Вы тут

Рукатворны помнік мастака


19 красавіка споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння народнага мастака, жывапісца і графіка Валянціна Волкава. Шматлікія палотны, многія з якіх знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, і сама асоба мастака па сёння выклікаюць цікавасць.


Валянцін Волкаў.

Дзяцінства  і творчае станаўленне

Нарадзіўся Валянцін Віктаравіч у горадзе Ялец Арлоўскай губерні (зараз Ліпецкая вобласць) у 1881 годзе ў сям’і патомных мастакоў. У бацькоўскай хаце было шмат партрэтаў, абразоў, выкананых сваякамі. Першым прафесійным мастаком з продкаў быў дзед. Прыгонны селянін, ён трапіў у вучылішча жывапісу, але за некалькі месяцаў да заканчэння вучобы пан забраў яго ў маёнтак. Прафесійным партрэтыстам і жанрыстам быў і бацька Волкава. З самага дзяцінства Валянцін Віктаравіч рос сярод мастакоў, карцін і альбомаў з эскізамі і копіямі.

Ва ўзросце дваццаці гадоў В. Волкаў паступіў у Пензенскае мастацкае вучылішча, дзе яго настаўнікам быў выдатны рускі жывапісец К. Савіцкі — аўтар вядомых карцін  «Рамонтныя работы на чыгунцы» і «На вайну». У 1907 годзе мастак працягнуў вучобу ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у знакамітага мастака В. Савінскага і таленавітага педагога П. Чысцякова. Волкаву даводзілася мець зносіны і з вялікім Рэпіным. Іх агульную фатаграфію ён захоўваў усё жыццё як  каштоўную рэліквію. Мастак адносіўся да рэалістычнай школы, прыкладам для яго былі Сурыкаў, Рэпін, Сяроў. У 1915 годзе Валянцін Віктаравіч, выканаўшы традыцыйныя для мастацкай адукацыі таго часу конкурсныя работы на біблейскія тэмы, паспяхова скончыў акадэмію. В. Волкаў з’яўляўся членам «Грамадства незалежных» (Санкт-Пецярбург, 1911—1913 гг.), камітэта мастацка-артыстычнай асацыяцыі (Санкт-Пецярбург, 1912—1914), «Грамады мастакоў» (Санкт-Пецярбург, 1914—1920 гг.).

Пачатак прафесійнай дзейнасці выпаў на час Кастрычніцкай рэвалюцыі. Разам з вядомымі мастакамі ён прымаў удзел у мастацка-дэкаратыўным афармленні Пецярбурга да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цяпер яго эскізы для пано «Уся ўлада Саветам», «Штурм Зімняга», «Урачыстасць працоўнага», «Лепш смерць, чым рабства», «Хто не з намі, той супраць нас» захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Яны ўвайшлі ў гісторыю выяўленчага мастацтва эпохі манументальнай прапаганды.

Пераезд у Беларусь

У 1919 годзе Валянцін Волкаў пераехаў у Беларусь, дзе пачаў выкладаць у Народнай мастацкай школе горада Веліжа (1919—1923 гг.), а потым — у Віцебскім мастацкім тэхнікуме (1923—1929 гг.). З гэтага часу ўсё жыццё мастака было звязана з Беларуссю. Ён увайшоў ва Усебеларускую асацыяцыю мастакоў неўзабаве пасля яе стварэння. На І Рэспубліканскай выстаўцы ў Маскве ў 1925 годзе Валянцін Віктаравіч прадставіў шэраг карцін. Сярод іх — «Барыкады», «Кастусь Каліноўскі», «Малатабоец», «Партызаны», «Плытагоны» — першыя творы мастака, напісаныя ў Беларусі. Большасць гэтых твораў былі страчаны ў гады вайны, але да нас дайшоў, у прыватнасці, партрэт Максіма Багдановіча (1927 год), вывезены нацыстамі ў Германію і вернуты ў Мінск у 1957-м.

