Вы тут

Кніжны гасцінец. Забіць у сабе звера ўласнасці


Кузьма Чорны. Трэцяе пакаленне. Раман. Мастацкая літаратура, 2021

«Тое, што ты маеш, людзям не паказвай, бо адбяруць. А чалавека чорная часіна заўсёды можа спасцігнуць. Астрогу і торбы не заракайся. Трымай пры сабе і свае думкі і ўсё, што маеш, бо паразяўляюць горлы і глынуць з табою разам».

Вось так і запомніў на ўсё жыццё павучанні гаспадара хутара Скуратовіча маленькі пастушок Міхалка Тварыцкі. Як бы і добрым ён чалавекам вырас — працавіты надзвычай, кемны, а як знайшоў неяк у лесе ля трупа нарабаваныя грошы, не, каб савецкай дзяржаве аддаць, прыўлашчыў... Вось жонка яго, Зося, малайчына — і як малой была, усё чыста чырвонаармейцам пра гаспадароў дакладала, дзе што прыхавалі... І цяпер на мужа, куды трэба, данесла.

Не чыталі дагэтуль «Трэцяе пакаленне», ці забыліся на яго ад школьнае пары? Звярніце ўвагу на серыю выдавецтва «Scripta manent», якая дазваляе наноў адкрываць для сябе беларускую класіку. 

Майстар псіхалагічнай прозы Кузьма Чорны ствараў раман «Трэцяе пакаленне» не ў самы лёгкі час... 1935-ты год — ужо напоўніцу шукалі ў творах пісьменнікаў прыкметы «буржуазнага светапогляду» ды іншыя варожыя вылазкі... Ужо адбываліся арышты і высылкі пісьменнікаў... Даводзілася шмат разоў перапісваць, спрашчаць на карысць ідэалогіі... Бо тэма складаная. Раскулачванне, прадразвёрстка, пачатак калектывізацыі... За сюжэтную аснову Чорны ўзяў, як звычайна, рэальныя падзеі са сваіх родных мясцінаў: былі такія знаёмцы, вясковыя багацеі... Кепскія кулакі, добрыя чырвонаармейцы, няшчасныя парабкі... Міхал Тварыцкі — індывідуаліст і ўласнік. Але талент нельга выстрагчы нават ідэалагічнымі нажніцамі. Усё ў рамане атрымалася зусім не так адназначна, як патрабавала цэнзура. Тварыцкі — хоць аўтар змушае яго нават запусціць сякерай у жонку Зосю, якая здала яго ўладам — усё адно не адназначны зладзей. Ён жа так баіцца, што яго маленькая дачка Слава будзе гараваць, як ён калісь... Уласніка належыць перавыхоўваць. Міхал прыхаванае для дачкі золата здае. Нават у фінале сыходзіцца ў двубоі з сынам былога гаспадара, агучваючы пафасную прамову, відавочна не з уласнай лексікай: «Твой бацька і ты, мучачы мяне, убівалі мне ў галаву, што чалавек на свеце ад веку да веку будзе рваць горла другому. I кожны павінен быць гатоў сам ірваць кожнаму горла, каб абараніцца. Выварочваючы маю дзіцячую душу, вы ўпэўнівалі мяне, што нявінныя дзеці, змучаныя і сіратлівыя, як пакалечаныя птушкі, будуць бадзяцца па пакутных дарогах і з грымасамі на сваіх нявінных тварах піць усю прагоркласць свету». Але Чорны застаецца майстрам мастацкага беларускага слова, ды яшчэ знарочыста дадае займальнасці. Чытайце, насалоджвайцеся добрай прозай думайце, ... У тым ліку і над ідэяй твора: маўляў, толькі пакаленне дзяцей, якія нарадзіліся пасля рэвалюцыі, будзе пазбаўленым памылак бацькоў, то-бок прагі ўласнасці. 


Николай Гумилев. Я буду думать лишь о вас, о вас... Центрполиграф, Москва, 2021

Сегодня, я вижу,
особенно грустен твой взгляд
И руки особенно тонки, 
колени обняв.
Послушай: далёко, далёко, 
на озере Чад
Изысканный бродит жираф.

Ён умеў ствараць вакол сябе флёр таямнічасці і гераізму... З дзяцінства хваравіты, не вельмі падобны да анёлка, ён зрабіў сябе сам — бо і амбіцыі меў хваравітыя... Як многія людзі такога кшталту, быў здольны на неверагодныя ўчынкі і рызыку, часам дарэмную... Ужо ў шэсць гадоў напісаў першы верш — пра Ніягару... Бо экзотыка далёкіх вандровак якраз увасабляла для яго сапраўдны гераізм. Гумілёў шмат падарожнічаў, асабліва па Афрыцы, у самых небяспечных мясцінах. Пайшоў ваяваць — хаця быў камісаваны з-за касавокасці... Стаў Георгіеўскім кавалерам. У літаратуры яму таксама давялося прабівацца, не адразу дзіўнага юнака «з вачыма, як у судака» пачалі лічыць за аднаго з першых паэтаў. У вершах Гумілёва адважныя капітаны скіроўваюць караблі ў хвалі, воіны з дзідамі выходзяць супраць ільвоў, канкістадоры ў жалезных панцырах шукаюць залатыя гарады... Паэт стаў заснавальнікам акмеізму — паэтычнай плыні Срэбнага стагоддзя... Свой другі зборнік вершаў ён прысвяціў Ганне Гарэнка, дзяўчынцы, якую пакахаў, калі ёй было чатырнаццаць, а яму сямнаццаць, не ведаючы, што яна стане Ганнай Ахматавай і пераўзыдзе яго славай... І ён застанецца на нейкі час у гісторыі як «першы муж Ганны Ахматавай». 

А між тым вершы Гумілёвы былі страшэнна папулярныя... Потым на дзесяцігоддзі сышлі ў цень, калі аўтара ў 1921-м расстралялі, як удзельніка антыбальшавісцкага закалоту, якога, магчыма, і не было. Паэзія Гумілёва працягвала жыць «у закуліссі» — у нечай памяці, у песнях, у самвыдаце... Сёння яе адкрываюць наноў, захапляючыся суровай філасофіяй, дасканаласцю сугуччаў і прыхаванай пяшчотай. 

«Вот я один в вечерний
тихий час,
Я буду думать лишь о вас, 
о вас.
Возьмусь за книгу, 
но прочту: „она“,
И вновь душа пьяна 
и смятена...»

Чытаць добрую паэзію варта хаця б дзеля таго, каб зверыцца з вечным камертонам мастацкага густу і чуйнасці душы. 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадстаўленыя крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.