Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з маладымі парламентарыямі


У Савеце Рэспублікі адбылася сустрэча спікера верхняй палаты парламента з членамі Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Нагодай для актуальнай і шчырай размовы стаў год існавання гэтай структуры. Якіх вынікаў работы за гэты перыяд атрымалася дасягнуць? У чым перспектывы далейшай дзейнасці гэтай структуры? Якія ідэі могуць быць карысныя для сенатараў? Усе гэтыя пытанні маладыя людзі абмеркавалі з Наталляй Качанавай.


Напачатку сустрэчы яна нагадала аб ранейшай дамове — перыядычных сустрэчах з ініцыятыўнай моладдзю з рэгіёнаў, каб мець магчымасць абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні парадку дня:

— Мы павінны разам зверыць гадзіннікі ў нашай рабоце, бо гэта вельмі важна, — пераканана спікер верхняй палаты парламента.

Трэба сказаць, што дамова выконваецца бездакорна — ужо прайшлі некалькі плённых сустрэч. У прыватнасці, Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на актыўным удзеле юных парламентарыяў у мерапрыемствах сенатараў. Напрыклад, днямі прайшоў Прэзідыум Савета Рэспублікі ва Ушачах, дзе разглядалася тэма работы са зваротамі грамадзян у Віцебскай вобласці, у якім прымалі ўдзел і маладыя калегі «дарослых» сенатараў.

— Я мяркую, што гэта выдатная школа і добры вопыт у рабоце, якія мы будзем працягваць, — падкрэсліла яна.

Наталля Качанава звярнула ўвагу на важнасць дзейнасці маладзёжнага савета ў гэтым кірунку.

— Ва Ушачах я чарговы раз пераканалася, што нам як ніколі трэба больш сустракацца з людзьмі, а вам — з моладдзю, праводзіць сустрэчы ва аўдыторыях, казаць, размаўляць, тлумачыць, расказваць, — акцэнтавала яна ўвагу. — Таму што пытанні, якія былі зададзены, сведчаць аб тым, што людзі інфармацыйна яшчэ многага не ведаюць. Таму нам трэба вельмі актыўна працаваць з людзьмі.

Спікер верхняй палаты парламента пераканана, што новая форма работы звязаная з правядзеннем адзінага дня прыёму грамадзян па асабістых пытаннях сенатарамі, вельмі карысныя ў гэтых адносінах.

Дарэчы, яна анансавала наступны такі прыём, правядзенне якога запланавана ў сталіцы. 

— Правядзем ва ўсіх адміністрацыях горада, а потым падвядзем вынікі на прэзідыуме Савета Рэспублікі ў першай дэкадзе жніўня, — расказала Наталля Качанава. Яна ўпэўнена, трэба працаваць кропкава, таму што ўсе інфармацыйныя крыніцы, якія існуюць, сведчаць аб тым, што бруд і хлусня будуць працягвацца.

— Гэтага нам не пазбегнуць. Але нам важна працаваць на апярэджанне, гэта значыць, даваць праўдзівую інфармацыю, якая ёсць на самой справе, — звярнула яна ўвагу моладзі. 

Аб праектах, якія ўжо рэалізаваныя маладымі парламентарыямі, і накіраваны на праўдзівае адлюстраванне гісторыі, расказаў старшыня Маладзёжнага парламента Ягор Макарэвіч. У прыватнасці, членамі Маладзёжнага парламента ініцыяваны праект «Гістарычная памяць», у рамках якога ў Бярозе, што на Брэстчыне, у красавіку на месцы размяшчэння канцэнтрацыйнага лагера праведзены мітынг-рэквіем, а таксама абвешчаны збор сродкаў на стварэнне мемарыяльнага комплексу ахвярам палітычных рэпрэсій польскіх уладаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў перыяд 1921-1939 гадоў. Грошы ў выглядзе дабрачыннага ахвяравання накіроўваюцца на разліковы рахунак, адкрыты адмыслова для гэтых мэтаў. Нялішнім будзе яго нагадаць: BY70BLBB31341200000004836158.

