Вы тут

«Дзівосны танец горнага арла...»: Еўдакія Лось у Манголіі


Заўсёды з цікавасцю чытаюцца пісьменніцкія дзённікавыя запісы — ці то тыя, што робяцца ў выключнай кабінетнай цішыні, ці то напісаныя ў гасцініцах, у паездках па розных, найперш — замежных старонках. Чаму так адбываецца?.. Відаць, за мастацкімі вобразамі, сімваламі, якімі б яны перакнаўчымі яны не былі, чытачам не хапае празрыстай адкрытасці, не хапае інтанацыі даверу, мо нават яснасці... Магчыма, я і памыляюся. Але так яно чамусьцуі складваецца ў мяне асабіста. 


Еўдакія Лось.

Чытаю з надзвычайнай увагай, захапленнем, абвостранай зацікаўленасцю запісныя кніжкі Рыгора Барадуліна, лірычныя запісы Янкі Брыля, «Лісткі календара» Максіма Танка, дзённікі Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, дзённікавага характару нарысы... Як, напрыклад, і вось гэты нарыс, які, па зразумелых прычынах, раней не мог заўважыць. «Мангольскі дзённік» Еўдакіі Лось надрукаваны ў яе кнізе «Травіца брат-сястрыца», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» ў 1970 годзе. У падзагалоўку жанравых вызначэнняў сабранага разам у невялікага памеру кніжыцы: «Апавяданні, замалёўкі». 

Мы ж ведаем Еўдакію Лось болей як паэтэсу. Нарадзілася ў дзіўна прыгожым азёрным Ушацкім краі. Нарадзілася ў старонцы, якая выпеставала цэлы атрад яркіх паэтаў, пісьменнікаў. Народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Гекнадзь Аўласенка... Называць можна яшчэ шмат каго з тых, хто ўзрос на гэтых прыгожых прасторах... І з ліку паэтаў, і з ліку празаікаў, і з ліку мастакоў...

Еўдакія Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў вёсцы Старына Ушацкага раёна. У сялянскай сям’і. Бацькі ў 1934 годзе перасяліліся ва Ушачы і сталі працаваць у раённай друкарні. Да вайны будучая пісьменніца паспела закончыць пяць класаў. А ўжо, закончыўшы пасля вызвалення Ушацкую сямігодку, паступіла ў Глыбоцкае педагагічнае вучылішча. Першы верш надрукавала ў часопісе «Работніца і сялянка» — «Сэрца дзяўчыны». Першая кніга адносіцца да 1958 года — зборнік вершаў «Сакавік». У 1959 — 1961 гг. вучылася на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. У 1960-я гады, да паездкі ў Манголію, Еўдакія Лось — аўтар кніг «Палачанка», «Людзі добрыя», «Хараство», «Яснавокія мальвы», «Пацеркі». 

... 11 жніўня 1969 г. «Вылет у Манголію адкладваецца. Нейкае непаразуменне з білетамі. Аб гэтым толькі што пазванілі з замежнай камісіі Саюза пісьменнікаў СССР, — чытаем першыя старонкі „Манголськага дзённіка“. — Я адна ў двухмясцовым пакоіку маскоўскай гасцініцы „Мінск“, суседкі сваёй не бачыла, аб яе абліччы і схільнасцях мяркую толькі па рэчах. Мне дужа маркотна. „Рабіце свае маскоўскія справы!“ — бадзёра заклікаў таварыш па тэлефоне. А я ніякіх спраў рабіць не магу, ды іх тут у мяне і не надта: артыкул, што пойдзе ў „Литгазете“, прагледзела, кніжак, якія мне патрэбны, не знайшла. А хацела набыць зборнік вершаў Канстанціна Сіманава і кніжку з доўгаю назвай „Песни, мечты и любовь“. Нешта накшталт анталогіі жаночай паэзіі. Дзе прадстаўлены паэтэсы ўсіх саюзных рэспублік...» І далей: «Зборнік вершаў К. Сіманава хацела знайсці з трохі карысніцкай мэтай: узяць аўтограф у аўтара. З паэтам, творчасць якога прымаю з юнацкіх гадоў, буду поруч дзесяць ці больш дзён. Ён узначальвае нашу дэлегацыю пісьменнікаў і журналістаў, якая па запрашэнню Саюза пісьменнікаў Мангольскай Народнай Рэспублікі вылятае з Масквы ва Улан-Батар 14 жніўня. Там будзе адзначацца 30-я гадавіна перамогі на Халхін-Голе. Будзе парведзена нарада аб ваенна-патрыятычнай тэме ў літаратуры. Можа таму ў складзе дэлегацыі — пісьменнікі „ваенныя“: Сіманаў, Смірноў С. С., Славін... Адна гранічна цывільная асоба ў спісе —я, і мяне рохі бянтэжыць, што трапіла ў мужчынскую кампанію. Разам з тым я глыбока ўдзячна таварышам за тое, што прынялі ў сваю грамаду пасланца гераічнай патызанскай рэспублікі — Беларусі.

