Вы тут

Акупанты, якія ў 1943 годзе бязлітасна расправіліся з Вольгай Ярковіч, пакінулі сіротамі пяцярых дзяцей


Сёлета 22 чэрвеня беларускія парламентарыі прэзентавалі кнігу «Яны былі першымі» — аб дэпутатах Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі ці зніклі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. А ўжо праз некалькі тыдняў знайшліся сваякі адной з гераінь выдання. Днямі дзеці, унукі, а таксама праўнукі Вольгі Ярковіч, імя якой навечна нанесена на мемарыяльнай дошцы ў фае Авальнай залы Дома ўрада, сабраліся ў гэтым легендарным будынку, дзе да вайны працавала іх сваячка.


Вольга Ярковіч (у другім радзе другая злева).

Замест казак — аповеды пра вайну

Дэпутаты — члены рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа адгукнуліся на просьбу нашых суайчыннікаў, якія пражываюць у розных рэгіёнах Расіі, а таксама ў іншых краінах СНД, і запрасілі іх на сустрэчу. Кніга, якую яны не так даўно прэзентавалі, у тым ліку і была разлічана на тое, каб у гісторыі беларускага парламента як мага менш заставалася прабелаў, а біяграфіі дэпутатаў, якія ўжо даўно сталі легендамі, папаўняліся новымі звесткамі.

— Вялікія гістарычныя падзеі папярэднічалі нашай сустрэчы са сваякамі дэпутата Вольгі Ярковіч, — адзначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна РАЖАНЕЦ. — Кантакты з нашымі суайчыннікамі за мяжой нас вельмі радуюць: мы маем магчымасць супрацоўнічаць у культурным, эканамічным, сацыяльным планах, і народная дыпламатыя вельмі многае азначае ва ўсталяванні нашых адносін. Гэта наша агульная гісторыя, агульная памяць, гэта імёны тых людзей, якія, не шкадуючы свайго жыцця, адстаялі мір і спакой на нашай зямлі. Дзякуючы ім мы сёння можам весці стваральную работу. Гэтая памяць павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. І вельмі прыемна, што нашы госці прыехалі са сваімі нашчадкамі, якія з'яўляюцца школьнікамі: яны наведаюць гістарычныя мясціны, пабываюць на радзіме сваіх продкаў.

Як прызналася ўнучка дэпутата Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, для яе Беларусь — другая Радзіма. «Любоў да вашай краіны нам перадалася з малаком маці, — заўважыла Валянціна Фірсава, якая прыехала з Масквы. — Да 9 класа кожнае лета я была ў Беларусі, дзе мы заўжды наведвалі памятныя мясціны. І вось у чарговы раз я вярнулася дадому. Усе сваякі з боку мамы жывуць тут. У нас вельмі дружная сям'я, якая шануе памяць аб сваіх продках. Я вырасла без бабулі. І казак, якія тыя звычайна расказваюць сваім унукам, мы ніколі не чулі. Замест іх, будучы дзецьмі, мы чулі сумныя аповеды пра вайну і тыя падзеі, якія закранулі маю маму, яе родных і блізкіх».

Сваякі дэпутата Вярхоўнага Савета БССР першага склікання Вольгі Ярковіч разам з парламентарыямі падчас сустрэчы.

Дзеці засталіся сіротамі

Вольга Авілаўна Ярковіч у Вярхоўны Савет БССР была абрана ад Паўлаўскай выбарчай акругі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці 26 чэрвеня 1938 года. Дарэчы, першы парламент існаваў да 1947 года: у самую цяжкую хвіліну — перад вайной і ў складаныя пасляваенныя гады, калі трэба было аднаўляць краіну. Такі давер звычайная жыхарка вёскі Храпы, што ў Круглянскім раёне на Магілёўшчыне, якая спачатку працавала цялятніцай, а потым узначальвала калгас «1 Мая», заслужыла сваімі клапатлівымі і справядлівымі адносінамі да людзей, уласнай працавітасцю і адданнасцю справе. А, між іншым, лёс Вольгу Ярковіч не песціў: у 1932 годзе яе мужа забілі. Жанчына засталася адна з пяццю дзецьмі.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Вольга Ярковіч атрымала распараджэнне не выязджаць з Беларусі. Трэба было заставацца на месцы, каб арганізоўваць партызанскі рух. Так звычайная сялянская жанчына, якая ўжо папрацавала на дзяржаўнай службе, стала сувязной партызанскага атрада імя Героя Савецкага Саюза Жуніна. Разам з ёй уступіў у атрад і сын Ваня.

Іван Ярковіч адзін з першых даведаўся, як гітлераўцы расправіліся з яго маці. Вольгу Авілаўну тройчы арыштоўвалі немцы, столькі ж ёй удавалася ўцячы. У чацвёрты раз не атрымалася...

— Бабулю выдалі паліцаі, свае людзі — аднавяскоўцы, — удакладніў унук Вольгі Ярковіч. — Больш за тое, яны разам з акупантамі яшчэ яе і катавалі. Нават пагражалі дзецям, што іх забяруць і вывезуць у Германію. Планавалі вывезці туды і бабулю, каб публічна пакараць. Аднак загінула Вольга Авілаўна на сваёй зямлі: у адной з хат у вёсцы Цяцерына жанчыну закатавалі і зажыва спалілі. Сёння прозвішчы здраднікаў нам вядомыя.

Ішоў 1943 год... Вайна яшчэ не скончылася, а пяцёра яе дзяцей ужо засталіся круглымі сіротамі. Па словах унучкі, разам з Вольгай Ярковіч у гестапа сядзела яшчэ адна жанчына з іх вёскі, якую звалі Домна. «Бабуля прасіла, каб тая прыйшла ў Храпы і сказала, што дахаты яна ўжо больш не вернецца, — расказала Валянціна Фірсава. — Абвяла яе вачамі знізу ўверх і сказала: «Маіх дзяцей падыме дзяржава». Так яно і атрымалася — маю маму сапраўды выхавала Радзіма».

У гонар маці-патрыёткі назвалі адну з праўнучак дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. «З самага дзяцінства я ведала, што нашу імя прабабулі, толькі раней не надавала гэтаму асаблівага значэння, — прызналася Вольга Мірончык. — Сёння ж вельмі ганаруся сваёй прабабуляй: з гадамі ўсведамляеш, які подзвіг яна здзейсніла».

Вераніка КАНЮТА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Іх выхавала Радзіма...

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.