Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, хто са спартсменаў вызначыўся на мінулым тыдні.


Матч тыдня. Беларускія хакеісты атрымалі першую перамогу на чэмпіянаце свету ў Рызе. Матч групавой стадыі супраць каманды Швецыі завяршыўся з вынікам 1:0 на карысць беларусаў. Абедзве каманды мелі магчымасць адкрыць серыю галоў, але нулі на табло захоўваліся да пачатку трэцяга перыяду. У пачатку заключнай трэці матча Герман Несцераў закінуў першую і адзіную шайбу гэтай гульні.

Перамога тыдня. Беларусы выступаюць на чэмпіянаце Еўропы па кулявой стральбе ў Харватыі. Ужо на старце турніру беларускія стралкі заваявалі два залатыя, тры сярэбраныя і бронзавы медалі.

У камандных спаборніцтвах у стральбе з пнеўматычнага пісталета сярод юніёраў Іван Казак, Уладзіслаў Дземеш і Мікіта Кавалёнак занялі першае месца. Яшчэ адно «золата» заваяваў юніёрскі дуэт Аляксандры Пятровай і Уладзіслава Дземеша ў стральбе з пнеўматычнага пісталета. Другое месца занялі італьянцы, а трэцімі сталі беларусы Васіліса Навумава і Іван Казак. Яны таксама сталі сярэбранымі прызёрамі ў стральбе з пнеўматычнага пісталета на 10 метраў у індывідуальным турніры.

Герой тыдня. Ілья Шымановіч выйграў «серабро» ў фінале чэмпіянату Еўропы па плаванні. «Сярэбранай» для беларуса стала дыстанцыя 50 метраў брасам, якую ён пераадолеў за 26,55 секунды.

Турнір тыдня. Беларусы занялі шостую пазіцыю ў выніковым камандным заліку чэмпіянату Еўропы па параалімпійскім плаванні, які праходзіў у Партугаліі. У скарбонцы беларускай каманды 19 медалёў: сем залатых, тры сярэбраныя і дзевяць бронзавых. Ігар Бокій заваяваў шэсць узнагарод вышэйшай пробы. Спартсмен стаў найлепшым на дыстанцыях 100 метраў на спіне, батэрфляем, вольным стылем, на 200 метрах комплексным стылем, а таксама на дыстанцыях 400 і 50 метраў вольным стылем. Акрамя таго, Ігар Бокій стаў сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 100 метраў брасам. Чэмпіёнам Еўропы на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем стаў Дзмітрый Салей. Ён жа — бронзавы прызёр на дыстанцыях 50 і 100 метраў. Максім Вашкевіч заваяваў «серабро» на 100 метрах на спіне. Настасся Зудзілава — сярэбраны прызёр на 100 метрах брасам. А Ягор Шчалканаў — уладальнік «бронзы» на дыстанцыі 100 метраў на спіне і батэрфляем. Уладзімір Ізотаў прыплыў трэцім на дыстанцыі 100 метраў брасам. Рыгор Зудзілаў заваяваў бронзавы медаль на 400 метрах вольным стылем і на 200 метрах комплексным плаваннем. «Бронзу» на дыстанцыі 50 метраў брасам выйграў і Аляксей Талай.

Тытул тыдня. Футбалісты барысаўскага БАТЭ сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У вырашальным паядынку 30-кубкавага розыгрышу барысаўчане перамаглі «Іслач» з Мінскага раёна з вынікам 2:1. Гэта пяты Кубак Беларусі ў гісторыі БАТЭ, а ў фінале розыгрышу яны выступалі дзясяты раз. «Іслач» упершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў фінал кубкавага турніру.

Каманда тыдня. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» у 13-ты раз запар сталі чэмпіёнамі Беларусі. У чацвёртым паядынку серыі за «золата» нацыянальнага першынства ў Магілёве мінчане перамаглі гаспадароў, магілёўскі клуб «Барысфен». Вынік матча — 85:52.

Бронзавымі прызёрамі ўпершыню сталі баскетбалісты сталічнага клуба «Імпульс-БДУІР». У серыі за трэцяе месца яны абыгралі «Гродна-93».

Медалі тыдня. Беларускія лёгкаатлеткі выйгралі два медалі на міжнародным турніры World athletіcs contіnental tour у Дэсау (Германія). У безе на 100 метраў з бар'ерамі сярэбраную ўзнагароду заваявала Эльвіра Герман, яна паказала вынік у 12,94 секунды. Апярэдзіць беларуску змагла толькі польская спарстменка Пія Скжышоўска, якая фінішавала праз 12,92 секунды.

«Бронзу» ў скачках у даўжыню заваявала Настасся Мірончык-Іванова. У сваёй найлепшай спробе яна ўляцела на 6 метраў 48 сантыметраў. «Золата» выйграла прадстаўніца Германіі Малайкі Міхамбо — 6 метраў 68 сантыметраў, «серабро» ў яе суайчынніцы Люсі Кенаст — 6 метраў 51 сантыметр.

Цытата тыдня. «У канцы красавіка мы ўпершыню правялі нацыянальны форум атлетаў, які быў накіраваны на сацыялізацыю спартсменаў пасля заканчэння іх дзейнасці ў спорце вышэйшых дасягненняў. На мой погляд, вельмі важна падтрымліваць атлетаў, даць ім магчымасць праявіць сябе і ў іншых напрамках. Дарэчы, мы запрашаем і спартсменаў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў узяць удзел у чарговым форуме атлетаў, які плануем правесці ў наступным годзе», — сказала генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Паліна Галавіна падчас афіцыйнага візіту ў НАК Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Асноўнай тэмай сустрэчы стала падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў у няпростай эпідэмічнай сітуацыі, магчымасць правядзення сумесных вучэбна-трэніровачных збораў і рэалізацыя сумесных праектаў па развіцці і папулярызацыі алімпійскага руху.

Прадстаўнікоў НАК ААЭ цікавіў вопыт беларускай школы дзюдо, стэндавай стральбы і таэквандо. Паліна Галавіна запрасіла арабскіх калег наведаць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю НАК Беларусі. Таксама плануецца падпісанне мемарандума аб супрацоўніцтве.

Страта тыдня. На 67-м годзе пайшоў з жыцця вядомы лёгкаатлет і трэнер, майстар спорту міжнароднага класа, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Маскве Віктар Бельскі. З 1976 да 1982 года выступаў за зборную Савецкага Саюза, двойчы станавіўся чэмпіёнам СССР у скачку ў даўжыню, сем разоў «перапісваў» рэкорды БССР.

Лічба тыдня. 87 беларускіх спартсменаў выканалі кваліфікацыйныя патрабаванні на права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Токіа. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Басейн з медалямі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.