Вы тут

У трэндзе — ветраэнергетыка


Недарагая і чыстая энергія — адна з мэт Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. Першы ветрагенератар у Беларусі з'явіўся ў 2000 годзе. А ў 2022-м будзе ўведзены ў эксплуатацыю самы буйны ветрапарк устаноўленай магутнасцю 25 МВт.


Чаму дадзеная тэма такая важная?

У нашай краіне рэалізуецца дзяржаўная праграма «Энергазберажэнне», якая разлічана на 2021—2025 гады. Яна прадугледжвае дасягненне долі аднаўляльных крыніц энергіі ў валавым спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў на ўзроўні 8 % і зніжэнне энергаёмістасці ВУП на 7 % да ўзроўню 2020 года.

Беларусь далучылася да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, Кіёцкага пратакола і Парыжскага пагаднення да яе. З мэтай выканання міжнародных абавязацельстваў наша краіна падтрымлівае развіццё аднаўляльнай энергетыкі, бо тая спрыяе скарачэнню выкідаў парніковых газаў і забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. У выпадках атрымання энергіі з біягазу і розных відаў біямасы адначасова вырашаюцца пытанні ўтылізацыі адходаў. Аднаўляльныя крыніцы энергіі эканамічна выгадныя, бо вецер і сонца нам дорыць прырода.

Ці падыходзіць клімат?

Першы вятрак у Беларусі з'явіўся ў 2000 годзе. А да таго было шмат скептыцызму: маўляў, у нас непрыдатны клімат, няма моцнага ветру. Тым не менш, па словах Марыны БЕЛАВУС, кіраўніка праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь», у нас можна сучасныя ветрагенератары ўстанаўліваць, а выпрацаваную імі энергію выкарыстоўваць у прамысловых маштабах.

Такім чынам, наш клімат падыходзіць для работы ветрагенератараў. Да таго ж тэхналогіі не стаяць на месцы. Цяпер дзеючыя генератары пры моцных парывах ветру аўтаматычна спыняюць сваю работу, каб не пашкодзіць платформы, на якіх яны ўстаноўлены.

Самаму буйному ветрапарку быць!

З 2015-га да чэрвеня 2021 года ў нашай краіне рэалізоўваўся праект «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь». Яго бюджэт склаў больш за тры мільёны долараў ЗША, якія вылучылі нашай краіне ГЭФ і ПРААН.

«Сродкі праекта ГЭФ дазволілі цалкам сфарміраваць патэнцыял па правядзенні ветравымярэнняў, актуалізаваць Дзяржаўны кадастр аднаўляльных крыніц энергіі, стварыць інфармацыйны рэсурс «Атлас вятроў Рэспублікі Беларусь». У ходзе рэалізацыі праекта быў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія спрыяюць інвестыцыйнай дзейнасці ў галіне аднаўляльнай энергетыкі, а таксама садзейнічаюць выкананню абавязацельстваў, прынятых Беларуссю па міжнародных кліматычных пагадненнях», — растлумачыла Марына Белавус.

Дзякуючы гэтаму праекту за кошт сродкаў ГЭФ былі праведзены перадінвестыцыйныя работы па пяці пляцоўках для будаўніцтва ветрапаркаў у нашай краіне. Для гэтага зрабілі вымярэнні ветравога патэнцыялу па міжнародных стандартах, распрацавалі перадпраектную дакументацыю, правялі ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, атрымалі неабходныя ў адпаведнасці з заканадаўствам дазволы для стварэння ветраэнергетычных установак. Першы перадінвестыцыйны актыў быў прададзены ў выніку адкрытага аўкцыёну інвестару — турэцкай кампаніі «Гюрыш». Яна інвестуе ў рэалізацыю праекта 46 млн еўра, дзякуючы чаму ўжо ў 2022 годзе ў Беларусі з'явіцца самы буйны ветрапарк устаноўленай магутнасцю 25 МВт.

Падводзячы вынікі праекта, Марына Белавус адзначыла, што яго дзейнасць спрыяла больш цеснаму ўзаемадзеянню зацікаўленых міністэрстваў у развіцці аднаўляльнай энергетыкі ў краіне, а таксама прадукцыйнаму супрацоўніцтву дзяржаўных органаў, бізнесу, фінансавых інстытутаў і грамадскіх аб'яднанняў па пытаннях аднаўляльнай энергетыкі і барацьбы са змяненнем клімату.

Акрамя таго, праектам была ўдзелена ўвага ролі жаночай ініцыятывы для развіцця аднаўляльнай энергіі ў сельскай мясцовасці — праведзена навучанне сацыяльна актыўных жанчын, напрацаваны матэрыялы, якія дазваляюць не толькі падрыхтаваць праект па стварэнні аб'екта аднаўляльнай энергетыкі, але і знайсці варыянты яго фінансавання.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.