Вы тут

Што можна ўбачыць на выстаўцы «Пакінутая зямля»


Драўляны і гліняны посуд, маляваныя дываны, мэбля, прылады для вырабу абутку, абразы, ручнікі, калаўрот, верацяно, калыскі... Рэчы з асірацелых хат... Іх удалося адшукаць у адселеных пасля аварыі на ЧАЭС вёсках. Сёння іх можна ўбачыць на выстаўцы «Пакінутая зямля», прымеркаванай да 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.


Маляваны дыван «Ля студні». Гомельская вобласць, Хойніцкі раён.

«Заўсёды прыемна рабіць выстаўкі, звязаныя з перамогамі, з дасягненнямі, і вельмі цяжка, калі яны звязаныя са смуткам, болем. Але застаецца і спадзяванне на лепшае», — заўважыў падчас адкрыцця выставачнага праекта дырэктар гістарычнага музея Аляксандр Храмы.

Абраз «Траеручніца», канец ХІХ стагоддзя з вёскі Макаўе (Гомельскі раён) і ручнік-«набожнік» з Хойніцкага раёна.

Вельмі многія рэчы са страчаных вёсак удалося захаваць. Адным з ініцыятараў збору помнікаў этнаграфіі з адселеных пасля аварыі тэрыторый быў вучоны, мастацтвазнавец і мастак Віктар Шматаў. Адразу пасля катастрофы ён пачаў ездзіць на сваю родную Гомельшчыну і замалёўваць усё, што там бачыў. У выніку з'явілася серыя карцін «Чарнобыльская трагедыя». Яго работы, а таксама работы іншых мастакоў, якія выязджалі ў пакінутыя мясціны, склалі аснову калекцыі Брагінскай карціннай галерэі. Таксама Віктар Фёдаравіч забіў трывогу, што з адсяленнем рэгіён можа страціць сваю культуру і традыцыі, што ў хатах пакінутыя прадметы сялянскага побыту і мастацтва, характэрныя для тых мясцін. У 1990-х гадах распачалося збіранне гэтых рэчаў. За дзесяцігоддзе Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук было зладжана 22 экспедыцыі, даследчыкам удалося выратаваць каля дзвюх тысяч помнікаў этнаграфіі і народнай творчасці. Дадзены матэрыял захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.

Асобныя этнаграфічныя знаходкі зараз і прадстаўлены на выстаўцы «Пакінутая зямля». Падчас наведвання экспазіцыі нібы заглядваеш у палескія хаты і адчуваеш, якія заняткі, звычкі, мары страцілі людзі, якіх спехам адсялялі з забруджанай тэрыторыі. «Гэта для нас другая вайна», — дала тады ацэнку трагедыі састарэлая паляшучка з Хойніцкага раё-
на, якой давялося пакінуць родныя мясціны.

На выстаўцы пададзены дакументальныя здымкі пацярпелых ад аварыі тэрыторый.

Уласна кажучы, адсачыць падзеі, што адбываліся пасля чарнобыльскай катастрофы, таксама можна дзякуючы выстаўцы. Тут прадстаўлены дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і фатаграфіі, зробленыя ў «зоне» і мясцінах, дзе будавалі жыллё для перасяленцаў. А таксама пададзены кадры, якія сведчаць пра сучаснае жыццё гэтых тэрыторый. Да праекта далучыліся Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы МНС і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Апошні быў створаны ў 1988 годзе на землях, што ўваходзяць у зону радыяцыйнага забруджвання і насельніцтва якіх было эвакуіравана. Сёння гэта ўнікальнае месца, дзе прырода жыве па сваіх законах, у якія не ўмешваецца чалавек. У тым ліку тут селяцца рэдкія і знікаючыя віды, якія таксама можна ўбачыць на фатаграфіі на выстаўцы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Памяць пакінутай зямлі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.