Вы тут

Сучасная школа: курс на будучыню


У нацыянальнай сістэме адукацыі ёсць добрая традыцыя — напярэдадні новага навучальнага года праводзіць жнівеньскія нарады педагагічных работнікаў, падчас якіх актуалізуюцца асноўныя напрамкі работы, удакладняюцца падыходы ў вырашэнні надзённых задач, абагульняецца назапашаны вопыт. Не стаў выключэннем і гэты жнівень. У канцы месяца педагагічныя саветы адбудуцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Але самым маштабным і значным форумам для ўсёй сістэмы адукацыі стане Рэспубліканскі педагагічны савет, які распачаў учора сваю работу ў Мінску.


Фота: pexels.com

Каля тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, прадстаўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафсаюза сабраліся ў Мінску, каб абмеркаваць стратэгічныя пытанні развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года.

У першы дзень было арганізавана 13 тэматычных секцый. Спецыялісты абмеркавалі сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі, уклад прафесійнай адукацыі ў інавацыйнае развіццё беларускай эканомікі, асноўныя напрамкі развіцця вышэйшай школы і паслядыпломнай адукацыі. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі спецыялістаў аказаліся актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў сучасных умовах, развіццё інклюзіўнай адукацыі, удасканаленне падрыхтоўкі педагагічных кадраў, стварэнне бяспечнага і дружалюбнага асяроддзя ў школе, лічбавая трансфармацыя адукацыі і развіццё сістэмы неперарыўнай падрыхтоўкі кадраў ва ўмовах лічбавізацыі грамадства.

Сёння Рэспубліканскі педсавет працягне сваю работу на пленарным пасяджэнні з удзелам кіраўніка дзяржавы. Яго ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з выстаўкай эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, навінкамі вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, з адукацыйнымі рэсурсамі і тэхналогіямі ў сферы адукацыі.

Планаваныя змены ў галіне, якія выносяцца на форум, закладзены ў прынятым у першым чытанні праекце Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і праекце Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Гэтыя дакументы былі распрацаваны з улікам рашэнняў VІ Усебеларускага народнага сходу, даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада.

Шырокае абмеркаванне праектаў гэтых дакументаў прайшло ў розным фармаце з удзелам кіраўніцтва Міністэрства адукацыі на дзясятках дыялогавых пляцовак у рэгіёнах, на парламенцкіх слуханнях у Палаце прадстаўнікоў, на пасяджэннях экспертна-кансультатыўнага савета ў Савеце Рэспублікі, грамадска-кансультатыўнага савета пры Міністэрстве адукацыі, яны разгледжаны Рэспубліканскім саветам рэктараў, грамадскімі маладзёжнымі аб'яднаннямі.

Нагадаем, што асноўныя напрамкі развіцця сферы адукацыі былі вызначаны 24 жніўня 2017 года на пленарным пасяджэнні першага Рэспубліканскага педагагічнага савета з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У сваім выступленні кіраўнік дзяржавы акрэсліў галоўныя прынцыпы развіцця айчыннай адукацыі, акцэнтаваўшы ўвагу на дзяржаўнай падтрымцы, сацыяльнай справядлівасці і роўным доступе да адукацыі. Тады ўдзельнікі форуму абмеркавалі і прынялі Канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі на кароткатэрміновы (да 2020 года) і доўгатэрміновы (да 2030-га) перыяды.

На цяперашнім Рэспубліканскім педсавеце вызначаць асноўныя напрамкі работы сферы адукацыі, прыняўшы за аснову Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Сёння важна працаваць над павышэннем якасці нацыянальнай адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях і ступенях. Для гэтага прымаюцца комплексныя меры, якія ўключаюць развіццё змешаных формаў навучання, што спалучаюць традыцыйнае навучанне з дыстанцыйнымі формамі, прымяненне разнастайных методык навучання, варыятыўнасць навучальных планаў у адпаведнасці з запытамі навучэнцаў, самастойнасць устаноў адукацыі ў фарміраванні навучальных праграм і выбары навучальных дапаможнікаў на конкурснай аснове, фарміраванне неабходных кампетэнцый у педагогаў, стварэнне сучаснага лічбавага адукацыйнага асяроддзя, распрацоўку і ўкараненне эфектыўных механізмаў фінансавання сістэмы адукацыі, выпрацоўку ўзгодненых падыходаў да ацэнкі якасці адукацыі праз сістэму міжнародных праграм і развіццё незалежных формаў ацэнкі і іншае. Усё гэта паслужыць выкананню найважнейшай задачы адукацыі — фарміраванню высокамаральнай асобы, якая валодае развітым пачуццём патрыятызму, адказнасці за свой лёс і лёс краіны.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.