Вы тут

Сёлета спаўняецца 95 гадоў туркменскаму класіку


Сярод знаных у савецкі час паэтаў усяе шматнацыянальнай прасторы СССР народны паэт Туркменскай ССР Керым КУРБАННЯПЕСАЎ (1929 — 1988) займаў далёка не апошняе месца. Спрыялі гэтаму і яго шматлікія публікацыі ва ўсесаюзным літаратурна-мастацкім перыядычным друку, а таксама кнігі вершаў і паэм, якія выходзілі ў «Советском писателе», «Художественной литературе» — на той час самых аўтарытэтных кніжных выдавецтвах. 


Фота: turkmenistan.gov.tm

Нарадзіўся Керым Курбанняпесаў 18 кастрычніка 1929 года ў аўле Першы Гёоктэпэ Геок-Тэпінскага раёна. Гэта — за сорак пяць кіламетраў ад Ашхабада. Паселішча пабудавана вакол былой крэпасці туркмен, якая насіла таксама назву Гёоктэпэ. 
Бацька Керыма загінуў на фронце ў 1942 годзе. У сям’і было шмат дзяцей. Фактычна ў трынаццаць гадоў, маючы за спінай чатырох малодшых братоў і сясцёр, Керым становіцца гаспадаром сям’і. Працаваў будучы паэт у калгасе, пасля — у раённай бібліятэцы. Будаваў Тэджэнскае вадасховішча... 

Яшчэ ў 1940-м годзе вершы Керыма Курбанняпесава змяшчаюцца ў друку. Спярша — у раённай газеце, затым — у рэспубліканскіх перыядычных выданнях. У тым ліку — і ў сатырычным часопісе «Токмак». У 1949 годзе маскоўскі часопіс «Смена» у перакладзе на рускую мову надрукаваў верш маладога творцы «Дзяўчына з калгаса». 

Першы паэтычны зборнік — «Крыніца маёй сілы» — Керым Курбанняпесаў выдаў у 1951 годзе. Тады літаратар праходзіў тэрміновую службу ў Адэсе. Па просьбе Саюза пісьменнікаў Туркменскай ССР паэта пераводзяць у Ашхабад. Мне давялося быць знаёмым з беларусам — ваенным журналістам Дзмітрыем Післяковым (дарэчы, у 1980-1990-я гады ён жыў у Мінску), які сутыкнуўся з Керымам у час вайсковай службы і пасля пасябраваў з туркменскім паэтам на ўсё жыццё. Наш зямляк расказваў, якой надзвычайнай павагай карыстаўся Керым Курбанняпесаў у туркменскіх чытачоў любога ўзросту. Праніклівыя лірычныя вершы, грамадзянская патрыятычная паэзія, творы. Якія раскрывалі самыя розныя сацыяльныя, побытавыя з’явы жыцця, былі скіраваны на ўзвышэнне чалаевка, на яго духоўнае і маральнае развіццё. 

Адна за другой выходзілі кнігі Керыма Курбанняпесава — «Спаборніцтва», «Жыццё», «Зямля», «Карэнні», «Чарыяр — дэхканскі сын», «Вернасць», «Дзед Таймаз», «Горкія дні, салодкі дым», «Дзеля дабрыні», «Бацька і сын»... Добрымі словамі, сардэчнымі ацэнкамі на творчыя здзяйсненні Керыма Кубанняпесава адгукнуліся Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік Туркменскай ССР Берды Кербабаеў, славуты кіргізскі і савецкі празаік, класік сусветнай прозы Чынгіз Айтматаў. Вось якія словы Берды Мурадавіча Кербабаева пра свайго малодшага таварыша па пяру захаваліся ў гісторыі: «... Ёсць у нас Керым, яго трэба ведаць, — гэта вялікі паэт, ён спалучае ў сабе мудрасць, захаваную стагоддзямі і тое, што яшчэ толькі прыйдзе да нас у будучыні. Гэты паэт на перакрыжаванні ўсіх трох часін». 

Керыму Курбанняпесаву было прысвоена званне народнага паэта Туркменскай ССР, ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Туркменскай ССР імя Махтумкулі. Некаторы час быў галоўным рэдактарам часопіса «Савет эдэбіяты» (галоўны туркменскі літаратурна-мастацкі часопіс; зараз выходзіць пад назвай «Каракум»). А таксама працаваў у Саюзе пісьменнікаў Туркменскай ССР. 

Сёння на Алеі Натхнення туркменскай сталіцы ў гонар паэта пастаўлены вялікі бронзавы бюст... Вершы Керым Курбанняпесава і зараз чытаюць новыя пакаленні туркменскіх юнакоў і дзяўчат. Чытаюць ў наш няпросты, з выпрабаваннямі для мастацкай літаратуры час.

Керым Курбанняпесаў, які пайшоў з жыцця вельмі рана — 1 верасня 1988 года, добра ведаў беларускую літаратуру, дакладней — беларускую паэзію. У хатняй бібліятэцы легендарнага туркменскага мастака слова былі вершаваныя зборнікі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і іншых беларускіх літаратараў. Ведаю, што ў розныя гады з народным песняром Туркменістана сустракаліся Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, Алесь Жук, Алесь Емельянаў, Мікола Калінковіч... Вядомыя лісты Керыма-ага да беларускіх пісьменнікаў — Максіма Танка, Алеся Жука, Міколы Калінковіча... У першай палове 1990-х гадоў у Мінску пабачыў свет калектыўны зборнік твораў сучасных туркменскіх паэтаў. Сярод іншых вялікай падборкай у перакладзе на беларускую мову былі прадстаўлены і вершы Керыма Курбанняпесава ў перакладах Васіля Жуковіча... Можа быць, маючы такую гісторыю паяднання з Беларуссю вялікага, сапраўднага паэта, варта было б выдаць і яго асобную беларускую кнігу? Упэўнены, што зацікаўленыя перакладчыкі яго філасофскіх і разам з тым вельмі жыццёвых вершаў, несумненна, знойдуцца. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.