Вы тут

Як выхаванне беларускай інтэлігенцыі стала задачай № 1 у спустошанай вайной Беларусі?


31 кастрычніка 1921 года ў перапоўненай зале былога рэальнага вучылішча Хайкіна ў цэнтры Мінска прайшла першая ў гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта лекцыя «Аб культуры Міжземнага мора ў эпоху панавання Рыма». Яе прачытаў студэнтам факультэта грамадскіх навук прафесар Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі. Менавіта ад гэтай даты вядзе свой афіцыйны адлік не толькі гісторыя галоўнага нацыянальнага ўніверсітэта краіны, але і гісторыя ўсёй вышэйшай школы ў Беларусі.


Лёсавызначальныя даты

 

Дом № 1 БДУ – будынак былой гімназіі Зубакіна і Фальковіча.

— Будынак рэальнага вучылішча знаходзіўся на скрыжаванні вуліц Магазіннай і Багадзельнай. Ён захаваўся па сёння, цяпер ў ім размяшчаецца суд Цэнтральнага раёна сталіцы, — расказвае загадчык кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук, прафесар Алег ЯНОЎСКІ. — Днём раней там адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны пачатку заняткаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, але гэтаму папярэднічалі два гады напружанай працы дзвюх камісій — мінскай і маскоўскай.

Падзел адной справы на дзве арганізацыйныя структуры меў сваю логіку, і яго можна лічыць у нейкай ступені сімвалічным. Па-першае, стварыць з нуля ў Беларусі ўніверсітэт маглі толькі кампетэнтныя, універсітэцкія людзі. А гэта значыць, што імі маглі быць у большасці сваёй прадстаўнікі расійскіх універсітэтаў, пераважна вопытная і аўтарытэтная прафесура былых імператарскіх і іншых ВНУ. Па-другое, у існаванні нацыянальнага ўніверсітэта была зацікаўлена энергічная група беларускай інтэлігенцыі.

Справа ў тым, што пасля нацыянальнага вызваленчага паўстання і закрыцця Віленскага ўніверсітэта ў 1832 годзе беларускія губерні аказаліся пазбаўлены ўласнай установы вышэйшай адукацыі. У 1840 годзе было вырашана надаць Горы-Горацкай земляробчай школе статус інстытута з правамі ўніверсітэта. Але ў выніку рэвалюцыйных настрояў і паўстання ў 1863 годзе і гэтая навучальная ўстанова спыніла сваю дзейнасць у Беларусі — яе перавялі ў Санкт-Пецярбург. Затым пытанне аб адкрыцці ўласнай вышэйшай навучальнай установы шмат разоў «клалася пад сукно» царскімі ўладамі.

Вядома, што ў снежні 1917 года на І Усебеларускім з'ездзе паралельна з палітычнымі пытаннямі дэталёва абмяркоўвалася і магчымасць адкрыцця «першага беларускага ўніверсітэта». Спецыяльны даклад на гэтую тэму зрабіў Яўхім Фёдаравіч Карскі, акадэмік Расійскай акадэміі навук. Карскі — тая асоба, якая стаяла каля вытокаў БДУ. Ён лічыў, што менавіта Мінск, як эканамічны і культурны цэнтр, павінен стаць універсітэцкім горадам. Агучаны ім праект (акрамя факультэцкай структуры будучага ўніверсітэта) прадугледжваў стварэнне асобнага ўніверсітэцкага гарадка, бібліятэкі, інтэрната на 1000 чалавек, бальніцы, батанічнага саду…

Дом № 3 БДУ – будынак былога рэальнага вучылішча Эмануіла Хайкіна.

Увогуле, у гісторыі БДУ ёсць шмат важных дат, ад якіх можна было б весці адлік яго стварэння. Адна з іх — Дэкрэт ЦВК ССРБ ад 25 лютага 1919 года, які вызначаў канкрэтныя меры па адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта. На гэтыя мэты былі вылучаны грошы ў памеры аднаго мільёна рублёў. Пры губернскім Камісарыяце народнай асветы была створана камісія ў складзе васьмі чалавек пад старшынствам Карскага, якая распачала падрыхтоўчыя работы па арганізацыі Беларускага ўніверсітэта. Літаральна за два месяцы яна ўжо змагла абмеркаваць свае напрацоўкі ў Маскве і разгарнула падрыхтоўчыя курсы для ахвотных паступаць ва ўніверсітэт. На курсах выкладаў і Яўхім Карскі. Аднак акупацыя тэрыторыі Беларусі зблытала ўсе планы. Толькі летам 1920 года, пасля вызвалення Мінска ад польскіх войскаў, мінская камісія зноў ініцыіравала аднаўленне работ па адкрыцці ўніверсітэта.

