Вы тут

Праект TheatreHD прапануе пазнаёміцца с гучнымі сусветнымі прэм'ерамі ў «мертвы» сезон


Жнівень — складаны месяц для тых, хто сочыць за культурнымі падзеямі: «мертвы» сезон, у адпачынак сыходзяць і тыя, да каго ідзём адпачываць мы. Для тых жа, хто застаецца ў гэты час у Мінску, ёсць цудоўны варыянт, як правесці вольны час: праект TheatreHD ад Цэнтра «АРТ Карпарэйшн» прапануе пазнаёміцца с гучнымі сусветнымі прэм'ерамі і спектаклямі.


Фота: pixabay.com

Па-першае, варта звярнуць увагу на музычныя спектаклі. Напрыклад, аматары харэаграфіі ацэняць магчымасць далучыцца да гісторыі «Рускіх балетаў» Сяргея Дзягілева, якія ў пачатку мінулага стагоддзя скарылі Еўропу. Цікава таму, што з гэтай антрэпрызай супрацоўнічаў славуты мастак Леў Бакст, ураджэнец Гродна, які распрацоўваў касцюмы да шэрага спектакляў. Нездарма некалькі балетаў дзягілеўскай трупы былі адноўленыя на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі. У прыватнасці, да балета пачатку ХХ стагоддзя мае піетэт Андрыс Ліепа, які дапамог беларускаму тэатру ўзбагаціць рэпертуар балетамі з адноўленай харэаграфіяй Міхаіла Фокіна. 1 жніўня ў сталічным кінатэатры «Цэнтральны» — адразу чатыры балеты той легендарнай трупы. І калі «Пятрушку» можна было паглядзець на сцэне ў Мінску, то цяпер дададзім уяўленне яшчэ пра тры з іх. «Прывід ружы» цікавы для нас не толькі харэаграфіяй Міхаіла Фокіна, але і тым, што дэкарацыі і касцюмы да пастаноўкі ствараў Леў Бакст, таксама як і да балета «Адпачынак фаўна пасля паўдня» на музыку Клода Дэбюсі, харэографам якога выступіў легендарны танцоўшчык Вацлаў Ніжынскі. А балет «Трохвуголка» з іспанскімі матывамі, адметны ўдзелам мастака Пабла Пікасо. Прыемны момант: калі хто не паспявае далучыцца да гісторыі сусветнага балета, то адбудзецца паўторны паказ «Рускіх балетаў» 29 жніўня ў «Falcon Club Буцік Кіно».

Таксама з балетнага: магчымасць паглядзець у VOKA Cіnema Sіlver Screen «Мэцью Борн: Лебядзінае возера» (7 жніўня). Далёкая ад класічнай версія балета Пятра Чайкоўскага ў інтэрпрытацыі Борна пра тое, ці магчыма ісці супраць зграі.

Але балет «Дзявятая Сімфонія Марыса Бежара» ў «Цэнтральным» 22 жніўня супакойвае жарсці: галоўны пасыл у тым, што ўсе людзі павінны стаць братамі. Складаная і маштабная пастаноўка, выкананне якой адбываецца ў Токіа на сцэне канцэртнай залы тэлекампаніі NHK.

Яшчэ адметнасць музычнай часткі паказаў TheatreHD — оперныя пастаноўкі да 100-годдзя Зальцбурскага фестывалю. Пачынаецца дадзеная частка таксама 1 жніўня ў «Falcon Club Буцік Кіно» аднаактовай операй Рыхарда Штрауса «Электра». Міф старажытнай Грэцыі, паводле якога Сафокл стварыў трагедыю, ажыў у гісторыі гераіні, якая сведчыць: жорсткасць спараджае жорсткасць. Электра пакутуе з-за забойства бацькі і гатовая помсціць уласнай маці. Не менш драматычная опера Р. Штрауса «Саламея», што звяртаецца да біблейскай гісторыі: забойства царом Ірадам прарока Іаана, які казаў праўду пра ўладара. Як трактаваў гэты сюжэт рэжысёр Рамэа Кастэлучы? Можна будзе даведацца ў канцы жніўня. А для аматараў нечага больш лёгкага для ўспрымання — опера Джаакіна Расіні «Італьянка ў Алжыры».

З опернай часткі варта звярнуць увагу на пастаноўку «Барыс Гадуноў» вядомага рэжысёра Іва Ван Ховэ (11 жніўня ў «Цэнтральным»). Улада і народ, злачынсва і пакаранне — ёсць пра што паразважаць паводле расійскай гісторыі, якая натхніла кампазітара Мадэста Мусаргскага.

А як жа драма, якая звычайна была галоўная ў праекце TheatreHD? Будуць сёлета і драматычныя спектаклі — пра некаторыя з іх варта расказаць асобна. А ўжо на наступным тыдні аматарам драмы варта не прапусціць паказ «Доктара Фаўста» паводле п'есы Крыстафера Марло ў пастаноўцы шэкспіраўскага «Глобуса» ( 4 жніўня ў VOKA Cіnema Sіlver Screen). Але ў той жа вечар «Falcon Club Буцік Кіно» прапануе сустрэчу «Франкенштэйн: Камбербэтч», звяртаючыся да спектакля Дэні Бойла пра тое, як чалавек можа стварыць жудасную істоту і... ператварыцца ў яе. Працяг тэмы — у сярэдзіне жніўня.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Глядзець на экране, разумець у жыцці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.