У 1926 годзе мастак быў запрошаны ўрадам БССР для ўдзелу ў конкурсе на выкананне праекта дзяржаўнага герба. Работу В. Волкава журы прызнала найлепшай і прысудзіла яму першую прэмію. Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў праект герба. З некаторымі зменамі ён існуе і ў наш час. У 1929 годзе творца пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у Дзяржаўным выдавецтве БССР, ілюструючы творы беларускіх пісьменнікаў. Мастака прыцягвала магчымасць ствараць займальныя, шматпланавыя кампазіцыі з элементамі пейзажа, паказваць герояў з гумарам, які заўсёды меў пазітыўны характар. У беларускую графіку Валянцін Віктаравіч прыйшоў ужо вопытным майстрам. Яго ўласны почырк стварыўся яшчэ да рэвалюцыі. Таленавіты мастак добра валодаў тэхнікай малюнка і плённа працаваў як афарміцель і ілюстратар беларускай кнігі.

У 1930 годзе на пагранічнай станцыі Негарэлае быў пабудаваны новы вакзал. Па зацверджаным праекце будынак вакзала планавалася аздобіць манументальнымі роспісамі. Дзякуючы тэматычным карцінам, напісаным да гэтага часу, В. Волкаву прадставілася магчымасць працаваць над сценнымі пано. Мастак прапанаваў сюжэты роспісаў: «Днепрагэс» і «Малацьба ў калгасе», таму што, на яго думку, «найпершы абавязак савецкага мастака заключаўся менавіта ў тым, каб адлюстраваць у сваёй творчасці гэтае нязнанае будаўніцтва ў краіне». Як заўсёды, Валянцін
Віктаравіч сабраў вялікую колькасць натурнага матэрыялу. Для гэтага ён ездзіў у працяглую камандзіроўку на Днепрабуд і ва ўкраінскі калгас. Індустрыйны пейзаж будаўніцтва Днепрагэса і пейзаж новай вёскі адлюстроўваюць баявы запал людзей, напружаную дынаміку будавання. Мастак працаваў на лясах два гады, часам да пятнаццаці гадзін у суткі. Так было створана пано «Індустрыялізацыя СССР» і «Калектывізацыя СССР» (1932). А ў 1939—1940 гадах мастак стварыў маляўнічы фрыз для павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. У 1940 годзе В. Волкаву было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

Творца адметны сваімі выдатнымі работамі ў жанры партрэта, пейзажа і нацюрморта. Да ліку такіх адносяцца карціны «Від Віцебска», «Дзвіна», партрэты беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага, Максіма Багдановіча, выкананыя ў тэхніцы сангіны і сепіі, а таксама партрэты народных артыстаў Беларусі Глеба Глебава і Уладзіміра Уладамірскага. В. Волкаў імкнуўся да складаных псіхалагічных характарыстык паказаных асоб, знаходзіў выразныя вобразныя рашэнні. Вышэйназваныя работы мастака экспанаваліся на выстаўках у Маскве.

«Партрэт Максіма Багдановіча», 1927 г.

Візітка майстра

Падчас Вялікай Айчыннай вайны сям’я мастака не паспела пакінуць Мінск. Ён працаваў і ў акупацыі. Пасля вызвалення Мінска дзве дачкі В. Волкава былі абвінавачаны ў супрацоўніцтве з немцамі, рэпрэсіраваны і сасланы ў лагер. У пасляваенны час мастак з новай энергіяй узяўся за працу. Ён напісаў карціны «Студэнты» (1947), «Мінск 3 ліпеня 1944 года», працягваў работу ў галіне пейзажу, перадаючы своеасаблівасць і прыгажосць беларускай прыроды.

