Яны ўмеюць страляць з малакалібернай вінтоўкі і аўтамата Калашнікава, з лёгкасцю раскладуць вогнішча і з спадручных сродкаў змайструюць для начлегу шалаш. Амаль прафесійна перацягваюць канат і дастойна трымаюцца ў рукапашным баі, а яшчэ яны не баяцца легчы пад бранятэхніку і нават вокам не маргнуць, калі тая праязджае над імі...
Вядома, скажаце вы, гэта ж загартаваныя боем спецназаўцы ці, прынамсі, навічкі-салдаты, якія ўжо паспелі прайсці курс маладога байца. А вось і не! Гэта звычайныя школьнікі з усёй краіны, якім усяго па 9 — 13 гадоў. Дарэчы, ёсць сярод іх і дзяўчынкі.
Жадаючых трапіць у дзіцячы ваенна-патрыятычны лагер «Доблесць», арганізаваны на базе вайсковай часці 3214, было нямала. Сярод ахвотных правесці частку канікулаў у прыбліжаных да арміі ўмовах выбралі тых, хто ў будучыні марыць звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі краіны.
Сярод іх — і выхаванец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Арсеній Талкачоў. Хлапчук родам з Магілёва. Аднак пасля заканчэння першага курса дома на канікулах затрымаўся не надоўга — суворавец ужо прызвычаіўся жыць у армейскім рэжыме, таму калі прапанавалі паехаць у лагер, адразу пагадзіўся.
— Трэба трымаць форму, нельга расслабляцца, — гаворыць 13-гадовы Арсеній. — Мы павінны быць гатовыя да розных перашкод і цяжкасцяў у жыцці, вучыцца самастойна жыць, каб мама і тата нам не дапамагалі. Я вельмі рады, што ў лагеры навучыўся абыходзіцца са зброяй: у сувораўскім вучылішчы мы яшчэ не стралялі. Будзем ездзіць на палігоны на другім курсе, а я ўжо падрыхтаваны: тут навучыўся збіраць і разбіраць зброю, страляць як з малакалібернай вінтоўкі, так і з аўтамата Калашнікава.
Змена доўжыцца дзевяць дзён. У лагеры з кругласутачным знаходжаннем амаль усё як у войску. Падлеткі жывуць на тэрыторыі вайсковай часці. Распарадак мала чым адрозніваецца ад рэжыму сапраўднага салдата. Пад'ём — у 6.00, адбой — у дзесяць вечара. Тэлефоны абмежаваныя: дазваляюцца толькі на гадзіну вечарам, каб дзеці маглі паразмаўляць са сваімі бацькамі. Але, як лічыць Захар Крывашчокі, які перайшоў у пяты клас 5-й гімназіі Мінска, тут тэлефоны нават не патрэбныя. «Пра іх забываеш, бо кожны дзень мы занятыя, — расказвае хлопец. — Шмат часу праводзім на вуліцы. Мы навучыліся не толькі страляць з аўтамата і вінтоўкі, а і аказваць першую медыцынскую дапамогу. Каталіся на бранятэхніцы, адпрацоўвалі сітуацыю пошуку ў лесе людзей, якія, па легендзе, правезлі ў нашу краіну забароненыя рэчывы. Цяпер мы ўмеем распальваць вогнішчы, уладкоўваць начлегі. Дзе яшчэ, як не ў лагеры, мы маглі б такому навучыцца? Заўсёды марыў тут пабываць. Думаў, што такіх у Беларусі не існуе. Калі вырасту, хачу прайсці іспыты і атрымаць крапавы берэт.
Кожны дзень у выхаванцаў лагера — заняткі па баявой, агнявой, страявой, ваенна-тактычнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Школьнікі праходзяць амаль такі ж курс маладога байца, што і ваеннаслужачыя, толькі, вядома, у больш мяккім рэжыме. Хоць я так бы не сказала. Калі карэспандэнты «Звязды» накіраваліся з выхаванцамі лагера ў палявы выхад, то ўсё было па-даросламу. Пад кантролем сваіх кіраўнікоў — афіцэраў і салдатаў унутраных войскаў — хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі марш-кідок у лес. Яны не проста ішлі па лясных сцяжынках, а, згодна з умовамі ваенна-тактычнай гульні «Зарніца», пераадольвалі на сваім шляху перашкоды і нават уступалі ў перастрэлкі з умоўным праціўнікам. Прычым зброя ў іх была сапраўдная, толькі патроны, вядома, халастыя.
— Паколькі гэта дзеці, магу ім паставіць толькі адзнаку «выдатна»: пераадолелі марш у сем кіламетраў, адпрацавалі дзеянні салдата ў баі пры перасячэнні лясістай мясцовасці, ніхто не адстаў, не скардзіўся, што стаміўся, — гаворыць намеснік начальніка дзіцячага ваенна-патрыятычнага лагера «Доблесць» капітан унутраных войскаў Уладзімір ІВАНОЎ. — Фарміраванне поглядаў адбываецца ў дзяцінстве: што змалку ў дзіця ўкладзеш, такім яно і вырасце. Наша галоўная задача — не агітаваць іх стаць ваеннаслужачымі (хоць гэта было б нядрэнна), мы з іх рыхтуем сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. Многія з выхаванцаў лагера, дарэчы, у будучыні плануюць паступаць у кадэцкія вучылішчы, спецыялізаваныя ліцэі.
Да прафесіі ваеннаслужачага прыглядаецца і вучаніца сёмага класа сталічнай сярэдняй школы № 37 Варвара Дудаль. Тым больш дзяўчынцы ёсць з каго браць прыклад: яе бацька — падпалкоўнік унутраных войскаў. «Мне падабаецца ўсё, што звязана з сілавымі структурамі, — кажа школьніца. — У лагеры даецца сур'ёзная падрыхтоўка, ніякіх патуранняў дзяўчынкам няма. Задачы выконваем нароўні з хлопцамі: і страляем, і ў футбол гуляем. Адзінае, што начуем дома».
Дарэчы, кожны дзень пасля абеду ў выхаванцаў лагера — культурная праграма. Яны наведваюць музеі, паркі адпачынку, кінатэатры. У прыватнасці, былі на экскурсіі ў Ліцэі МУС, Нацыянальнай бібліятэцы, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Гэта не адзіны дзіцячы ваенна-патрыятычны лагер ва ўнутраных войсках. Адначасова на адну змену з'ехаліся школьнікі ў лагеры «Доблесць», «Радзіма» і «Патрыёт». Чакаецца яшчэ адна змена, на якую, хочацца верыць, збяруцца будучыя абаронцы нашай Айчыны.
Вераніка КАНЮТА
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?