Вы тут

Калі б камяні гаварылі…


Як імгненне, мінае век чалавека. Век каменя даўжэйшы. Колькі таямніц гісторыі паведамілі б камяні Крэўскага замка, калі б маглі гаварыць? Апошнія словы князя Кейстута, праклёны сваім катам і забойцам. Пра што марыла дзяўчына, якая выратавала князя Вітаўта цаной уласнага жыцця. На якія выгоды, акрамя пазначаных у дамове, спадзяваўся Ягайла, падпісваючы унію. Зацятую рашучасць абаронцаў замка ад Свідрыгайлавых вояў, якія ўчынілі знішчальны пажар…


Крэўскі замак.

Маўклівае адлюстраванне сваёй эпохі, Сярэднявечча, Крэўскі замак — унікальны помнік для Беларусі, тым больш што ён не перабудоўваўся за ўсю сваю гісторыю. Узведзены пад кіраўніцтвам запрошаных Гедымінам ганзейскіх майстроў у XIV стагоддзі, замак быў рэвалюцыйным крокам таго часу. Архітэктурнае рашэнне хоць і запазычылі на Захадзе, у немцаў, але штаўпэнаўскія кастэлі мелі меншую плошчу ўнутранага двара, бо прадугледжвалі, каб у іх сценах мог схавацца толькі гарнізон. На абарону крэўскіх сцен магло разлічваць усё насельніцтва мястэчка разам з хатняй жывёлай. Тады традыцый мураванага дойлідства ў такіх маштабах не існавала…

Тое, што не гарыць у агні

Праектныя работы па рэстаўрацыі Крэўскага замка распачаліся ў 2013—2014 гадах. Кансервацыю Княжацкай вежы ажыццявілі ў 2017 годзе, паўночна-заходняй сцяны — у 2018-м, паўночна-ўсходняй — у 2020-м. Усе работы праводзіліся за сродкі фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і рэспубліканскага бюджэту.

Што да планаў на найбліжэйшы год, то разлічваюць на рэстаўрацыю паўднёва-заходняй сцяны з абавязковым захаваннем фрагментаў аўтэнтычнай абліцоўкі XIV стагоддзя, каб дэманстраваць у камені балцкую кладку. Ёсць спадзевы і на аднаўленне паўднёва-ўсходняй сцяны, якая найбольш пацярпела падчас Першай сусветнай вайны: з аднаго боку ад яе знаходзіліся расійскія імператарскія войскі. Адтуль у асноўным і ажыццяўляўся абстрэл.

Па паўднёва-ўсходняй сцяне нядаўна праводзіліся работы: археалагічныя пошукі, даследаванні падмуркаў. Гэта патрэбна для далейшай рэстаўрацыі. Перадпраектныя прапрацоўкі ідуць сёлета і па рэстаўрацыі княжацкай вежы.

— І хоць работы зоймуць шмат часу, ёсць ужо задума складаць канцэпцыю экспазіцыі — гэта будзе працай некалькіх наступных гадоў, — дзялілася планамі дырэктар Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Бобіна.

Што прывабіць айчынных і замежных турыстаў, чым зацікавіць школьнікаў у вывучэнні гісторыі краіны, — гэтыя пытанні на парадку дня супрацоўнікаў дзяржаўнай установы — нядаўна ў яе межах утварыўся сектар гісторыі Крэўскага замка. Кожныя выхадныя музейшчыкі працуюць не толькі ў сценах смаргонскай скарбніцы мінуўшчыны, але і выязджаюць у Крэва, распавядаюць наведвальнікам славутую гісторыю гэтых мясцін.

У 2018 годзе паводле класіфікацыі архітэктурных помнікаў Крэўскі замак атрымаў статус помніка міжнароднага значэння — І катэгорыю. Алена Бобіна, якая часта працуе на тэрыторыі замка, ганарыцца тым, што мае непасрэднае дачыненне да згаданай падзеі:

— У Міжнароднай паслядыпломнай летняй школе «Нясвіжская акадэмія», дзе я вучылася, у нас была тэма «Ахова і рэстаўрацыя помнікаў абарончага дойлідства». Тэмай маёй дыпломнай работы, абароненай у Варшаве ў 2019 годзе, стала «Ідэнтыфікацыя і валарызацыя Крэўскага замка». Пасля на падставе сваёй работы я і напісала абгрунтаванне, якое накіравалі ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Да таго часу Крэўскі замак меў ІІ катэгорыю, лічыўся помнікам нацыянальнага значэння. Разлічваем, што ў хуткім часе помнік архітэктуры трапіць і ў спіс ЮНЕСКА.

Выпускніца юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Бобіна пачынала свой шлях як спецыяліст па ахове культурнай спадчыны. За сем гадоў працы павялічыла спіс помнікаў на тэрыторыі раёна: з 28 гісторыка-культурных каштоўнасцей і 38 аб’ектаў у іх складзе да 36 гісторыка-культурных каштоўнасцей і 60 аб’ектаў у іх складзе.