Чакаю цікавае падарожжа ў краіну далёкую і незнаёмую. Ці трэба казаць як вабіць яно — незнаёмае!..»

Іван Федзюнінскі

12 жніўня 1969 г. «... Я ўбачу мясціны, якія мой брат абводзіў алоўкам на карце. Там трыццаць гадоў назад адбылася вялікая бітва з японскімі мілітарыстамі, што напалі на братнюю Манголію. Мы дапамагалі ёй выганяць захопнікаў...» 

Дзённікавыя, няхай сабе і з разлікам на хуткае афармленне ў публікацыі, нарысе, запісы Еўдакіі Лось чаму яшчэ чытаюцца цікава?.. Справа, відаць, у тым, што яна, лічы, сучасніца тых, цяпер ужо ад нас далёкіх падзей. Нараджэннем з 1929 года, яна трымае ў памяці, як успрымалі Халхін-Гол у перадываеннай Беларусі. Прайшло ж да 1969 года ўсяго ж тры дзесяцігоддзі... 

З запісу таго ж дня: «...Сёння сказалі, што ва Улан-Батар ляцім адным самалётам з вайскоўцамі — удзельнікамі баёў на Халхін-Голе. Дэлегацыю Міністэрства абароны ўзначальвае славуты чалавек генерал арміі Федзюнінскі І. І.» Іван Іванавіч Федзюнінскі (1900 — 1977) — сапраўды легендарны савецкі ваеначальнік. Яшчэ ў 1929 годзе быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга за смеласць, праяўленую ў баях на Кітайска-Усходняй чыгунцы. У 1939 годзе служыў на мяжы з Манголіяй на пасадзе камандзіра палка па гаспадарчай частцы. І на пачатку неабвешчанай вайны на Халхін-Голе па прапанове Г. К. Жукава быў прызначаны камандзірам 24-га матарызаванага палка. У Баін-Цаганскай бітве полк маладога камандзіра разам з танкамі прараваўся ў тыл японскіх войскаў, нанёс вялікую шкоду праціўніку. Федзюнінцы парушылі баявыя камунікацыі. У выніку японцы хутка адступілі і нават літаральна ўцякалі з захопленага імі плацдарма ля гары Баін-Цага на заходнім беразе ракі Халхін-Гол. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 жніўня 1939 года Федзюнінскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Праз шмат гадоў — у ліпені 1975 года — ужо генерал арміі І. Федзюнінскі будзе адзначаны званнем Героя Мангольскай Народнай Рэспублікі. А вяртаючыся ў 1939 — 1940 гг., варта нагадаць, што 6 лютага 1940 г. палкоўнік Федзюнінскі прыняў камандаванне 82-й стралковай дывізіяй. З лістапада 1940 года ўжо генерал-маёр Іван Федзюнінскі быў камандзірам 15-га стралковага корпуса, войскі якога былі раскватараваны ў раёне Брэста і Ковеля. У адрозненні ад іншых часцей і злучэнняў падраздзяленні корпуса паспяхова вялі абарончыя баі і нанеслі некалькі істотных контратак па наступаючых нямецкіх войсках. У адным з баёў Федзюніскі быў паранены і па распараджэнню камандуючага фронтам быў дастаўлены на самалёце ў Маскву. Пасля для генерала былі баі пад Ленінградам... Вапяваў Іван Іванавіч і ў Беларусі. Удзельнічаў у Гомельска-Рэчыцкай аперацыі. Ганаровы грамадзянін Гомеля... Сярод узнагарод І. Федзюнінскага — і два мангольскіх ордэны Сухэ-Батара, два мангольскіх ордэны «За баявыя заслугі»... 

