Вы тут

Якім чынам асаблівае архітэктарскае мысленне адбіваецца на жыцці Галіны Левінай


Якім чынам асаблівае архітэктарскае мысленне адбіваецца на жыцці і інтарэсах лаўрэата Дзяржаўнай прэміі па архітэктуры Галіны Левінай.


— Галіна Леанідаўна, ці ёсць у вас хобі?

— Ведаеце, скажу, што няма. Нягледзячы на тое, што я ўвогуле схільная да захаплення, усё ж хобі ў традыцыйным разуменні не маю. Правільней тут будзе казаць менавіта пра захапленні. Вось іх у мяне сапраўды шмат. Разумееце, як толькі нашы захапленні падпадаюць пад азначэнне «хобі», яны адразу страчваюць сэнс. Таму я так берагу іх: гэта частка маіх эмоцый, штодзённага жыцця, разваг.

Чым захапляюся? Ды хаця б усім тым, што звязана з маёй прафесіяй — архітэктурай. Кожнае месца, з якім мы, архітэктары, працуем, кожны аб’ект насычаны сваімі сэнсамі. На пэўны час, пакуль займаешся праектам, гэтыя сэнсы і становяцца тваім галоўным захапленнем. Ты пачынаеш рабіць тое, чаго раней ніколі не спрабаваў, і паглыбляцца ў тое, ува што дагэтуль ніколі не паглыбляўся, — яно сапраўды вельмі зачароўвае.

Ёсць у мяне, аднак, і больш пастаянныя прыхільнасці…

Напрыклад, рознага роду калекцыянаванне. Скажам, на лецішчы ў нашай сям’і ёсць сад. Туды я прывожу расліны з месцаў, дзе мы стваралі праекты. Прывезеныя саджанцы, канешне, далей мною вырошчваюцца. Як вы можаце зразумець, збіраць расліны, якія б нагадвалі мне аб гісторыі тых месцаў, дзе я працавала як архітэктар, — вельмі працяглае і доўгатэрміновае захапленне.

Возьмем Лошыцу… Шмат гадоў мы займаліся тут рэстаўрацыяй сядзібна-паркавага комплексу. І адсюль у маім садку ёсць чарэшня Эмы Сюбаравай, знакамітага селекцыянера. Адсюль жа я прывезла парэчкі Анатоля Волузнева. Проста раней, у савецкі час, у сядзібе месціўся Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства, агародніцтва і бульбаводства. З многімі з навуковых супрацоўнікаў мне пашчасціла пазнаёміцца асабіста.

У нас таксама расце глог з саду мастачкі Святланы Катковай. З ёй разам працавалі над мемарыялам у Красным Беразе. Сёлета збіраемся прывезці адтуль жа, з мясцовага гадавальніка, яшчэ які саджанец. Прыкладна такім чынам і ствараецца паўнавартасная калекцыя, ушчыльняецца сад.

— Вельмі архітэктурны падыход, трэба сказаць. Атрымліваецца свайго роду алея памяці, праўда?

— Насамрэч, усе мае прыхільнасці цягнуцца з дзяцінства. Мой дзед яшчэ ў 1959 годзе пасадзіў яблыні. Натуральна, пасля яго смерці паўстала пытанне, што далей рабіць з гэтымі насаджэннямі. Вось яны і сталі маім захапленнем. Сарты дрэўцаў «Штрыфель», «Антон» і іншыя нарадзілі ўва мне жаданне працягнуць спіс. Гэта ўяўляецца хутчэй не як алея памяці, а як парк жыцця, але вы правы: падыход архітэктурны, з разлікам на будучыню.

Проста гэты момант быў для мяне вельмі важным: захаваць дрэвы і есці яблыкі, пасаджаныя дзедам і бацькам (архітэктарам Леанідам Левіным). Сама сабой з’явілася ідэя сабраць незвычайную калекцыю таго, што будзе ўзбагачаць мяне, што будзе заўсёды побач, калекцыю ўспамінаў аб людзях і месцах, з якімі звязана жыццё. Таму менавіта парк жыцця.

— Але ёсць, напэўна, і іншыя калекцыі, акрамя саду?

— Так, яшчэ я збіраю коз… Не сапраўдных, канешне, а фігуркі. Паколькі люблю вандраваць і стараюся як мага часцей рабіць вылазкі, хочацца з кожнай паездкі прывезці якую-небудзь рэч. На збіранне козлікаў мяне натхніла карціна Марка Шагала ў музеі Тэль-Авіва. У наяўнасці ёсць і шкляныя, і гліняныя, і металічныя — усякія. Некаторыя «свішчуць», некаторыя не «свішчуць».

Трэба сказаць, што задача гэта няпростая — збіраць коз. Ведаеце, мастацкі свет, як паказвае вопыт, больш заняты выяўленнем авечак і кароў. Таму не заўсёды ўдаецца папаўняць калекцыю. Колькі іх у мяне дакладна, я не лічыла, але ўжо даволі-такі сабралася — можна сказаць, паўнавартасны статак.

— Вы казалі «захапленні». Менавіта ў множным ліку. Можа, штосьці ўтаілі?

— Я люблю маляваць. Відаць, тады занятак і становіцца сапраўдным захапленнем, калі дапамагае табе набрацца пачуццяў, эмоцый, каб з новымі сіламі працягваць сваю працу. У маім выпадку малюнак — гэта якраз тое самае.

Вандруючы, я стараюся заўсёды маляваць. Пішу звычайна з натуры: больш мяне вабяць будынкі і гарады, то-бок архітэктура. Неяк падабаецца ствараць архітэктурныя пейзажы (іх часам так называюць). У якасці прылад выкарыстоўваю пяро і туш, але сёння гэта складана. Лятаць кудысьці з такім наборам не зусім зручна. Тым больш часцей перамяшчаешся па справах, і малюецца толькі тады, калі здараецца вольная хвіліна. Так што бывае і геліевай ручкай, і каляровымі алоўкамі…

— Ці дапамагае такое захапленне ў працы?

— Ну, я магла б зараз мудра сказаць: «Безумоўна!» Аднак гэта было б не зусім шчыра. Вядома, дапамагае, але вельмі па-асабліваму. Гэткае захапленне — малюнак — навучае канцэнтравацца на важных рэчах, выдзяляць галоўнае. У сваю чаргу здольнасць вызначаць самае важнае дае магчымасць у далейшым, падчас працы, факусіраваць ідэю таго ці іншага праекта. Глядзіш навокал і прыкмячаеш, на чым у цябе вока спыняецца. Самае цікавае, што ты ўбачыш адно, а хтосьці, мабыць, заўважыць нешта іншае.

Замалёўкі, дарэчы, натхняюць і потым. Напрыклад, мы калісьці рабілі ў Тэатры беларускай драматургіі сцэнаграфію да спектакля «Толькі дурні сумуюць» па п’есе Дана Альмагора. Вось тады маё захапленне вельмі дапамагло. Асабліва тыя малюнкі, што былі занатаваны ў мястэчках Беларусі… А ўвогуле, ведаеце, усё гэта, несумненна, слушна, але галоўнае захапленне для мяне насамрэч — людзі.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.