— Я насамрэч шчаслівая тым, што спрычынілася да развіцця Крэва як турыстычнага аб’екта. Мне радасна, што некаторыя людзі прапаноўваюць сваю дапамогу па Крэўскім замку, пытаюцца: «Што мы можам зрабіць?» Не забываюць і пра спонсарскую дапамогу. Часам і сама звяртаюся да кіраўнікоў прадпрыемстваў. Зазвычай не адмаўляюць.

…Моладзь, сямейныя пары з дзецьмі, людзі сталага веку… Хто фатаграфуецца на фоне сцяны з буслом, хто аглядае мясцовасць, іншыя пастаянна збіраюцца ў экскурсійныя групы і ходзяць за гідам, нехта вучыцца кідаць у мішэнь баявыя сякеры ці страляць з лука, ёсць і пакупнікі каля прылаўкаў з памятнымі сувенірамі — звычайны дзень з жыцця замка, адзін з ланцужка падобных…

Экскурсанты перамяшчаюцца паміж пунктамі паказу — такіх на тэрыторыі замка некалькі. Пакуль не засыпалі да пачатку новага сезона месцы раскопаў, на вялікую глыбіню — каля 4 метраў — адкрыты падмуркі.

Падмуркі часам і большай глыбіні ставіліся на так званыя падушкі з дубовых і яловых жэрдак. У раскопах можна бачыць некранутую ні дажджом, ні снегам, ні баявымі падзеямі, ні часам муроўку. «Зямля — найлепшы кансерватар», — жартуюць археолагі. Захавала муроўка і сляды агромністага пажару ў 1433 годзе, калі прэтэндэнт на вышэйшую ўладу, Свідрыгайла, два дні трымаў замак у аблозе, а потым спаліў усё драўлянае, што тут было: галерэі, пабудовы…

Так званыя каменныя шчокі, што апаясваюць замак па вонкавым баку — бітая цэгла — служылі дрэнажом (у тыя часы практыкавалася безадходная вытворчасць, калі ўсё выкарыстоўвалася). Таўшчынёй да 70 сантыметраў, шчокі выконвалі і дэкаратыўную функцыю, але галоўнай функцыяй, як можна меркаваць, была амартызацыйная — змякчаць удары каменных ядраў, каб муры заставаліся цэлымі.

Менавіта турысты зазвычай першымі знаёмяцца з інфармацыяй па выніках раскопак — экскурсавод распавядае, што было цікавага з апошніх знаходак, робіць пэўныя высновы. Пройдзе час, пакуль свежыя звесткі трапяць на палосы газет і часопісаў альбо стануць здабыткам навуковай супольнасці… Як правіла, экскурсія доўжыцца каля 40 хвілін — улічваючы адсутнасць экспазіцыі, гэта вельмі падрабязнае, змястоўнае азнаямленне з гісторыяй, асаблівасцямі архітэктуры і рэканструкцыі.

Дарэчы, у планах Смаргонскага музея на снежань бягучага года — правесці семінар, каб вядомыя гісторыкі, калекцыянеры і даследчыкі падзяліліся меркаваннямі, якім яны бачаць развіццё гэтага гістарычнага аб’екта, што цікавае, на іх думку, тут можна зрабіць для турыстаў. Ёсць ідэя і арганізаваць выстаўку па выніках сезона раскопак.

 

Месца раскопу.

Муры і падмуркі гісторыі

Сур’ёзныя археалагічныя даследаванні ў Крэве, як распавядаў кіраўнік раскопак Алег Дзярновіч, пачаліся з 1985 года — гэта была сумесная экспедыцыя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Белрэстаўрацыі. Але сістэматычныя работы пачаліся з 1988 года. Кіраваў імі Ігар Чарняўскі. Яны былі неабходныя дзеля праекта па кансервацыі і рэстаўрацыі Крэўскага замка.

— Тады ж, у 1980-х, яшчэ студэнтам браў у тых даследаваннях удзел, — згадаў А. Дзярновіч. — Цяпер бяру ўдзел у сваёй экспедыцыі ад Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Мы супрацоўнічаем з фондам «Крэўскі замак» і Белрэстаўрацыяй — займаемся замкам з 2012 года.

Археалагічныя даследаванні патрэбны для таго, каб правільна зрабіць кансервацыю. Магчымасць гэтая з’явілася ў апошнія чатыры гады, калі ёсць стабільнае фінансаванне. Даследаванні ажыццяўляюцца альбо ў форме раскопак, альбо шурфоўкі. Земляныя работы з удзелам археолагаў з 2018 года адбываюцца штогод.

— Даследаванні маюць прыкладны характар, — знаёміў з асаблівасцямі сваёй працы археолаг. — Нашы знаходкі — гэта найперш падмуркі. Мы капаем шурфы ў вызначаных архітэктарамі і канструктарамі Белрэстаўрацыі месцах, каб паглядзець, у якім стане знаходзяцца падмуркі, вызначыць глыбіню іх залягання і канструкцыйна-тэхнічныя асаблівасці. Гэтую інфармацыю мы здабываем з выкарыстаннем археалагічнай методыкі, з пераборкай грунту. Здараюцца знаходкі, якія сведчаць пра матэрыяльную культуру той ці іншай эпохі.