Акрамя таго, напярэдадні Дня Перамогі маладыя парламентарыі выступілі аднымі з ініцыятараў праекта «Алея Перамогі». З прадстаўнікамі грамадскасці і палітычных сіл падчас старту праекта ў сталіцы адбылася закладка аднайменнай алеі. Далучыцца да акцыі мог любы беларус, высадзіўшы дрэва ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Праекты па захаванні гістарычнай спадчыны працягнуліся. У сярэдзіне чэрвеня маладыя людзі правялі замену састарэлай мемарыяльнай дошкі ў памяць аб Сяргеі Прытыцкім у Мінску, выбітнаму савецкаму і беларускаму палітычнаму дзеячу, арганізатару камсамольскага падполля Заходняй Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны.

Новая мемарыяльная дошка адкрыта членамі Маладзёжнага парламента ў дату 50-годдзя з дня смерці Сяргея Прытыцкага.

Што датычыцца актывізацыі інфармацыйнай дзейнасці ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі, Ягор Макарэвіч расказаў аб запуску сайта Маладзёжнага парламента — mpns.by — дзе яго карыстальнікі актыўна інфармуюцца аб дзейнасці гэтай структуры, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Члены Маладзёжнага парламента пастаянна ўдзельнічаюць у розных тэлевізійных праектах — тым самым працуюць на апярэджанне — і тут асноўны акцэнт робіцца на прыцягненне новых асоб з ліку маладых парламентарыяў.

— Так, у маі сумесна з патрыятычным блогерам Сцюшай Тайм запушчаны праект па асвятленні дзейнасці членаў маладзёжнага парламента. Выпускі праекта транслююцца ў ранішнім блоку на тэлеканале «РТР-Беларусь», а таксама размяшчаюцца ў папулярнай у моладзі сацыяльнай сетцы «TikTok». Да бягучага моманту падрыхтавана 6 выпускаў праекта, — патлумачыў Ягор Макарэвіч.

Безумоўна, парадак дня маладых парламентарыяў вызначае і работа над законапраектамі і ўдзел ў рабоце над унясеннем змяненняў у Канстытуцыю.

Для арганізацыі ўдзелу членаў Маладзёжнага парламенту ў заканадаўчым працэсе за кожнай профільнай камісіяй замацаваны пералік законапраектаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў Палацы прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі. На сайце mpns.by функцыянуе электронная форма па зборы прапаноў ад моладзі па змяненні Асноўнага Закона Беларусі. Гэтыя прапановы агучваюцца на пасяджэннях Канстытуцыйнай камісіі, старшынёй Маладзёжнага парламента.

Трэба сказаць, што ў рамках тлумачальнай работы ў студэнцкіх, школьных і працоўных калектывах члены Маладзёжнага парламента працягваюць сустракацца з моладдзю. Праўда, акцэнт гэтых сустрэч у цяперашні час зроблены на збор прапаноў па змене Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Цікавай з пункту гледжання сучаснага парадку дня выглядае і інцыятыва стварэння маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Рух наперад», якое выступіла аператарам Нацыянальнага праекта «Каманда Будучыні» — конкурсу, задачай якога з’яўляецца пошук, развіцце і падтрымка перспектыўных лідараў, якія валодаюць высокім узроўнем асабістых якасцяў і кіраўніцкіх кампетэнцый. Дарэчы, ідэя правядзення гэтага конкурсу была агучана на шостым Усебеларускім народным сходзе.

Першы конкурс у кірунку «палітыка» быў праведзены ў сакавіку, яго пераможцы мелі магчымасць правесці адзін дзень у графіку работы Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Практыка будзе працягнута і зараз вядзецца падрыхтоўка да правядзення наступнай спецыялізацыі конкурсу. Правядзенне гэтага кірунку запланавана на жнівень—верасень.

Гэтыя і іншыя праекты даюць магчымасць моладзі непасрэдна ўдзельнічаць у дзейнасці Маладзёжнага парламенту. 

Як патлумачыў Ягор Макарэвіч, уцягванне маладых людзей у дзейнасць кіруемай ім структуры адбываецца праз МГА «Рух наперад», а таксама форумную кампанію, у рамках якой прайшлі такія мерапрыемствы, як абласныя маладзёжныя форумы «Беларусь — гэта мы», першы беларускі маладзёжны парламенцкі форум. У цяперашні час вядзецца падрыхтоўка да правядзення маладзёжнага прадпрымальніцкага форуму, які запланаваны на восень.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.