13 жніўня Еўдкаія Лось робіць запіс яшчэ ў Маскве: «З раніцы набліжаю да сябе Манголію: чытаю вершы са зборнкіа „Да сонца“, які хутка выйдзе ў Маскве, у мяне — аркушы. Багата ў кніжцы імён, многа добрых вершаў. З ходу, як кажуць, пераклала адзін, пад настрой трапіў: 

*** 

Калісьці ў жураўля, што плыў да птушанят, 

Каменнем я кідаў, такі маленькі кат. 

Устаўшы на страмёнах над травой, 

Я птушку ў небе зацінаў пятлёй... 

Тады не ведаў я, як кідаешся ты,

Пачуўшы плач сыночка з-за вярсты... 

Калі б я ведаў пра такі парыў, 

Ніколі б жорсткі з птушкаю не быў... 

Малады паэт Д. Найманджын...» 

А даляцелі ў Манголію 15 жніўня 1969 г. На гутарцы ў СП Манголіі спадарыня Удвал паведаміла праграму сустрэч на мангольскай зямлі... Некалькі слоў пра Санамын Удвал. Мангольская пісьменніца нарадзілася ў 1921 годзе. Здаецца, і не нашмат старэй за нашу Еўдакію Лось... Нарадзілася Санамын Удвал у самоне Дашынчылэн Булганскага аймака ў сям’і арата. У 1943 годзе закончыла Маскоўскі інстытут усходазнаўства. Пасля — Вышэйшую партыйную школу ва Улан-Батары, а затым — Вышэйшую партыйную школу ЦК КПСС у Маскве. Літаратурная творчасцю замйалася з 1938 года. Аўтар кніг «Мы сустрэнемся», «Першыя трынаццаць» і іншых выданняў, а таксама рамана «Вялікі лёс». У 1956 годзе Санамын Удвал была адзначана Залатым медалём Міра імя Фрэдэрыка Жаліо-Кюры. У 1978 годзе за раман «Вялікі лёс» атрымала Дзяржаўную прэмію Манольскай Народнай Рэспублікі...

«На стале перад сабой, — запісвае ў „Мангольскі дзённіку“ Еўдакія Лось, — я паставіла мінскі здымачак — вось і ты са мною, сынок, аж у Манголіі! За акном шуміць горная рэчачка, растуць елкі з мяккімі лапкамі — лістоўніцы, папважна лятае пухнатая рыжая птушка... 

А днём у горадзе бачыла жывога вярблюда, з двума гарбамі! Вось бы табе на ім пакатацца! 

Сяргей Грыцавец.

Чаго ты, дзетка, так плакаў? Дзіўнае і выключна жаноцкае ўражанне: паэт Тарва (прывітанне А. Вольскаму і П. Макалю, іх аднакашнік па Літкурсах) вазіў па горадзе, мы ўважліва аглядалі вуліц і будоўлі, парк у цэнтры і помнікі. Усё хораша, нова для былой Ургі. Усё заспакойвала , настройвала на звычайны працоўны лад. Але абсалютна спакойнай я адчула сябе, калі ўбачыла на вуліцы маладую цяжарную жанчыну... І дома ў нас многа такіх шчаслівых у сваім чаканні жанок...» 