Крэўскі замак — гэта яшчэ і месца памяці Першай сусветнай вайны. Частка археалагічных знаходак датуецца менавіта тым перыядам.

— Сцяна, якую мы даследуем сёлета, — паўднёва-ўсходняя, якраз і была найбольш разбурана артылерыяй у ліпені 1917 года, калі быў наступ на нямецкія пазіцыі, што месціліся ў замку, — удакладніў А. Дзярновіч. — Уздоўж гэтай сцяны былі бліндажы. Так, сёлета мы «селі» (як кажуць археолагі) на сметніцу Першай сусветнай — было цікава даведацца, як нямецкае камандаванне бавіла час з 1915 да пачатку 1918 года. Знайшлі пляшкі з-пад віна і піва пачатку ХХ стагоддзя, фаянсавыя файкі — гэта зрэз побыту таго часу...

Поўнай нечаканасцю, па словах Алега Дзярновіча, стала тое, што каля сцяны, уздоўж якой знаходзіліся нямецкія бліндажы і былі моцныя абстрэлы і дзе вельмі перакапаны пласт, удалося выявіць багата матэрыялаў XIV—XV стагоддзяў:

— Калі мы капаем Княжацкую вежу, галоўны данжон, то зразумела, што там знаходзяцца і фрагменты фрэсак, і арбалетныя балты. Але і тут мы знайшлі даволі шмат фрагментаў гаршковай кафлі канца XIV — пачатку XVI стагоддзя ды іншы керамічны матэрыял.

І знаходкі гэтыя важныя, таму што карэкціруюць нашы ўяўленні пра планаграфію дзядзінца Крэўскага замка. На пагорку, мысе, бліжэй да данжона, былі знойдзены і казармы, спаленыя яшчэ Свідрыгайлам падчас штурму ў 1433 годзе. Меркавалася, што тут быў стаў, сажалка, бо ў замку ёсць сістэма гідрарэгуляцыі — нішы і арачныя праёмы. Мы прыйшлі да высновы, што вада была ў замку і рэгулявалася аркамі. Але не была цалкам затоплена яго паўднёва-ўсходняя частка, як лічылася раней, — там знаходзіліся жылыя пабудовы, аб чым і сведчаць знаходкі гаршчковай кафлі.

Расказаў Алег Дзярновіч і пра яшчэ адзін тып цікавых знаходак, што дапамагае зразумець канструкцыю замка з боку дзядзінца. Там было знойдзена багата фрагментаў гатычнай паўцыркульнай дахоўкі з шыпамі. Гэта істотныя артэфакты, таму што адносна рэканструкцыі частак замка вядзецца дыскусія, у якой ключавы момант — зразумець, як выглядала баявая галерэя: выступала са знешняга боку сцяны ці мела асноўны аб’ём з унутранага боку, з боку дзядзінца. Вынікі археалагічных пошукаў, па словах кіраўніка, — гэта шматлікія фрагменты даховак з унутранага боку і амаль поўная іх адсутнасць са знешняга боку — сведчанне на карысць той версіі, што галерэя мела асноўны аб’ём з боку дзядзінца…

Рэканструктар Кастусь Дземідовіч праводзіць экскурсію.

Час і мары

…Жыццё замка не стаіць на месцы, адбываюцца ў яго сценах пэўныя падзеі, з’яўляюцца новыя і новыя наведвальнікі, у душах якіх запальваюцца цяпельцы гонару за слаўнае гістарычнае мінулае Айчыны і любові да яе. Нядаўна прайшоў штогадовы фестываль «Кераміка Крэва», у межах якога адбылася фотавыстаўка «Рэстаўрацыя Крэўскага замка». Прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі здымкі добра ілюстравалі розніцу паміж тым, што было да рэстаўрацыі і тым, што стала. Акрамя таго, падчас мерапрыемства працаваў «Горад майстроў»: умельцы ў галіне керамікі і іншай народнай творчасці дэманстравалі свае вырабы. На дзіцячай пляцоўцы «Кола сяброў» аніматары забаўлялі дзяцей, пад кіраўніцтвам каваля можна было прайсці майстар-клас і выкаваць манетку, а пад наглядам рамесніка-рэканструктара — паўдзельнічаць у сярэднявечных гульнях. Апантаны майстар сваёй справы, Кастусь Дземідовіч сам вырабляе вайсковыя строі мінулых стагоддзяў па ўзорах тых часоў. Былі сярод прадстаўленых ім да ўвагі экскурсантаў і рэканструяваныя ім рэчы ваеннай гісторыі — зброя, адноўленыя каскі, спражкі, прадметы побыту. «Мару, каб Крэўскі замак стаў жамчужынай у кароне беларускай спадчыны!» — зазначыў ён падчас гутаркі.

Яна БУДОВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.