У студзені 1921 года адбыўся губернскі з'езд работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, на якім прысутнічалі дэлегаты ад усіх паветаў Беларусі. З'езд звярнуўся ў Наркамат асветы рэспублікі з прапановай лічыць галоўнай задачай на бягучы момант «стварэнне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта...», які адкрые доступ да ведаў «любому адукаванаму рабочаму і селяніну Беларусі».

Разгарнуліся дыскусіі наконт таго, якое месца павінны заняць савецкія ўніверсітэты ў сістэме вышэйшай адукацыі. Было меркаванне, што ў іх складзе неабходна мець факультэты толькі прыкладнога характару (медыцынскі, агранамічны і гэтак далей). Тым часам усё, што звязана з дзейнасцю школы, універсітэт зможа забяспечыць праз агульны педагагічны факультэт. 7 сакавіка было зацверджана часовае Праўленне БДУ, а 8 ліпеня — пастаяннае. Рэктарам прызначаны выдатны гісторык Уладзімір Іванавіч Пічэта.

Анкета абітурыента БДУ.

Улічваючы нізкі адукацыйны ўзровень тых, хто мог прэтэндаваць на паступленне ў першы беларускі ўніверсітэт, асаблівую ўвагу члены Праўлення БДУ звярнулі на неабходнасць больш хуткага стварэння так званага рабфака, дзе можна было б падрыхтаваць рабоча-сялянскую моладзь да вучобы па ўніверсітэцкіх спецыяльнасцях. Ужо 17 чэрвеня 1921 года распачаліся заняткі на гэтым факультэце. Да вучобы прыступілі 160 чалавек. Восенню 1921 года па выніках дадатковага набору на рабфак было залічана яшчэ 125 чалавек.

11 ліпеня 1921 года ў Мінскім гарадскім тэатры (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае адкрыццю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але, каб стварыць належныя ўмовы для распачынання дзейнасці ўніверсітэта, спатрэбілася яшчэ больш як тры месяцы. Таму на 30 кастрычніка прызначылі новае ўрачыстае пасяджэнне з гэтай нагоды, якое адбылося на ўрадавым узроўні.

Першыя прафесары БДУ

Толькі 29 кастрычніка была завершана падрыхтоўка раскладу заняткаў і вызначана дата першай лекцыі: 31 кастрычніка, субота, 13.30, актавая зала былога вучылішча Хайкіна.

Мы пацікавіліся ў гісторыка, як так сталася, што шэраг беларускіх універсітэтаў паспелі адзначыць сваё стагоддзе раней за БДУ?

— У 1910—1914 гадах у Віцебску, Магілёве і Мінску былі ўтвораны настаўніцкія інстытуты, якія не з'яўляліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, але давалі магчымасць уладам часткова кампенсаваць недахоп настаўнікаў у дзяржаўных і прыватных навучальных установах пачатковага ўзроўню, — тлумачыць Алег Яноўскі. — Тэрмін навучання ў настаўніцкіх інстытутах складаў тры гады. Іх слухачы павінны былі асвоіць шэраг агульнаадукацыйных прадметаў з праграмы старэйшых класаў гімназіі, напрыклад, закон Божы, рускую, царкоўнаславянскую, французскую і нямецкую мовы, матэматыку, гісторыю, геаграфію... Дзейнічалі і іншыя навучальныя ўстановы, але вышэйшую адукацыю яны не давалі.

У 1930/1931 навучальным годзе ў гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася знакавая падзея, якая атрымала назву «разузбуйненне БДУ». У жніўні 1930 года на базе медыцынскага факультэта быў заснаваны Мінскі медыцынскі інстытут. З 1931 года вядуць адлік сваёй гісторыі Інстытут народнай гаспадаркі, створаны на базе факультэта народнай гаспадаркі БДУ (цяпер БДЭУ), Політэхнічны інстытут, створаны на базе хіміка-тэхналагічнага факультэта (БНТУ), Вышэйшы педагагічны інстытут, створаны на базе сацыяльна-гістарычнага і літаратурна-лінгвістычнага аддзяленняў педагагічнага факультэта (цяпер БДПУ), і Інстытут савецкага будаўніцтва і права (на базе факультэта права і савецкага будаўніцтва).