Карціна Валянціна Волкава «Мінск 3 ліпеня 1944 года» займае асобнае месца ў мастацкай спадчыне Беларусі. Яна ўвасабляе ўсю тую радасць Перамогі і вызвалення роднага горада, краіны, якая панавала на вуліцах Мінска. Карціну памерам больш як 2,7×5 метраў мастак ствараў на працягу амаль дзесяці гадоў — з 1946-га да 1955-га. Ён быў сведкам падзей 3 ліпеня 1944 года, калі Чырвоная Армія выбіла немцаў з Мінска. Таму ўсё, што творца выявіў на палатне, — гэта не плён аўтарскай фантазіі, а дакументальны факт. Мастак здолеў перадаць дакладныя эмоцыі людзей: шчасце, радасць вызвалення, веру ў светлую, мірную будучыню. Валянцін Віктаравіч надаў палатну рысы трыумфальнасці, паказаў сучасную падзею кампазіцыйнымі прыёмамі класічнага жывапісу. Для гэтай карціны было зроблена больш чым 220 падрыхтоўчых малюнкаў, 11 эскізаў кампазіцыі, каля 50 эцюдаў.

Для выявы на палатне людзей аўтар запрашаў пазіраваць жыхароў Мінска, сваякоў (у тым ліку сына, мастака Анатоля Волкава з жонкай — яны стаяць каля самага танка), сваю жонку (яна правей, у чырвонай сукенцы), мастакоў Міхаіла Даўгялу (справа, паціскае руку параненаму салдату) з дачкой Зояй (дзяўчынка ў піянерскім гальштуку), Уладзіміра Хрусталёва (хударлявы чалавек у ботах злева), свайго вучня ў Мінскім мастацкім вучылішчы Васіля Ярмоленку (паціскае руку параненаму салдату ў касцы). Пэўны ўдзел у стварэнні карціны прымаў і ўнук аўтара, Сяргей Волкаў, цяпер мастак, прадаўжальнік і захавальнік справы і традыцый сям’і.

Да 1978 года палатно экспанавалася ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. А потым легла ў запаснікі... Толькі ў 2005-м яго дасталі з фондасховішча па патрабаванні Сяргея Волкава, які згадвае: «Доўга мне адмаўлялі і гаварылі, што палатну будзе патрэбна рэстаўрацыя, а гэта дорага. Але калі яго знялі з барабана — а яно было скручана ў рулон, — то высветлілася, што захавалася ў ідэальным стане. А чаму? Таму што дзед працаваў па методыцы старой мастацкай школы, яшчэ царскіх часоў. Выконваў тэхніку нанясення фарбаў. І яны трымаюцца да гэтага часу».

«Мінск 3 ліпеня 1944 года», 1946—1955 гг.

Дзейнасць у пасляваенны час і апошнія гады жыцця

Пасля вайны Валянцін Віктаравіч Волкаў працягваў сваю педагагічную дзейнасць у Мінскім мастацкім вучылішчы (1947—1949 гг.), пазней — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1953—1964; прафесар з 1957). У 1957 годзе ўзначаліў кафедру акадэмічнага малюнка.

Мастак быў знаўцам беларускага народнага арнаменту і афармляў зборнікі народных паэтаў Беларусі —Я. Купалы і Я. Коласа. У супрацоўніцтве з мастаком А. Марыксам ім былі выкананы эскізы для манументальнага дывана «Лявоніха». У 1955 годзе Валянцін Віктаравіч атрымаў званне народнага мастака БССР і быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».

В. Волкаў значна паўплываў на лёс сына і ўнука — абодва бралі ў яго першыя ўрокі малявання і з часам працягнулі сямейную дынастыю, сталі мастакамі. Анатоль Волкаў пачынаў з карыкатур у вядомым партызанскім выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну!», потым супрацоўнічаў з часопісам «Вожык», пісаў жанравыя карціны, партрэты, ілюстраваў кнігі беларускіх пісьменнікаў. Сяргей Волкаў, унук мастака, таксама з’яўляецца аўтарам ілюстрацый больш чым да 250 кніжак (галоўным чынам да дзіцячых).

Народны мастак Беларусі памёр 8 снежня 1964 года ў Мінску. У красавіку 2008-га на фасадзе дома ў Мінску, дзе ён жыў з 1945 да 1964 года, адкрыта мемарыяльная дошка. Валянцін Волкаў з’яўляецца гонарам нашай краіны, а яго творы — візіткай беларускага жывапісу.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота з сайта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.