На вячэрняй сяброўскай бяседзе былі добрыя жарты і тосты. Свой першы і адзіны за сталом тост сказаў Канстанцін Міхайлавіч Сіманаў: 

За нашу Беларусь!.." 

Сярод іншых мангольскіх сустрэч — і прыём у Цэнтральным Камітэце Мангольскай народна-рэвалюцыйнай партыі. На сустрэчы — усе сакратары ЦК на чале з Цэдэнбалам. Выступалі Канстанцін Сіманаў, Леў Славін, Сяргей Смірноў. І пісьменніца прыводзіць словы С. Смірнова: " — Мы яшчэ не зразумелі цалкам, — кажа Смірноў, — значэння Халхін-Гола. Тут быў набыты першы буйны вопыт у розных кірунках: перакідка войск на вялікія адлегласці; сумесныя дзеянні з брацкай арміяй; разгром японскіх войск — Японія не ўступіла ў вайну з СССР пасля, помнячы ўрок. Рэпетыцыя Сталінграда — той жа почырк разгрому і акружэння ворага..." Вытсупіла і беларуская паэтэса, нагадаўшы пра нядаўнюю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пра новыя беларускія помнікі — Курган Славы і Хатынскі мемарыял. Успомніла пра двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца... «Беларусы на Халхін-Голе былі! — Ён быў дужа высокі ростам! — кідае тав. Цэдэнбал і паказвае рукой угору. 

— Так, я бачыла на фотаздымку!..» 

Невялікае адступленне. У 2015 годзе ў Кітаі, у Сінцзянь-Уйгурскім аўтаномным раёне, я пазнаёміўся з кіраўніком творчай арганізацыі журналістаў Манголіі спадаром Галаарыдам, публіцыстам, перакладчыкам, кінасцэнарыстам. Запрасіў яго ў Беларусь... Так двойчы мангольскі літаратар прыязджаў у Мінск, удзельнічаў у розных сустрэчах беларускіх і замежных пісьменнікаў. І за гэтыя гады як мастак слова, як сябра Беларусі шмат добрага зрабіў для прапаганды беларускага мастацкага слова ў Манголіі. Пераклаў і выдаў кнігу «Санеты» народнага песняра Беларусі Янкі Купалы. Побач з мангольскім перакладам — і тэксты на беларускай і рускай мовах. А яшчэ спадар Галаарыд пераклаў і выдаў дакументальную аповесць пра нашага Сяргея Грыцаўца. Сяброўства наша з мангольскім перакладчыкамдоўжыцца і зараз. Нядаўна ён пераклаў раннія вершы Якуба Коласа — «Не бядуй!» і «Родныя вобразы». Несумненна, пераклады будуць надрукаваны ў Манголіі. А яшчэ — у кнізе «Якуб Колас на мовах народаў свету», якая павінна пабачыць свет у Мінску да 140-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Беларусі ў 2022 годзе. 

У Манголіі Еўдакія Лось напісала і верш «Бацькам Грыцаўца»: Ваш сын жывы, 

ён маладзенькі, 

яму яшчэ не трыцаць год... 

Вось назбіраў ён красак жменьку 

і аглядае самалёт... 

А вось ужо за шклом кабіны, 

сядзіць у шлеме баявым.

...Разам з астатняй дэлегацыяй Еўдакія Лось пабывала ў мясцінах баёў. Ля помнікаў савецкім бацам. Прыняла ўдзел у канферэнцыі «Ваенна-патрыятычная тэма ў літаратуры». І нават даведалася, што такое дацан... Праўда, у апісанні ламаізма — адной з разнавіднасцяў будызма засталася ваяўнічай атэісткай... «...Яны сядзелі радамі, ногі ў клетку, на падлозе ці нейкіх непрыкметных лаўках, перабіралі ружанцы, шапталі малітвы, а па ўдару бубна, па голасу аднаго са старэйшых пачыналі спеў. Амаль усе старыя, брытагаловыя, у каравых чырвоных ці карычневых халатах. У дацане цесна, душна, паветра невыноснае. Мы абышлі кругом, агледзелі розныя цацачныя фігуркі грознага буды, розныя карабкі, хвасты, анучкі, што маюць тут нейкі сэнс. Пад нагамі на выхадзе сядзелі блізка адзін супрацб другога двое ўсохлых безвалосых мужчын, штось нюхалі па чарзе... „Наркаманы!“ — пачула я шэпт суседа і жахнулася... 

