Вы тут

Перакадзіроўка памяці. Калі мы яе не захаваем, яе нам проста заменяць


9 Мая для мяне асабіста заўсёды напоўнена святочнасцю і ўрачыстасцю. Не толькі таму, што парад, фільмы па тэлебачанні, песні ваенных гадоў... Тут яшчэ ёсць асабісты момант. З дзяцінства памятаю, як мама расказвала пра гэты дзень у 1945 годзе. Яны якраз садзілі бульбу на сваім вясковым агародзе. І раптам хтосьці гукнуў з вуліцы: «Вайна скончылася!» І яны пакідалі кашы і сталі плакаць і абдымацца... Вельмі яскрава ўяўляліся бабулін агарод у Кукшавічах, і плеценыя з лазы кашы, што радасна ляцяць уверх, пад самыя аблокі, рассыпаючы салютам бульбу, і жанчыны з худзюшчымі, як на першых пасляваенных фота ў сямейным альбоме, дзецьмі, што плачуць і абдымаюцца... А яшчэ штогод у другой палове 1980-х для мясцовых ветэранаў і для ўсіх астатніх жыхароў ладзілася свята ў цэнтры саўгаса кіламетраў за восем ад нашай вёскі. Па вуліцы, якая патанала ў водары чаромхі, ішлі, нязграбна трымаючы ў спрацаваных руках яркія чырвоныя цюльпаны, нешматлікія ветэраны — звычайныя вясковыя, немаладыя ўжо, дзядзькі, якіх так непрывычна было бачыць у касцюмах, у новых кепках, што надзяваліся, пэўна, толькі ў гэты дзень ды, можа, яшчэ да сваяка на вяселле. Усё гэта было незвычайна, кранальна, хораша, і мы, падлеткі, таксама несліся прыбраным натоўпам «пад магазін», а там ужо чакаў саўгасны насаты аўтобус, які вёз нас усіх у Скірмантава, дзе каля помніка спаленым жыхарам вёскі былі і мітынг, і ўскладанне кветак, і песні, і віншаванні…


Але ёсць адзін успамін, які выбіваецца з гэтай прыгожай урачыстай карціны. Было гэта ў пачатку 1990-х. Саўгас, і без таго ніколі не перадавы, у той час ужо ледзьве дыхаў. Дый да вайны і Перамогі ў той час стаўленне было невядома якое (што казаць, калі на журфаку нам замест лекцый па паліталогіі чыталі кнігу Суворава «Ледакол» — у ёй аўтар прапаноўваў версію, што Другую сусветную развязаў Савецкі Саюз, каб пасля пераможным маршам прайсці па ўсім свеце і ўстанавіць дыктаруру пралетарыяту). Карацей, я не ведаю дакладна, якія аб'ектыўныя ці суб'ектыўныя прычыны былі дзеля таго, што ў той год 9 Мая за нашымі ветэранамі ніхто не прыехаў. Але і сёння я памятаю, як яны, не дачакаўшыся аўтобуса, ішлі назад ад магазіна па нашай доўгай вясковай вуліцы — нібы саромеючыся, трымаючы ў руках ужо падвялыя за час чакання чырвоныя цюльпаны. Ці была на іх тварах крыўда? Не. Хутчэй, збянтэжанасць і неразуменне. Але мне і тады было, і цяпер ад гэтага не лягчэй. Тых дзядзькоў, маіх аднавяскоўцаў, што ваявалі, ужо даўно няма на гэтым свеце. А жаль (я не ведаю, як гэта ў літаратурнай мове, у нас дома кажуць: «Жаль агарнуў» — і гэта менавіта тое пачуццё) і сорам ад таго даўняга і адзінкавага выпадку не праходзіць і сёння. І я нядаўна раптам падумала: а вось гэтыя жаль і сорам — апасродкаваныя, агульныя, не за сябе асабіста — гэта ж і ёсць мая ўласная прышчэпка ад забыцця і абыякавасці...

