Вы тут

Вернасць свайму


Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Мінскай вобласці:

— Кранулі сваёй актуальнасцю выказванні Прэзідэнта аб неабходнасці адаптацыі работы па патрыятычным выхаванні моладзі да запатрабаванняў часу — што людзей не размяжоўвае, а яднае ў непарыўнай сувязі з Бацькаўшчынай. Нацыянальную ідэю шукаць не трэба: гэта — вернасць свайму, абарона традыцыйных каштоўнасцей.


Краязнаўства — лепшая форма патрыятызму, духоўны рухавік грамадства, базіс для станаўлення сапраўднага патрыёта. Важна надаць выхаванню моладзі патрыятычны штуршок — не загадваць любіць радзіму, а далікатна падштурхоўваць у патрэбным напрамку: ад пазнання да захаплення сваёй гісторыяй. Каб любіць свой край — трэба яго ведаць. Як аўтар праекта «Краязнаўчы лекторый на колах» упэўнена: такія веды сучаснікам патрэбны, бо яны — найкаштоўнейшае багацце гістарычнай памяці народа, надзейная апора для захавання этнакультурнай самабытнасці.

Таму важна з маленства выхоўваць адукаваных, улюбёных у Бацькаўшчыну людзей: ад радзімазнаўства да радзімалюбства — як малой радзімы, так і ўсёй Дзяржавы. Сёння дзецям не хапае ведаў пра сваю радзіму. Важна, каб у школах вялася належная адукацыя, каб урокі гісторыі не абмяжоўваліся агульнай гісторыяй. Трэба, каб хоць раз на тыдзень ці месяц дзеці знаёміліся з гісторыяй малой радзімы, наведвалі знакавыя мясціны, удзельнічалі ў суботніках па адраджэнні сядзіб і гістарычна-культурнай спадчыны. Праз такое спасціжэнне гісторыя робіцца часткай індывідуальнай памяці, уваходзіць у свядомасць юнай асобы, замацоўваецца ў ёй. Толькі падручнікамі не абыйсціся. Патрэбны рэгіянальныя краязнаўча-асветніцкія праграмы.

Урокі любові да Айчыны не заканчваюцца выпускным балем, яны дапамагаюць чалавеку на любым жыццёвым этапе. Краязнаўчыя экскурсы і лекторыі на колах дазваляюць людзям шырэй паглядзець на родную гісторыю, адчуць гонар за мясціны, дзе жывуць, вучацца, працуюць, адчуць духоўную блізкасць з землякамі.

Студэнцкая моладзь — люстэрка ўсіх сацыяльных, палітычных, маральна-этычных працэсаў, што адбываюцца ў рэспубліцы. Яе настрой і меркаванні — паказчык будучага стану грамадства. Важна, як зазначыў Прэзідэнт, узмацніць ідэалагічныя пастулаты адукацыі, забяспечыць прадуманае ідэалагічнае напаўненне інстытуцкіх планаў і адукацыйных праграм, запазычваць з савецкага вопыту работы з моладдзю, дапамагчы не зблудзіць у гушчы дат і імёнаў. Успамінаецца, як весела мы — студэнты 70-х — хадзілі ў калонах дэманстрантаў на 1 Мая ці 7 Лістапада. І не таму, што нас прымусова гналі на праспект, а таму, што ў масавых акцыях адчувалі сваё яднанне.

Важна захоўваць цэнтральную ідэалагічную лінію — памяць пра Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і ўсведамленне сябе народам-пераможцам, які пераадолеў цяжкасці і ажыццявіў шматвяковую мару атрымаць незалежнасць. Гэта цэментуе нацыю. Ветэраны, на вялікі жаль, адыходзяць, а маладыя людзі, нягледзячы на выхаваўчыя акцыі ў школах і ўніверсітэтах, пра ваенныя гады ведаюць недаравальна мала.

Агітацыйна-прапагандысцкія акцыі-мерапрыемствы, зладжаныя ўстановамі культуры, важна весці не шаблонна, не эпізадычна, а з арыенцірам на канкрэтныя справы на карысць малой радзімы — сведчанне знакавага праекта бярэзінскіх бібліятэкараў «70 патрыятычных спраў».

Мне, культработніку з 40-гадовым стажам, бачыцца важным выкрасліць з практыкі прэсныя, невыразныя мерапрыемствы. Акцыі, ад якіх нулявая карысць для нацыянальнага інтарэсу, — марная трата часу, намаганняў, сродкаў. Ура-патрыятычныя, фармальныя імпрэзы да юбілейных дат, падобныя да песенек-аднадзёнак, хутка сціраюцца з памяці, не кранаюць розум і сэрца. Важна адаптаваць мерапрыемствы да ўспрымання сучаснікаў і таленавіта падаваць іх у нечаканай інтэрпрэтацыі, каб дапамагчы сучаснікам убачыць землякоў не манументальна ўзнёслымі на п’едэстал, а простымі, блізкімі, зразумелымі — у багацці цікавых звестак, падзей і здзяйсненняў. Сведчанне таму — нашы бібліятэчныя праекты: «Гісторыя раёна ў суквецці дат і імёнаў», «Горад помніць нас маладымі», «Святло знаёмай зоркі».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.