Хутчэй на вуліцу, да жывых людзей і дрэў, да шчакастых карапузаў на коніках! 

— Ну, як? — знарок з усмешкай пытае К. Сіманаў. 

— Які жах! — шчыра кажу я і ўсю дарогу адсюль з цеплынёй думаю пра тое, колькі сапраўды зроблена ў Манголіі дзеля адраджэння нацыі!..» 

Пабывалі пісьменнікі і ў пустыні Гобі. Запіс ад 22 жніўня: «... Гледзячы на бясконцую гэту зямлю, я думала трохі незвычайную думку. Вось прывыклі мы з вучнёўскай пары, што манголы некалі былі адно заваёўнікі ды разбуральнікі. А цяпер яны — пастухі, яны — ваўначосы, яны — спрадвечныя майстры па металу і скуры. Яны ж — і паэты прыроджаныя. Уяўляю сабе, як гучыць на схіле дня, у гэтай бязлюднай бязмежнасці песня! 

Цэдэнбал.

Па-свойму апаэтызаваны ўсе ступені жыця чалавека: яго нараджэнне, першая стрыжка валасоў, дзень паўналецця, жаніцьба. Паэзія ў арнаменце — для посуду, для збруі. Паэзія ў нацыянальным сімвале — саёмбо, які вынесены на дзяржаўны сцяг МНР. Паэзія ў легендах. Яшчэ на канцэрце ў Чойбалсане я заўважыла ў аркестры струнны інструмент з конскай галоўкай на грыфе — марынхур. Яго прыдумаў юнак луўсан, кажа легенда. Юнак жыў на поўначы краіны, а пакахаў красуню Янжын з Гобі. Убачыць яе і закахацца ён здолеў таму, што меў казачнага крылатага каня. Начамі крылаты конь пераносіў Луўсана да любай, — і не было на зямлі чалавека, шчаслівейшага за яго. Аднойчы злая жанчына, закаханая ў Луўсана, дазналася пра яго тайну. І калі ён вярнуўся з загадкавай краіны Гобі, яна пракралася ў стойла, падрэзала каню крылы, і конь загінуў. Знядолены юнак выразаў з палена галаву свайго друга, узяў з хваста некалькі валасоў, зрабіў музычны інструмент і пайшоў пехатой па вялікай Манголіі ад слёз і спяваў гаротныя песні аб загубленым каханні...» Напрыканцы !Мангольскага дзённіка" і такі запіс, зроблены ўжо ў Маскве: «Канчаю свой беглы дзённік. Перажыта больш, чым запісан. Неставала часу на запісы... Хутчэй да сыночка, у Мінск!» 

«Мангольскі дзённік» Еўдакіі Лось (1929 — 1977) нагадаў пра тое, што існуе такая тэма. Як беларуска-манголськія літаратурныя сувязі. Нагадаў, што ў беларускай і мангольскай літаратур ёсць розныя, часам нечаканыя стасункі. Што манголы перакладалі беларускую паэзію і прозу. Што беларусы перакладалі творы мангольскіх пісьменнікаў. Нагадалі пра тое, што свае ўражанні ад сустрэч з Манголіяй ёсць і ў празаіка, паэта, перакладчыка Алеся Бадака, празаіка Андрэя Федарэнкі, іншых беларускіх пісьменнікаў. Праўда, ужо з іншага часу, іншых дзесяцігоддзяў... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.