А яшчэ я думаю пра тое, што для цяперашняга пакалення, якое вырасла ўслед за намі, па сутнасці, нашых дзяцей, падобнае немагчыма ў прынцыпе. Вайна і Перамога для іх — ужо не асабістыя тэмы. Амаль няма ветэранаў, а тыя, што жывыя, для большасці ўжо не родныя дзядуля і бабуля, а проста чужыя старыя людзі, якія нешта расказваюць пра далёкую вайну. Свае ж прадзеды і прапрадзеды, што ваявалі, — гэта ўсяго толькі маўклівыя фота ў сямейным альбоме. Эксперты гавораць, што гэта натуральны працэс у любым грамадстве — чым маладзейшыя людзі, тым далей становяцца падзеі, тым больш вымываюцца з памяці дэталі і падрабязнасці. А калі гэта адбываецца — пачынаюць працаваць паліттэхналогіі. І тады мы атрымліваем тое, што называецца перакадзіраваннем памяці, якое пачынаецца з замяшчэння гэтай памяці. І зусім незаўважна тое, што яшчэ некалькі гадоў таму лічылася непрымальным, набліжаецца да катэгорыі «норма». Робіцца гэта пакрысе — у форме дыскусій, абмеркаванняў. І ўжо здраднікі становяцца рупліўцамі незалежнасці, а акупанты — вызваліцелямі ад яшчэ горшага, чым яны самі...

Я нездарма згадала пачатак 1990-х. Тады ўжо спрабавалі перакадзіраваць нашу памяць. Але выратавала нас усіх менавіта памяць асабістая, бо няма ў Беларусі сям'і, якую б не закранула вайна. Сёння ж праблема, напэўна, у тым, што пакаленне 45-50-гадовых — па сутнасці, апошняе, якому гэтую сямейную памяць перадалі з першых вуснаў непасрэдныя сведкі і ўдзельнікі той вайны — не паклапаціліся ці не палічылі патрэбным перадаць яе сваім дзецям. Для якіх прадзед-ветэран — усяго толькі фота ў сямейным альбоме, закінутым дзесьці на антрэсолях. І гэтыя самыя дзеці — дарослыя, у тым самым узросце, калі іх прадзеды ваявалі, спрабуюць (выбачайце) памачыцца на Вечны агонь і здымаюць гэта на тэлефон. І не расказвайце мне, што маладзёны проста былі п'яныя. Што ў цвярозага наўме... ну, вы самі ведаеце... Тая самая перакадзіроўка ў дзеянні.

Ці ёсць паратунак? Ці не спазніліся ўжо канчаткова і беспаваротна? Хочацца верыць, што не. На выхадныя мы збяромся ў роднай хаце ўсёй вялікай сям'ёй, і я абавязкова прывязу і пакажу нашай малечы, што сёлета пойдзе ў школу, фота іх прабабулі, якой на здымку таксама шэсць гадоў. І яны, напэўна, здзівяцца і спытаюць, чаму ў прабабулі, якую яны ведалі і добра памятаюць, у дзяцінстве былі такія худзюшчыя, як запалкі, ногі. І я раскажу ім, што прабабуля была заўжды галодная, а есці не было чаго, і мама карміла яе з братам пышкамі з гнілой перамёрзлай бульбы. А калі яны спытаюць: «Чаму?», я скажу ім: «Бо была вайна». А на Радаўніцу мы паедзем у Кукшавічы на могілкі і, праязджаючы міма хаты, у якой ужо жывуць чужыя людзі, я раскажу ім, як на гэтым агародзе 9 мая 1945 года іхняя прабабуля радасна падкінула плецены з лазы кош пад самыя аблокі, і з яго салютам пасыпалася бульба.

Я чамусьці веру, што менавіта гэтае веданне ўратуе іх ад хлусні і бяспамяцтва.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.