Яшчэ талай халоднай кашай напаўняліся ўсе раўкі і равочкі — і ўздоўж дарог, і ўздоўж вясковай вуліцы. У такую кашу вельмі лёгка было саслізнуць у гумовых ботах, і не было ў нашым дзіцячым хаўрусе такога героя, які б хоць аднойчы вясной вось так не «пакупаўся». Часам вада з раўка перамывала-такі незаасфальтаваную дарогу ўпоперак, і, здаралася, гэтую раптоўную рэчку было даволі складана нават пераскочыць, не тое што пераступіць. І так хораша было на гэтых стыхійных вадаёмах пускаць караблікі... ды не — ладзіць сапраўдную рэгату, у якой кожны прыспешваў сваё «судна», падганяючы яго дубчыкам ці нагой.

Карацей, усё было весела і класна, і столькі прыгод на той нашай «вялікай» невялікай вадзе! Якія клопат і трывога былі пры гэтым бацькам, а найбольш — бабулям, што замянялі нам дзіцячы сад — размова зусім іншая. Праўда, як па сённяшнім часе (пра што я ўжо неаднойчы згадвала ў іншых публікацыях) — дык тыя клопат і трывога былі зусім недастатковымі. Ну, крыкнулі: «Хоць жа там у ваду не лезь!» (Без асаблівай упэўненасці, трэба заўважыць, крыкнулі, бо хто ж ад той спакусы адмовіцца: і згаданыя караблікі папускаць, і проста глыбіню ў раўка памераць, асабліва калі на нагах новенькія гумовікі — барвовыя, з белай вішанькай на халяўцы.) Ну, прыйшло дзіця ўсё мокрае, бо ў равок-такі ўвалілася. Даць яму сухое апрануць ды цёплага чаго напіцца. І навошта лямантаваць? Дзякуй богу, жывое, а наступны раз не палезе і будзе асцярожным з вадой, бо ведае па сабе, што гэта як мінімум холадна і мокра... Менавіта такое веданне, атрыманае гадоў у пяць-шэсць, і прымушала нас асцярожна назіраць (і не больш!) за вялікай вадой з возера, паўз якое хадзілі ў суседнюю вёску ў школу. Хадзілі без нагляду дарослых, самі, з першага класа — два з паловай кіламетра туды, столькі ж назад. І ні ў кога з бацькоў нават думкі не было, каб з прычыны той жа паводкі дзіця ў школу не пусціць.

Старэйшая сястра нядаўна ўспамінала часы, калі дамбы на рэчцы яшчэ не было. Машыны і падводы пераязджалі яе ўброд, а пешкі яе пераходзілі па высокай кладцы з парэнчамі. Дык вось, калі пачыналася паводка, вада хвастала па кладцы, здаралася, і зносіла яе. Школьнікаў з нашай вёскі ў паход па навуку і назад перапраўлялі так. Хтосьці з бацькоў на абодвух берагах, стоячы, бывала па пояс у вадзе, трымаў тую кладку, а дзеці асцярожна па ёй пераходзілі. Самых малых іншыя дарослыя бралі на рукі і пераносілі. І так усіх дзяцей, не дзелячы на «сваіх» і «чужых». Нехта з дарослых дзяжурыў каля кладкі раніцай, нехта — удзень (дамаўляліся). Гэткая «паводкавая» талака, якая і дарослым, і дзецям давала многае. Наўрад ці многія з іх у паўсядзённым жыцці ўжывалі слова «ўзаемадапамога». Але затое яны дакладна ведалі, што гэта такое.

З цягам часу па вуліцы і на дарозе ўкапалі трубы, якія праглынулі талую ваду, не даўшы ёй стаць ручаямі. На рэчцы паставілі дамбу, насыпалі мост. Яшчэ гадоў праз дзесяць усюды паклалі асфальт. Яшчэ праз колькі часу паміж вёскамі пусцілі рэйсавы аўтобус, што ідзе на райцэнтр. Карацей, паводка як з'ява ўжо знікла ў нашых мясцінах, хіба што талая вада падтопіць які склеп. І няма дзе дзецям пускаць караблікі. І няма нагоды ў дарослых хвалявацца. Дый дзяцей няма — хіба што гарадскія ўнукі прыедуць на канікулы да бабулі. А ім і не трэба. Яны нават паняцця не маюць, як тыя караблікі рабіць. А бабулю, якая ўмее, бо з дзяцінства памятае, паглядзяць як на дзівачку, што нейкую папяровую цацку спрабуе ім «уцюхаць». Лепш бы на свой тэлефон пару гульняў спампавала.

А бабуля кіне той караблік у печ і парадуецца за ўнукаў: маўляў, сучасныя разумныя дзеці і ў шкоду ніякую не лезуць — любата. І толькі чамусьці крыху засумуе, калі, чысцячы старую кладоўку, знойдзе свой маленькі гумовы боцік — барвовы, з белай вішанькай на халяўцы...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.