Рабфакаўцы ў інтэрнаце БДУ.

З камандзіраў — у студэнты

А ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт распачаў работу ў складзе трох факультэтаў: рабочага (рабфака), медыцынскага і грамадскіх навук. Навучальныя планы фарміраваліся спантанна — па меры прыцягнення да працы ў БДУ выкладчыкаў, папаўнення фонду вучэбнай літаратуры і іншых абставін. Пастаянна ішоў пошук неабходнага мінімуму ведаў, якія павінны былі засвоіць першыя беларускія студэнты. А кім яны былі?

— Да снежня 1921 года на два факультэты (без рабфака) было залічана 1124 чалавекі, адукацыйны ўзровень якіх быў наступным: 675 — скончылі гімназіі, 173 — рэальныя і камерцыйныя вучылішчы, 143 — школы другой ступені, 56 — педагагічныя курсы, 26 — духоўныя семінарыі, 14 — настаўніцкія інстытуты і 1 — кадэцкі корпус. Без сярэдняй адукацыі было прынята 37 чалавек, 289 студэнтаў прыйшлі ва ўніверсітэт з камандных пасад Чырвонай Арміі, 226 чалавек служылі чырвонаармейцамі.

Залікоўка студэнткі педагагічнага факультэта Наталлі Успенскай.

Восенню 1922 года прайшла першая рэарганізацыя структуры ўніверсітэта, у ходзе якой замест факультэта грамадскіх навук быў створаны педагагічны факультэт з чатырма аддзяленнямі.

Першае кіраўніцтва факультэтаў складалася выключна з прафесараў. Сярод выкладчыкаў універсітэта быў цэлы шэраг выбітных дзеячаў беларускай навукі і культуры: Усевалад Ігнатоўскі, Аркадзь Смоліч, Міхаіл Кроль, Фёдар Турук, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Сямён Вальфсон, Мікалай Бліадухо, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Мікалай Янчук, Вацлаў Ластоўскі. А 3 лістапада 1923 года ва ўніверсітэт на пасаду выкладчыка беларускай мовы быў залічаны Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч). Славуты беларускі паэт і пісьменнік стаў першым старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па літаратуразнаўчых і лінгвістычных дысцыплінах.

У верасні 1923 года ў прыёмную камісію ўніверсітэта на 100 месцаў было пададзена 1500 заяваў. Упершыню былі ўведзены ўступныя экзамены для абітурыентаў. Абавязковым іспытам для ўсіх , хто паступае ва ўніверсітэт, было грамадазнаўства. Пачынаючы з другога набору абітурыенты павінны былі таксама паказаць веды па рускай гісторыі XІX стагоддзя і Канстытуцыі РСФСР. Астатнія экзамены праводзіліся па дысцыплінах прыродазнаўчага цыкла, а таксама моўных. Асаблівая ўвага надаецца валоданню беларускай мовай (усе пісалі сачыненне). Пазней, калі схлынула хваля беларусізацыі, у БДУ сталі больш увагі звяртаць на вывучэнне студэнтамі рускай мовы, да якой, як было заяўлена, «ворагі народа спецыяльна культывавалі непаважлівае стаўленне».

Пятро Глебка, студэнт БДУ, 1927 год.

У БДУ піянерамі ў выкладанні вучэбных курсаў на беларускай мове сталі прафесар Усевалад Ігнатоўскі і дацэнт Язэп Лёсік. Адным з першых стаў выкладаць па-беларуску некалькі гістарычных дысцыплін і рэктар Уладзімір Пічэта. Універсітэт распрацаваў праграму беларусізацыі. Уласныя праграмы мелі і факультэты. Найбольш дэталёвай і разлічанай на хуткую рэалізацыю была праграма на педагагічным факультэце. Усе залікі трэба было прымаць і здаваць на беларускай мове. Для выпускнікоў быў уведзены новы экзамен — на веданне беларускай мовы. Хто яго не вытрымліваў, мог быць пакінуты яшчэ на адзін год для вывучэння мовы. Абавязковым прадметам быў курс па гісторыі Беларусі, які выкладаў Усевалад Ігнатоўскі.

У 1924/25 навучальным годзе ва ўніверсітэце вялося выкладанне на беларускай мове па 13 дысцыплінах, а ў наступным навучальным годзе — ужо па 57 вучэбных прадметах, у тым ліку і на медыцынскім факультэце. Арыентаванай на беларускую гісторыю была і даследчая праца выкладчыкаў — як гісторыкаў, так і прадстаўнікоў іншых гуманітарных дысцыплін.

Прагулка па ўніверсітэцкай вуліцы

Адной з галоўных праблем пры стварэнні ўніверсітэта было знайсці ў разбураным рэвалюцыйнымі падзеямі, а потым кайзераўскай і польскай акупацыяй Мінску больш-менш прыдатныя будынкі і памяшканні. Іх трэба было таксама прыстасаваць для ўніверсітэцкіх патрэб. 10 сакавіка 1919 года, на пасяджэнні Мінскай камісіі па арганізацыі БДУ, было вырашана перадаць універсітэту будынак былога камерцыйнага вучылішча, у якім размяшчаліся ваенныя курсы Заходняй дывізіі. У хуткім часе пад універсітэт адвялі памяшканне былой мужчынскай гімназіі на рагу вуліц Губернатарскай і Падгорнай, будынка духоўнай семінарыі на Аляксандраўскай вуліцы, былога жаночага духоўнага вучылішча на рагу вуліц Шырокай і Міхайлоўскай, былога вайсковага шпіталя, губернскай земскай бальніцы, рэальнага вучылішча Хайкіна, гімназіі Зубакіна і Фальковіча і іншыя. Трэба заўважыць, што гэта былі адны з найлепшых мінскіх будынкаў.

Але толькі ў 1921 годзе спецыяльнай пастановай прэзідыума ЦВК Беларусі (ад 18 красавіка) быў афіцыйна зацверджаны спіс будынкаў, якія пераходзілі ў карыстанне БДУ. Адначасова ўніверсітэт атрымаў у сваё распараджэнне і землі, прылеглыя да іх. Усе арганізацыі, якія да гэтага часу там размяшчаліся, павінны былі да 1 ліпеня з'ехаць і перадаць універсітэту свае плошчы. Акрамя раней пералічаных, у спісе былі памяшканні фабрыкі «Вікторыя» (там размясціўся анатамічны тэатр медыцынскага факультэта), яўрэйскай бальніцы, Рускага сходу, гаспадарка «Лошыца» з фальваркамі «Зацішша», «Дуброва», «Прылукі», лясная дача Ваньковіча.

Адна з медыцынскіх клінік БДУ.

— Асобнае месца ў спісе займае будынак гімназіі Зубакіна і Фальковіча. У гісторыю ўніверсітэта ён увайшоў як «Першы дом БДУ», або «Дом № 1 БДУ», бо ў ім працаваў і фактычна жыў на працоўным месцы рэктар Уладзімір Пічэта, дзейнічалі бібліятэка і канцылярыя, праводзіліся заняткі на рабочым факультэце. Цікава, што пэўны час тут працаваў загадчыкам сталярнай майстэрні, рабіў лаўкі і паралельна выкладаў рускую мову і сам Канстанцін Фальковіч, філолаг па адукацыі, — расказвае Алег Яноўскі. — Гэты дом стаяў на скрыжаванні вуліц Магазіннай і Кашарнай яшчэ з 1863 года. Яго пабудаваў для сваёй сям'і купец Сакер (цяпер гэта скрыжаванне вуліц Чырвонаармейскай і Кірава). З 1922 года Магазінная вуліца (і гэта знамянальна) атрымала назву Універсітэцкая, бо на ёй стаялі галоўныя будынкі БДУ: «Дом № 1», «Дом № 2» — былая фабрыка «Вікторыя» і «Дом № 3» — былое вучылішча Хайкіна. Але ў 1934 годзе, пасля забойства савецкага партыйнага лідара, Універсітэцкая вуліца была перайменавана ў вуліцу Кірава. І з тых часоў у беларускай сталіцы, на жаль, так і не з'явілася больш Універсітэцкай вуліцы, якая б падкрэслівала важную ролю БДУ ў выхаванні інтэлектуальнай эліты, хоць былі прапановы перайменавіць вуліцу Ленінградскую, якая прылягае да Студэнцкага гарадка, ва Універсітэцкую... У першыя дні вайны двухпавярховы будынак № 1 БДУ быў разбураны, а пасля адноўлены. Сёння ў чатырохпавятровым будынку размяшчаецца гістарычны факультэт БДУ, які вярнуўся сюды ў 1992 годзе...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з асабістага архіва Алега Яноўскага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.